Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 факты, якія вылучаюць справу гандляроў спайсамі


29 лютага ў Менскім гарадзкім судзе пачалі судзіць 17 чалавек. Паводле сьледзтва, яны вінаватыя ў незаконных дзеяньнях, зьвязаных з наркотыкамі, ды ў іншых злачынствах. Карэспандэнт Свабоды, які прысутнічаў на першым судовым паседжаньні, даведаўся пра цікавыя, а часам і падазроныя падрабязнасьці справы.

1. Запісаны сьледзтвам у «верхаводы» — былы выпускнік журфаку, і ён за адкрытасьць працэсу

Паводле сьледзтва, групоўкай кіраваў Канстанцін Вілюга зь Менску, які быў дырэктарам ААТ «ВКМ-груп». Абвінавачаных яшчэ не дапытвалі, але ў кулюары некаторыя зьвесткі пра іхняе стаўленьне да абвінавачаньня ўжо праніклі. Адносна Канстанціна Вілюгі, якога сьледзтва прадставіла кіраўніком злачыннай сеткі па распаўсюду псыхатропных наркотыкаў, кажуць, што ён не прызнае сябе вінаватым па большасьці артыкулаў. А ўсяго яму інкрымінавана 6 артыкулаў, у тым ліку як «наркатычныя» 328 і 333, гэтак і 455 — злоўжываньне ўладай. Таксама Канстанцін Вілюга будзе аспрэчваць імідж, створаны яму прэсай — гэткага бяздушнага наркадылера. Менавіта Вілюга першым з абвінавачаных выказаўся за тое, каб працэс вёўся адкрыта, хоць некаторыя падсудныя і іх адвакаты настойвалі на закрытасьці суду. Вядома, што Канстанцін Вілюга скончыў журфак БДУ, але журналістам не працаваў. Характарызуючы яго, аднакурсьнікі адзначаюць, што ён мала з кім кантактаваў. «Ведалі толькі, што ён з заможнай сям’і».

2. Паміж «кіраўніком» групоўкі і адной з абвінавачаных быў раман

Раманы паміж абвінавачанымі ў адной справе — ня рэдкасьць для апошніх судовых працэсаў. Можна згадаць хаця б працэс «сэнатаркі» Ганны Шарэйкі, на якім заяўлялася, што ў яе быў раман з абвінавачаным Вальдэмарасам Норкусам зь Літвы. У працэсе 17-ці таксама ёсьць рамантычны эпізод — гэта блізкая сувязь Канстанціна Вілюгі з адной з абвінавачаных. Аказваецца, яны сябравалі доўгі час, але, як паведамілі сваякі дзяўчыны, за паўгода да арышту раман нібыта скончыўся. Між тым, паводле зьвестак, абвінавачаную арыштавалі ў кватэры, дзе пражываў Канстанцін. «У гэтым уся яе віна. Сьледчы сам казаў, што ёй проста не пашанцавала, „апынулася ня ў тым месцы і ня ў той час“. А больш нічога на яе няма», — распавялі сваякі абвінавачанай дзяўчыны. Паводле іх зьвестак, дзяўчына лічыць, што былы бойфрэнд яе падставіў, і ня схільная яму дараваць, а ён дагэтуль спрабуе пераслаць ёй знакі ўвагі. Варта адзначыць, што за паўтара года пасьля арышту дзяўчыне так і не дазволілі ніводнага спатканьня са сваякамі — відаць, сьледзтва ня згоднае з тым, што яе роля ў справе несур’ёзная. Праўда, вядома, што спатканьні са сваякамі ў гэтай справе дазвалялі лічаным абвінавачаным.

3. Сьлед КДБ дапоўніўся сьледам МУС

Ужо ў канцы першага дня працэсу журналісты і публіка ў залі даведаліся, што ў справе фігуруюць супрацоўнікі ня толькі КДБ, як спачатку стала вядома з агалошваньня бібліяграфічных дадзеных, але і Міністэрства ўнутраных спраў. Аказваецца, падсудны Канстанцін Дзенісевіч, які да арышту працаваў намесьнікам дырэктара фірмы «ВКМ-груп» Канстанціна Вілюгі, — былы міліцыянт. Раней Канстанцін Дзенісевіч служыў у менскай гарадзкой управе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй. Адметна, што ён, як і «журфакавец» Канстанцін Вілюга, быў супраць закрыцьця працэсу з прычыны «сакрэтнасьці».

Дарэчы, «закрыцьця» прасіў падсудны Ігар Карыцкі, былы супрацоўнік аддзелу контравыведнай дзейнасьці ў мытных органах управы КДБ па Берасьцейскай вобласьці. Менавіта пасьля выступу адваката Карыцкага прысутным у залі стала вядома, што калега Карыцкага па КДБ Дзьмітры Верацінскі дагэтуль з КДБ ня звольнены, а лічыцца «ў распараджэньні» старшыні КДБ.

Падсудны Ігар Карыцкі размаўляе з адвакатам
Падсудны Ігар Карыцкі размаўляе з адвакатам

4. Суд пачаўся, а падсудны дагэтуль не азнаёміўся з усімі тамамі справы

Яшчэ адна цікавая рэч адносна супрацоўніка цэнтральнага апарату КДБ, старшага опэрупаўнаважанага Дзьмітрыя Верацінскага. У судзе ён заявіў, што за 15 месяцаў арышту зь ім быў праведзены ўсяго адзін допыт. На гэта судзьдзя Сяргей Хрыпач запярэчыў і сказаў пра некалькі допытаў Верацінскага, пратаколы які зьмешчаныя ў розных тамах справы. Гэтыя тамы судзьдзя тут жа і пералічыў. Хто мае рацыю? Можна спадзявацца, што адказ зьявіцца на далейшых пасяджэньнях, бо яны ня будуць закрытыя.

Але ўжо магчыма адзначыць, што ў матэрыялы справы закралася нямала памылак. Гэтак, сьледзтва падало недакладныя зьвесткі пра некаторых падсудных. Высьветлілася і тое, што ня ўсе зь іх азнаёміліся са справай, якая налічвае 95 тамоў, хоць слуханьні ўжо пачаліся. У прыватнасьці, пра гэта заявіў Дзьмітры Верацінскі. Суд паабяцаў яму выправіць становішча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG