Зьбіраліся тады ўжо не на філфаку, а ў Палацы прафсаюзаў. Сьпеўкі праводзіла не Ларыса Сімаковіч, а Віялета Ефіменка. Рэпэтавалі ўжо не “Цара Максіміляна”, а “Лысую Сьпявачку” Эжэна Ёнэска. І сьвяты ладзілі ўжо не ў Заслаўі, а ў самым цэнтры Менску – у Купалаўскім сквэры. Майстроўня ператварылася ў гарадзкі маладзёвы беларускі клюб, яна станавілася заўважным фактарам грамадзкага жыцьця. Пра яе пісалі ў газэтах і нават здымалі тэлевізійнае кіно. Але гэта было ўжо сонца, якое дагарала. З аднаго боку, усе тут адчувалі, што ці ня кожнага цягаюць на гутаркі ў КГБ, а зь іншага – стала так шмат людзей і так шмат накірункаў дзейнасьці, што ўтрымацца ў адным цэлым гэтаму ўсяму станавілася немагчыма. Ня ўсе, хто хадзіў на даклады, хацелі хадзіць на сьпеўкі, і ня ўсе маглі, як некалі, удзельнічаць у спэктаклі. А яшчэ ж займаліся выступамі па школах, хадзілі ды езьдзілі на археалягічныя раскопкі, у фальклёрныя экспэдыцыі, бясконца вандравалі, а пры тым стваралі сем’і, сканчалі свае студэнцкія клопаты, выходзілі на працу...
МАЙСТРОЎНЯ ПЕРАТВАРАЕЦЦА Ў РУХ
Майстроўскае сонца было гатовае
Перажыўшы некалькі трансфармацыяў, Майстроўня зрабілася Талакой.
ператварыцца ў сонечную сыстэму. І тады, як грыбы пасьля дажджу, пачалі расьці суполкі ў розных навучальных установах і гарадах Беларусі, а сама Майстроўня, тое, што ад яе засталося, перажыўшы некалькі трансфармацыяў, зрабілася Талакой.
Майстроўцы дагэтуль спрачаюцца – ці быў у 1983-м крызыс? Майстроўня натуральным парадкам перарасла сама сябе і трансфармавалася ў рух.
Гэнік Лойка: “Пра нас
здымалі фільм, і я там сказаў, што ў нас быў крызыс. Алена Анісім: не, ніякага крызысу! Цяпер задумваюся: усё ж такі быў гэты крызыс. Ня толькі нас разагналі, у нас унутры быў крызыс – што рабіць далей? Ці вось так сьпяваць, як дзяўчаткі любяць, усякія сьпеўкі ды прыпеўкі? Ці, як хлопцы – Івашкевіч кажа: давайце зробім ТБШ, Таварыства Беларускай Школы і ўжо туды ўступяць толькі тыя, хто размаўляе па-беларуску. Ну, я стаў на бок дзяўчатак, сьпеўкі-прыпеўкі. Навошта так цьвёрда, так просталінейна, тут жа ўсё вельмі складана... Гэта я быў студэнтам яшчэ, і быў позьні час Майстроўні”.
Дубавец: У 1983-м такія гаворкі ўсё часьцей гучалі ў майстроўскіх кулюарах – што рабіць? Ці плысьці далей на хвалях таго посьпеху, які мела Майстроўня, ці паспрабаваць кіраваць працэсам трансфармацыі? Але пра гэта спрачаліся за кулісамі. Народ жа, які зьбіраўся ў залі, такіх праблем не заўважаў. Людзі звыкла рыхтаваліся хто да сьпевак, хто да дакладаў, хто да рэпэтыцыі тэатра. Акурат у такую атмасфэру і прывёў Хведар Кашкурэвіч Міхала Анемпадыстава.
КАШКУРЭВІЧ – АНЕМПАДЫСТАЎ – ХАРЭЎСКІ
Міхал: “Я прыйшоў, калі Майстроўня ўжо функцыянавала і там было досыць шмат людзей. Яна ўжо мела сваю мікрагісторыю. Там ужо зьмяніліся музычныя кіраўнікі і сьпеўкі праводзіла Віялета. Хведар Кашкурэвіч прывёў мяне першы раз у Майстроўню”.
