1 сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з наркотыкамі. Ці перамагае Беларусь у гэтай барацьбе, ці прайграе?
Паводле афіцыйнай статыстыкі, на 1 студзеня 2016 году пад назіраньнем псыхіятраў-нарколягаў былі каля 14 500 чалавек. У асноўным, паводле Мінздароўя, у Беларусі ўжываюць опій (57,7% адзначаных выпадкаў ужываньня), канабіс (16,1%), псыхастымулятары (4,1%), гераін (2,5%).
У 2015 годзе ад перадазіровак памерлі 33 чалавекі (год таму — 53, два гады таму — 83).
Паводле Мінздароўя, сярэднестатыстычны партрэт наркамана ў Беларусі сёньня такі: гэта, найхутчэй, мужчына 22–24 гады, які мае сярэднюю ці сярэднюю спэцыяльную адукацыю, жыве адзін ці разьведзены, не працуе ці мае выпадковыя заробкі, а таксама мае прынамсі некалькі адміністрацыйных правапарушэньняў і схільны да агрэсіі. Ці насамрэч такіх сярод наркаманаў большасьць?
«Тут нейкі адназначны сацыяльны партрэт выявіць немагчыма, — кажа Свабодзе прафэсар катэдры псыхіятрыі і мэдычнай псыхалёгіі БДМУ Андрэй Капытоў. — Трэба разумець, што, ужыўшы наркотык адзін раз, любы чалавек становіцца на шлях фармаваньня залежнасьці, ці ў 13 гадоў тое адбылося, ці ў 15, ці ў 20. Шмат што залежыць ад сацыяльнага асяродзьдзя. Адно што асобаў ва ўзросьце 13–15 гадоў не заўсёды ставяць на ўлік, а ставяць на ўлік пасьля 18. Таму і сярэдні ўзрост атрымліваецца — пасьля 18. Гэта штучна сфармаваныя лічбы, але калі ўсіх наркаманаў прааналізаваць, можна атрымаць лічбы зусім непрадказальныя».
У статыстыцы згадваецца толькі колькасьць наркаманаў, якія ўжо на ўліку. А ці магчыма ацаніць, колькі нарказалежных агулам, разам з тымі, хто на ўліку не стаіць?
«Ёсьць розныя формулы пераліку, але гэта вельмі няўдзячная справа — называць тут нейкія лічбы. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе ў чатыры разы памнажаць ці ў пяць, расейскія навукоўцы кажуць — у меншую колькасьць разоў. Цяжка пралічыць гэтыя формулы. Але нават 14,5 тысячы на ўліку — гэта ўжо катастрофа».
Зрэшты, колькасьць наркаманаў на ўліку не расьце апошнія некалькі год, хоць да таго за дзесяцігодзьдзе падскочыла ў сем разоў. Праваахоўнікі рэгулярна рапартуюць пра затрыманьні гандляроў, ладзяцца гучныя працэсы, на якіх на лаве падсудных апынаюцца нават былыя КДБ-шнікі. Ці сапраўды сытуацыя з наркотыкамі паляпшаецца, або прынамсі не пагаршаецца?
«Сытуацыя крыху мяняецца, але болей тут заслуга ня мэдыкаў, а праваахоўных органаў, — мяркуе Капытоў. — Думаю, антынаркатычны дэкрэт дапамог, працуюць лепей і выяўляюць болей».
З боку мэдыкаў ён лічыць важнай менавіта прафіляктыку:
«Прафіляктычныя праграмы трэба пачынаць са школы. І не разьвіваць тэму, што наркотыкі шкодныя, а займацца тэматыкай спосабаў пераадоленьня стрэсу, непрыемных сытуацыяў.
Ня толькі мэтанакіравана пра псыхаактыўныя рэчывы, а наагул па жыцьці: навыкі пераадоленьня стрэсу даюць добры вынік.
Але праблема неадназначная, казаць пра адзін фактар нельга. Вядома, ёсьць сытуацыі, калі чалавек пачынае вырашаць свае ўнутраныя праблемы такім шляхам. Ёсьць частка падлеткаў і маладых людзей, якія так удаюць, імітуюць паводзіны старэйшых. Ёсьць праблема біялягічных, генэтычных мэханізмаў. Бывае, калі не рэалізаваныя лібідозныя мэханізмы, спрабуюць іх прастымуляваць. Кожны чалавек унікальны — і мэтавыя праграмы павінны працаваць у індывідуальным парадку, калі перад тым, як праводзіць прафіляктыку, трэба выявіць групы, выявіць, дзе праблема і ў чым яна.
Мерапрыемствы, калі даецца інфармацыя, напрыклад, у СМІ на вялікія папуляцыйныя групы, вялікай выніковасьці ня мае, ва ўсім сьвеце практыка такая. На сёньня эфэктыўныя праграмы — тыя, што працуюць з мэтавымі групамі. І тут адзін з напрамкаў — калі ходзяць у школы і іншыя навучальныя ўстановы не дактары, а валянтэры. У нас у БДМУ сфармаваная валянтэрская група, навучаем студэнтаў, па ўзросьце блізкіх да ўзросту спажыўца. Калі яны распавядаюць, інфармацыя больш даступная. Гэтыя мерапрыемствы сябе апраўдваюць».
Але яшчэ нядаўна можна было адзначыць праблему з прафіляктыкай — пра спайсы часам казалі як пра няшкодныя рэчывы, нават не наркотыкі, якія можна спакойна паспытаць і кінуць. Ці сталі ўспрымаць тыя ж спайсы больш сур’ёзна?
«На сёньняшні дзень па спайсах ужо бачым наступствы: што гэта ня лёгкія наркотыкі, як, можа, нехта думаў, а адны з самых цяжкіх. Бо што ўсярэдзіне гэтага прадукту, ніхто ня ведае. У гэтай субстанцыі, якая цяпер прыходзіць у Беларусь, намяшаныя і сынтэтычныя канабіёіды, і цяжкія псыхатропныя прэпараты — такі склад, які робіць чалавека літаральна за паўгода-год нямоглым кагнітыўна, вельмі лёгка выключае людзей з жыцьця. Гэта адзначаюць усе, нават распаўсюднікі спайсаў, якія ўжываюць розныя псыхаактыўныя рэчывы, але кажуць, што таго, што прадаюць, нават ворагу не пажадаюць».