«Лукашэнку даўно варта задумацца, што, падпісваючы акт на сьмяротнае пакараньне, ён бярэ на сябе вялізную адказнасьць, бо пралітая кроў застаецца і на ягоных руках», – заявіла Свабодзе барацьбітка супраць сьмяротнага пакараньня на постсавецкай прасторы, праваабаронца Тамара Чыкунова.
Яна была ганаровай госьцяй беларускага Тыдня за скасаваньне сьмяротнага пакараньня, які завяршаецца 10 кастрычніка.
Заслугі Тамары Чыкуновай ў барацьбе супраць незваротнай кары адзначаныя на міжнародным узроўні. Сярод яе ўзнагарод італьянскі ордэн «Залаты голуб за мір» і францускі ордэн Ганаровага легіёну «За мужнасьць». Чыннасьць праваабаронцы спрыяла скасаваньню сьмяротнага пакараньня ва Узбэкістане, Кіргізстане, Казахстане ды Манголіі.
Тамара Чыкунова — фундатарка ўзбэцкай няўрадавай арганізацыі «Маці супраць сьмяротнага пакараньня».
9 кастрычніка Тамара Чыкунова сустракалася з магілёўцамі ў грамадзкім цэнтры «Кола». Сустрэчу арганізаваў праваабарончы цэнтар «Вясна». Госьця адказала на пытаньні беларускай Свабоды.
Лукашэнка ня мусіць раскідвацца жыцьцямі
«Спадару Лукашэнку даўно час задумацца, што ён бярэ на сябе вялікую адказнасьць, вырашаючы, ці жыць чалавеку.
Зацьвярджаючы вэрдыкты на сьмяротнае пакараньне, ён мае памятаць, што пралітая кроў застанецца і на ягоных руках. Думаю, што ў Беларусі надышоў час сканчаць са сьмяротным пакараньнем.
Я б хацела прыгадаць адзін з крокаў экс-прэзыдэнта Кіргізстану Бакіева, якому Лукашэнка даў прытулак у Беларусі. Бакіеў, зь якім я асабіста сустракалася, зацьвердзіў скасаваньне сьмяротнага пакараньня. Праз паўгода яго зрынулі з пасады кіраўніка дзяржавы. Бакіеў уцёк і, калі б ён не скасаваў сьмяротнага пакараньня, то некаторыя зь ягоных сваякоў былі б расстраляныя. Таму і Лукашэнку ня варта жыць адным днём. Калі яго многія беларусы называюць бацькам, то яму варта быць больш дбайным гаспадаром і не раскідвацца жыцьцямі людзей».
Майго сына безь віны расстралялі
«На дарогу барацьбы за скасаваньне сьмяротнага пакараньня мяне вывела няшчасьце. Ва Ўзбэкістане ў ташкенцкай турме расстралялі майго адзінага сына. Гэта адбылося таемна, у дзень дазволенага спатканьня. Мне не далі пабачыцца зь ім у апошні раз.
Як у Працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь, так і Рэспублікі Узбэкістан запісана, што сваякі асуджанага на сьмяротнае пакараньне ня маюць права апошняга спатканьня, не павінны ведаць даты і месца кары. Пра пакараньне ня ведае сам асуджаны. Пасьля выкананьня прысуду цела расстралянага сваякам не аддаюць. Разьвітаньня не праводзіцца.
Як сына расстралялі, я ня спала два гады. Я прагнула помсты, але і разумела, што нельга ісьці гэтай дарогай. Бо калі я на яе выйду, то стану падобнай да забойцаў майго сына.
Самае страшнае было, што празь пяць гадоў было афіцыйна прызнана: мой сын быў незаконна расстраляны, а справа супраць яго была сфальсыфікаваная. Сына падчас сьледзтва катавалі».
Грамадзтва становіцца катам
«У сьмяротным пакараньні няма справядлівасьці. Пакараньне сьмерцю чалавека ня робіць жывымі ягоныя ахвяры. Сваякі тых, каго выраклі на сьмерць, асуджаны на вечнае катаваньне. Яны не змаглі абняць у апошні раз сваё дзіця, разьвітацца зь ім. Яны ня ведаюць, дзе ягоная магіла.
Грамадзтва, якое дало згоду на сьмерць, робіцца катам, бо вырак агучваецца ад імя дзяржавы і грамадзтва. Гэта значыць, усе непасрэдна ці ўскосна ўдзельнічаюць ва ўзаконеным забойстве. Кроў забітага – на ўсіх. Сьмяротная кара становіцца помстай грамадзтва. Ад помсты не робіцца лягчэй нікому: ні ахвярам злачынства, ні тым, хто выступаў за сьмяротнае пакараньне. На адну сьмерць становіцца болей.
Гэтая помста распаўсюджваецца на ўсю сямʼю забітага. Я не магу сьцьвярджаць, што толькі на постсавецкай прасторы сваякі пакаранага сьмерцю становяцца ізгоямі грамадзтва. Такая сытуацыя характэрная для многіх краінах сьвету».
Ці хочаш стаць забойцам
«Падчас маіх сустрэч стаўленьне аўдыторыі да скасаваньня сьмяротнага пакараньня неадназначнае. Напачатку адчуваецца зьняважлівае: маўляў, злачынцаў апраўдваеш. Я стараюся данесьці да людзей жах, адказнасьць, якія кладуцца на кожнага з нас, і чалавек пачынае задумвацца, ці хоча ён сам стаць злачынцам.