Дубавец: У гэтых навучэнцаў зь менскай мастацкай вучэльні ўсё было зусім ня так, як у іх калег з “парнату” – школы-інтэрнату, адкуль маладыя мастакі прыйшлі ў Майстроўню цэлай гурмою. У вучэльні ўсё перадавалася ад аднаго аднаму і толькі такім чынам. Сяргей Харэўскі распавядаў мне, што яго ў Майстроўню прывёў ужо Міхал Анемпадыстаў. Маўляў, Міхал наведваўся сюды з Кашкурэвічам і Лявонам Вольскім, і аднойчы веснавым сонечным днём старэйшы Міхал сказаў малодшаму Харэўскаму, што гэта й ёсьць самае галоўнае. “Што?” – перапытаўся Харэўскі. “Песьня”, -- адказаў Анемпадыстаў. Хоць сам у майстроўскіх сьпеўках ня ўдзельнічаў.
Міхал: “Што я там шукаў? Мне тады ўсё было цікава і я хадзіў ня толькі на Майстроўню, але і ў розныя іншыя месцы. Тады мы пазнавалі жыцьцё й спрабавалі знайсьці сваё месца ў ім. І адным з такіх месцаў была Майстроўня. Мяне цікавіла ня толькі беларуская мова і народная музыка, якая, дарэчы, менш за ўсё мяне цікавіла ў Майстроўні, сьпеўная частка для мяне была проста павіннасьцю. З тым, каб дачакацца пярэрвы на даклад. Мне больш цікава было слухаць даклады, а таксама было важна гаварыць па-беларуску...
Дырэктар пільнаваў сытуацыю і час ад часу пісаў скаргі ў КДБ.
Менская мастацкая вучэльня, на маю думку, была тады кузьняй творчых асобаў. І там была вельмі плюралістычная і свабодная палітыка, якая праводзілася настаўнікамі. Ясна, што гэта не была канцэпцыя ўсёй вучэльні. Дырэктар пільнаваў гэтую сытуацыю і час ад часу пісаў скаргі ў КДБ. А настаўнікі былі абсалютна незалежныя людзі.
Калі я прыйшоў у вучэльню, па-беларуску гаварыў адзін чалавек. Хведар Кашкурэвіч. А калі ён прыйшоў у вучэльню, то і перад ім адзін чалавек гаварыў па-беларуску. Гэта быў нейкі габрэй, якога прозьвішча ня ведаю, ён зьехаў пазьней у Ізраіль, але ён якраз, са словаў Хведара, яго заахвоціў і падтрымліваў жаданьне Хведара гаварыць па-беларуску.
...прыходзілі разьбірацца, чаму Дзьмітрыеў гаворыць па-беларуску.
Мы не гаварылі па-беларуску настала. У нас была свая кампанія, свая група – Аляксей Дзьмітрыеў, мой сябра. І мы паміжсобку гаварылі па-беларуску. Але мы б тады павінны былі перайсьці з расейскай на беларускую падчас навучальнага працэсу. А такі крок -- дэманстратыўны, дэкляратыўны, зрабіць гэта досыць складана. І, здаецца, на чацьвёртым курсе Аляксей, ён такі больш упарты, і ён у самым канцы перайшоў. І абараняў дыплём па-беларуску і за гэта атрымаў тройку. Бо дырэктар сказаў: ну я ж не магу паставіць добрую адзнаку чалавеку, які дэманстратыўна гаворыць па-беларуску. Больш за тое, ён яшчэ і скаргу напісаў і прыходзілі разьбірацца, чаму Дзьмітрыеў гаворыць па-беларуску”.
Дубавец: Выглядае, што ў мастацкай вучэльні ўлады пільнавалі беларушчыну з нашмат большым імпэтам, чым у іншых навучальных установах, дзе журналісты, архітэктары й нават фізыкі з матэматыкамі цэлымі групамі пераходзілі ў навучальным працэсе на беларускую мову. Магчыма, такая пільнасьць з боку КГБ тлумачыцца стэрэатыпным уяўленьнем пра індывідуалізм мастакоў? Раней у “Вострай Браме” на гэтым рабіў акцэнт Генадзь Мацур. Але ж гэты самы індывідуалізм безь ніякага КГБ спыняў любую спробу ўзьнікненьня ў гэтым асяродку якой-кольвек суполкі або руху. Спыняў і схіляў або да самоты або да пратэсту або да субкультурных тусовак. А Майстроўня ні першым, ні другім, ні трэцім не была.
ПІЯНЭР СЯРОД АЛДОВЫХ
Міхал: “Безьліч усяго было – і розныя гіпі, і пацыфісты, і рокеры, і фашысты таксама тады ўзьнікалі невядома адкуль і чаму. Нейкі крызыс, відаць, адбыўся ў маладзёвай палітыцы ці вырасьлі новыя пакаленьні моладзі, якой -- абы што, толькі не савецкае афіцыйнае.
Мяне больш цікавілі пацыфісты, якія не былі ніякімі пацыфістамі, а толькі так называліся. Гэта былі нэагіпі. Так званыя піянэры, маладыя людзі, якія былі ў гэтай сыстэме. Гіпіскі рух у Савецкім Саюзе -- на слэнгу гэта называлася сыстэмай. І былі людзі старэйшыя, са старой сыстэмы – алдовыя яны называліся, тыя людзі, якія ў 1960-я і пачатку 1970-х фактычна запачаткоўвалі гіпіскі рух у Савецкім Саюзе і ў Беларусі. У Беларусі ён быў досыць разьвіты.
І гэта было цікава. Але я своечасова перастаў цікавіцца гэтым рухам. І вельмі добра, бо, на жаль, там прысутнічалі наркотыкі і той, хто своечасова ня выйшаў, хто ўцягнуўся ў гэтую сыстэму, гэтых людзей ужо фізычна няма з намі.
КДБ было паўсюдна. Мяне аднойчы міліцыя за доўгія валасы спыніла на вуліцы, завезла ў пастарунак і досыць доўга пратрымала, бо чакалі спэцыялістаў з камітэту. І прыехалі двое ў цывільным. Іх цікавілі абсалютна ўсе моладзевыя рухі і яны мэтадычна па кожным руху задавалі пытаньні, бо ясна было, што калі чалавек у сандаліях, з доўгімі валасамі і з мастацкай вучэльні, то тут можна “пажывіцца”.
Дубавец: Інакш кажучы, улады ўспрымалі Майстроўню як субкультуру, дакладней, імкнуліся яе так успрымаць.
Майстроўню ўпісалі ў шэраг іншых субкультураў, чым яна ніякім бокам не зьяўлялася.
Пра тое, што гэта проста нацыянальная культура, не магло быць і гаворкі. Для нацыянальнай культуры былі адведзеныя свае грамадзкія нішы – яна або абслугоўвала ўладу, аздабляла яе лёзунгі сваім дэкаратыўным арнамэнтам, або выяўлялася ў вёсках – як прырода ці як утаймаваная стыхія. Пра тое, што гэта яна, стыхія, выйшла з падпарадкаваньня і аб'явілася ў сталіцы, нават ня думалі, бо гэта было б дзіва нейкае, цуд. А цудаў, як вядома, не бывае. І таму Майстроўню ўпісалі ў шэраг іншых субкультураў, чым яна ніякім бокам не зьяўлялася, бо несла ў сабе не культуру пэўнага анклаву грамадзтва, а культуру, блізкую ўсяму грамадзтву, незалежна ад узросту, адукацыі й месца ў соцыюме.
АМНЕПАДЫСТАЎ, АПЛАДЫСМЭНТАЎ, АНТЫФАШЫСТАЎ
У аўтары “Народнага альбому” і знаным культурным героі сёньняшняй Беларусі, незвычайнае ўсё, пачынаючы ад польскай формы імя (Міхал) й рэдкага прозьвішча.
Міхал: “Тут вельмі проста ўсё. Прозьвішча ўтворанае ад імя Анемпадыст. Калі паглядзець праваслаўныя сьвятцы, там ёсьць гэтае імя. Яно досыць экзатычнае, гэта я ўсьведамляю і ўсё жыцьцё адчуваю праблемы з прозьвішчам. Ясна, што яно цяжка кладзецца для вуха, але ўжо калі запомніцца, дык надоўга.
Вельмі па-рознаму мяне называлі... Палякі заўсёды дадаюць пасьля “па” літару “н”. Ім, відаць, так прасьцей – Анемпандыстаў. Нашы мяняюць – Амнепадыстаў. А самыя шыкоўныя варыянты былі ў войску. Адна была вэрсія Антыфашыстаў, а другая – Апладысмэнтаў.
Імя такое з вучэльні. У мяне была стрыечная бабуля ў Польшчы і я час ад часу туды да яе езьдзіў і быў ці не адзіным чалавекам у вучэльні, які выяжджаў за мяжу. Так што там гэты факт быў вядомы. Таму такая спалянізаваная форма й замацавалася – Міхал. Па-беларуску слушна Міхал.
“РОД РАСПЫЛІЎСЯ НА ЗАХОДНІХ РУБЯЖАХ”
Я мянчук, я нарадзіўся ў Менску. А жылі мы спачатку на бульвары Шаўчэнкі, а пасьля, калі мне было пяць гадоў, пераехалі на Камароўку. Так што для мяне Менск безумоўна родны горад, які я люблю і нават ведаю. А бацькі не менчукі. Як большасьць нашых бацькоў, яны прыехалі ў Менск. Мама прыехала са Львова. У 1940-я гады яна скончыла там геалягічны тэхнікум, пасьля прыехала ў Менск і працягвала вучобу ўжо ў менскім унівэрсытэце. І працавала там адразу. Мама геоляг і географ па адукацыі. А тата прыехаў у Менск з Баранавічаў... Дакладней, з Масквы ці з Падмаскоўя нават. Бо ў вайну ён быў у Баранавічах, скончыў там школу пасьля вайны. Скончыў вельмі добра, з залатым мэдалём. Але паколькі ён быў сынам рэпрэсаванага, дык ня мог нікуды паступіць. І яму давялося ехаць у Маскву і паступаць у інстытут, куды прымалі ўсіх – у Маскоўскі горны інстытут. І пазьней ён працаваў на шахце ў маскоўскім вугальным басэйне як горны інжынэр.
У мяне сям’я не беларуская. Маці паходзіць з-пад Варонежа. Іх раскулачылі ў свой час, іхную сям’ю, яна была досыць заможная. Іх раскулачылі і саслалі прадзеда й адзінага сына на Салаўкі, яны будавалі Салавецкі канал.
... чыгуначнікаў заслалі ў Беларусь на зьмену тутэйшым рэпрэсаваным...
А рэшту сям’і – гэта мая прабабуля, а ў яе было пяць дачок – і ўсіх гэтых дзевак выселілі ў бліжэйшы населены пункт. А гэта была буйная чыгуначная станцыя, і яны ўсе павыходзілі за чыгуначнікаў. А пазьней, у 1939-м частку чыгуначнікаў заслалі ў Беларусь на зьмену тутэйшым рэпрэсаваным, а частку пасьля вайны – у 1944-45-м у Заходнюю Ўкраіну на зьмену тамтэйшым рэпрэсаваным чыгуначнікам. І такім чынам уся сям’я распылілася на заходніх рубяжах. А частка нават выехала ў Польшчу. Калі пасьля вайны была магчымасьць этнічным палякам выяжджаць, дык муж маёй стрыечнай бабкі хуценька запісаўся палякам...
А тата з Рагачова. Яны туды патрапілі падчас першай сусьветнай вайны. Бо дзед падчас той вайны служыў. А ў 1937-м годзе ў Рагачове арыштавалі майго дзеда. Першага верасьня бацька пайшоў у першы клас, а шостага верасьня арыштавалі ягонага бацьку. І больш ён яго ніколі ня бачыў. А з папераў вынікае, што яго ўжо ў кастрычніку расстралялі.
ІЗНОЎ -- СТАРЭЙШЫЯ МАСТАКІ
Сутыкаўся зь беларушчынай да вучэльні. Я вучыўся ў добрай школе. Адзін з маіх лепшых сяброў – Андрэй Занеўскі, ягоны бацька працаваў на архітэктуры ў БПІ. І я, калі прыходзіў да іх дахаты, то там часам зьяўляліся мастакі беларускамоўныя. І паколькі аўтарытэт гэтага бацькі сябра для мяне быў вялікі, дык я гэта прыняў як належнае.
Мама працавала ва ўнівэрсытэце на геафаку. І мы зь ёй езьдзілі ў лягер, дзе адбывалася летняя практыка студэнтаў-географаў і гэта было за Валожынам, там мова захавалася вельмі добра і там людзі гавораць, гаварылі лепш за Вінцука Вячорку.
Адсутнасьць цывілізацыі была ў выглядзе брукаванкі.
Першы раз, калі туды паехалі, мне было шэсьць гадоў. І там, калі прыяжджаеш у Ракаў, пачынаецца брукаванка, і ўсе тады казалі – ну ўсё, пачынаецца Ракаў, скончылася цывілізацыя. Адсутнасьць цывілізацыі была ў выглядзе брукаванкі. Зараз я разумею, што гэта якраз былі рэшткі цывілізацыі. Але тая цывілізацыя ўжо была пазбаўленая годнасьці. Гэта былі хутары, куды не правялі электрычнасьць. Гэта быў гамон. І людзі там выпівалі. Хоць, як я цяпер разумею, выпівалі вельмі якасную самагонку. Але пілі яе, можа, ня ў меру...”
УПЛЫЎ ПОЛЬСКАЙ САЛІДАРНАСЬЦІ
Дубавец: Аднойчы ў “Вострай Браме” ўжо была гаворка пра магчымы ўплыў на ўзьнікненьне Майстроўні з боку польскае Салідарнасьці. Як гэта праверыць – невядома, бо дзе цяпер сьведкі, якія тады наведвалі суседнюю краіну і маглі б сёньня параўнаць тыя “два паветры”. Таму зь Міхалам нам пашанцавала – ён якраз такі сьведка.
Міхал: “У той час, калі ўзьнікла Майстроўня -- яна ж, відаць, не выпадкова ўзьнікла, а
... у паветры адчувалася, што нешта мяняецца, хаця тут абсалютна нічога не мянялася...
прысьпеў час, каб нешта такое ўтварылася, і тады нейкім дзіўным чынам у паветры адчувалася, што нешта мяняецца, хаця тут абсалютна нічога не мянялася. Але ў Польшчы ўзьнікла Салідарнасьць, і можа быць гэта нейкім чынам паўплывала, можа гэта – заразна і пераносіцца празь межы...
А мне пашанцавала якраз тады, калі Салідарнасьць утваралася, патрапіць у Польшчу. Мы паехалі да стрыечнай бабулі. Пераехалі мяжу, а там аказваецца, што ўсё буяе, усё кіпіць. А ў нас не было яшчэ інфармацыі.
З МАЙСТРОЎНІ Ў ВОЙСКА
Я затрымаўся ў Майстроўні ажно да войска, і па мерках нармальнага падлетка гэта досыць доўга. Бо тады кожны год – гэта цэлае жыцьцё.
А пасьля гэтага ў мяне было войска. І Майстроўня за гэтай двухгадовай вайсковай заслонай засталася нечым крыху нерэальным. Дзяцінства скончылася, калі я пайшоў у войска. Зараз вось выцягнуў лісты, якія ў войска мне дасылалі Вінцук і Сяргей Харэўскі. Перачатыў і прыгадалася шмат чаго...
У Вінцука ліст на дзесяць аркушаў. І палова – гэта выпраўленьне моўных памылак, як трэба пісаць і скланяць. А астатняе -- ён апісвае тыя майстроўскія падзеі, якія адбываліся пасьля майго сыходу ў войска. І зь лістоў вынікае, што вельмі складана было праводзіць гэтую Майстроўню. Увогуле дзіўна, як яна там існавала, у Палацы прафсаюзаў, як яе не прыкрылі.
Але часы мяняліся. Я сышоў у войска ў 1983-м, а апошнія лісты – у 1985-м. За гэтыя два гады цалкам зьмянілася краіна Савецкі Саюз. Харэўскі піша: усё, зацьверджаны плян рэстаўрацыі Менска, узнаўляюць кляштары, у Траецкім прадмесьці адкрываецца музэй, Татарскае прадмесьце цалкам рэстаўруецца... І гэта забаўна чытаць. Бо зараз Татарскага прадмесьця няма ўжо, кляштары дагэтуль невядома ці зруйнуюць ці будуць рэстаўраваць, Дамініканскі касьцёл і кляштар так і не зрабілі – там зараз Палац рэспублікі... Так што час быў цікавы тады.
У тых лістах ёсьць шыкоўныя фразы, проста браць і на цытаты. Сяргей Харэўскі кажа: я ўжо не 15-гадовы юнак, мне ўжо 18...
У мяне заўтра (Гаворка адбывалася 15 сакавіка. -- С.Д.) дзень народзінаў і мне спаўняецца 46.
У 15-18 гадоў дзе б вы ні былі, куды б вы ні хадзілі, гэта будзе важным складнікам вашай біяграфіі. Але паколькі Майстроўня прапаноўвала іншую культурніцкую і сьветапоглядную мадэль, то безумоўна гэта вельмі важны фрагмэнт альбо вельмі важная частка жыцьця кожнага з нас”.