Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцюкевіч прэзэнтуе кнігу пра менскіх «панаехаў»


Павал Касьцюкевіч, архіўнае фота
Павал Касьцюкевіч, архіўнае фота

Назва кнігі «Плян Бабарозы» сугучная з назвай пляну Нямеччыны па захопе СССР. Павал Касьцюкевіч кажа, што ў кнізе вядзецца гаворка пра «вялікія пляны па захопе чалавечага жыцьця».

«Але вядома, гэта кпіны. Гэта ня „плян Барбароса“, а ўсяго толькі плян адной прабабулі, якая хоча захапіць жыцьцё ўсёй сям’і — сваіх дзяцей, унукаў і праўнука», — кажа Касьцюкевіч.

«Плян Бабарозы» — гэта мілосны шасьцікутнік, дзе менскі псыхатэрапэўт выбірае паміж каханай жанчынай і любай прабабуляй і дзе фігуруюць яшчэ тры пацыенткі, якім былі выратаваныя жыцьці. Гэта сямейная сага з моцным чухонска-галіцыйскім акцэнтам, дзе чатыры пакаленьні прыбышоў усё жыцьцё навылёт заўзята аспрэчваюць мэтазгоднасьць свайго перабываньня ў Менску. Гэта найноўшая гісторыя Беларусі на прыкладзе адной мандражнай радзіны«, — гаворыцца на сайце Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Павал Касьцюкевіч кажа, што яго новы твор — пра тых, каго цяпер называюць «панаехі», а раней звалі «прыбышамі»:

«Увогуле „Плян Бабарозы“ — гэта міні-гісторыя Беларусі на прыкладзе адной мандражнай сям’і, якая ня хоча прызнаваць, што мае дачыненьне да Беларусі і імкнецца сфармаваць сваё асаблівае асяродзьдзе — са сваёй мовай, са сваімі сагамі, са сваімі межамі. Гэта гісторыя пра нібыта менскую сям’ю, якая насамрэч уяўляе зь сябе чатыры пакаленьні прыбышаў, якія прыехалі ў Менск зь беларускай правінцыі, з Галіцыі, з Карэліі, а таксама з Падмаскоўя. У кнізе — пра тое, як гэтым людзям тут усё муляе і як яны тут жывуць. Таму я думаю, што кнігу з задавальненьнем прачытаюць тыя, хто ня ёсьць карэнным менчуком, хто прыехаў жыць у сталіцу».

На прэзэнтацыі аўтар будзе ў піжаме.

«У чым сэнс? Гэтая кніга — змаганьне паміж рэальнасьцю і мроямі, у выніку якога мроі перамагаюць. Менавіта ў гонар гэтага я буду прэзэнтаваць кнігу ў піжаме», — патлумачыў Касьцюкевіч.

Дызайн вокладкі распрацаваў дырэктар студыі «Адліга» Анатоль Лазар. Рэдактар кнігі — Андрэй Хадановіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG