«Мы не даем ацэнкі наконт таго, вінаваты ці невінаваты Віктар Пракапеня. Мы толькі лічым, што тое абвінавачаньне, якое яму выстаўленае, не патрабуе ўтрыманьня пад вартай. І сам факт зьняволеньня да суду вядомага прадпрымальніка наносіць шкоду краіне. Гэта нас турбуе ў першую чаргу», — заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і сябра БСДП (Грамада) Тацяна Караткевіч накіравалі ў Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь хадайніцтва аб вызваленьні айчыннага прадпрымальніка ў сфэры высокіх тэхналёгіяў Віктара Пракапені з-пад варты на ўмовах асабістага паручальніцтва.
«Мы лічым, што ўтрыманьне пад вартай аднаго з найбольш пасьпяховых айчынных прадпрымальнікаў наносіць вялікую шкоду іміджу Беларусі як пэрспэктыўнага цэнтру разьвіцьця ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў, падрывае давер замежных інвэстараў да нашай краіны. Гэта ўсё выкліча ўцечку капіталаў і ад’езд з краіны высокакваліфікаваных спэцыялістаў і прадпрымальнікаў. Мы заяўляем хадайніцтва пра вызваленьне з-пад варты Віктара Пракапені, для таго каб адзначыць вялікую грамадзкую ўвагу да гэтай справы і спрыяць мінімізацыі нэгатыўных наступстваў утрыманьня пад вартай да суда вядомага бізнэсоўца», — адзначылі Янукевіч і Караткевіч у супольнай заяве.
«У гэтай справе нас турбуе лёс спадара Пракапені як прадстаўніка беларускага IT-сэктару, які стварае для нашай краіны канкурэнцыйныя перавагі, дададзеную вартасьць і працоўныя месцы. Нас турбуе, што гэты арышт можа адштурхнуць магчымых інвэстараў, а таксама стаць трывожным сыгналам для іншых супрацоўнікаў гэтай сфэры, якія могуць пакінуць Беларусь. Мы дамагаемся як мага хутчэйшага вызваленьня спадара Пракапені з-пад варты да суду. Было спадзяваньне, што рэзананс, які гэтая справа выклікала, паўплывае на яго вызваленьне. Але гэтага не адбылося. Таму мы з Тацянай Караткевіч вырашылі зрабіць такі крок — зьвярнуцца з хадайніцтвам аб вызваленьні», — патлумачыў Аляксей Янукевіч Свабодзе.
Паводле Аляксея Янукевіча, паручальніцтва азначае, што яны з Тацянай Караткевіч бяруць на сябе адказнасьць за выкананьне Віктарам Пракапенем абмежаваньняў, якія будуць на яго накладзеныя ў выпадку вызваленьня з-пад варты да суду, — заставацца ў межах Беларусі, зьяўляцца на выклікі сьледзтва. У тым выпадку, калі Пракапеня парушыць гэтыя абмежаваньні, на паручальнікаў будзе накладзены штраф.
Аляксей Янукевіч таксама адзначыў, што асабіста не знаёмы зь Віктарам Пракапенем.
«Мы не даем ацэнку наконт таго, вінаваты ці невінаваты Віктар Пракапеня. Мы толькі лічым, што тое абвінавачаньне, якое яму выстаўленае, не патрабуе ўтрыманьня пад вартай. І сам факт зьняволеньня да суду вядомага прадпрымальніка наносіць шкоду краіне. Гэта нас турбуе ў першую чаргу».
Пра затрыманьне бізнэсоўца стала вядома на пачатку красавіка. Паводле сьледчых, Віктар Пракапеня атрымаў незаконны прыбытак у памеры 650 тысяч даляраў.
Віктару Пракапеню выстаўлена абвінавачаньне паводле часткі 3 артыкула 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць, учыненая арганізаванай групай, з атрыманьнем прыбытку ў асабліва вялікім памеры) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Віктар Пракапеня — заснавальнік і былы ўласьнік кампаніі Viaden Media, якая займалася распрацоўкай мабільных прыкладаньняў і дасягнула ў гэтым значных посьпехаў. У ЗША і яшчэ больш як у 20 краінах прыкладаньні і гульні для мабільных прыладаў гэтай кампаніі ўвайшлі ў лік 50 самых ужываных. У 2011 годзе Віктар Пракапеня выгадна прадаў сваю кампанію, а заробленыя грошы ўклаў, сярод іншага, у нерухомасьць.