«Вывезеш 500 кубоў хлысту — атрымаеш 230–250 рублёў, крыху больш за 100 даляраў. А штраф за BelToll „шыюць“ на 5000 даляраў. Буду падаваць у Віцебскі абласны суд. Калі праігнаруюць — у Вярхоўны суд. Нешта трэба рабіць, сума непадʼёмная», — кіроўца лесавоза пра тое, як дзяржаўная арганізацыя намагаецца перакласьці матэрыяльную адказнасьць на сваіх работнікаў.
«Сакрэтныя» штрафы ўсплылі на паверхню праз тры гады
Аляксей Шкуёнак жыве ў вёсцы Сафіёўка на Аршаншчыне. 23 гады працуе ў дзяржаўнай установе «Багушэўскі леспрамгас», зь іх апошнія 13 — за рулём МАЗаўскага лесавоза. Як і сотні іншых кіроўцаў, стаў ахвярай электроннага збору платы за праезд па дарогах Беларусі (BelToll) і халатнасьці ўласнага кіраўніцтва: праз тры гады пасьля запуску сыстэмы ў тэставым рэжыме зь яго патрабуюць у эквіваленце 5000 даляраў штрафу.
«Справа такая: у 2013 годзе па трасе М1 мы вазілі лес на склад Багушэўскага леспрамгасу ААТ „Віцебсклес“, — кажа Аляксей. — Сёлета, то бок праз тры гады, кіроўцам абвясьцілі, што мы мусім сплаціць штрафы за няправільнае карыстаньне платнай дарогай, хоць да гэтага часу нават не падазравалі, што нешта недзе парушалі. З трох чалавек праз суд намагаюцца спагнаць вялізныя сумы: з аднаго — 64 мільёны рублёў старымі, з другога — 26 мільёнаў, зь мяне — 104 мільёны. Арганізацыя „Віцебсклес“ прадʼявіла нам прэтэнзіі і праз суд патрабуе, каб мы гэтыя штрафы выплацілі».
Суразмоўца кажа, што езьдзіў на прыём да кіраўніка «Віцебсклесу», аднак толку не дабіўся. За гэты час зьмяніўся генэральны дырэктар, які вырашае праблемы папярэдніка кардынальным спосабам — спаганяе даўгі арганізацыі праз кішэню супрацоўнікаў:
«Цяпер там гендырэктарам Максім Дзідзянок. Езьдзіў да яго на прыём, сустракаўся, цікавіўся, дзе ўзяць такія грошы. Той нібыта супакоіў, што пакуль ніхто нічога не патрабуе, маўляў, агучылі прэтэнзіі, каб ведалі. А са жніўня месяца пачалі цягаць па судах. Што цікава, Аршанскі раённы суд апраўдаў аднаго кіроўцу, Сеньненскі раённы суд апраўдаў другога, дык „Віцебсклес“ падрыхтаваў касацыйную скаргу, падаў у Віцебскі абласны суд, і той, у сваю чаргу, пастанавіў адмяніць рашэньні раённых судоў і прысудзіць палову сумы. Справа ў тым, што штрафы падаюць ня цалкам, а часткамі. Напрыклад, мне ў Аршанскім судзе спачатку прысудзілі 6 мільёнаў 300 тысяч — і ў той жа дзень „прывезьлі“ яшчэ 32 мільёны».
Як сталася, што кіроўцы цягам жніўня-лістапада 2013 году назьбіралі столькі штрафаў, але пра іх існаваньне даведаліся толькі праз тры гады? Аляксей Шкуёнак запэўнівае, што пасьля запуску сыстэмы платных дарогаў сумленна выконваў усе тэхнічныя патрабаваньні, выстаўленыя BelToll, кожны раз фіксаваў колькасьць восяў, якія ўплываюць на суму аплаты, ніводнага разу ня меў заўваг ад мэханіка ці галоўнага інжынэра:
«Да гэтага году мы пра нейкія парушэньні, як кажуць, ні сном ні духам. Гэта цяпер спрабуюць прыкрыцца, што нібыта пісалі загады, што кіроўцы пра штрафы ведалі. Любы пацьвердзіць — хлусьня. Тым ня меней арганізацыя падала ў суд. Апошні раз сустракаліся зь юрыстам у абласным судзе, калі калегу „выпісалі“ 15 мільёнаў. Я пацікавіўся: дапусьцім, Дзідзянка ў той час яшчэ не было, але ж ты працаваў! Чаму не прыехаў, не пацікавіўся ў кожнага кіроўцы, чаму на машыну прыходзяць штрафы? Што ня так падключана, чаму не супадаюць восі? І ён на чыстым воку адказвае: а я ня меў паўнамоцтваў. Разумееце? Нават невядома, з каго патрабаваць?»
Дырэктар зрабіў выгляд, што не знаёмы з уласным працаўніком
Выглядае так, робіць выснову кіроўца лесавоза Аляксей Шкуёнак, што прадпісаньні аб няправільнай эксплюатацыі бартавых прыстасаваньняў насамрэч прыходзілі. Папярэдні гендырэктар «Віцебсклесу» Анатоль Лявонаў квітанцыі на аплату штрафу дзесьці складаў, толькі забыўся пра гэта расказаць іншым:
«Як кажа мой непасрэдны дырэктар Багушэўскага леспрамгасу, штрафы за парушэньні ў 2013 годзе прыходзілі пад асабісты подпіс тагачаснага гендырэктара Лявонава. Але цяпер юрыст закруціў усё інакш: маўляў, паколькі машыны ўзятыя ў лізінг, штрафы прыходзілі ня ім, а на лізінгавую кампанію, нібыта нічога ня ведалі. А ўжо ў 2015-м, калі лізінг разабраўся, што машыны ўсё ж ня іхнія, і вярнуў прэтэнзіі назад у BelToll, штрафы павесілі на «Віцебсклес». То бок, паводле іхняй вэрсіі, не ў 2013-м, а праз два гады. Вельмі сумняюся, бо машыны зарэгістраваныя ў 2-м рэгіёне па віцебскім адрасе арганізацыі. Ніяк не магло быць, што штрафы ішлі на лізінгавую кампанію, а не на «Віцебсклес».
Атрымліваецца, што цягам чатырох месяцаў — ад жніўня да лістапада 2013-га — лесавозы Шкуёнка і ягоных калегаў прыносілі арганізацыі суцэльныя страты. Але ні галоўны інжынэр, ні мэханік не зазірнулі ў кабіну, каб высьветліць — што ня так з прыстасаваньнямі, якія пад кожнымі варотамі зь відэарэгістратарамі фіксуюць парушэньні?
Іншы момант, які надзвычай засмуціў кіроўцу, ляжыць у маральнай плоскасьці — гэта стаўленьне кіраўніцтва да сваіх падначаленых:
«На апошнім паседжаньні ў Віцебску судзьдзя апытвала Лявонава, экс-дырэктара. Мы зь ім часта разам езьдзілі, вазілі грузы, па дарозе размаўлялі. То бок ён сядаў побач, і ехалі ў лес. Дык вось па выніках размовы ў пратаколе было пазначана: прозьвішча Шкуёнак чуў, але асабіста не знаёмы. Так адказаў чалавек, які невядома для чаго зьбіраў штрафы, потым сышоў, а новы пачаў шукаць, на каго іх павесіць. Такі вось кіраўнік, падставіў сваіх жа людзей. Мы ўставалі а 2-й ночы, каб пасьпець за 100 кілямэтраў зрабіць два рэйсы, пакуль не пачне дзейнічаць тэмпэратурны рэжым і аб 11-й траса для грузавікоў закрыецца. Сам дырэктар прасіў: „Хлопцы, трэба папрацаваць“. Няма пытаньняў, свае ж інтарэсы таксама, грошы патрэбныя. А ўрэшце нават не знаёмы, во як...»
Своеасаблівая ўдзячнасьць за 23 гады сумленнай працы
Аляксей Шкуёнак кажа, што пасьля выстаўленых штрафаў ягоныя маладзейшыя калегі з арганізацыі пазвальняліся — больш дзеля крыўды, бо ня той выпадак, каб трымацца за заробкі. Ён застаўся. Знайсьці працу ў вёсцы нерэальна, у горадзе кіроўцаў лішак. Хоць і разумее: усё ідзе да таго, што дзеля аплаты гіганцкага штрафу працадаўцы гатовыя абкарнаць нават цяперашні мізэрны заробак:
«Дырэктар кажа, што грошай няма, заробак, адпаведна, невялікі. Да таго ж машыне 6 гадоў, МАЗ у такім узросьце, як разумееце, ламаецца. Запчастак няма, а кожны прастой — гэта мінус. Вывезеш 500 кубоў — атрымаеш 230–250 новымі, крыху больш за сотню даляраў. Не хлушу, у судзе прасілі разьліковыя лісты, даведку аб заробку, усё прыкладзена. Калі запытаўся, за што жыць, супакоілі, што будуць, магчыма, па 20% вылічваць, не адразу. І на тым дзякуй. Але здавацца не зьбіраюся, буду падаваць у абласны суд, на старшыню, калі не атрымаецца — у Вярхоўны суд. Нешта трэба рабіць, бо 104 мільёны — грошы проста непадʼёмныя».
У Аляксея Шкуёнка 15-гадовая дачка і сын-студэнт, які вучыцца ў адной са сталічных ВНУ. Усім патрэбная бацькоўская падтрымка, у тым ліку фінансавая. Але ў цяперашняй сытуацыі варта запытаць, хто б дапамог самому гаспадару:
«Баяцца мне няма чаго, маё сумленьне чыстае. Я выконваў сваю працу — вазіў лес. І прыборы кантраляваў, заўсёды былі ўключаныя чатыры восі, і прыбор правільна працаваў, увесь час сыгналіў. Але пасьля таго як прыйшлі такія акты зь BelToll, ня ведаю, у чым прычына. І што рабіць, бо ўступацца за нас ніхто яўна не зьбіраецца... Якраз выйшаў з адпачынку, другі дзень на працы, хаджу, рукі ні да чаго не прыстаюць, няма настрою. Не хацелася б усё страціць, у вёсцы працы няма, выбару ніякага. Дый прывык ужо: у арганізацыі працаваў яшчэ да войска, потым туды вярнуўся. За ўсе гэтыя гады ні прагулаў, ні загулаў. І вось такая ўдзячнасьць...»
У 2013 годзе ў Беларусі была ўведзена сыстэма платных дарог BelToll. На этапе рэалізацыі праекту Міністэрства транспарту прапанавала аўстрыйскаму інвэстару пачаць выкарыстоўваць сыстэму ў тэставым рэжыме: перавозчыкаў абавязалі ўсталяваць бартавыя прыстасаваньні, але не паклапаціліся, каб навучыць кіроўцаў імі карыстацца, арганізаваць пункты папаўненьня рахункаў і г.д.
У выніку перавозчыкі выходзілі на маршруты, не падазраючы, што нешта парушаюць. Толькі пачаўшы атрымліваць штрафы, прапанавалі профільным ведамствам амніставаць спагнаньні за тэставы пэрыяд — па выніках «экспэрымэнту» некалькі тысяч чалавек і арганізацыяў атрымалі рахункі на сумы да 100 тысяч эўра.
Напярэдадні заплянаванай на 4 лютага мінулага году акцыі пад вокнамі Дому ўраду быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак ініцыятар пратэсту, кіраўнік транспартнай кампаніі Сяргей Штода. Але выглядае, што за прамінулы час градус зацікаўленьня чыноўнікаў гэтай праблемай надта не падвысіўся.