Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія мытнікі сканфіскавалі кнігу «Вясны» пра сьмяротнае пакараньне


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Менскага гісторыка Ўладзімера Валодзіна зьнялі з аўтобуса на беларуска-літоўскай мяжы і сканфіскавалі кнігу пра сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. Інцыдэнт адбыўся ва Ўсясьветны дзень барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня.

Гісторыка і грамадзкага актывіста Ўладзімера Валодзіна, які ў нядзелю вяртаўся з Кангрэсу дасьледнікаў Беларусі, што праходзіў у Коўне, беларускія мытнікі зьнялі з аўтобуса і пратрымалі на мяжы 3,5 гадзіны.

У яго былі сканфіскаваныя зборнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» «Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі» і дыск зь фільмам пра Міхася Кукабаку «Дысыдэнт».

«У нядзелю я ехаў у аўтобусе Вільня — Менск. Як часта гэта бывае нядзелямі, аўтобусы доўга стаялі на мяжы, чакалі надгляду – больш за 3 гадзіны. Падчас яго ў мяне ў багажы і знайшлі кнігу „Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі“ – гэта зборнік Праваабарончага цэнтру „Вясна“. Кніга зацікавіла мытнікаў, — распавёў Свабодзе Ўладзімер Валодзін. — Пасьля гэтага багаж яшчэ раз пільна агледзелі і знайшлі дыск зь фільмам „Дысыдэнт“ пра Міхася Кукабаку. Фільм іх таксама зацікавіў.

Кнігу і дыск у выніку ў мяне забралі і выдалі адпаведную паперу, што іх бяруць на экспэртызу. Выдача папераў заняла ў мытнікаў 3 гадзіны (а яшчэ паўгадзіны яны мяне надглядалі). Зразумела, што з рэйсу мяне зьнялі і пасадзілі на зусім іншы аўтобус. У сукупнасьці на мяжы я правёў каля 7 гадзін, з улікам чаргі. Аказваецца, абмеркаваньне сьмяротнага пакараньня — гэта падазроная зьява, якая пахне экстрэмізмам у Беларусі».

Паводле Валодзіна, мытнікі ніяк не тлумачылі, чаму кніга і дыск выклікалі ў іх такую цікавасьць і што ў гэтым можа быць забароненага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG