Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Баршчэўскі: У музэі Гётэ экспануецца мой пераклад


Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

Аўтарскую анталёгію Лявона Баршчэўскага «І боль, і прыгажосьць» склалі творы 100 паэтаў сьвету, якія пісалі на трыццаці двух мовах — ад Сапфо і Катула да нашых сучасьнікаў Дзьмітра Паўлычкі і Томаса Вянцлавы. Перакладчык-паліглёт — госьцем перадачы.

— Лявон, да гэтай пары ў нас былі кнігі-білінгвы, тваю ж анталёгію можна назваць «мультылінгвай». А як ты прыахвоціўся да перакладаў? Ты вывучаў замежныя мовы, каб чытаць у арыгінале ўлюбёных паэтаў, ці перакладаў іх, каб дасканаліць веданьне моваў?

— Усё захапленьне мовамі ішло ад літаратуры. Мяне вабіла загадка. Як таго навукоўца, які бачыў незнаёмы іерогліф на скале, і яму хацелася яго расшыфраваць. Вось і я — бачыў верш, ён мне зрокава здаваўся прыгожым, а я нічога не разумеў. Хацелася ўсё ж прачытаць, я лез у падручнікі, у слоўнікі, а тады да некаторых слоўнікаў было не даступіцца. Так што ўсё ішло ад захапленьня літаратурай. Я б не вучыў моваў, калі б не захапляўся літаратурай, найперш паэзіяй.

— Я назаву трыццаць дзьве мовы, пераклады зь якіх зьмешчаныя ў тваёй анталёгіі: старагрэцкая, лацінская, нямецкая, француская, правансальская, гішпанская, італьянская, ангельская, чэская, партугальская, польская, нідэрляндзкая, швэдзкая, дацкая, славацкая, нарвэская, румынская, літоўская, навагрэцкая, фінская, эстонская, баўгарская, расейская, харвацкая, латыская, славенская, вугорская, альбанская, македонская, сербская, украінская, ірляндзкая. Улічваючы, што тэксты ў анталёгіі падаюцца ня толькі па-беларуску, але і на мовах арыгіналаў, яе можна назваць беспрэцэндэнтнай выставай моваў.

Вокладка кнігі Лявона Баршчэўскага "І боль, і прыгажосьць..."
Вокладка кнігі Лявона Баршчэўскага "І боль, і прыгажосьць..."

— Я таксама спачатку лічыў, што гэта кніга-рэкардсмэнка, а потым успомніў, што ў нас жа была кніга аднаго верша — «А хто там ідзе» Янкі Купалы — на васьмідзесяці трох мовах. Там, праўда, дамінавалі мовы народаў Савецкага Саюзу. Так, мая анталёгія — як выстава. Калі б былі больш спрыяльныя ўмовы, я б яе ўклаў іначай — выбраў бы дзесяць улюбёных паэтаў, даў бы па дваццаць-трыццаць вершаў на кожнага. А тут я паказаў хутчэй мовы, эпохі і традыцыі, а не аўтараў: аўтары адышлі на другі плян.

— Ці ёсьць нейкае перакладчыцкае правіла, якога ты стараесься трымацца?

— Каб думаў аб правілах, то, напэўна, столькі не пераклаў бы. Ёсьць у нас адзін дужа тонкі крытык, знаўца моваў, ён мне рэгулярна піша, паказвае памылкі ў перакладах. Я пачытаю, а пасьля думаю: калі б сядзеў і ламаў галаву над кожным складаным выпадкам, то нічога не паспеў бы зрабіць. Бо пераклад, як і любы від літаратурнай творчасьці, — гэта натхненьне. Прынцып у мяне адзін: калі ты ў адным месцы дапускаеш недакладнасьць ці слабіну, то ў другім павінен зрабіць звышдакладна і моцна і такім чынам кампэнсаваць недахоп і паказаць, што ў цябе ёсьць куншт. Вось гэтага я стараюся трымацца (ды ці толькі я) — калі адна страфа атрымалася слабей, другая павінна быць мацней, чым у арыгінале, мацней гучаць і чапляць чытача.

— Мэтар айчыннага перакладу Васіль Сёмуха гаворыць, што перакладчык — гэта актор, які ў пэўны момант мусіць выходзіць на першы плян, у нейкай меры засланяючы сабой аўтара. Ці блізкі табе такі падыход?

Паэзія праходзіла пэўныя этапы разьвіцьця — і ў ёй кшталтаваліся свая сыстэма вобразаў, свае прыёмы, свае мастацкія сродкі. Як літаратуразнавец, я гэта добра ведаю і з гэтага карыстаюся.

— Бадай што я не адчуваю ў сабе такі моцны талент. Я ўсё ж у большай ступені ў перакладах філёляг, чым Васіль Сёмуха. Ён незалежны і самастойны творца, хаця ягоныя пераклады адначасова і вельмі дакладныя. Але тут мы несупастаўляльныя. Я проста, відаць, лепш арыентуюся ў моры клясычнай паэзіі. А яна будуецца на пэўных вэрбальных фігурах — аднолькавых, па сутнасьці, ад Осла да Лісабону. Гэтая паэзія праходзіла пэўныя этапы разьвіцьця — і ў ёй кшталтаваліся свая сыстэма вобразаў, свае прыёмы, свае мастацкія сродкі. Як літаратуразнавец, я гэта добра ведаю і з гэтага карыстаюся. Скажам, калі ты перакладаеш паэта-рамантыка з Даніі і пры гэтым добра ведаеш нямецкіх рамантыкаў, то і дацкі для цябе не будзе таямніцай, бо ў рамантыкаў сыстэма вобразаў пераважна тая ж самая. Рамантыкі каханую могуць у адных катэгорыях падаваць, барочныя аўтары — у другіх, клясыцысты ў трэціх, рэнэсансавыя аўтары — у чацьвёртых.

— Гэта як у Песьні песьняў цара Салямона (пераклад таго ж В. Сёмухі) пра каханую гаворыцца: «Ты прыгожая, як Фірца». Сёньняшнія паэты каханых з гарадамі не параўноўваюць.

— Ну так.

— А шкада. Нядрэнна гучала б: «Ты прыгожая, як Вільня!» ці «Ты асьляпляльная, як Прага!» А ці здаралася табе перакладаць творы, якія ўжо існуюць па-беларуску?

— Здаралася, хоць я ніколі да гэтага не імкнуўся. У нас жа шмат чаго не перакладзена, таму лепш перакладаць новае. Але часам хацелася паспаборнічаць. Скажам, знакамітую «Другую начную песьню вандроўніка» Гётэ раней-пазьней пераклалі Юрка Гаўрук, Алег Лойка, Алег Мінкін, Алесь Каско. І ўсё ж Васіль Сёмуха неяк сказаў, што «Начная песьня...» неперакладальная, яго проста немагчыма перакласьці зь нямецкай на другія мовы. Ну, думаю, дакажу, што магчыма. Пераклаў. І так атрымалася, што ў музэі Гётэ ў Ільменаў быў выдадзены праспэкт перакладу «Начной песьні...» на многія мовы сьвету, і туды трапіў мой беларускі пераклад:

Ціша па-над цясьнінамі
Стромых гор.
Подых над вершалінамі
Нібы замёр.
Шолах — хоць бы адзін!
Птушкі маўчаць, нібы ў смутку —
Што ж, прычакаеш хутка
Ты і сабе спачын.

— Выдатна і сапраўды варта музэйнага праспэкту. Паэтычны пераклад скептыкі параўноўваюць з засушаным сенам ці пацалункам праз шыбу. Часам гэта сапраўды выглядае так. Але наколькі кожнай літаратуры ўвогуле патрэбна падсілкаваньне звонку?

Аніводная літаратура ня можа ў адзін пэўны час быць дасканалай ва ўсіх жанрах. А мова ж павінна разьвівацца, засвойваць стылі, мастацкія сродкі, і яна кампэнсуе недахоп чагосьці перакладамі.

— Справа ў тым, што аніводная літаратура ня можа ў адзін пэўны час быць дасканалай ва ўсіх жанрах. А мова ж павінна разьвівацца, засвойваць стылі, мастацкія сродкі, і яна кампэнсуе недахоп чагосьці перакладамі. У беларускай літаратуры мала твораў нізавога барока, хоць ёсьць шэдэўры — «Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча». А вось Сёмуха пераклаў «Авантурнік Сымпліцысімус» Грымэльсгаўзэна і запоўніў гэты прагал — бярыце і чэрпайце — там і мова, і фігуры, і ўнікальны стыль. І гэта адразу ўвайшло ў нашу літаратуру і ўзбагаціла яе.

— Нядаўна ў Хельсынкі беларускі перакладчык Якуб Лапатка быў узнагароджаны за пераклад «Калевалы», якая летась выйшла ў тым жа выдавецтве Зьмітра Коласа, якое выдала і тваю анталёгію. А якія шэдэўры сусьветнай літаратуры яшчэ мусяць загучаць па-беларуску?

— Іх вельмі шмат. Напрыклад, у нас да гэтай пары не перакладзены «Страчаны рай» Джона Мілтана, у нас няма на роднай мове эпасаў «Песьня пра Ралянда» (поўнай вэрсіі), «Песьня пра Сіда». У нас яшчэ чакаюць сваіх перакладчыкаў Дыкенс і Бальзак. Марсэль Пруст у нас зусім не перакладзены — ніводзін зь сямі раманаў. Круцельскі раман «Жыль Блаз» Лесажа не перакладзены, «Дон Кіхот» — толькі фрагмэнтамі. Лягчэй пералічыць, што ў нас перакладзена.

— Час ад часу мы чуем, як беларускія амбасадары атрымліваюць ад кіраўніка краіны заданьні прасоўваць на замежных рынках трактары «Беларусь», «МАЗы» і «БелАЗы». А ці прасоўваюць нашы амбасады беларускую літаратуру?

Падрыхтоўкай перакладчыкаў павінна займацца дзяржава.

— У Польшчы пры беларускай амбасадзе ёсьць культурны цэнтар. Там нешта робяць, дапамагаюць праводзіць імпрэзы, выдалі анталёгію беларускай паэзіі. Але той цэнтар мае проста мізэрнае фінансаваньне ў параўнаньні з тым, што мае, напрыклад, Польскі інстытут ці Інстытут Гётэ ў Менску. Беларускую літаратуру прасоўваюць у сьвеце энтузіясты, як той жа Якуб Лапатка. Зрэшты, ёсьць творцы, якія самі па сабе інстытуцыі. Сьвятлана Алексіевіч не чакала, што яе творчасьць будзе амбасада рэклямаваць і прасоўваць. Яна даволі актыўна перакладаецца з пачатку 1990-х гадоў. Тое ж калісьці адбывалася і з Васілём Быкавым. Найпершая наша праблема — недахоп кваліфікаваных кадраў. І падрыхтоўкай перакладчыкаў павінна займацца дзяржава. Іх павінны рыхтаваць не на нейкіх саматужных курсах, якія арганізоўваць ледзь ня ў складчыну нашы ўнівэрсытэцкія прафэсары. Гэта мусіць рабіць дзяржава — зацікаўліваць, запрашаць, рабіць стажы. На жаль, беларуская дзяржава гэтым не займаецца.

— У свой час ты быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, узначальваў БНФ, Беларускі ПЭН-Цэнтар. Сёньня выкладаеш у неафіцыйным Гуманітарным ліцэі. З аднаго боку — гэтая дзейнасьць, з другога — кнігі перакладаў. Што для цябе важней?

Мне не дазваляюць афіцыйна працаваць настаўнікам — маю воўчы білет.

— Па адукацыі я настаўнік. Але мне не дазваляюць афіцыйна працаваць настаўнікам — маю воўчы білет. Асьмелюся думаць, што я ўсё ж быў някепскім настаўнікам, калі працаваў афіцыйна, таму я не магу зусім закінуць гэтую справу. Я не ўяўляю свайго жыцьця без сваіх ліцэістаў. У палітыцы я працаваў да той пары, пакуль мяне не дэмакратычным шляхам, на выбарах не адправілі ў адстаўку. Прыйшлі маладзейшыя — хай пакажуць, на што яны здольныя. Педагогіка і палітыка — гэта абавязак, а пераклады — занятак для душы.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG