Галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Іван Канаразаў апісаў БЕЛТА падчас жывой тэлефоннай лініі партрэт тыповага наркамана сучаснай Беларусі.
Па словах Канаразава, ведамства праводзіла дасьледаваньні, каб скласьці псыхалягічны партрэт звычайнага спажыўца наркотыкаў.
Выявілася, што часьцей за ўсё гэта мужчына (жанчын на ўліку толькі чацьвёртая ці пятая частка ад усіх) узростам 22–24 гады, які мае сярэднюю ці сярэднюю спэцыяльную адукацыю, жыве адзін ці разьведзены, не працуе ці мае выпадковыя заробкі, а таксама мае прынамсі некалькі адміністрацыйных правапарушэньняў і схільны да агрэсіі.
Агульная колькасьць нарказалежных па Беларусі не называецца. Па зьвестках міністэрства, на 2015 год на ўліку стаялі больш за 15 тысяч грамадзянаў, зь іх каля 9% — непаўналетнія.
Па розных ацэнках, ужываць забароненыя рэчывы сыстэматычна ці эпізадычна ў Беларусі могуць да 100–150 тысяч чалавек. За 2015 год Міністэрства ўнутраных спраў зарэгістравала больш за 7 тысяч злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі, і больш за 7 тысяч фактаў незаконнага абароту наркотыкаў.