Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрагмэнт пэрсыдзкага ўзору-2: касмапалітычны Тэгеранʼ16


Вароты Ірану — вежа Азадзі. Фота ©Shutterstock / Emanuele Mazzoni Photo
Вароты Ірану — вежа Азадзі. Фота ©Shutterstock / Emanuele Mazzoni Photo

Калі ў Беларусі добрая палова грамадзкай, культурнай актыўнасьці сканцэнтраваная ў Менску, то іранская сталіца з гледзішча іншаземца найменш цікавая ў параўнаньні зь іншымі знакавымі мясьцінамі.

Тэгеран — перанаселены 15-мільёньнік, людзей тут як паўтары Беларусі. У рангу галоўнага гораду ён крыху больш за 200 гадоў. Вартыя ўвагі адметнасьці можна пералічыць на пальцах: казачная рэзыдэнцыя шахаў — палац Гулістан («Сад ружаў»), Музэй сучаснага мастацтва з калекцыяй знаных майстроў, Нацыянальны археалягічны музэй, Музэй дываноў. Нарэшце — галоўная брама і візытоўка Ірану, вежа Азадзі («Вежа Свабоды»). Яна ўзьведзена на пачатку 1970-х да 2500 гадоў ад моманту ўзьнікненьня Пэрсыдзкай імпэрыі. І на дадатак тысяча малых і вялікіх мячэтаў.

За прамінулы час акрэсьліўся выразны падзел на прэстыжную паўночную частку гораду, дзе жыве заможная публіка і колісь месьціліся палацы шаха, і паўднёвую — «пралетарскія» кварталы. Але ў абодвух кірунках горад амаль увесь час стаіць у заторах, так што вулічны гандаль ідзе проста пасярод праезнай часткі. Прадаюць усё — ад лаваша да цацак. Пры гэтым ніякіх правілаў дарожнага руху няма, прыярытэт мае той, хто больш нахабны і настойлівы. Пешаходы бясстрашна ўкліньваюцца ў транспартны паток, невядома на што разьлічваючы — на ўласнае шанцаваньне ці на рэакцыю кіроўцаў.

Заможныя раёны паўночнага Тэгерану
Заможныя раёны паўночнага Тэгерану

Дарэчы, адрозна ад шэрагу мусульманскіх дзяржаваў, за рулём шмат жанчын. На іх, апроч дарожнай паліцыі, палююць тыя ж вартавыя ісламскай рэвалюцыі. Некаторыя разважаюць, што машына — як дом ці кватэра — гэта прастора асабістай свабоды, і неабачліва здымаюць хусткі. «Вулічныя шпікі» лічаць інакш: фіксуюць нумары «зламысьніц» і выпісваюць немалыя штрафы за парушэньне законаў ісламскай маралі.

Сёньня Іран уваходзіць у першую дваццатку краін з самым высокім узроўнем аўтамабілізацыі — амаль 12 мільёнаў транспартных сродкаў. Спрыяюць гэтаму як мінімум два фактары: выдатныя збольшага дарогі, у тым ліку тысячы кілямэтраў аўтабанаў з аднабаковым рухам, а таксама капеечны бэнзін. Для жыхароў існуе квота — 100 літраў па цане 10 цэнтаў за літар, што звыш нормы — удвая даражэй. Дызэльнае паліва яшчэ таньнейшае, таму езьдзіць машынай вельмі выгадна.

Міжгародні аўтобус у заторы
Міжгародні аўтобус у заторы

Тэгеранскія аўтазаторы
Тэгеранскія аўтазаторы

Сам аўтапарк збольшага прымітыўны. Яшчэ за прэзыдэнцтва Махмуда Ахмадзінэджада быў складзены «чорны сьпіс» неляяльных да іранскага рэжыму краін, чыім аўтавытворцам доступ на рынак быў закрыты. Іншых з мэтай абароны ўласных фабрык абкладаюць вялікім мытам, так што замежная прысутнасьць на дарогах мінімальная. Выключэньне — хіба Францыя, адкуль ідуць асноўныя інвэстыцыі ў мясцовую аўтагаліну: некаторыя мадэлі тут зьбіраюць, іншыя сталі базай для адаптаваных аналягаў.

Вышэйшым шыкам у мясцовых нуварышаў лічацца карэйскія пазадарожнікі кшталту Hyundai Sonata і Santa Fe — тое, што больш-менш даступнае сярод рэдкага імпарту. Усё астатняе — мясцовага «разьліву»: Samand, зборку якога спрабавалі наладзіць у Беларусі; старажыл Paykan — яго вытворчасьць пачалася яшчэ ў 1960-я; і найбольш масавая SABA: мадэль Saipa — памерам з пакунак ад лядоўні і павальна белага колеру.

Дзяўчынка гандлюе цацкамі проста на дарозе
Дзяўчынка гандлюе цацкамі проста на дарозе

Акрамя таго, па дарогах гойсае неверагодная колькасьць матацыклаў, пераважна старых японскіх, зьнешне вельмі падобных да новых ад менскага «Мотавела». Лявіраваць на двух колах усё ж нашмат зручней. Матацыкл выкарыстоўваецца і як сямейны транспарт: галава сямʼі руліць, на бэнзабаку — малодшае дзіця, за сьпінай — старэйшае, на багажніку — жонка. Такім жа чынам перамяшчаюцца студэнты, гандляры, нават салдаты.

Матацыкал — транспарт для ўсёй сямʼі
Матацыкал — транспарт для ўсёй сямʼі

Матацыкал на ўзбраеньні прыбіральшчыкаў
Матацыкал на ўзбраеньні прыбіральшчыкаў

«Парад» прыпаркаванай мотатэхнікі
«Парад» прыпаркаванай мотатэхнікі

У Тэгеране разьвітая сыстэма грамадзкага транспарту. Праўда, у аўтобусах мудрагелістая сыстэма аплаты, затое пад зямлю варта спусьціцца нават дзеля спартыўнага інтарэсу. Станцыя імя імама Хамэйні. Ужо на ўваходзе ўказальнік накіроўвае ў малельны пакой з асобнымі ўваходамі для мужчын і жанчын.

Плятформа аздобленая знакамі, якіх ня ўбачыш у менскай падземцы. Выява жанчыны ў хіджабе азначае, што першы і апошні вагоны — толькі для слабога полу, мужыкам тут ня месца. Зона пасадкі разьдзеленая жоўтай паласой і лёгкай агароджай. Гендэрны падзел, магчыма, і крыўдны, а зь іншага боку, мае свае плюсы: з улікам доўгіх перагонаў і перапоўненых вагонаў пасажыркі едуць цалкам сабе камфортна. У суправаджэньні партнэра замежніца можа знаходзіцца і ў мужчынскай частцы, але трэба быць гатовай, што цябе досыць бесцырымонна «прасьвецяць» і «распрануць» сотні цікаўных вачэй.

Знак на плятформе: жаночыя вагоны
Знак на плятформе: жаночыя вагоны

Паміж станцыямі курсіруюць сучасныя цягнікі
Паміж станцыямі курсіруюць сучасныя цягнікі

Малельны пакой пры мэтро, «жаночае аддзяленьне»
Малельны пакой пры мэтро, «жаночае аддзяленьне»

Ледзь не палова станцыяў носіць імёны «шагідаў» (на фарсі — герояў). Ушанаваныя перадусім байцы, якія загінулі падчас дзесяцігадовай ірана-ірацкай вайны. Іх партрэты аздабляюць фасады будынкаў, у гадавіну пачатку і заканчэньня канфлікту на цэнтральных плошчах ладзяцца патрыятычныя шоў.

Дарэчы, арыентавацца ў прасторы ня надта проста: надпісы на фарсі дублююцца не заўсёды, хоць жыхары, асабліва маладыя, ангельскай мовай валодаюць на добрым узроўні. Па-мясцоваму пішуцца і лічбы, таму арыентавацца ў грашах і цэньніках напачатку няпроста. Плюс да ўсяго, блытаніна з валютай: намінальна — рэалы, а ўсе разьлікі — у туманах, трэба адымаць адзін нуль, а то сам сябе ашукаеш.

