Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж белым і чорным: Міхал Анемпадыстаў дасьледуе прыроду беларускага колеру 


Тут і ніжэй: фоты з выставы Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі»
Тут і ніжэй: фоты з выставы Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі»

«Для нас, як і для балтаў, галоўны колер — белы. Разам з тым няма рэзка адмоўнай канатацыі чорнага — у беларускай дахрысьціянскай культуры ён ня ёсьць носьбітам зла ці колерам жалобы. Альбо, скажам, шэры: у народнай культуры зьвяркі — героі калыханак, казак — усе шэрыя. Шэры — як абярэг, як зона спакою, бясьпекі. Чырвоны — таксама важна, але ў беларусаў ён ніколі ня быў дамінуючым, толькі ў якасьці акцэнту», — таямніцы калярыстыкі ад Міхала Анемпадыстава.

Міхал Анемпадыстаў
Міхал Анемпадыстаў

28 лютага ў галерэі Беларускага саюзу дызайнэраў адкрыецца выстава Анемпадыстава пад назвай «Колер Беларусі». Арганізатар — Лятучы ўнівэрсытэт, імпрэза ладзіцца ў межах міжнароднага праекту разьвіцьця культурнай спадчыны CHOICE.

Як удакладняе сам аўтар, будуць выстаўленыя аб’екты-носьбіты ўлюбёных колераў беларускай культурнай традыцыі. Гэта візуальная частка вялікага дасьледаваньня, яна папярэднічае выхаду аднайменнай кнігі — яе прэзэнтацыя прызначаная на сакавік.

Кожная вялікая эпоха нясе свае калярыстычныя ўпадабаньні

Мастак, паэт, дызайнэр Міхал Анемпадыстаў шмат гадоў дасьледуе гісторыю і ролю колераў у гістарычных традыцыях, якія заснавалі аснову для фармаваньня беларускай нацыянальнай культуры. Нарэшце ягоныя тэарэтычныя напрацоўкі рэалізуюцца на практыцы.

Што такое «колер» і чаму ён фэномэн культуры? Якія адценьні першымі атрымалі ўласныя імёны ў нашых продкаў? Чые калярыстычныя трэнды беларусы перанялі і як іх пераасэнсавалі? Гэтыя ды іншыя пытаньні Анемпадыстаў некалі паставіў перад сабой, а цяпер спрабуе падзяліцца з публікай сваімі назіраньнямі і адкрыцьцямі.

Сучасная Беларусь, як і іншыя краіны, шматколерная: адны бачаць яе чырвона-зялёнай, іншыя — бел-чырвона-белай, а хтосьці абмяжоўваецца манахромным белым ці чорным. А зь якога гістарычнага пласта пачынае свой каляровы адлік Анемпадыстаў? «Ад пачатку пачаткаў», — упэўнена кажа суразмоўца:

«Я пачынаю ад максымальнай глыбіні, амаль ад таго, калі яшчэ нічога не было. Справа ў тым, што фізіялягічна і чалавек, і жывёлы бачаць колеры, але яны іх не ідэнтыфікуюць, не адрозьніваюць, пакуль у мове не зьяўляецца іх назва. Іншымі словамі, пакуль колер не засвойваецца культурай і для яго не ўзьнікае той самы моўны ідэнтыфікатар, чалавек папросту ня ў стане распазнаць усю паўнату гамы. Наогул першыя колеры, якія зьяўляюцца ва ўсіх культурах і ва ўсіх мовах, гэта чорны і белы. Фактычна гэта цемра і сьвятло. Пазьней пачынаецца напаўненьне, узьнікаюць новыя назвы і бачаньне гэтых самых колераў, то бок ідэнтыфікацыя, адрозьніваньне. Зрэшты, гэта ўжо не мае дасьледаваньні, я тут не першапраходзец...»

Пры канцы 1960-х амэрыканскія навукоўцы Брэнт Бэрлін і Поль Кай надрукавалі кнігу пад назвай «Basic Color Terms: Their Universality and Evolution». Яны вылучылі «базавыя колеры» і прасачылі пасьлядоўнасьць зьяўленьня іх назваў у 80 мовах сьвету — ад старых і прымітыўных да сёньняшніх жывых. Дасьледчыкі вызначылі актуальныя для любой мовы заканамернасьці: практычна паўсюль першымі ўзьніклі назвы для белага і чорнага колераў. І прыйшлі да высновы: здольнасьць адрозьніваць колеры і адценьні разьвівалася адначасова з фармаваньнем моваў і культураў, і гэта чыста культурны фэномэн. Так у калярыстыцы паўстаў новы кірунак — колер пачалі вывучаць праз гісторыю і культуру.

Свае колеры ўласьцівыя ня толькі асобна ўзятай нацыі, а і гістарычнай эпосе. Адпаведна, удакладняе Анемпадыстаў, сваю калярыстыку мае кожны цывілізацыйны зрэз:

«Мы ведаем, што ўсе нацыі ўзьніклі ў ХІХ стагодзьдзі — у сучасным разуменьні нацый як супольнасьцяў. Але кожная нацыя бачыць свой пачатак яшчэ ў пракавечных часах, непісьмовых. І паколькі праект „Колер Беларусі“ — перадусім спроба знайсьці пэўныя нацыянальныя калярыстычныя маркеры, разгледзець колер у ракурсе нацыянальнай ідэнтычнасьці, — мне было цікава заглыбіцца максымальна, як кажуць, у нэаліт. А ўжо пазьней — усе наступныя этапныя напластаваньні: кантакты балтаў і славянаў, прыняцьце хрысьціянства, рэнэсанс, барока, сарматызм, асьветніцтва, рамантызм. Усё гэта так ці інакш прасочваецца ў калярыстычных раскладках. То бок кожная вялікая эпоха несла з сабой нейкія калярыстычныя прэфэрэнцыі і ўпадабаньні. Мая задача — адсачыць гэта на беларускім матэрыяле».

Славяне на балцкім субстраце і містычныя прэфэрэнцыі

Назва кнігі — «Колер Беларусі» — досыць правакацыйная. Фармальна яна мае на ўвазе адсыл да нечага канкрэтнага, безальтэрнатыўнага. Дык які ён насамрэч — колер Беларусі і беларусаў?

«Абсалютна не азначае, што, прачытаўшы кнігу, трэба перафарбаваць прастору, у якой мы знаходзімся, у нейкі канкрэтны колер. Так, назва правакацыйная: ня можа краіна быць аднаго колеру, іх заўжды шмат. Проста такая назва дапамагае разглядаць адзін колер у якасьці нібыта галоўнага, пазьней у гэтай якасьці іншы. Ход збольшага стылістычны, мэтадалягічны. Насамрэч у нас некалькі базавых колераў. Адзінае — давядзецца пераказаць зьмест кнігі, а гэтага рабіць не хацелася б (сьмяецца). Вядома, для нас, як і для балтаў, галоўны — белы. Далей я губляюся выбудоўваць рэйтынг, але чырвоны таксама важны. Праўда, у беларускай культуры ён ніколі ня быў дамінуючым, толькі ў якасьці акцэнту.

«Лічыцца, што чырвоны колер — славянскі. Так, ёсьць цэлы шэраг гістарычных момантаў, якія дазваляюць казаць пра чырвоны як славянскі маркер. І гэтая балта-славянская мадэль — славяне на балцкім субстраце — містычным чынам раскрываецца на ягоных калярыстычных прэфэрэнцыях».

Паводле суразмоўцы, цікава разглядаць колеры, якія ў сучасным сьвеце звыкла лічацца змрочнымі ці наагул «ніякімі». Між тым у беларускіх культурных традыцыях ім аддаецца надзвычайная ўвага:

«Напрыклад, чорны. У беларускай традыцыйнай культуры няма рэзка адмоўнай канатацыі чорнага. Гэта ня носьбіт зла, нават ня колер жалобы. Чорны як жалоба — традыцыя нашмат пазьнейшая, хрысьціянская, ня цалкам, не заўсёды ўспрынятая так званай сялянскай культурай.

Або, скажам, шэры, які ў сучаснай культуры мае нэгатыўнае адценьне нечага сумнага, змрочнага, невясёлага. А ў народнай культуры, заўважце, усе зьвяркі — героі калыханак, казак — шэрыя, іншых амаль няма. Шэры коцік, шэры ваўчок, шэры зайчык, шэрая мышка. Шэры як абярэг, як зона спакою і бясьпекі. Зноў жа, калі з вэрбальнага ракурсу пераключыцца на візуальны: традыцыйны інтэр’ер сялянскай хаты — натуральных колераў. Паколькі галоўны матэрыял у нас дрэва, часам камень, розныя гонты — гама шэра-бурая. У нашай мове буры далучаецца да шэрага, хоць на самой справе гэта разнавіднасьць брунатнага. І мы, відаць, адзіная эўрапейская нацыя, у якой няма брунатнага сярод базавых колеранайменьняў».

