Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Забытага генія» Юлія Таўбіна вяртаюць зь нябыту: лекцыя Хадановіча і песьня Вольскага


Юлій Таўбін, 1928 год
Юлій Таўбін, 1928 год

Партал Tuzinfm.by у межах праекту «(Не)расстоляная паэзія» прадставіў песьню Лявона Вольскага на верш Юлія Таўбіна «Ты помніш».

Беларускі паэт Юлій Таўбін — аўтар трох вершаваных зборнікаў і шасьці паэмаў, шэрагу перакладаў, якога аўтары называюць «забытым беларускім геніем» і «адной з самых недаацэненых постацей айчыннай літаратуры 20-х і 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя». Бальшавікі арыштавалі Таўбіна ў 22 гады, расстралялі ў 26. Яго фармальна рэабілітавалі ў 1950-х, але ягоную творчасьць надоўга забылі.

Сьпявак Лявон Вольскі кажа, што да праекту практычна нічога ня ведаў пра паэта і не чытаў ягоныя творы. Але калі прачытаў, Вольскага кранула лірычнасьць — адразу нарадзілася музыка.

«Таўбін жыў у змрочны і жудасны час з усёй гэтай пякельнай сыстэмай даносаў, судоў, допытаў і забойстваў, — распавядае Вольскі. — Дзіўна і страшна, што ўсё болей людзей крычыць пра „вялікага Сталіна“, пра тое, што ўсё правільна, бо „час быў такі“ і пра зіхоткі і недатыкальны Савецкі Саюз, які трэба вярнуць. Ванітуе ад гэтых „лініяў Сталіна“, помнікаў і бюстаў правадыру народаў і крыкаў пра тое, што „пры Сталіне такога б не было“. Тыя ідыёты, якія гэта ўсё крычаць, не разумеюць, што пры Сталіне іх саміх даўно б не было. Ляжалі б сабе ціхенька ў жоўтым пясочку».

Упершыню песьня прагучала на верасьнёскім канцэрце Вольскага ў Prime Hall, будзе выконвацца і на наступных канцэртах.

Вяртаньне Таўбіна, як сьцьвярджаюць аўтары праекту, адбылося шмат у чым дзякуючы Андрэю Хадановічу, які рыхтаваў лекцыю для «(Не)расстралянай паэзіі» і настолькі зачараваўся ягонай паэзіяй, што вырашыў укласьці кнігу вершаў. Прэзэнтацыяй зборніка Таўбіна і адкрытай лекцыяй пра яго творчасьць у кнігарні «Логвінаў» распачалася адукацыйная частка праекту.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG