Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхал Анемпадыстаў: Імкненьне жыць у справядлівым сьвеце — адна з дамінантаў беларускай культуры


Міхал Анемпадыстаў: Імкненьне жыць у справядлівым сьвеце — адна з дамінантаў беларускай культуры

Якія рысы ўласьцівыя нацыянальнай беларускай культуры? Якую ролю яна выконвае ў разьвіцьці сучаснага беларускага грамадзтва? Як уплывае на лёс нацыі? Чым небясьпечнае для Беларусі існаваньне адначасна з нацыянальнай культурай культуры савецкай?

У перадачы «Госьць на Свабодзе» над гэтымі пытаньнямі разважае культуроляг, дызайнэр, літаратар Міхал Анемпадыстаў.

Фрагмэнты перадачы:

Вячаслаў Ракіцкі: Незалежнасьць краіны, дэмакратыя, правы чалавека, свабодная рынкавая эканоміка — мэты, прыярытэты разьвіцьця сучаснага грамадзтва. Ва ўсялякім разе, сучасная цывілізацыя нічога пакуль іншага ў якасьці ідэалаў не прыдумала. Якую ролю для Беларусі ў гэтым руху можа ці павінна адыграць культура, якое месца яна займае ў сучаснай вельмі супярэчлівай беларускай рэальнасьці?

Міхал Анемпадыстаў: У кожным з названых выпадкаў культура адыгрывае базавую ролю. Няма культуры працы — ня будзе якасных прадуктаў. Ня будзе культуры бізнэсу — будзе падман, будуць розныя схемы адкатаў. Культура прысутнічае паўсюль. Культура — гэта назапашваньне ведаў, інструмэнтарыю, падыходаў, спосабаў вырашэньня праблемаў. Чым больш разьвітая культура, чым больш яна складаная і чым больш людзей ахопленыя гэтай культурай, тым больш пасьпяховае грамадзтва.

Ракіцкі: «Характар народу вызначаецца яго культурай. Якая культура нацыі, такі і яе лёс». Так лічыць знаны расейскі рэжысэр Андрэй Канчалоўскі. І выяўляе гэтую думку датычна расейцаў у сваіх трагікамічных фільмах-прыпавесьцях пра незайздросны лёс той нацыі. Вы згодныя з такой думкай? І ці вызначае лёс беларусаў іх культура?

Анемпадыстаў: Безумоўна, гэта так. Бо без культуры ўвогуле няма нацыі. І мы можам гаварыць пра наяўнасьць беларускай культуры, паколькі існуе беларуская нацыя.

Ракіцкі: Што ёсьць нацыянальная культура?

Міхал Анемпадыстаў
Міхал Анемпадыстаў

Анемпадыстаў: Для мяне на першым месцы стаіць такое азначэньне, як пераемнасьць. І хоць тэрмін «беларуская культура» адносна новы, ён зьявіўся ў 19-м стагодзьдзі, ён ахоплівае і ўсё тое, што было і раней на гэтай тэрыторыі. Пераемнасьць пачынаецца ад пракаветных часоў і завяршаецца нашым часам, бо нацыя пачынаецца не ад зафіксаваных гісторыкамі падзеяў, а ад самага пачатку зьяўленьня людзей на пэўнай тэрыторыі.

Ракіцкі: Вы часта паўтараеце, што ў сучаснай Беларусі ёсьць дзьве культуры, ці дзьве мадэлі культуры — уласна беларуская і постсавецкая, або нават увогуле савецкая. Чым небясьпечная апошняя? Чаму выратавальная першая?

Анемпадыстаў: Праблема не ў самой савецкасьці, а ў тым, што пад яе падпадае вельмі шмат іншых культурных мадэляў. Я б сказаў, што ў Беларусі існуе беларуская культура, якая збудаваная пераемнасьцю, якая шануе базавыя каштоўнасьці і тым самым падпадае пад азначэньне нацыянальнай культуры. І існуюць іншыя розныя культуры, якія не падпадаюць пад гэтае азначэньне. То бок можам казаць пра грамадзянаў Беларусі, якія існуюць у розных культурных прасторах.

Ракіцкі: Дык якія базавыя дамінанты, знакі, характарыстыкі вы вызначаеце для ўласна беларускай культуры?

Анемпадыстаў: Перадусім — пераемнасьць. Калі мы вырываем з нашай гісторыі пэўны фрагмэнт, дык гэта ўжо не па-беларуску. Гэта ўвогуле нелягічна. Такім чынам, традыцыі Вялікага Княства Літоўскага таксама беларускія — жаданьне, прага зрабіць жыцьцё справядлівым, якія выяўляюцца праз заканатворчасьць. То бок законапаслухмянасьць і імкненьне жыць у справядлівым сьвеце — адна з дамінантаў беларускай культуры. Мне падаецца, што і талерантнасьць, хоць яе часта і высьмейваюць, таксама рыса беларускай культуры, адна зь яе дамінантаў. Безумоўна, беларуская культура — гэта культура памежжа. Але памежжа — гэта заўсёды тое, што існуе па адзін бок мяжы. Па той бок мяжы — ужо іншае памежжа. Такім чынам, мы маем культуру памежжа, але зьяўляемся часткай эўрапейскай культурнай прасторы.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG