Кароткамэтражная стужка беларускага рэжысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава трапіла на Канскі кінафэстываль у сэкцыю Short Film Corner.
Фільм «Адной крыві» («The same blood») ужо пасьпеў атрымаць галоўны прыз Венскага кінафэстывалю Lets CEE, прыз за найлепшы сцэнар фэстывалю Real Teal Film Festival у ЗША, найлепшы дэбют румынскага фэстывалю Alternative, а таксама галоўны прыз і прыз глядацкіх сымпатыяў фэстывалю Bulbamovie.
На дадзены момант твор Мітрыя Сямёнова-Алейнікава — адзіны ад Беларусі фільм у сэкцыі Short Film Corner.
У фільме паказваецца супрацьстаяньне паміж вальнадумнай моладзьдзю і ўладамі.
Рэжысэр 15-хвіліннай стужкі Мітры Сямёнаў-Алейнікаў у інтэрвію Свабодзе распавёў, што ў фільме гаворка вядзецца не пра гвалт і рэвалюцыю:
«Мы зрабілі фільм пра тое, што ў людзей, якія жывуць разам, мо ў адной сям’і, могуць быць розныя погляды на жыцьцё. Самае важнае, што пры ўзьнікненьні нейкіх канфліктаў трэба ўмець дараваць адно аднаму, умець дараваць і прымаць іншы бок. Яна не пра палітыку — яна пра людзей».