Пакінуўшы жыцьцё чалавеку, мы дамагаемся асноўнай мэты крымінальнага права: рэабілітацыі, пакаяньня і выпраўленьня.
Часта кажуць, што злачынцы, якія пайшлі на пажыцьцёвае зьняволеньне, становяцца матэрыяльным балястам грамадзтва. Пазьбегнуць гэтага балясту можна лёгка, даўшы працу. Працуючы, ён дасьць карысьць грамадзтву. Хоць часткова загладзіць віну перад ім і перад сваімі ахвярамі. А калі мы яго забілі, то неўзабаве пра яго забудзем, і пра ягоных ахвяраў таксама.
Забойства чалавека мы апраўдваем імкненьнем да справядлівасьці».
Выразаў вочы, але не ўратаваўся ад сьмерці
«У камэры сьмяротнікаў ташкенцкай турмы сядзеў украінец Сяргей Бурачык. Падчас сьледзтва яго катавалі, зьбівалі. Прымушалі падпісаць прызнаньне ў злачынствах, якіх ён не ўчыняў. Каб не падпісвацца пад абвінавачваньнем, ён выразаў сябе абодва вокі.
У крымінальным праве краін постсавецкай прасторы запісана: невідушчыя, глуханямыя, якія не разумеюць, што адбываецца акт сьмяротнага пакараньня, ня могуць быць расстралянымі.
Вы, уяўляеце, якая жорсткасьць? Калі чалавек не разумее, што адбываецца расстрэл, ня бачыць жаху самога расстрэлу, то можа і ня быць пакараны сьмерцю. Аднак, нягледзячы на гэта, Бурачык быў усё роўна асуджаны на сьмерць».
Сваякі забітага не далі забіць забойцу
«У мяне быў выпадак, калі ахвяры злачынства дамагліся скасаваньня сьмяротнага пакараньня злачынцу.
У Андыжане 22-гадовы чалавек быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня за забойства таксіста, у якога засталіся трое маленькіх дзяцей і жонка. Перад вынясеньнем прысуду ва ўдавы запыталі, ці хоча яна сьмерці забойцу мужа. Яна сказала, што так.
Я прыехала да яе перад падачай апэляцыі на вырак. Яна мне адказала, што такія пытаньні вырашаюць старэйшыны (Узбэкістан – краіна мусульманская). У старэйшын я запытала, ці хочуць яны быць катамі. Яны спачатку разгубіліся, а потым запыталі, як гэта. Я ім патлумачыла, што ад іхнага імя будуць караць, і яны таксама стануць на шлях забойства. Калі ж яны выступяць супраць сьмяротнага пакараньня, казала я, то дадуць шанец хлопцу. Няхай ён працуе і дапамагае гадаваць траіх дзяцей забітага ім чалавека. Гэта будзе справядліва. Яны падумалі і сказалі: ня трэба забіваць. Самі старэйшыны падалі апэляцыю. Апэляцыйны суд зьмяніў сьмяротнае пакараньне на 19 гадоў пазбаўленьня свабоды. Цяпер гэты малады чалавек працуе і дапамагае сямʼі забітага».
Бяда можа пагрукацца ў кожны дом
«Каб сьмяротнае пакараньне было скасаванае, трэба гаварыць зь людзьмі. Тлумачыць ім, чаму яно зло.
Я не разумею, чаму хрысьціянскія краіны падтрымліваюць сьмяротнае пакараньне. Але я ня думаю, што ўсе іх грамадзяне выступаюць за яго.
Ёсьць абывацельская пазыцыя, што мая хата з краю: маўляў, такая бяда мяне міне. Але ад гэтай бяды не застрахаваны ніхто.
Я сама юрыстка і ня думала, што бяда можа пагрукацца ў мой дом. Я нават у страшным сьне не магла ўявіць, што, прыклаўшы ўсе магчымыя намаганьні, не абараню свайго адзінага сына. Не дамагуся справядлівасьці. Яго расстралялі. Потым рэабілітавалі, але сьмяротнае пакараньне незваротнае.
Людзі мусяць задумацца, ці хочуць яны ўдзельнічаць ва ўзаконеным забойстве. Нават калі мы асабіста не бяром удзелу ў расстрэле, то з нашай маўклівай згоды гэта робяць».
Грамадзтва мае быць гатовае змусіць уладу скасаваць сьмяротнае пакараньне
Паводле Чыгуновай, на момант скасаваньня сьмяротнага пакараньня ў Кіргізстане расстрэлу чакалі 167 чалавек. Ва Ўзбэкістане блізу ста. Пасьля адмены сьмяротнай кары 12 чалавек былі асуджаныя на працяглыя тэрміны зьняволеньня, а 29 былі вызваленыя.
Праваабаронца кажа, што пераконваць чыноўнікаў у неабходнасьці скасаваньня сьмяротнага пакараньня дужа цяжка. «Яны спрабуюць навязаць свой пункт гледжаньня на праблему», – адзначае Тамара Чыкунова.
На яе думку, посьпех у адмене сьмяротнай кары залежыць ад пазыцыі грамадзтва і гатоўнасьці яго змусіць уладу скасаваць яе. Праваабаронца прызнаецца, што ёй было дужа цяжка перажыць несправядлівасьць у дачыненьні сына, але яна здолела дараваць ягоным забойцам.