Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвешчана перамір'е. Апазыцыя выставіла Януковічу ультыматум

5 забітых і больш за 300 параненых. Колькасьць ахвяраў расьце. На Майдане абвясьцілі аб пачатку паўстаньня, узводзяць новыя барыкады і чакаюць штурму. Калі Януковіч ня згодзіцца на датэрміновыя выбары, апазыцыя абяцае ісьці ў атаку. Дамоўлена, што пад час перамоваў лідэраў трох апазыцыйных фракцый Вярхоўнай Рады абодва варагуючыя бакі спыняць актыўныя дзеяньні.

03:07 23.1.2014

Лявон Вольскі: Яны хочуць, каб усе жылі ў сьмярдзючым сонным балоце

Лявон Вольскі
Лявон Вольскі

Лявон Вольскі ў сваім фэйсбуку зрэагаваў на падзеі, якія адбываюцца ва Ўкраіне:

Яны хочуць стабільнасьці. Каб усё было, як учора. Заўсёды. Каб заўтра было, як учора. І пазаўтра.

Калі нехта парушае звыклы парадак рэчаў, гэта вораг. Ён хоча адняць, забраць, парушыць. За гэта яго можна і варта забіць. За замах на выгоды. На малаплатную працу. На перасвараную сям’ю. На п’яную лазьню раз на месяц зь сябрамі.
На сьвятое.

І справа нават ня ў гэтай спробе замаху. А проста ўсе мусяць жыць вось так. Так, як яны. У вечным учора. У цёплым сьмярдзючым сонным балоце... І не вылузвацца, бо навошта?

Трымайцеся, Браты і Сёстры! Мацуйцеся! Яны нас не перамогуць! Слава Україні!
04:50 23.1.2014

Людзей у Кіеве застрэлілі правакатары, — лічыць прэм’ер

Мікалай Азараў
Мікалай Азараў

Прэм’ер Мікалай Азараў лічыць, што людзей на вуліцы Грушэўскага застрэлілі правакатары. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію BBC.

«Трэба разьбірацца (хто застрэліў). Па-першае, я ўжо сказаў, што міліцыя ня мела агнястрэльнай зброі на вуліцы Грушэўскага, гэта значыць: яны не маглі ўжыць гэтую зброю», — сказаў чыноўнік.

«Па-другое, экспэртыза і ускрыцьцё гэтых людзей паказала, што стрэлы былі зроблены зьверху — гэта, падкрэсьліваю, папярэднія дадзеныя. Гэта значыць з даху будынкаў. Міліцыя не знаходзілася на дахах будынкаў , гэта элемэнтарна праверыць, таму што ўсе яны былі зьнізу», — працягнуў Азараў.

«І хто гэта быў? Хутчэй за ўсё, можна меркаваць, што гэта былі правакатары. Магчыма, зь ліку гэтых экстрэмісцкіх арганізацый, для якіх патрэбна была падстава для чарговага абвастрэньня сытуацыі», — дадаў ён.
04:58 23.1.2014

Цягам ночы прынамсі 5 чалавек страцілі вочы, — СМІ


Кожныя 15 хвілін на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве 1-2 параненыя чалавекі.

Пра гэта паведамляе 5 канал са спасылкай на мэдыкаў, якія працуюць на месцы канфлікту. Згодна зь інфармацыяй, на працягу апошніх 4 гадзін, як мінімум, 2 чалавекі засталіся без вачэй.

Акрамя таго, паводле Эспрэса ТВ сілавікі паспрабавалі разабраць барыкады на вуліцы Грушэўскага, аднак актывісты перашкодзілі. Яны пачалі кідаць камяні і адагналі «беркутаўцаў» ад барыкадаў.

У сераду ўвечары пратэстоўцы збудавалі на Грушэўскага тры барыкады. Першая барыкада знаходзіцца каля згарэлых аўтобусаў, дзе працягваюцца пэрыядычныя сутычкі. Другая — за 200 мэтраў ад месца сутычак — каля мэдпункту каля Украінскай акадэміі навук. Трэцяя — каля Парлямэнцкай бібліятэкі.
05:31 23.1.2014

У Варшаве падтрымалі кіяўлянаў (фотагалерэя, відэа)


Сёньня ў Варшаве прайшла акцыя салідарнасьці з Украінай. Мясцовыя ўкраінцы, беларусы і палякі выйшлі на Замкавую плошчу, каб падтрымаць кіяўлянаў.


Пасьля прамовы арганізатараў акцыі, удзельніка Майдану, а таксама неабыякавых палякаў, якія агітавалі дапамагаць і падтрымліваць украінцаў, людзі рушылі да Амбасады Украіны, каб там пакінуць запаленыя сьвечкі.

08:30 23.1.2014

Прынамсі 10 актывістаў затрыманыя і пабітыя сілавікамі

Затрыманыя агулам каля 10 чалавек, многіх зьбілі, адзін — у цяжкім стане, у РУУС дзяжурыць «хуткая». Актывістам «шыюць» «арганізацыю масавых закалотаў», піша «Украінская праўда»

08:35 23.1.2014

Цітушкі адпомсьцілі каардынатару, які не заплаціў


Каля станцыі мэтро «Унівэрсытэт» у ноч на 23 студзеня «цітушкі» заблякавалі аўтамабіль каардынатара, які ім не заплаціў за акцыю пад амбасадай ЗША, піша «Украінская праўда»

Відавочцы здарэньня патлумачылі незадаволенасьць групы маладых людзей (каля паўсотні) тым, што яны ў «4:00 стаялі на марозе, а ім грошы не далі». У размове паміж сабой незадаволеныя «цітушкі» лаюцца, што ўсе жанчыны — каардынатары" пахаваліся, аднаго Максіма на разарваньне пакінулі».

«Што зь ім цяпер рабіць? Разьбіць яму машыну? Спаліць яе? Давайце спалім!», — кажа адзін з падманутых. Група маладых людзей, сярод якіх ёсьць і дзяўчаты, пачала скандаваць нейкія лёзунгі, а ўдзельнікі гэта са сьмехам пракамэнтавалі «патыхаем Майданам».
08:38 23.1.2014
На вуліцы Грушэўскага ў Кіеве раніца. Актыўных дзеяньняў няма. Дым ідзе з аднаго з дамоў, які ноччу загарэўся.
08:38 23.1.2014
08:45 23.1.2014
У Кіеве на вуліцы Грушэўскага, 4, гарыць дом. Ён загарэўся сёньня ноччу ў выніку трапляньня адной з бутэлек з запальнай сумесьсю.

09:03 23.1.2014

Азараў: Гатовыя да кампрамісу


«Мы гатовыя на кампраміс, на дамоўленасьці, думаю, гэта магчыма. Гэта ў інтарэсах краіны», — сказаў спадар Азараў у інтэрвію ВВС на маргінэсе Эканамічнага форуму ў швайцарскім Давосе.

Разам з тым Азараў назваў удзельнікаў кіеўскіх сутыкненьняў тэрарыстамі і заклікаў апазыцыю ў сваіх ультыматумах быць больш сьціплымі.
09:40 23.1.2014
Дом на вуліцы Грушэўскага, 4 працягвае гарэць. Шышы палаюць па ўсім пэрымэтры барыкад па вуліцы Грушэўскага. Актыўных дзеяньняў на барыкадах няма.

Падзеі ў Кіеве у сацыяльных сетках называюць не Эўрамайданам, а Эўравайной, — паведамляе канал Espresso.TV
10:04 23.1.2014
Пратэстоўцы на вуліцы Грушэўскага падкідваюць шыны ў агонь. Агнявая барыкада разгараецца з новай сілай. Людзі грукаюць у бочкі і мэталічныя прадметы.
10:06 23.1.2014

У пратэстантаў новая катапульта


Пратэстанты выпрабоўваюць новую катапульту ўзамен разбуранай спэцназам. Новая катапульта падобная на вялікую рагатку. З вадамётаў на палаючыя шыны ліецца вада, аднак затушыць іх ня можа.
10:08 23.1.2014
10:24 23.1.2014

За адну ноч «Беркут» выкраў мінімум 15 аўтамайданаўцаў

Актывісты Аўтамайдану склалі сьпіс зьніклых калег, на якіх у ноч на 23 студзеня «палявалі» цітушкі і «Беркут».

Паводле зьвестак супольнасці Эўрамайдан SOS, усяго выкрадзена як мінімум 15 такіх актывістаў.

Цягам ночы на 23 студзеня «Беркут» (часам з удзелам цітушак) нападаў на машыны удзельнікаў Аўтамайдана, разьбіваў іх, біў кіроўцаў і пасажыраў і выкрадаў актывістаў.

Глядзець з 2:30

10:36 23.1.2014

Пратэстоўцы чакаюць нападу «Беркута»


Мітынгоўцы на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, якія разьмясьціліся па лініі падпаленых аўтамабільных шын, рыхтуюцца да магчымага штурму з боку байцоў «Беркута».

У сераду першы напад сілавікоў пачаўся каля 8:00. Пасьля «беркутаўцы» яшчэ некалькі разоў атакавалі мітынгоўцаў. Раніцай 22 студзеня на вуліцы Грушэўскага загінулі армянін Сяргей Нігаян і беларус Міхаіл Жызьнеўскі.
10:51 23.1.2014

Дом на Грушэўскай патушылі


Пажар, які ноччу ўспыхнуў у доме на вуліцы Грушэўскага, 4, ужо патушаны. Гэта зрабілі ратавальнікі, якім дапамагалі ўдзельнікі пратэсту. На тушэньні яны абвясьцілі аб перамір’і.

Пасьля гэтага да звыклага скандаваньне «Зэка гэць!» мітынгоўцы дадалі «Слава пажарным!»

Пажар успыхнуў у выніку трапляньня адной з бутэлек з запальнай сумесьсю.

У доме знаходзіліся ў асноўным офісы, але з акна на чацьвёртым паверсе прасіла аб выратаваньні жанчына. Як было відаць з трансьляцыі Радыё Свабода, полымя дасягала вышыні другога паверха.
10:52 23.1.2014

Перамір’е на Грушэўскага скончылася


Перамір’е абвешчанае ў сувязі з тушэньнем пажару ў доме 4 па вуліцы Грушэўскага, як выглядае, скончылася.

Пратэстоўцы зноў пачалі кідаць у спэцназ камяні. Спэцназ кідае шумавыя гранаты. Вуліца Грушэўскага палыхае ад запаленых шын.
11:05 23.1.2014
300 пацярпелых спэцназаўцаў МУС Украіны заявіла, што падчас падзей на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве пацярпелі больш за трыста праваахоўнікаў.
11:06 23.1.2014

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG