Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курэйчык пра «Оскар»: ці сьвеціць беларускаму кіно «Залатая маліна»


Андрэй Курэйчык
Андрэй Курэйчык

Вядомы беларускі рэжысэр згадвае, за каго заўзеў у прэміі Амэрыканскай акадэміі кінамастацтва, і разважае, калі ж Беларусь зможа спадзявацца на «Оскара».

88-я цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў прэміі Амэрыканскай кінаакадэміі прынесла доўгачаканы «Оскар» Леанарда Ды Капрыё і цэлы россып статуэтак «Шалёнаму Максу». Пра свае ўражаньні ад намінантаў і пераможцаў Свабодзе апавёў беларускі рэжысэр, сцэнарыст і драматург Андрэй Курэйчык.

Найлепшая мужчынская роля — у Леанарда Ды Капрыё, які да таго пяць раз намінаваўся на «Оскар». Ці правільна, што актору далі такую ўзнагароду і менавіта за ролю ў «Выжылым»?

«Думаю, „Оскар“ заслужаны, бо роля няпростая. Тое, што Ды Капрыё столькі намінаваўся на „Оскара“ і столькі раз атрымліваў „Залаты глёбус“, кажа пра тое, што гэта актор, які трымае найвышэйшы ўзровень ужо даўно, ня нейкая „заежджая зорка“, якая зьявілася і потым зьнікне з далягляду. Усе чакалі, што раней ці пазьней гэта адбудзецца. Ён заўсёды браўся за нестандартныя ролі, вельмі складаныя ролі, як у тым жа „Джанга“. І ў гэтай сытуацыі таксама такая глябальная і фізычна вельмі складаная роля, якую Ды Капрыё выканаў, па-мойму, бліскуча».

«Вядома, галоўным канкурэнтам была „Дзяўчына з Даніі“ і ашаламляльны артыст Эдзі Рэдмэйн, які ўжо атрымаў „Оскар“ за ролю вучонага Стывэна Хокінга ў карціне „Тэорыя ўсяго“. Прадракалі „Оскар“ менавіта яму, бо нягледзячы на тое, што нічога на першы погляд фізычна цяжкага не было, яго ня рвалі мядзьведзі, ня трэба было плаваць у халоднай вадзе... Але гэта актор, якога любіць камэра, які настолькі арганічны і складаны, паэтычны ў любым сваім вобразе на экране, што гэты ўнутраны талент даваў яму вялікую фору перад усімі іншымі атрыстамі».

А прэмію за найлепшую жаночую ролю атрымала Бры Ларсан за фільм «Пакой». Але Курэйчык у гэтай намінацыі меў свайго фаварыта:

«Кейт Бланшэт! Для мяне — Кейт Бланшэт. Была ўчора вечарына, якую ладзіла амэрыканская амбасада, і было галасаваньне кінематаграфістаў. І там абсалютная большасьць галасавала за Кейт Бланшэт у „Кэрал“. Хоць яна не перамагла, для мяне пераможца — яна».

«Оскар» за найлепшы фільм, а таксама за найлепшы арыгінальны сцэнар атрымаў фільм пра скандал з сэксуальнымі дамагальніцтвамі ў каталіцкай царкве, «У цэнтры ўвагі» рэжысэра Томаса Макарці, які прайшоў у беларускіх кінатэатрах практычна незаўважаным.

«Шчыра кажучы, яго я ня бачыў, ён прайшоў міма мяне. Хаця ў кінаасяродку ён згадваўся, у тым ліку на фэстывалі „Лістапад“ ён быў. Але на нашым рынку ён прайшоў вельмі ціха. Са мной так часта бывае, што найлепшыя фільмы „Оскара“ гляджу ўжо пасьля „Оскара“. Так было зь „Бёрдмэнам“, „Афёрай па-амэрыканску“... Я цяпер яго з асалодай пагляджу».

«Але для мяне былі іншыя фаварыты, шчыра кажучы. Вельмі спадзяваўся на „Шпіёнскі мост“ — фільм мне вельмі спадабаўся і здаўся вельмі важным для разуменьня сутнасьці „халоднай вайны“, Бэрлінскага муру, разьмежаваньня сьветаў».

На галоўныя статуэткі, «Найлепшы фільм» і «Найлепшы рэжысэр», прэтэндаваў «Шалёны Макс: Дарога лютасьці». Зь 10 намінацыяў ён перамог у шасьці, але ўсе яго «Оскары» — тэхнічныя.

«І як ні дзіва, мне вельмі спадабаўся фільм „Шалёны Макс“. Гэта тэхналягічны цуд сучаснага кіно, як мне здаецца. Ён па тэме вельмі альтэрнатыўны, рок-н-рольны, такое „ня глянцавае“ кіно вельмі рэдка трапляе на шырокі экран, рэдка атрымлівае вялікія бюджэты. Гэта трэшнячок у найлепшым сэнсе гэтага слова, рэдкая пэрліна. Добрыя-прыгожыя-разумныя фільмы робяць кожны год, а зрабіць нешта альтэрнатыўнае ў кіно становіцца ўсё уцяжэй, тым больш каб гэта было па тэме. Гэта ж антыўтопія, нешта ў бок Оруэла і Стругацкіх, фільм, які распавядае пра тое, што такое чалавечая цывілізацыя. Мне шкада, што абышлі Мілера як рэжысэра».

«Шалёны Макс» таксама прэтэндаваў на «Найлепшыя спэцэфэкты», але ў гэтай намінацыі ня менш, калі ня больш ставілі на новыя «Зорныя войны». І нечакана «Оскара» за найлепшыя спэцэфэкты атрымаў «З машыны», у якім спэцэфэктаў нібы ня так і шмат. Як так?

«„Зорныя войны“ я, вядома, бачыў, я іх фанат яшчэ зь дзяцінства. Калі іх упершыню ўбачыў, ня памятаю, у 1987 ці 88-м, быў вельмі-вельмі ўражаны, бо савецкія фантастычныя фільмы не давалі такой карцінкі. Але што сказаць, на сёньняшні дзень спэцэфэкты дасягнулі нейкага тэхналягічнага ліміту. Усе выбухі, якія толькі можна намаляваць, ужо намаляваныя, усе касьмічныя караблі, усе жывёлы, пачвары, якія толькі можна, ужо намаляваныя. У прынцыпе, год 10 таму гэты ліміт быў дасягнуты. Таму для мяне, напрыклад, той жа „Шалёны Макс“ цікавы, бо ён, у адрозьненьне ад астатніх, зьняты не на зялёным экране — усё, што адбываецца, здымалі рэальна, нажыва. А „Зорныя войны“ на 90% зьняты на „храмакеі“, на зялёным экране. Таму там, напэўна, ужо абсалютна дробныя тэхнічныя рэчы пачынаюць мець значэньне, а для гледача, пачынаючы з адраджэньня „Зорных войнаў“ у 90-х і зь першага „Ўладара Пярсьцёнкаў“ па спэцэфэктах зьдзіўленьня няма».

І зь сямі намінацыяў ніводнай статуэткі не атрымаў «Марсіянін». Няўжо Мэт Дэйман быў недастаткова цікавым у сваёй драматычнай ролі, разбаўленай камэдыйнымі эпізодамі? Няўжо Рыдлі Скот ня варты «Оскара» пасьля намінацыяў за «Тэльму і Луізу», «Глядыятара» і «Падзеньня чорнага ястраба»?

«А „Марсіянін“ — гэта такі фільм, дзе, як мне здаецца, пасьля мноства змрочных у Рыдлі Скота карцінаў назапашаны пазытыў, які выліўся ў марсіянскі анэкдот. Для мяне гэты фільм гэта не цяжкое драматычнае кіно, гэта адчуваньне нейкага такога бытавога аповеду, амаль чэхаўскага. Сказаць, што там нешта ёсьць супэрскладанае — не, я б такога не сказаў».

Апэратар Аляксандар Крупіна і рэжысэр Андрэй Курэйчык на здымках фільму «Гараш»
Апэратар Аляксандар Крупіна і рэжысэр Андрэй Курэйчык на здымках фільму «Гараш»

Наўрад ці беларускае кіно ў бліжэйшы час стане прэтэндаваць на «Оскар», а фільмы накшталт «Мы, браты» — нават на «Залатую маліну», мяркуе Курэйчык. Але гэта ня значыць, што таленавітых людзей у Беларусі няма:

«Ідзе такая драматычная барацьба, бо тыя парасткі маладой кінарэжысуры, а сучаснае кіно гэта найперш рэжысура, нават калі яны ледзь-ледзь падымаюць галаву, то іх вельмі хутка ставяць на месца. Мы бачым стаўленьне дзяржавы. Бачым, што адбылося з Андрэем Голубевым, калі ягоны праект, які ён распрацоўваў 10 гадоў, аддалі Ягору Канчалоўскаму, бачым, што на „Мы, браты“ замест беларускіх рэжысэраў запрашаюць невядома каго, нейкі вандроўны цырк, і трацяць на гэта нашыя грошы... Мы бачым, што ніякай падтрымкі маладой рэжысуры няма, гэтыя людзі зьязджаюць, ыходзяць у іншыя прафэсіі, нават калі гэта людзі таленавітыя і маглі б здымаць добрае беларускае кіно.

Галоўная задача цяпер — знайсьці спосабы здымаць кіно ў абыход гэтых усіх прыпонаў. Калі атрымаецца ў маладых рабіць свае карціны... Як мы, сціснуўшы зубы, зрабілі „ГараШ“, ні на каго не спадзеючыся, не патрабуючы нічога ад дзяржавы, а цяпер вярнулі грошы ў кінатэатрах. Калі яны пачнуць рабіць карціны, хай іх будзе 50 — і 45 зь іх будуць кепскія, але 5 добрых і адна геніяльная, таленавітая. І гэтая таленавітая можа трапіць у Каны, на „Оскар“. Мы бачым, як працэс пайшоў ва Ўкраіне, дзе многа рознага здымалася, дзе дзяржава не магла дапамагаць, і тым ня меней, Слабашпіцкі (рэжысэр фільму „Племя“. — РС) гэта ўжо Канскі кінафэстываль, яны ўжо дарасьлі. У нас гэты шлях яшчэ наперадзе».

Неўзабаве пасьля гутаркі з Андрэем Курэйчыкам стала вядома, што кароткамэтражны фільм «Адной крыві» беларускага рэжысэра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава трапіў на Канскі кінафэстываль у катэгорыі «Short Film Corner».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG