Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30%-я камісія ёсьць, валюты няма


Чарга каля абменьніка ў чаканьні таго, хто здасьць
Чарга каля абменьніка ў чаканьні таго, хто здасьць

Ад сёньняшняга дня банкі пачалі спаганяць 30%-ю камісію пры продажы валюты. Аднак у абменьніках даляры і эўра былі ў дэфіцыце. А ў крамах, як і ўчора, ажыятаж, бо людзі імкнуцца ўкласьці беларускія рублі ў тэлевізары і лядоўні. Адмыслоўцы кажуць пра падвышэньне цэнаў.

Каля абменьнікаў у Менску невялікія чэргі. Людзі чакаюць, калі нехта здасьць валюту, каб яе тут жа набыць. Зранку даляры былі ў цэнтры Менску ў абменьніку «Абсалютбанку», іх прадавалі з 30%-й камісіяй. Аднак у абменьніках «Беларусбанку», «МТБанку», «БелВЭБа», «Ідэя-банку» валюты ў свабодным продажы не было. Прадавалі толькі тое, што здавалі людзі. А здавалі вельмі рэдка.

Чаму ў абменьніках «Беларусбанку» не было валюты? З чым гэта зьвязана? Прэс-сакратарка Ларыса Грынько патлумачыла гэта так: «Гэта пытаньне рытарычнае. Зьвязана з масавым ажыятажам».

Карэспандэнт: «Але ўжо бяруць камісію?»

Грынько: «У нас яшчэ не ўкаранілася гэтая тэхналёгія 30%-га збору. Мы фізычна ня можам гэта зрабіць».

На пытаньне, чаму няма валюты ў абменьніках, прэс-сакратар Нацбанку Аляксандар Цімашэнка сказаў:

«Валюта з паветра не бярэцца. Яе трэба даставіць, каб задаволіць патрэбы абменьнікаў. Гэтую валюту што, Нацбанк друкуе, ці яе трэба дастаўляць з-за мяжы? На гэта патрэбны час».

Чарга да абменьніка «Беларусбанку»
Чарга да абменьніка «Беларусбанку»

У менскіх крамах «Электрасіла» ды падобных ажыятажны попыт на імпартныя тэлевізары, лядоўні ды іншую тэхніку. Учора ўвечары некаторыя крамы вымушаныя былі выклікаць амапаўцаў прыканцы працоўнага дня, каб зачыніцца. Сёньня пакупнікоў не паменшала, у крамах пусьцеюць паліцы. А на рынку «Ждановічы» даляр лічылі па 15-16 тысяч, апавёў прадпрымальнік Алесь Таўстыка:

«На нейкую частку тавараў пералічваюць 16 тысячаў, а некаторую па 15 тысячаў. Але гэта не азначае, што да прадпрымальнікаў стаяць чэргі. Людзі пакуль апранутыя і, відаць, будуць даношваць тое, што набылі раней. Што тычыцца радыёрынку, чэргаў няма, людзі на прагулянцы. Рынак ляжыць».

Пустыя паліцы ў «Электрасіле»
Пустыя паліцы ў «Электрасіле»

Эканаміст, прафэсар Барыс Жаліба мяркуе, што ўвядзеньне 30%-й камісіі на продаж валюты прывядзе да росту цэнаў:

«Бо імпартэры, галоўныя пакупнікі валюты выплачваюць гэты падатак. Яны закладуць гэты падатак у рублёвую цану на свой тавар. Ужо на вачах даражэе імпарт. А потым пакрыху падаражэе ўсё астатняе. Вы бачыце рэакцыю людзей. Яны ўжо навучаныя вопытам 2011 году, і пакуль мы з вамі размаўляем, у іх ужо шопінг вялікі. У Расеі, а зараз і ў Беларусі хапаюць усё, пакуль старыя цэны».

Чым жа насамрэч зьяўляецца ўвядзеньне 30%-га збору?

Жаліба: «Гэта схаваная дэвальвацыя. Нібы каціроўкі засталіся тыя ж самыя, але хто купляе валюту, купляе яе з 30%-м падаткам. Гэта можна разглядаць як падман народа. Абяцалі ж і першы віцэ-прэм’ер Пракаповіч, і Лукашэнка, што дэвальвацыі ня будзе. Але фактычна яна ёсьць. І павышэньне курса рубля да даляра на 30% не дастатковае. Бо чэргі ў абменьнікі як стаялі, так і стаяць. І такая схаваная дэвальвацыя праз падатак не прынясе карысьці нашым экспартэрам. Гэта такі нестандартны крок. Карысьці ад гэтага няма ні экспартэрам, ні імпартэрам, ні насельніцтву».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG