У Эўразьвязе краіны змагаюцца за права прадаваць свае прадукты як унікальныя і пад нацыянальным імем. А беларускія вытворцы шыюцца пад расейскіх, хаця цьвердзяць, што беларускае купляюць лепш.
Ці пісаць на ўпакоўках харчовых тавараў па-беларуску? — моўная праблема, недарэчная для якой-хаця эўрапейскай дзяржавы, акрамя Беларусі, апынулася ў цэнтры грамадзкай увагі. Асабліва кіраўніцтва малочных прадпрыемстваў пачало выказвацца на гэтую тэму — маўляў, асноўны рынак у іх у Расеі.
Пуцін, прыяжджае Пуцін,
Наш добры друг. Ура! Браня крапка!
Народы нашы скажуць: „В добры пуць“ ім...
Но разьбярыцесь в сьферы малака!
— пасьмейваюцца Саўка ды Грышка.
Да некалькіх моваў на ўпакоўках падам два прыклады зь іншых таварных галінаў. Зубная паста беларускае фабрыкі „Модум“ мае зьвесткі на сямі мовах. Беларускай сярод іх — няма. А вось прыправа куркума расейскае вытворчасьці. На 10-грамовым пакеціку — інфармацыя па-расейску, па-беларуску, па-казаску. Папярэджваюць пра сьляды гарчыцы і салеры (у афіцыйным слоўніку завецца „сельдэрэй“). У гаворках ёсьць сялера, салера — радзейшая, але слова прапаноўвае інтэрнэт-перакладнік Google Translate. Г. зн., вытворцы з падмаскоўнага гораду доўга ня думаючы пакарысталіся Ґуґлем (пры ўсіх ягоных хібах). І „сэртыфікаваных“ (ці то прысяжных?) перакладнікаў на беларускую мову, пра якіх, выбачайце, плялі лухту беларускія ж вытворцы і міністэрскія чыноўнікі, расейскаму вытворцу, які хацеў прыйсьці на беларускі рынак, не спатрэбілася.
[Аўтар незабыўнай ідэі „сэртыфікаваных перакладнікаў на беларускую“ нават не схамянуўся: а дзе ў ягонай фірме сэртыфікаваныя перакладнікі на расейскую? Іх няма, а значыць, паводле ягонай жа лёгікі, уся іхная расейскамоўная ўпакоўка незаконная! 😀]
Я і без сэртыфікату й прысягі скажу і „Савушкіным“, і „Бабушкіным“, што малако па-беларуску называецца малако. А масла як харчовы артыкул па-беларуску завецца яшчэ і больш эканомна, чым па-расейску. Там трэба пісаць „сливочное масло“, каб адрозьніць ад „растительного“. Але апошняе ў беларускай мове алей. Масла ў нас толькі каровіна.
Нашыя ідэолягі „дзяржаўнага двумоўя“ любяць спасылацца на Фінляндыю: маўляў, і там дзьве дзяржаўныя мовы. Так, там некалькі гістарычных рэгіёнаў, кампактна заселеных швэдамі. Таму яны лічацца аўтахтонамі і таму швэдзкая мова таксама дзяржаўная. І надпісы на прадуктовых упакоўках маюць быць на дзьвюх мовах. І малако падпісанае па-фінску і па-швэдзку.
І бэльгійская згушчанка падпісаная дзьвюма мовамі, бо Бэльгія складаецца з Фляндрыі й Валёніі.
У Беларусі аўтахтонны народ адзін — беларусы. Але за сваю мову на сваіх прадуктах нам трэба змагацца. Чуючы ад чыноўнікаў у адказ: а ў нас жа двумоўе.
Загадка для расейскага пакупніка: як пазнаць беларускі выраб?
Чыноўнікі і вытворцы запэўніваюць: ужо тое, што малочны выраб зь Беларусі, гарантуе яму выдатны збыт у Расеі і ня толькі. Гэтыя брэнды беларускіх малочных прадпрыемстваў мелі б сьведчыць беларускае паходжаньне тавару: Савушкин продукт. Бабушкина крынка (і як водгук Клецкая крыначка). Поставы-городок. Але яны з таго ж шэрагу, што і расейскія „Родные просторы“, „Домик в деревне“ ды „Россия — щедрая душа“.
Пакажам гэта з моўнага гледзішча.
„Савушка“ і „бабушка“ — выключна, характэрна расейскія словы. У нас практычна няма памяншальных, пяшчотных дый ніякіх утварэньняў з суфіксам -ушка — накшталт лебёдушка, Алёнушка, батюшка і зимушка. Знаўца пытаньня праф. Павел Сьцяцко кажа пра такія словы:
...Яны ня маюць пашырэньня ў беларускай мове. На месцы іх як эмацыйна-ацэнкавыя словы выкарыстоўваюцца вытворныя з адметна беларускім суфіксам -ухн-а (-юхн-а): бацюхна, матухна, долюхна, зімухна. Толькі адно слова дачушка мае гэты суфікс. [Ад сябе дадам, што гэта крыху іншая словаўтваральная мадэль, з націскам на суфіксе.]
Нямала і іншых беларускіх суфіксаў для наданьня слову пяшчотнага адценьня: бабуля, Савачка. У Васіля Віткі ёсьць звонкая дзіцячая забаўлянка:
Дзілінь-дзілінь-баў!
Саўка прапаў!
Палажылі Саўку
На белую лаўку.
Лаўка трасецца.
Саўка сьмяецца.
Курачка сакоча —
Савачка рагоча.
У берасьцейскім „брэндзе“, гаспадары якога асабліва зацята бароняцца ад беларушчыны, яшчэ адна небеларуская рыса. У нас прыналежныя прыметнікі, калі яны пра асобу мужчынскага роду, заканчваюцца на -оў/-еў/-ёў: бацькава воля, Васілёў дом . Савачка — чый? Савачкаў (прадукт ці што. Дарэчы, „Савушкин“ менавіта „продукт” і па-расейску гучыць двухсэнсоўна).
Што да слова крынка, то ў беларускай літаратурнай мове яго няма. Керамічнае начыньне для малака — акруглае, з шырокім рыльцам, зь дзюбкай і вушкам-ручкай — у нас завецца збан або збанок, на Палесьсі можна пачуць глечык. (Крынкай у некаторых гаворках называлі крыніцу, адсюль назва места Крынкі і сьвятая крыніца Крыначка ў Белавескай пушчы).
Гістарычны продак збана — бяз вушка — завецца гарлач (больш на Падняпроўі і Падзьвіньні), дарэчы, вадзяныя кветкі гарлачыкі, пакуль не распусьціліся, да яго падобныя. Яшчэ ёсьць словы гладыш або гладышка, стаўбун.
Хочаце назваць малочную гандлёвую марку як традыцыйнае начыньне — а яны сапраўды і эстэтычна выглядаюць, і рабіліся, каб захоўваць малако — то выбар беларуская мова і беларуская традыцыя дае.
Трэба сказаць, што „Бабушкина крынка“ спрабуе ўжываць беларускую мову ў брэндынгу, але робіць гэта амаль незаўважна: Продукт сметанный „Калі ласка“. Беларуская мова тут ня служыць беларускаму спажыўцу, а выконвае дэкаратыўную ролю: на ёй няма нават назвы вырабу. Адзіны добры вынятак – малако „Стары Менск“.
Урэшце — „Поставы-городок“. Такога статусу — „городок“ — беларускія паселішчы ня ведалі (Гарадок, Давыд-Гарадок, Кажан-Гарадок — уласныя назвы ). У нашай традыцыі былі мястэчкі і былі месты, якія з Майдэборскім правам. Нашыя Паставы ўнікальныя, маюць чым ганарыцца ў сваёй гісторыі і зусім не павінны прыпадабняцца да расейскай правінцыі („Городок наш Арзамас...“ у А. Гайдара). Уладальнік Паставаў граф Канстанты Тызэнгаўз, акрамя таго што паўстанец 1831 году, што адзін за найлепшых эўрапейскіх арнітолягаў свайго часу, яшчэ і заснавальнік сур’ёзнай сыраробнай прамысловасьці ў Паставах. Успамінае пляменьніца Габрыеля Пузына:
"Ён быў бацькам, панам і лекарам дамовым, а ягоныя спосабы супраць рожы і каўтуну былі слынныя на ўсе ваколіцы, адно што захоўваў іх у таямніцы, як нейкі знахар. Падобна ж чыніў і са спосабам вырабу адмысловых сыроў, фабрыку якіх меў у адным са сваіх фальваркаў“.
К. Тызэнгаўз
Думаю, граф зьдзівіўся б таму, што ягоныя Паставы завуць „городком“, а навакольныя вёскі — „агрогородками“. Да гонару пастаўскіх малочнікаў, адзін з гатункаў сыру яны назвалі „Тызэнгаўз“. Праўда, падпісалі па-расейску.
Яшчэ адзін гатунак „Vilno“ — з выдуманым напісаньнем, хаця чаму не было назваць „Вільня/Vilnia“. Гэта нешматлікія выняткі з масы безаблічных чыста расейскіх назваў тамтэйшых малочных вырабаў.
Protected Designation of Origin — як гэта па-беларуску?
Гістарычных назваў беларускіх малочных тавараў нямала. Дзісенскае масла, што экспартавалася ў Ангельшчыну. Літоўскі сыр, сычужны, падобны да сыру Эдамэр, папулярны ў той жа Расеі, выраблялі ў Гародзеі (цяпер афіцыйна Гарадзея) і ня толькі.
Абароненае пазначэньне паходжаньня — важны элемэнт харчовага заканадаўства ў Эўрапейскім Зьвязе, вытворцы за яго жорстка змагаюцца. Вырабы з такім статусам, як правіла, завуцца нязьменна, моваю арыгіналу.
Абаронены геаграфічны статус мае грэцкая белая фэта з авечага малака. Яна можа прадавацца пад такой назвай, толькі калі паходзіць з пэўных грэцкіх рэгіёнаў. У Татрах па абодва іх бакі вякамі вырабляюць вэнджаны салёны сыр, пераважна авечы, які па-польску мясцовым гуральскім дыялектам называецца oscypek, а па-славацку oštiepek. І Славаччына некалькі гадоў юрыдычна аспрэчвала спробы Польшчы зарэгістраваць oscypek у Эўракамісіі, што той урэшце ўдалося.
І наш клінковы сыр — пад назваю varškės sūris, тварожны сыр — тры гады таму ўключаны Эўракамісіяй у сьпіс абароненых прадуктаў.
Яго зарэгістравала Літва. І вырабляе яго, і экспартуе ў мностве выглядаў і з смакавымі дадаткамі — ад кропу да ягадаў. А ў нас вытворчасьць клінковага сыру — таго сама ўнікальнага прадукту, вядомага зь сярэднявечча, няўхільна скарачаецца.
Між іншым, сырніца — месца, дзе сушылі традыцыйныя белыя сыры — была неад’емнаю часткаю беларускага краявіду. У Міцкевічавым „Пану Тадэвушу“ апісваецца старая сырніца ў фальварку Судзьдзі:
Ушыркі так сажні чатыры та сырніца мела
уверсе, а ўся на стаўбе на вялізным тырчэла,
як бусла гняздо. А той стоўб быў стары, хоць дубовы,
ужо пахіліўшыся, выгніўшы аж да паловы...
(Пераклад Браніслава Тарашкевіча)
Тая сырніца аказалася баявая, героі паэмы Войскі з Возным у наступных радках абвалілі яе на маскалёў, г. зн. на расейскіх салдатаў.
Слова сырніца мае таксама іншае значэньне: тварог з маслам, падрыхтаваны для доўгага захоўваньня. У народнай малочнай тэрміналёгіі вылучаюць стадыі ператварэньня малака. Перш сьвежае цёплае малако, або сырадой. Потым малако, якое пастаяла, але пакуль ня скісла. Яно так і завецца пастаялка ці пастоялка; далей атрымліваецца ўжо сыракваша, ці кісьляк, ці сырапеня.
„Простоквашино“ — пад гэтым імем расейская карпарацыя прадае беларускае малако. Назва і адсылае да расейскага мультфільму, і прывязаная да малочнага вырабу, які па-беларуску завецца іначай. Гэта яшчэ адзін яскравы прыклад таго, калі беларускі тавар бярэ расейскі псэўданім і больш не ўспрымаецца як беларускі.