Іранскія грошы
Іранскія грошы

Пара сутак гасьцяваньня ў Тэгеране прыводзіць да высновы, што найлепш праскочыць гэты шумны і мітусьлівы мэгаполіс транзытам. Прыкладам, пераляцець за 1000 кілямэтраў на поўдзень у Шыраз і ўжо адтуль вяртацца камфартабэльнымі аўтобусамі з заездам у знакавыя мясьціны. Квіткі больш чым дэмакратычныя: у сярэднім 10 даляраў за 500-кілямэтровыя прабегі, плюс у гэты кошт яшчэ ўключаны харчовы пакет.

Два з трох тэгеранскіх аэрапортаў, зь якімі давялося пазнаёміцца, пакінулі ўражаньне высокай запатрабаванасьці. Пасажырапаток непараўнальны зь Менскам, рэйсы абвяшчаюць адзін за адным. Канкурэнцыя зьбівае кошты: паўтарагадзінны пералёт з Iran Air у Шыраз — у эквіваленце крыху больш за 25 даляраў. Абслуга ў салёне на вышэйшым узроўні нават у эканом-клясе. У стыльных хіджабах увіхаюцца зь дзясятак сьцюардэсаў, харчаваньне — на добрыя дзьве паездкі.

Комплекс Шах-Чэрах у Шыразе
Комплекс Шах-Чэрах у Шыразе

Вернікі Шах-Чэраху
Вернікі Шах-Чэраху

Шыраз — адна з галоўных культавых мясьцінаў Ірану. Па колькасьці жыхароў ён у 10 разоў меншы за Тэгеран, а першая згадка пра яго датаваная яшчэ 2000 годам да нашай эры. Паўстагодзьдзя, калі не лічыць зусім старажытнай гісторыі, Шыраз быў сталіцай Пэрсіі — пакуль гэтую функцыю не пераняў у яго Тэгеран. Што адметна, да рэвалюцыі 1979 году Шыраз лічыўся вельмі буйным цэнтрам садоў і вінаробства, але безалькагольныя прынцыпы ісламу зьвялі гэтае рамяство на нуль.

Таксама Шыраз вядомы як горад «мёртвых паэтаў»: тут нарадзіліся і тварылі славутыя аўтары раньняга сярэднявечча Хафіз і Саадзі, іх багата аздобленыя магілы ўжо больш за сем стагодзьдзяў прыцягваюць аматараў паэзіі. Вершы дэклямуюць не па разнарадцы, а з патрэбы сэрца. На мясцовым аўтавакзале здарылася выпадковае знаёмства з доктарам філялёгіі Хамідам Хаадзі, якія абараняўся акурат па тэме ўсясьветнай спадчыны пэрсыдзкіх клясыкаў, уключна з Хафізам і Саадзі. І не адмовіўся прадэманстраваць, як іх творы гучаць на фарсі.

Філёляг з Ірану чытае на фарсі клясыкаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:30 0:00

У бліжэйшыя да нас часы ў Шыразе нарадзілася мастачка Афарын Саджэдзі, праца якой выкарыстаная ў афармленьні вокладкі кнігі Альгерда Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын».

Шагіды і мячэты Шыразу
Шагіды і мячэты Шыразу

Героі ірана-іракскай вайны
Героі ірана-іракскай вайны

Шыраз мае паўтары тысячы гадоў мусульманскай гісторыі, тут адзін з цэнтраў народнага паломніцтва. Галоўны адрас — велічны комплекс Шах-Чэрах, «люстраны» маўзалей XIV стагодзьдзя. Тут пахаваныя самыя важныя асобы свайго часу, таму для шыітаў, якіх у Іране большасьць, гэтае месца сьвятое. Да турыстаў-іншаверцаў пры ўваходзе на ўнутраную тэрыторыю прыстаўляюць англамоўных дзяўчат і хлопцаў, якія не дадуць парушыць правілы. Прынамсі, пакажуць, дзе разуцца і празь якія дзьверы заходзіць, каб мужчына ня трапіў у «жаночае аддзяленьне» і наадварот.

Ад багацьця ўсярэдзіне няцяжка асьлепнуць: люстраную мазаіку, якой ад падлогі да столі выкладзеныя сьцены ў малельных пакоях, прыдумалі якраз тутэйшыя майстры. Фатаграфаваць не рэкамэндуецца, але ўстрымацца ад спакусы немагчыма.

Люстраное багацьце Шах-Чэраху
Люстраное багацьце Шах-Чэраху

Мужчынкі пакой у мячэце Шах-Чэрах
Мужчынкі пакой у мячэце Шах-Чэрах

Яшчэ адна характэрная адметнасьць іранскіх мячэтаў — так званыя «сталактытавыя карнізы», дэкаратыўныя выступы, дзе сьцяна сыходзіцца са стольлю. Зьнешне гэта нагадвае асіны вулей, але ёсьць меркаваньне, што старадаўнія пэрсы такім чынам уяўлялі сабе пабудову Сусьвету.

Канструктывісцкія элемэнты ўпрыгожваюць і нашмат пазьнейшы архітэктурны шэдэўр — ружовы мячэт, аздоблены мноствам вітражоў, што не зусім уласьціва ісламу. Калі сонца падымаецца ў зэніт, унутраная прастора расфарбоўваецца мільёнам рознакаляровых промняў.

«Сталяктытавыя» карнізы, Ісфаган
«Сталяктытавыя» карнізы, Ісфаган

Вітражы ружовага мячэта, Шыраз
Вітражы ружовага мячэта, Шыраз

У Шыразе ўпершыню сутыкнуліся са звычаем, які прымусіў успомніць дзіцячыя жарты пра «атракцыён нябачанай шчодрасьці»: у часе адзначэньня чарговай даты ў жыцьці прарока актывісты «прыходу» вывальваюць на вуліцу і адорваюць мінакоў сокам, печывам, марозівам ды іншымі слодычамі.

Вулічная раздача марозіва
Вулічная раздача марозіва

Частаваньне мінакоў печывам
Частаваньне мінакоў печывам

Але варта адʼехаць ад Шыразу на 60–70 кілямэтраў, як апынаесься зусім у іншым вымярэньні. Пэрсэпаліс — напамін і пра дахрысьціянскую, і тым больш пра дамусульманскую эпоху пэрсыдзкіх уладаньняў. Нават сучасныя парэшткі колішняй цырыманіяльнай сталіцы Ахемэнідаў даюць магчымасьць уявіць, якой пэрлінай усходу ў свой час была сталіца пэрсаў.

Экстравагантны гід Махдзі расказвае, што Пэрсэпаліс быў заснаваны Дарыем Вялікім дзесьці ў 520 годзе да нашай эры. Уплыў горада-дзяржавы быў такі магутны, што дары «цару цароў» у знак падпарадкаваньня сьцякаліся з усіх земляў — ад эгіпецкіх да скіфскіх. Пра гэта і сёньня лепш за любыя архівы кажуць барэльефы: іх ня здолеў зьнішчыць ні імпэратар Аляксандар Македонскі, ні мусульмане, якія ўзяліся былі зьбіваць выявы, але абмежаваліся верхнім пластом і ў пясок заглыбляцца ня сталі.

Парэшткі Пэрсэпалісу
Парэшткі Пэрсэпалісу

Цары ахемэнідзкай дынастыі, запачаткаванай Кірам Вялікім, былі зараастрыйцамі. Адпаведна, вучэньне Заратустры мела надзейную ахову ад магчымых замахаў з боку іншых рэлігіяў. Тым ня меней, адрозна ад цяперашняга Ірану, рэлігіі не была дадзеная абсалютная ўлада, і яна існавала паралельна з палітычнымі і адміністрацыйнымі працэсамі.

Выглядае, што шмат якія палажэньні зараастрызму былі запазычаныя пазьнейшымі цячэньнямі — юдаізмам, хрысьціянствам, ісламам. Кожная з гэтых рэлігіяў грунтуецца на веры ў адзінага вярхоўнага бога, тварца Сусьвету, ягоных прарокаў, прыходу Мэсіі. У зараастрызьме адпачатку прысутнічалі вучэньні пра іншы сьвет, рай, пекла, неўміручасьць душы і г.д.

Гід Махдзі дэманструе сымбаль вярхоўнага бога
Гід Махдзі дэманструе сымбаль вярхоўнага бога

Дзеля справядлівасьці, увагу да зараастрызму выяўляла ня толькі мусульманскае духавенства. На ацалелых палацавых фрагмэнтах Пэрсэпалісу захаваўся спэцыфічны сымбаль, прысьвечаны перамогам Дарыя — выява галавы і тулава мужчыны ў дыску з крыламі. Гэта Агура Мазда — вярхоўны бог, які ўвасабляе добры пачатак і сымбалізуе сонца. Пасьля таго як іслам пачаў выціскаць канкурэнтаў, зараастрыйцы перамясьціліся ў Індыю, дзе хутка займелі мноства прыхільнікаў. І ўжо там у ХХ стагодзьдзі шукалі містычнага натхненьня для сваіх плянаў прыхільнікі Гітлера.

Барэльеф з выявай гасьцей царая Дарыя Вялікага
Барэльеф з выявай гасьцей царая Дарыя Вялікага

Выява Агуры Мазды
Выява Агуры Мазды

Самыя прынцыповыя адметнасьці вучэньня — паганскае пакланеньне агню ды рытуальныя забароны на пахаваньне. У адмыслова абсталяваным сховішчы ў цэнтральнай частцы Ірану — пустэльным Язьдзе — дагэтуль падтрымліваецца «вечны агонь». Што тычыцца нябожчыкаў, то іх нельга закопваць у зямлю, кідаць у ваду і нават спальваць, каб «бруднай» сьмерцю не рабіць замаху на «добрую» палову быцьця. Якое выйсьце? Занесьці на гару, каб мяса абʼелі жывёлы ці птушкі, а косьці потым скінуць у адмысловыя студні. У Нэкропалісе — выдзеўбаных у скалах недалёка ад Пэрсэпаліса «маўзалеях» на вышыні 4—5-павярховага дому — пасьля такіх працэдураў знайшлі апошні спачын парэшткі многіх пэрсыдзкіх цароў.

Царскі нэкропаль пад Пэрсэпалісам
Царскі нэкропаль пад Пэрсэпалісам

Такая традыцыя захоўвалася ў Іране да другой паловы ХХ стагодзьдзя, і цягаць нябожчыкаў у горы толькі на пачатку 1970-х забараніў шах Пэглеві. Дарэчы, недалёка ад Язду дагэтуль узвышаюцца ахвярныя «вежы маўчаньня» — горы з касымі вяршынямі, абсталяваныя для рытуальных мэтаў. Цяпер гэта своеасаблівы музэй пад адкрытым небам, можна падняцца наверх і зазірнуць у пустыя калодзежы.

Вежы маўчаньня пад Яздам
Вежы маўчаньня пад Яздам

Паглыбленьне для костак на ахвярнай гары
Паглыбленьне для костак на ахвярнай гары

Між іншым, зараастрызм і сёньня сярод самых папулярных рэлігій Ірану — трэці па колькасьці вернікаў пасьля ісламу і хрысьціянства. А ў Язьдзе, ля падножжа ахвярных пляцовак, на агароджанай тэрыторыі раскінуліся дзейныя зараастрыйскія могілкі. Каб пазьбегнуць судакрананьня зь зямлёй, нябожчыка «ўкачваюць» у бэтон, таму з вышыні птушынага палёту мясцовасьць зьліваецца ў суцэльны белы маналіт.

На пярэднім пляне — зараастрыйскія могілкі ў Язьдзе
На пярэднім пляне — зараастрыйскія могілкі ў Язьдзе

Працяг будзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG