Беларускія аўтадылеры б’юць трывогу: у выніку дэвальвацыі ў Расеі яны панесьлі значныя страты. Калі рынак адновіцца — экспэрты прадказаць не бяруцца, таму 2015 год цалкам можа стаць годам выжываньня для аўтадылераў Беларусі.
Як заявіў на нядаўняй прэс-канфэрэнцыі старшыня праўленьня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч, беларускі аўтабізнэс апынуўся ў сытуацыі, якая «ня мела прэцэдэнтаў па цяжары раней».
Дэвальвацыя расейскага рубля ва ўмовах адзінай эканамічнай прасторы Беларусі і Расеі прывяла да таго, што беларусы пачалі масава купляць аўтамабілі ў Расеі. У выніку беларускія аўтадылеры страцілі значны аб’ём продажу і панесьлі вялізарныя страты.
Усяго ў 2014 годзе беларусы купілі каля 50 тысяч новых аўтамабіляў, аднак толькі палова была рэалізаваная айчыннымі аўтадылерамі. Астатнія былі ўвезеныя з-за мяжы, пераважна — з Расеі.
Экспэрт аўтамабільнага рынку, рэдактар штотыднёвіка «Аўтадайджэст» Анатоль Шаўчэнка ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што пад ударам апынуліся, перш за ўсё, тыя аўтадылеры, якія ня маюць разьмешчанай зборнай вытворчасьці ў Расеі, а пастаўляюць машыны з Эўропы. У цяперашніх умовах яны не вытрымліваюць канкурэнцыі:
«Тыя дылеры, якія былі заточаныя пад продаж аўтамабіляў, сабраных у Эўропе, вядома, сёньня знаходзяцца ў жалю вартым стане. На Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі ўздымалася пытаньне пра тое, што хутка там і плаціць падаткі ня будзе каму. Выжывуць у выніку тыя, хто мае магчымасьць пастаўляць аўтамабілі з Расеі, хто мае сёньня зборачны цэх у Расеі, — яны будуць працаваць і больш-менш нармальна сябе адчуваць. Іншыя будуць шукаць шляхі, каб у прынцыпе застацца на рынку. Таму што калі істотныя продажы ня пойдуць у бліжэйшыя 1–2 месяцы, то прыйдзецца зачыняцца, аптымізаваць штаты, скарачаць супрацоўнікаў. Таму да лета дажывуць ня ўсе», — кажа ён.
Выжывуць у выніку тыя, хто мае магчымасьць пастаўляць аўтамабілі з Расеі
Па словах Шаўчэнкі, калі адновіцца аўтамабільны рынак Беларусі — прадказаць немагчыма. Многія, хто хацеў набыць аўтамабілі, ужо купілі іх у Расеі. Таму важным пытаньнем становіцца выкананьне гарантыйных абавязаньняў. Сёньня большасьць беларускіх дылераў прынялі рашэньне выконваць гарантыйныя абавязаньні на аўтамабілі, набытыя грамадзянамі Беларусі ў Расеі.
Шаўчэнка лічыць, што галоўнай прычынай крызісу стала наяўнасьць адзінай эканамічнай прасторы з Расеяй, якая зрабіла безабаронным аўтамабільны рынак Беларусі. Адкрытая канкурэнцыя з расейскім рынкам ва ўмовах няўстойлівага курсу расейскага рубля прывяла да цяжкіх наступстваў для беларускага аўтабізнэсу, сур’ёзна ўстала праблема шэрага ўвозу аўтамабіляў з Расеі. Калі ўрад ня знойдзе магчымасьці абараніць аўтадылераў, «то гэта прывядзе да краху нашага рынку — бо немагчыма будзе канкураваць з цэнамі на аўтамабілі, якія зьбіраюцца ў Расеі», — кажа экспэрт.
Для будучыні беларускіх аўтадылераў важнае таксама пытаньне выхаду на расейскі рынак. У прыватнасьці, будучыня вытворчасьці ў Беларусі аўтамабіляў Peugeot і Citroën, якія былі запушчаныя ў канцы 2014 году, залежыць менавіта ад гэтага.
«Калі гэтыя аўтамабілі будуць прадавацца толькі на рынку Беларусі, то гэта будзе мёртвы праект. Ім трэба выходзіць за межы Беларусі. У нас часам цяжкія адносіны з Расеяй, быццам бы ў нас адзіная эканамічная прастора, але мы бачым, што Расея ня хоча пускаць нас на свой рынак — што мяса-малочную прадукцыю, што іншую. Калі гэтыя пытаньні на ўзроўні ўраду станоўча ня вырашацца, то і гэты праект доўга не праіснуе. Патрэбен вялікі рынак збыту для таго, каб такое прадпрыемства функцыянавала», — кажа ён.
Акрамя таго, аўтадылеры Беларусі наракаюць, што ўрад стварае няроўныя ўмовы для працы на аўтамабільным рынку. Так, калі практычна ўсе прадпрыемствы ў Беларусі зазнаюць перасьлед, калі пазначаюць цэны на сваю прадукцыю ў далярах, то для беларускага вытворца Geely створаны асаблівыя ўмовы.
«Geely сёньня рэклямуюць у адкрытую ў далярах, і ніхто за гэта прадпрыемства ня лае. То бок за даляры, аказваецца, можна прадаваць. Дык чаму ж не дазволіць гэта ўсім?», — пытаецца Шаўчэнка.