Беларускі ваенны экспэрт Аляксандар Алесін лічыць, што РСЗА «Палянэз» істотна падвышае абароназдольнасьць Беларусі і можа быць выкарыстаны для прэвэнтыўнага ўдару па патэнцыйнаму агрэсару.
Учора ў Беларусі адбыліся пасьпяховыя выпрабаваньні новай ракетнай сыстэмы залпавага агню «Палянэз». Па завяршэньню выпрабаваньняў Аляксандр Лукашэнка даручыў разгледзець пытаньне аб вылучэньні на дзяржаўныя ўзнагароды тых, хто ўнёс свой уклад у стварэньне гэтага ўзбраеньня.
Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін у інтэрвію Свабодзе адзначыў, што новая зброя можа стаць сурʼёзным фактарам стрымліваньня патэнцыйнага праціўніка.
— Наколькі зьяўленьне РСЗА «Палянэз» падвышае абараназдольнасьць Беларусі?
— У параўнаньні з сусьветнымі аналягамі ў «Палянэз» вельмі вялікая далёкасьць — гэта 200 кілямэтраў. Атрымліваецца, што мы можам паразіць сталіцы практычна ўсіх суседніх дзяржаў, за выключэньнем Расеі. Таму гэта вельмі моцная зброя стрымліваньня.
Акрамя таго, у «Палянэза» вельмі вялікая дакладнасьць паражэньня. На выпрабаваньнях адлегласьць ад пункту прыцэльваньня да месца цэлі склала ўсяго 1,5 мэтра. Для таго, каб дасягнуць такой дакладнасьці звычайна выкарыстоўваецца інэрцыяльная сыстэма навядзеньня і карэкцыя спадарожнікавай сыстэмай. Гэта значыць выкарыстоўваецца звычайна GPS або ГЛОНАСС, і, мяркуючы па дакладнасьці гэтыя сыстэмы, выкарыстоўваюцца і ў нас. Хутчэй за ўсё, ёсьць яшчэ і аптычны карэктар. І тут, вядома, дакладнасьць можа дасягаць наогул вельмі вялікіх велічынь.
Такім чынам, Беларусь устае ў шэраг краін, якія валодаюць зброяй, што здольная паражаць на тэрыторыі патэнцыйнага праціўніка важныя абʼекты, пункты кіраваньня, інфраструктуру. То бок тут зьяўляецца фактар, які можа стрымаць патэнцыйнага праціўніка — ён падумае перш чым пачаць агрэсію.
— Як вядома, Беларусь не вырабляе зброю сьмяротнага дзеяньня. Адкуль будуць брацца ракеты для «Палянэзаў»?
— У лістападзе мінулага году Лукашэнка наведаў завод дакладнай мэханікі ў Дзяржынску, дзе наладжваецца вытворчасьць такіх ракет. Там ужо ёсьць выпрабавальныя стэнды, сыстэмы кіраваньня, электроніка, оптыка — гэта ўсё беларускае. Адзінае, што парахавыя рухавікі або матэрыялы для іх пастаўляе Кітай. Але на працягу 1,5-2 гадоў пастаўлена задача асвоіць гэтую вытворчасьць у нас, на нашай тэрыторыі.
Калі ў далейшым мы будзем вырабляць такія рухавікі самі, гэта дазволіць вырабляць ракеты ня толькі для ўласных патрэбаў, але і на экспарт. Дый ня трэба будзе абмяжоўвацца ракетамі з дальнасьцю 200 кілямэтраў, але і большай дальнасьці ствараць. І Лукашэнка такую задачу паставіў — да 300 кілямэтраў.
— Такім чынам, у пляне вытворчасьці «Палянэзаў» Беларусь абсалютна незалежная ад Расеі?
Я наогул думаю, што найбольш пажаданы для Расеі варыянт быў бы, каб абарону Беларусі ажыцьцяўлялі расейскія войскі
— Так. Тут наш асноўны партнэр Кітай. Расея не дапамагае нам у вытворчасьці сучасных сыстэмаў узбраеньня. Я наогул думаю, што найбольш пажаданы для іх варыянт быў бы, каб абарону Беларусі ажыцьцяўлялі расейскія войскі, якія б прысутнічалі на нашай тэрыторыі. Гэта нешта накшталт Абхазіі ці Паўднёвай Асэтыі. Для гэтага неабходна каб беларуская армія і яе ўзбраеньне цалкам дэградавалі. І тады, хочаш ці не, давялося б зьвяртацца па дапамогу да саюзьнікаў. А Лукашэнка гэтага ня хоча — ён хоча быць самастойным у гэтых пытаньнях, бо досьвед Украіны паказаў, што ў выпадку нейкіх узброеных канфліктаў лятальнай зброі ніхто прадаваць ня будзе і краіна можа застацца сам-насам са сваім праціўнікам.
— Наколькі дадзенае ракетнае ўзбраеньне ўбудоўваецца ў кантэкст новай ваеннай дактрыны Беларусі, зь яе ўвагай да праблемы патэнцыйных гібрыдных войнаў?
— Насамрэч там ня толькі гібрыдная вайна прапісана, але і пытаньне аб прэвэнтыўным удары, што было напісана ў чаканьні зьяўленьня «Палянэзаў». Гэта ж зброя стрымліваньня патэнцыйнага праціўніка, якая дазваляе не чакаючы ўварваньня, нанесьці ўдар па яго тэрыторыі ў месцах канцэнтрацыі — склады, пункты кіраваньня, урадавая ўстановы. То бок гэта практычна ў дактрыне нашай прапісана.
— А наколькі дарагая зброя РСЗА «Палянэз»?
— Сказаць цяжка, бо незразумела па якіх цэнах і на якіх умовах мы купляем кампанэнты ракетнага паліва ў Кітая. Можна выказаць здагадку, сыходзячы з сусьветных стандартаў, што кошт батарэі — гэта некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў.
— Колькі «Палянэзаў» патрэбна для беларускай арміі?
— Пакуль кажуць аб дывізіёне. Але пытаньне ў тым, колькі будзе ўстановак у батарэі, і колькі батарэй у дывізіёне. Бывае па-рознаму. Бывае па тры ўстаноўкі на батарэю, бывае чатыры. У дывізіёне бывае ад 3 да 6 батарэі. Калі прыкінуць — гэта будзе прыкладна некалькі дзесяткаў пускавых установак, мабыць каля 30. Магчыма, што ў пэрспэктыве зьявіцца асобная брыгада.
— Ці будзе Беларусь пастаўляць «Палянэзы» на экспарт?
— Міністар абароны Раўкоў заявіў, што маштаб вытворчасьці настолькі вялікі, што перавышае патрэбы Беларусі, таму практычна няма сумневаў, што мы будзем гандляваць гэтай зброяй на сусьветным рынку. Попыт на такія сыстэмы вельмі вялікі. Тым больш, што вытворца не ЗША, не Расея і не Кітай. Шмат якія краіны ня хочуць зьвязвацца зь вялікімі дзяржавамі, бо той, хто купляе чыю-небудзь зброю, ён трапляе ў залежнасьць ад гэтай дзяржавы, хаця на пэрыяд жыцьцёвага цыклу гэтай зброі (сэрвіс, запчасткі і г.д.). Зь Беларусьсю ў гэтым пляне прасьцей, бо ў Беларусі няма вялікіх палітычных амбіцый.