Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь вярнуўся крызіс 2011 году?


У абменных пунктах зьнікла валюта, зьявіліся чэргі. Што справакавала паніку на валютным рынку? Як ацаніць апошнія рашэньні Нацбанку? Якія эканамічныя, сацыяльныя наступствы можа мець цяперашні валютны крызіс?

Удзельнікі: палітычны аглядальнік «БелГазеты» Сяргей Жбанаў і дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.

Што справакавала паніку на валютным рынку?

Валер Карбалевіч: «Тое, чаго так баяліся беларускія ўлады, што бачылася ў жахлівых снах, здарылася, стала рэальнасьцю. На валютным рынку ўзьнікла паніка. У абменных пунктах зьнікла валюта, зьявіліся чэргі. Хутка зьявяцца валютчыкі. То бок, дэвальвацыя, пра якую так доўга гаварылі, адбываецца дэ-факта. Але гэта толькі абвастрае сытуацыю, паніку. Дык вярнуўся фінансавы крызіс 2011 году?»

Сяргей Жбанаў
Сяргей Жбанаў

Сяргей Жбанаў: «Сапраўды, мы стаім на парозе чарговай шокавай дэвальвацыі, якая была заканамерным і непазьбежным фіналам плаўнай дэвальвацыі.

Калі казаць пра прычыны гэтага, то толькі ў невялікай ступені іх трэба шукаць у сябе. У большай ступені гэта вынік абвалу расейскага рубля. А расейскі абвал стаў вынікам элемэнтарных, невуцкіх тэхнічных дзеяньняў расейскага Цэнтрабанку».

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман: «Рана параўноўваць цяперашнюю сытуацыю з 2011 годам. Бо шмат невядомага. Насамрэч, сытуацыя можа быць нашмат горшай, чым у 2011 годзе. У беларускіх уладаў няма сёньня добрых рашэньняў. Выбіраць даводзіцца паміж дрэнным і вельмі дрэнным».

Карбалевіч: «Ці можна сказаць, што цяперашні крызіс ёсьць вынікам аб’ектыўнага зьбегу абставінаў, вынікам уплыву расейскага абвалу? Ці пры правільнай палітыцы ўладаў гэтага можна было пазьбегнуць? Як паўплывала на сытуацыю заява Лукашэнкі, што дэвальвацыі ня будзе?»

Жбанаў: «Думаю, магчымасьці пазьбегнуць цяперашняга крызісу ў Беларусі амаль не было. Фокус у тым, што ўсе постсавецкія краіны перажываюць дэвальвацыю. Адрозьненьні толькі ў маштабах. Ня будзем узгадваць Расею і Ўкраіну. Казахстан на пачатку году дэвальваваў сваю валюту на 19%. Хоць краіна багатая на сыравіну, мала саступае ў гэтым сэнсе Расеі. Армэнія дэвальвавала сваю валюту на 100 драм, Грузія — на 3%. Цяпер любая завязка на эканоміку Расеі адмоўна ўплывае на любую краіну. Дарэчы Нарвэгія, якая зьяўляецца экспартэрам нафты, з нагоды падзеньня ўсясьветных нафтавых коштаў, дэвальвавала сваю валюту на 7%».

Ці можна было прадухіліць крызіс?

Прэйгерман: «Калі разважаць пра тое, ці можна было прадухіліць гэты крызіс, то пытаньне ў тым, як далёка ў мінулае мы глядзім. Калі глядзець гадоў на 10 назад — то, напэўна, можна было правесьці рэформы, рэструктурызацыю эканомікі, зрабіць яе менш залежнай ад Расеі, і тады можна было б пазьбегнуць цяперашняй сытуацыі. Хоць і ў такім выпадку цалкам ізалявацца ад расейскага ўплыву было б цяжка. Калі казаць пра цяперашнюю сытуацыю, то, напэўна, у гэтым годзе трэба было праводзіць больш хуткае аслабленьне беларускага рубля».

Хутчэй за ўсё, маштаб дэвальвацыі будзе яшчэ большым
Яўген Прэйгерман

Карбалевіч: «Самае горшае, што маглі зрабіць улады ў гэтых умовах, гэта выпусьціць у публічную прастору Пятра Пракаповіча, каб ён усіх завяраў, што дэвальвацыі ня будзе».

Жбанаў: «Улада ўвесь 2014 год працавала ў ролі псыхатэрапэўта. Афіцыйныя асобы завяралі, што дэвальвацыі ня будзе. І пры гэтым нават старшыня Нацбанку Ермакова запэўнівала, што мы не залежым ад расейскага рубля. Але ж зразумела, што гэта ня так.

На 90% гандаль Беларусі з Расеяй адбываецца ў расейскіх рублях. А гэта „палка з двума канцамі“. Калісьці гэта было выгодным. Цяпер праз гэта мы нясём калясальныя страты. Расея наступным годам сыходзіць у глыбокую рэцэсію. Валавы ўнутраны прадукт скароціцца там на 4-5%».

Прэйгерман: «Цяпер галоўнай задачай беларускіх уладаў зьяўляецца спыненьне панікі. Вялікае пытаньне, ці можна гэта зрабіць. Пасьля двух дэвальвацыяў насельніцтва не давярае прэзыдэнту ў пытаньнях дэвальвацыі, хоць па іншых пытаньнях яму і давяраюць».

Як ацаніць апошнія рашэньні Нацбанку?

Карбалевіч: «Вось Нацыянальны банк выступіў з прэс-рэлізам. У ім ён абвяшчае пра рашэньні, якія прадугледжваюць рэвалюцыйныя зьмены на валютным рынку. Як іх можна пракамэнтаваць?»

Думаю, дэвальвацыя ў нас павінна быць на ўзроўні расейскай
Сяргей Жбанаў

Жбанаў: «У Нацбанку няма дастатковых золатавалютных рэзэрваў. Яны вымяраюцца коштам імпарту ў адзін месяц. А норма — тры месяцы. Таму, каб насельніцтва не здымала рублёвыя ўклады і не пераводзіла іх у валюту, Нацбанк павысіў працэнтныя стаўкі. Плюс будзе адбывацца індэксацыя рублёвых укладаў у адпаведнасьці са зьмяненьнем абменнага курсу беларускага рубля.

А вось за пакупку валюты давядзецца плаціць 30% збор. Гэта як ва Ўкраіне. Ці спыніць гэта паніку? Усё будзе залежаць ад дынамікі падзеньня беларускага рубля. Калі яна паскорыцца, то і 30% збор не стрымае паніку, не гарантуе прысутнасьць валюты ў абменных пунктах».

Прэйгерман: «Гэта шок для насельніцтва. Гэтыя захады накіраваныя на тое, каб спыніць паніку і не дапусьціць разгулу спэкулянтаў. 30-працэнтны збор фактычна зьяўляецца дэвальвацыяй для ўнутранага спажываньня. Але гэтае рашэньне не вырашае праблему падвышэньня канкурэнтаздольнасьці нашага экспарту ў Расею».

Карбалевіч: «Лукашэнка ўвесь год супраціўляўся дэвальвацыі, бо яна дрэнна адбіваецца на іміджы ўлады, на ягоным рэйтынгу. Да гэтай пастановы Нацбанку даляр падаражэў фактычна на 10%. Плюс збор 30%. У суме атрымліваецца 40%. А яшчэ ўчора Лукашэнка казаў, што дэвальвацыі ня будзе».

Прэйгерман: «Хутчэй за ўсё, маштаб дэвальвацыі будзе яшчэ большым».

Карбалевіч: «Вось вам і славутая „стабільнасьць“.

Жбанаў: «Думаю, дэвальвацыя ў нас павінна быць на ўзроўні расейскай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG