Трагікамэдыя «ГараШ» рэжысэра Андрэя Курэйчыка з удзелам Аляксандра Кулінковіча, Юрыя Навумава і Арцёма Курэня сабрала ў пракаце 162 млн рублёў (каля $ 7400) пры бюджэце ў 51 млн (каля $ 2330 па курсе на момант публікацыі, каля $ 3320 на момант завяршэньня здымак) толькі за першы тыдзень шырокага пракату (разам зь перадпаказамі на фэстывалі «Лістапад»), паведамляюць стваральнікі карціны ў прэс-рэлізе.
Як заўважае Андрэй Курэйчык, сума збораў заўважна меншая за тое, што маюць па Беларусі галівудзкія блакбастэры, але тое можна патлумачыць ня дужа шырокім пракатам фільма «ГараШ»: калі амэрыканскі «Дэдпул» меў дзьве тысячы паказаў па вялікіх і сярэдніх залях, «ГараШ» паказвалі на 40 сэансах у пераважна малых залях. Да таго ж, фільм Курэйчыка ня меў рэклямнага бюджэту, але кіназалі на ім былі запоўненыя на 70-100%.
Аўтары карціны сьцьвярджаюць, што «ГараШ» абыйшоў у пракаце фільмы з большым бюджэтам: расейскія «Стаўка на любоў» і «Статус: вольны», амэрыканскі «Блакітны бераг» і іншыя. Тым часам нацыянальны кінапраект «Мы, браты» («Авэль») пры бюджэце ў 5 млн даляраў і тысячах сэансаў сабраў толькі 41 тысячу даляраў.
«ГараШ» тэарэтычна мог сабраць і значна большыя сумы, ды, як распавядаюць ягоныя аўтары, фільм не пусьцілі ў пракат у Магілёве і Магілёўскай вобласьці, у Гомелі, Брысаве, Маладзечне і Салігорску. У многіх гарадах, дзе сэансы дазволеныя, скасоўваюцца загадзя абгавораныя творчыя сустрэчы, здымаюцца ці хаваюцца афішы. Аўтары карціны зьбіраюцца выстаўляць эканамічныя прэтэнзіі недабрасумленным пракатчыкам.
Фільм «ГараШ» распавядае пра жыцьцё менскага раёну Шабаны і маладога беларуса, якога дэпартавалі са Злучаных Штатаў і якому давялося працаваць у шабаноўскай аўтамайстэрні. У фільме, заяўляюць аўтары, беларус з заходнім мысьленьнем сутыкаецца зь беларускім «саўковым» мысьленьнем. Прэм’ера фільма адбылася на беларускім кінафэстывалі «Лістапад» напрыканцы 2015 году, «ГараШ» таксама дэманстраваўся на Ўсясьветным форуме за дэмакратыю ў Страсбуры (Францыя).