Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесін: Беларускія вучэньні на мяжы з Расеяй — адпрацоўка супрацьдзеяньня гібрыднай агрэсіі


Маштабныя вучэньні Ўзброеных сіл Беларусі на ўсходніх межах краіны маюць сваёй мэтай адпрацоўку сцэнару супрацьдзеяньня гібрыдным пагрозам, прыклад якіх — падзеі ў Крыме і на Данбасе.

Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе сказаў беларускі вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

«Тут адпрацоўваецца сцэнар супрацьдзеяньня гібрыдным пагрозам. Адным з варыянтаў такой гібрыднай вайны сталі падзеі ва Ўкраіне — у Крыме і на Данбасе», — кажа ён.

Алесін падкрэсьлівае, што падобныя вучэньні трэба ўспрымаць у шырокім сэнсе — як рэалізацыю новай ваеннай дактрыны Беларусі.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Гэта рэалізацыя палажэньня нашай ваеннай дактрыны, якая цяпер прадугледжвае супрацьдзеяньне гібрыдным агрэсіям. Мы памятаем, што ў дактрыне цэлы сцэнар расьпісаны магчымага разьвіцьця падзей: гэта і сацыяльная напружанасьць, і беспарадкі, і „каляровая рэвалюцыя“, і, як найвышэйшая стадыя, гібрыдная вайна. Гібрыдная вайна прадугледжвае ўзаемадзеяньне ўнутранай „пятай калёны“ з вонкавым ворагам, які наўпрост сам не вядзе вайну, але распальвае канфлікт, падкідваючы грошы і зброю, і вядзе інфармацыйную вайну. То бок гэта гібрыдная агрэсія. А каб супрацьстаяць такой комплекснай агрэсіі, у ваеннай дактрыне якраз і прадугледжана ўзаемадзеяньне ўсяго сілавога блёку — КДБ, МУС і Памежнага камітэту», — кажа экспэрт.

Алесін лічыць, што цяперашнія вучэньні беларускага войска сьведчаць пра тое, што кіраўніцтва Беларусі чакае гібрыднай агрэсіі з боку Расеі ў бліжэйшай будучыні.

«Я думаю, што вучэньні, якія праводзіць беларуская армія зараз, гэта хутчэй для падтрыманьня тонусу ў сілавым блёку, бо няма нічога больш згубнага для арміі і сілавых структураў, чым расслабленасьць», — мяркуе вайсковы аналітык.

Алесін таксама ня думае, што Крэмль на гэты момант выношвае пляны разьвязаць гібрыдную вайну супраць Беларусі.

«Я думаю, што сам канфлікт ва Ўкраіне быў вельмі нечаканы для беларускага кіраўніцтва. Падзеі разьвіваліся паводле нэгатыўнага сцэнару, і гэта настолькі моцна ўразіла найвышэйшае вайскова-палітычнае кіраўніцтва Беларусі, што яны ня толькі зьмянілі ваенную дактрыну, але і сталі праводзіць рэгулярныя вучэньні.

Наколькі я разумею, цяпер праводзяцца прафіляктычныя мерапрыемствы — апёкшыся на малацэ, на ваду дзьмуць. Але гэта як зачыняць стайню, калі конь ужо зьбег.

Расея, думаю, ня будзе паўтараць папярэднія мадэлі. Пуцін непрадказальны, ён будзе дзейнічаць там, дзе, як ён адчуе, у праціўніка ёсьць слабіна.

Застаецца толькі варажыць, дзе будзе наступны крок расейскіх апэрацыяў. Але, я думаю, Беларусі ў гэтым пляне нічога не пагражае. Расеі больш выгадна мець стабільную Беларусь, спакойную тэрыторыю, якая можа служыць надзейнай перадавой мяжой для Расеі.

Атрымаць яшчэ адну канфліктную зону на сваіх заходніх межах для Расеі надзвычай нявыгадна. Гэтага не дазваляе ёй ні яе цяперашні вайсковы рэсурс, ні эканамічны стан, ні міжнародная сытуацыя.

Думаю, у плянах Расеі няма дэстабілізацыі Беларусі. Ім хапае Ўкраіны», — кажа экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG