Помнік архітэктуры 18-га стагодзьдзя ў бядотным стане. Перадусім праз безгаспадарчасьць уладальнікаў. У 2004 годзе пасьля моцных сьнегападаў над колішнім кляштарным корпусам абваліўся дах, але замест таго каб адрамантаваць будынак, тагачасныя гарадзкія ўлады аддалі яго Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы.
З 2006 году новыя ўладальнікі не зрабілі анічога, каб спыніць далейшае разбурэньне помніка архітэктуры. Мясцовыя краязнаўцы, актывісты і проста неабыякавыя гараджане шмат гадоў ліставаліся з пракуратурай, выканкамамі розных узроўняў, Міністэрствам культуры, Віцебскай эпархіяй і мітрапалітам Паўлам. Высьветлілася, што дзяржаўныя структуры ня маюць права фінансаваць аднаўленьне помніка, бо ў яго ёсьць уласьнік — хоць на сьцяне гістарычнага будынка і вісіць шыльда пра тое, што ён ахоўваецца дзяржавай.
Змусіць Віцебскую эпархію выконваць патрабаваньні заканадаўства аб ахове помнікаў удалося толькі праз 10 гадоў. Будынак урэшце накрылі дахам, хоць раней уласьнікі казалі, што ня маюць грошай. Цяпер, падобна, грошай не хапае на тое, каб забіць дошкамі аконныя праёмы — завяршыць так званую кансэрвацыю будынка. Бяз гэтага гістарычны помнік ня будзе абаронены ад дажджу і сьнегу.
Між тым пра тое, што вокны ўжо забітыя, яшчэ ў 2014 годзе «адрапартавалі» прадстаўнікі праваслаўнай царквы — адказныя за ўтрыманьне кляштарнага будынку ігуменьня Анфіса (Любчак) і манахіня Данііла (Цяцькова). Хоць скрозь праёмы і сёньня відаць, што ўсярэдзіне за 10 год безгаспадарнасьці ўжо дрэвы папраросталі.
Яшчэ два гады таму, паводле манахіні Даніілы, архітэктар Мікалай Лукʼянчык падрыхтаваў праект рэстаўрацыі. Але сам спадар Лукʼянчык, ён жа навуковы кіраўнік праекту рэстаўрацыі, неўзабаве патлумачыў, што ўсе працы цяпер спыненыя. Бо дамова на рэстаўрацыю будынку зь Віцебскай праваслаўнай эпархіяй была падпісаная яшчэ ў 2011 годзе, у ліпені 2012-га эскізны праект быў узгоднены зь Міністэрствам культуры і мясцовымі выканкамамі. Аднак замоўнік за яго не заплаціў.
Тым часам, пакуль ад Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы гучаць скаргі, што на ратаваньне помніка архітэктуры няма грошай, у Віцебску тая ж эпархія бярэцца за новы праект — хоча ўзьвесьці там копію полацкага Сафійскага сабору ўзору 11-га стагодзьдзя.