Ці разьлічвае Анемпадыстаў, што ягонае аўтарскае дасьледаваньне будзе мець практычны попыт? Ці магчыма з дапамогай ягоных высноваў «правільна расфарбаваць» Беларусь?

«Па вялікім рахунку, я ўвогуле нічога б не расфарбоўваў. Безумоўна, маё дасьледаваньне мае ўжытковую, прыкладную, утылітарную функцыю, але гэта хутчэй інфармацыя для гістарычнай рэканструкцыі, для працы са стылямі. Напрыклад, узьнікаюць праблемы, калі ствараецца нейкая гандлёвая марка. Прадпрыемства ці бізнэсовец хочуць яе зрабіць у прывязцы да беларускай гісторыі, так званай шляхецкай. Пры гэтым шляхецтва ў нас разумецца як нешта вытанчанае, рафінаванае».

«А насамрэч шляхецкая культура досыць грубая, гэта сарматызм. Там пэўная калярыстычная гама, пэўная ідэалёгія. І ў гэтым сэнсе такое дасьледаваньне карыснае тым, што дапамагае людзям, якія працуюць са стылямі. Найперш гаворка пра рэклямістаў, дызайнэраў, мастакоў, архітэктараў, ляндшафтнікаў, шмат якія прафэсіі сутыкаюцца са стылем. Для іх гэта была б дапамога, каб апэраваць стылямі як інструмэнтам».

Прывабнасьць колеру праз малако, хлеб і памідоры

Выстава і кніга ўрэшце будуць «закальцаваныя»: творы экспазыцыі — гэта ілюстратыўная частка збору дасьледаваньняў «Колер Беларусі». Як тлумачыць Анемпадыстаў, некаторыя з выстаўленых экспанатаў — архетыповыя, настолькі звычайныя, што гледачы перасталі зьвяртаць на іх якую б там ні было ўвагу. Іншыя артэфакты забыліся, «зафарбаваліся» пазьнейшымі культурнымі напластаваньнямі і чакаюць аднаўленьня:

«Фактычна ў Саюзе дызайнэраў будзе выстаўлена частка ілюстрацыяў кнігі. Шчыра кажучы, адпачатку задача ставілася так: ня пошук невядомых мастацкіх артэфактаў, хоць яны таксама ёсьць, а пошук адказаў на нязвыклыя, невідавочныя пытаньні. Такія акцэнты важныя з розных прычынаў. З аднаго боку, ужо ёсьць літаратура на гэтую тэму, паўтарацца не хацелася. Зь іншага, у нас вельмі цяжкі доступ да вядомых працаў. Мякка кажучы, неахвотна нашы музэі супрацоўнічаюць у справе дазволу на здымкі, на капіяваньне».

«Таму я найперш паставіў за мэту паказаць прыцягальнасьць і прыгажосьць самога колеру. То бок не на нейкіх мастацкіх рэчах — бо карціна з прыгожым краявідам ужо сама па сабе прыгожая, усё ж твор мастацтва — а на абсалютна звычайных, традыцыйных носьбітах. Напрыклад, белы — гэта малако, чорны — жытнёвы хлеб, зялёны — недасьпелыя, нават бураватыя беларускія памідоры. Вось у такім сэнсе...»

***

Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 году ў Менску. Дызайнэр, графік, паэт, перакладчык і публіцыст. Сябра Беларускага саюзу дызайнэраў і Беларускага ПЭН-клюбу. Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні, працуе ў жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, пляката, фатаграфіі. Удзельнічаў у калектыўных і пэрсанальных выставах за мяжой і ў Беларусі.

Адзін з актыўных стваральнікаў беларускай рок-паэзіі 1990-х. Аўтар ідэі і тэкстаў культавага музычнага праекту «Народны альбом», які выйшаў у 1997 годзе і быў названы «Альбомам году» на цырымоніі «Рок-каранацыя». «Чалавек году-2006» па вэрсіі інтэрнэт-парталу «Тузін гітоў». Песьні на вершы Анемпадыстава — у рэпэртуары Зьмітра Вайцюшкевіча, гуртоў «Новае Неба», N.R.M., IQ48. Перакладаў тэксты песень культавых польскіх гуртоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG