Сучасны Іран цэмэнтуюць тры асноўныя гістарычныя пласты, якія так ці інакш даводзіцца ўлічваць пры наведваньні краіны:
— зараастрызм — яшчэ дахрысьціянская, ці ня самая старажытная зь вядомых рэлігіяў «шчырасьці», названая ў гонар прарока Заратустры;
— іслам — наадварот, адно з самых маладых духоўных вучэньняў, якое пасьля заваяваньня Пэрсіі ў VII стагодзьдзі прынесьлі сюды арабы;
— ісламская рэвалюцыя 1979 году — карэнная рэвізія палітычнага ладу, уся паўната ўлады дасталася духоўнаму лідэру.
Каб лепш зразумець, у якім вымярэньні жывуць сёньняшнія нашчадкі вялікай Пэрсіі і якія каштоўнасьці яны вызнаюць, варта пачаць з канца сьпісу.
1 красавіка 1979-га Іран абвяшчаецца Ісламскай рэспублікай. Рэформы, якія шах Махамэд Рэза Пэглеві жорсткай рукой прышчапляў на заходні ўзор, прызнаныя неадпаведнымі тутэйшаму мэнталітэту; вайсковыя і цывільныя кантракты з заходнімі інвэстарамі скасаваныя; амэрыканскія базы, банкі і кампаніі зачыненыя.
Зь іншага боку, легалізаваныя ісламскія рэвалюцыйныя камітэты і трыбуналы, органы самакіраваньня на прадпрыемствах перададзеныя пад апеку мулаў, а на вуліцы выйшла паліцыя нораваў — корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі.
У лістападзе таго ж году студэнты захапілі штатаўскую амбасаду ў Тэгеране, патрабуючы ад ЗША выдаць Пэглеві. Больш за паўсотні супрацоўнікаў дыпмісіі заставаліся ў закладніках да пачатку 1981 году, шэсьць чалавек учынілі адчайныя ўцёкі, што паслужыла асновай для вострасюжэтных кніг і кінафільмаў.
Напамінам пра тыя драматычныя падзеі — антыамэрыканскія графіці па пэрымэтры бэтоннай агароджы колішняй амбасады, якую пераабсталявалі пад моладзевы ісламскі цэнтар.
Пры канцы 1979-га вышэйшае духавенства ўхваліла праект Канстытуцыі, згодна зь якой паўсюль уводзіліся ісламскія парадкі: абсалютная ўлада над сьветам належыць Алаху, а на чале дзяржавы стаіць рахбар (вышэйшы кіраўнік) — намесьнік Алаха з шырокімі паўнамоцтвамі, ажно да зьмены прэзыдэнта. Першым рахбарам стаў шыіцкі багаслоў, лідэр рэвалюцыі аятала Рухала Хамэйні.
За прамінулы час радыкальных зьменаў ва ўзаемаадносінах духоўнай і цывільнай уладаў не адбылося: нягледзячы на наяўнасьць прэзыдэнта і парлямэнта, усё сканцэнтравана ў руках вышэйшага кіраўніка Алі Хамэнэі, які ў 1989 годзе замяніў памерлага Рухалу Хамэйні. То бок ён узначальвае краіну апошнія 27 гадоў. Сумесныя партрэты гэтых суровых мужчын у чорных строях вісяць у Іране паўсюль — і звонку на дамах, і ўсярэдзіне.
Зь нядаўніх ініцыятываў Хамэнэі — пазбавіць Саудаўскую Арабію кантролю над мусульманскімі сьвятынямі ў Мецы і Мэдыне. Аятала зьвінаваціў калегаў з Эль-Рыяду ў палітызацыі рэлігіі, абазваўшы тамтэйшых лідэраў «баязьлівымі бесамі», якія трасуцца ад аднаго позірку «вялікага шайтана» (маюцца на ўвазе ЗША, «малы шайтан» — адпаведна, Ізраіль).
Зрэшты, папракаць іранцаў сярэднявеччам наўрад ці выпадае. У тым сэнсе, што прымуць як належнае. У Іране дзейнічае каляндар, які не супадае нават з клясычным ісламскім. Так званая Сонечная гіджра адлічваецца, як і ў іншых мусульман, з моманту, калі прарок Мухамад перасяліўся з Мэкі ў Мэдыну ў 622 годзе, але грунтуецца на сонечным, або трапічным, годзе, а не на месячным. Новы год (Наўруз) прыпадае на дзень вясновага раўнадзенства 21 сакавіка, і сёлета іранцы сустрэлі «дрымучы», як па эўрапейскіх мерках, 1395-ы. Любімае сьвята расьцягваецца ў двухтыднёвыя вакацыі, якія не ў такім аб’ёме, але сэзонна паўтараюцца і падчас іншых культавых адзначэньняў — напрыклад, Курбан-байраму. У астатні час толькі адзін афіцыйны выходны — пятніца, сьвяты для мусульманаў дзень.
У ХХ стагодзьдзі Іран прымусіў пра сябе гаварыць пры канцы 1943 году, калі ў Тэгеране сабраліся лідэры дзяржаваў антыгітлераўскай кааліцыі — старшыня Саўнаркому СССР Сталін, прэзыдэнт ЗША Рузвэльт і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Чэрчыль. Cтаяла пытаньне адкрыцьця другога фронту ў Эўропе. У якасьці перамоўнай пляцоўкі разглядаліся Каір і Багдад, але на Тэгеране настояў Сталін: Іран ужо быў падзелены на савецкую і ангельскую зоны кантролю, сталіца — якраз пад маскоўскай акупацыяй.
Сярод іншага была прынятая «Дэклярацыя аб Іране», якой удзельнікі гарантавалі незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную недатыкальнасьць краіны. Справа ў тым, што на пачатку вайны Пэглеві занадта адкрыта сымпатызаваў Гітлеру і ў выніку быў зрынуты войскамі саюзьнікаў. Пасьля чарговага перавароту ён вярнуў сабе трон у 1953-м, узяў курс на вэстэрнізацыю краіны і жорстка распраўляўся з апанэнтамі (нямала вуліц у гарадах носяць імёны закатаваных крытыкаў шаха). У 1979-м празаходні курс спыніў Рухала Хамэйні.
У найноўшай гісторыі нэгатыўны вобраз Ірану тыражуецца ад пачатку 2000-х. Краіну абклалі санкцыямі за ядзерную праграму, пад прыкрыцьцём якой нібыта распрацоўваецца зброя новага пакаленьня, і Іран папоўніў клюб ізгояў з «восі зла». Спажыўцы інфармацыі зрабілі выснову, што гэта яшчэ не Аўганістан, але ўжо і не Турэччына. Ад таго часу ў Іране не працуюць банкаўскія карткі, нельга забраніраваць гатэль праз сэрвіс Booking.com ці дыстанцыйна набыць квіток на самалёт.
Тым ня меней пасьля зацяжнога пэрыяду ізаляцыі Іран паступова вяртаецца на міжнародную арэну. У 2013 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах 51% выбарцаў прагаласавалі за новага кіраўніка — ім стаў Хасан Рухані. Бальшыня хоць і хісткая, але паказальная: палітыка Махмуда Ахмадзінэджада ня толькі спрычынілася да маштабных санкцыяў, адкінуўшы краіну далёка назад. Але і ледзь не паставіла перад пагрозай вайны за нежаданьне супрацоўнічаць па ўсё той жа ядзернай праграме, да якой у міжнароднай супольнасьці ўзьніклі пытаньні.
Сёлета ў студзені МАГАТЭ пацьвердзіла: Рухані выканаў усе патрабаваньні дзеля прыпыненьня таемных экспэрымэнтаў, сьледам за чым ЗША, Эўразьвяз ды іншыя краіны абвясьцілі пра скасаваньне санкцыяў супраць Тэгерана.
Сёньня ў Іран вяртаецца замежны капітал. Урад ініцыяваў адмысловую праграму, якая прапануе выгадныя ўмовы для інвэстыцыяў наўзамен за навучаньне мясцовых спэцыялістаў, нафта пацякла на экспарт, стрымліваючы рост сусьветных коштаў на яе. Турыстаў пакуль няшмат, але іх чакаюць. Пра гатовасьць інтэгравацца з астатнім сьветам сьведчаць у тым ліку не зусім легальныя спробы прыстасаваць пад мясцовыя рэаліі брэнды кшталту KFC (на шыльдзе — Kentucky House) ці McDonaldʼs (характэрная літара М у колерах георгіеўскай стужкі).
Праўда, абмежаваньняў, якія перашкаджаюць шпаркаму руху наперад, усё яшчэ хапае. Найперш гэта тычыцца доступу ў сеціва, які па-ранейшаму дазаваны. Напрыклад, замест сайта Радыё Свабода аўтаматычна ўсплывае старонка з рэлігійным кантэнтам. Тое самае тычыцца іншых беларускіх рэсурсаў, зарэгістраваных у дамэнных зонах.com ці.org. Зь міжнародных сацыяльных сетак і сродкаў сувязі не блякуюцца Instagram і Whatsapp, а вось каб адкрыць Facebook ці Twitter, запатрабуюцца пэўныя хакерскія здольнасьці. Дарэчы, нават у гатэлях Wi-Fi зусім слабы і далей за рэцэпцыю не дабівае. Калі ёсьць увогуле.
У сваю чаргу, спроба атрымаць аб’ектыўную інфармацыю зь дзяржаўных мэдыяў будзе мець прыблізна той жа эфэкт, што і ў Беларусі: навінныя праграмы — у стылі прапаганды раньняга БТ, значная частка прысьвечана клопату вышэйшага духавенства пра свой народ.
У Іране дзейнічае сухі закон, прычым татальны. Адрозна ад іншых краін рэгіёну, дзе алькаголь можна набыць у гатэлях, тут вольніца абмяжоўваецца безалькагольным півам, дый тое з дадаткам садавіннага водару. Гэта адна з прычын, чаму пры нядрэннай турыстычнай інфраструктуры на Касьпійскім моры і ў гарах Эльбурсу наўрад ці калі сюды наедуць расейцы. Нават калі «ўключаць усё», ня будзе галоўнага атрыбуту «адпачынку», які забясьпечваюць тыя ж Турэччына ці Эгіпет. Зрэшты, мясцовыя кажуць, што на гэткую патрэбу ёсьць «самагоншчыкі», але рызыка трапіць у рукі да «вартавых рэвалюцыі» адбівае ахвоту да такога заробку.
А вось суседзтва з Аўганістанам забясьпечвае альтэрнатыву: «пыхнуць», «нюхнуць» ці «пажаваць» не складае амаль ніякай праблемы. «Дзікія» падарожнікі ў сваіх нататках з Ірану пішуць, што ў часе пераездаў аўтаспынам кайфануць прапаноўвае ледзь ня кожны другі дальнабойнік.
Таксама заўсёды шматлюдна ў кальянных, хоць папрасіць «прыбор» можна практычна ў кожнай установе грамадзкага харчаваньня.
Нарэшце, ня лішне згадаць пра стан амаль 40 мільёнаў іранскіх жанчын, якія вымушаныя існаваць у рамках жорсткіх правілаў. Хоць яшчэ зусім нядаўна ўсё было інакш. На дарэвалюцыйных кінакадрах маладыя дзяўчаты мала чым адрозьніваліся ад сваіх эўрапейскіх аднагодак — сачылі за тэндэнцыямі фэйшн-індустрыі, хадзілі ў сьвецкіх строях, мелі модныя фрызуры. Ісламская рэвалюцыя радыкальна зьмяніла дрэс-код, а тых, хто супраціўляўся, настаўлялі на шлях ісьціны сілком. У літаральным сэнсе: маральная паліцыя атрымала права выхоўваць «бунтарак» бізуном, калі тыя зьяўляліся на публіцы зь непакрытай галавой. Ня кажучы ўжо пра кароткія рукавы ці спадніцу не да долу.
Тэгеран пачатку 1970-х. Кадры савецкага тэлебачаньня:
Усталяваны рэлігійнымі ўладамі стандарт — хіджаб — абавязковы для ўсіх, уключна з турысткамі. Звычайна пад ім разумеюць толькі хустку, але насамрэч гэта поўны «боекамплект» ад галавы да ног. Клясычны варыянт — схаваныя да шчыкалатак ногі, рукавы да запясьця, узятыя пад хустку валасы. Наведваньне мячэту — у чадры, гэта яшчэ больш закрыты варыянт. Замежніц накідкай з «капюшонам» забясьпечаць ля ўваходу, а ў вялікіх храмавых комплексах яшчэ і прыставяць гіда — з бэйджам і «вясельнай» стужкай праз плячо.
Дзеля справядлівасьці, моладзь і нават модніцы сярэдняга веку дазваляюць сабе некаторыя вольнасьці: рознакаляровыя накідкі з сумачкай у тон, плашчы ніжэй за калена, умоўна накінутую хустку. Маючы для касмэтычнага экспэрымэнту толькі твар, «росьпісу» па ім надаюць асаблівую ўвагу. Дзецям дашкольнага ўзросту дазволены свабодны стыль, хоць некаторыя бацькі «замуроўваюць» сваіх малых ледзь не ад нараджэньня.
Нейкі час таму ў Эўропе распачалі кампанію салідарнасьці з іранскімі жанчынамі: замежніц заклікаюць фатаграфавацца ў Іране без хіджабаў і выкладваць здымкі ў сацыяльныя сеткі. Лепш, вядома, салідарызавацца ў бясьпечным месцы, каб ня мець праблемаў з вартавымі маральнасьці.
Што да мужчын, то абмежаваньні тычацца толькі ніжняй часткі гардэробу: шорты — па-за законам. А вось патрабаваньне хаваць рукі паступова адыходзіць у мінулае, і на вуліцах усё больш маладых людзей у цішотках.
Сучаснае пакаленьне, якое, хоць і абыходзячы розныя фільтры, але ўсё ж мае доступ у інтэрнэт, гатовае і хоча рассунуць жорсткія ўнутраныя рамкі. З адной такой кампаніяй давялося ехаць праз Тэбрыз у бок армянскай мяжы. На нэўтральнай тэрыторыі, не пасьпеўшы толкам разьвітацца з радзімай, дзяўчаты дружна кінуліся ў прыбіральню, адкуль выйшлі зусім іншымі людзьмі: блюзкі на шлейках, з глыбокім дэкальтэ, штаны ў абліпку, высокія абцасы, распушчаныя валасы. Да штурму начных клюбаў Ерэвану гатовыя!
Пазьней у Армэніі і Грузіі мясцовыя жыхары казалі, што добрая палова забаўляльных установаў у Ерэване, Батумі ды памежных гарадах на ўік-энд запаўняецца гасьцямі з Ірану, дзе дыскатэкі і клюбы з танцамі папросту забароненыя. Гэта ж тычыцца і заляў з караоке — у Іране жанчына ня мае права сьпяваць у кампаніі, тым больш у прысутнасьці мужчынаў. Кажуць, пасьля ісламскай рэвалюцыі шмат хто з папулярных іранскіх сьпявачак быў вымушаны эміграваць, бо іх творчая дзейнасьць аўтаматычна апынулася па-за законам.
Працяг будзе