Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую будучыню прапануе Лукашэнка беларусам?


Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі
Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі

Наколькі Аляксандар Лукашэнка асьцерагаецца Расеі? Што ўлады зьбіраюцца рабіць, каб пераадолець эканамічны крызіс? Якую будучыню абяцае беларусам кіраўнік дзяржавы?

Прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнкі абмяркоўваюць у «Праскім акцэнце» дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш, палітычны аглядальнік Эўрарадыё Зьміцер Лукашук і дырэктар Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсені Сівіцкі.

Прапануем вам тэкст перадачы ў скароце. У эфір перадача выйдзе ў нядзелю, 1 лютага, а 18-й гадзіне, пасьля гэтага яе можна будзе паслухаць па спасылцы.

«Лукашэнка заўсёды спрабуе выбіць суразмоўцу з каляіны»

Дракахруст: Прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі на гэтым тыдні была рэкорднай паводле працягласьці. Але сёньня мы пагаворым пра іншыя, зьмястоўныя яе адметнасьці.

Зьміцер, вы напярэдадні прэсавай канфэрэнцыі напісалі ў сваім Фэйсбуку, што не чакаеце ад яе нічога новага, нават дасьціпна прывялі некалькі гіпатэтычных адказаў. Ну а пасьля — ці было для вас на ёй нешта новае: і ў сэнсе зьместу, і ў чалавечым сэнсе? Камунікацыя палітыка і журналіста — гэта заўсёды двубой, сутыкненьне асобаў. І як вам Лукашэнка ў гэтым двубоі?

Зьміцер Лукашук
Зьміцер Лукашук

Лукашук: Ён заўсёды спрабуе перахапіць ініцыятыву, выбіць суразмоўцу з каляіны.

Зразумела, ёсьць пытаньні, на якія яго адказы вядомыя. Але гэтыя пытаньні ўсё роўна трэба было задаваць.

Напярэдадні мы з калегамі дамовіліся, хто якія пытаньні будзе задаваць, каб не паўтарацца. Дамовіліся, што пытаньне пра палітвязьняў будзе ад Валера Каліноўскага.

Я чытаю камэнтары, што ня трэба было туды ісьці, што нічога цікавага там не было. Я так не лічу. Цікава, што такія меркаваньні выказваюць тыя, хто ў гэтай прэсавай канфэрэнцыі не ўдзельнічалі.

Расея — закляты сябра

Дракахруст: Кірыл, на ваш погляд, як у Крамлі будуць успрынятыя шчыраваньні Лукашэнкі наконт Расеі на ягонай прэсавай канфэрэнцыі? Многія расейскія мэдыі працытавалі і нават вынесьлі ў загаловак яго словы: «Ёсьць асобныя разумнікі, якія заяўляюць, што Беларусь гэта, як яны кажуць, частка рускага сьвету і ці ледзь не Расеі. Забудзьцеся. Беларусь сувэрэнная і незалежная дзяржава». Але зь іншага боку было сказана, што Беларусь ніколі ня здраджвала і ня здрадзіць Расеі. Дык якая раўнадзейная адных і іншых словаў? І якія высновы зробіць зь іх Крэмль?

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш

Коктыш: Аналітычная выснова адна — Беларусі зараз вельмі патрэбныя грошы.

Словы наконт «рускага сьвету» былі папярэджаньнем даволі маргінальным расейскім колам. У цэнтральных СМІ гэты абарот ніколі не ўжываецца.

У Расеі ніхто ўсур’ёз ня думае пра паглынаньне Беларусі.

Беларусам у Расеі дазваляецца больш, чым іншым народам. Аднак іх сапраўды ня лічаць штучна створанай нацыяй.

Маргінальны «шум» у Расеі дазволіў Лукашэнку зрабіць жорсткія заявы, якія будуць мацаваць яго пазыцыі ў Беларусі.

У Расеі няма плянаў і намераў адхіляць Лукашэнку ад улады.

Дракахруст: Арсені, наконт Расеі кіраўнік дзяржавы на прэсавай канфэрэнцыі гаварыў рознае. Але вось зьмястоўныя рэчы — трэба свая зброя (а чым кепская братняя расейская?). Яго словы, што на пытаньне сыходу на пэнсію ён «жорстка адказаў у Крамлі». Дык, відаць, як мінімум пыталіся, і менавіта там. Нарэшце, прыгожы адказ на пытаньне, ці прышле Расея «ветлівых людзей»: па-першае, ёй не да таго, а па-другое, як мы, рускія людзі, будзем ваяваць з рускімі? Але было і па-першае. На ваш погляд, наколькі высока Лукашэнка ацэньвае пагрозу з боку Расеі?

Арсені Сівіцкі
Арсені Сівіцкі

Сівіцкі: Што да ўласнай зброі — гэта даўняя мара Аляксандра Лукашэнкі, штогод на пасяджэньнях Рады бясьпекі краіны ён гаворыць пра гэта, ёсьць напрацоўкі «Белтэхэкспарту» ў гэтым кірунку. Гэта не навіна і ня веяньне апошняга часу.

Былі незразумелыя мэты леташняй расейскай «гандлёвай вайны» зь Беларусьсю. На Лукашэнку рабілі ціск, але дзеля чаго, зь якой мэтай?

Яшчэ пару гадоў таму было складана ўявіць сабе такое разьвіцьцё падзеяў, як тое, якое разгортваецца ва Ўкраіне.

Беларусь павінна разглядаць увесь спэктар сцэнароў.

Былы паліттэхноляг Крамля Глеб Паўлоўскі лічыць, што ва ўмовах, калі расейская ўлада ня можа прадэманстраваць посьпехі ва ўнутранай палітыцы, калі праваліўся праект «Наваросіі», ёй патрэбная новая перамога. І мэтай гэтай перамогі можа быць Беларусь.

У прапагандысцкай кампаніі, якая ідзе ў Расеі супраць Беларусі, выкарыстоўваюцца тыя ж аргумэнты, што і адносна Ўкраіны — гэта і «вышыванізацыя», гэта дэрусіфікацыя, гэта новая гульня з Захадам.

Дракахруст: Зьміцер, а вашае ўражаньне — наколькі Лукашэнка перасьцерагаецца Расеі?

Лукашук: Я на прэсавай канфэрэнцыі сказаў, што ў мяне няма ўпэўненасьці на 100%, што ў Беларусі ня зьявяцца «ветлівыя людзі» Пуціна. Лукашэнка адказаў: «У мяне таксама ў гэтым упэўненасьці на 100% няма». Хаця перад гэтым неаднаразова казаў пра цёплыя адносіны паміж нашымі краінамі і пра свае сяброўскія адносіны з Пуціным.

Адказ на выклік эканамічнага крызісу

Дракахруст: Даволі шмат кіраўнік дзяржавы казаў пра эканамічны крызіс, які напаткаў Беларусь напрыканцы мінулага году і яшчэ далёка ня скончыўся. Ці стала зразумелым зь яго тлумачэньняў, што ўлады зьбіраюцца рабіць па выхадзе з крызісу? І наколькі пераканаўчымі, на ваш погляд, пададуцца беларусам тлумачэньні Лукашэнкі?

Коктыш: Ад яго чакаюць больш стратэгічных адказаў. І тут няма простых адказаў, да якіх прызвычаіліся беларускія ўлады.

Магчымасьці ёсьць. З-за ўзаемных санкцый Эўразьвязу і Расеі, з-за дэвальвацыі расейскага рубля на расейскім рынку вызвалілася ніша памерам у 100 мільярдаў даляраў у год. Беларусь магла б трапіць у яе, калі б дамовілася, калі б беларускі індустрыялізм быў спалучаны з расейскім запытам на імпартазамяшчэньне. Гэтага, на жаль, не прагучала.

Наконт заяваў Паўлоўскага, якія прыгадаў Арсені: Паўлоўскі адным зь першых заявіў, што крокі Беларусі ў накірунку беларусізацыі — гэта не дэрусыфікацыя.

Адказы Аляксандра Лукашэнкі сьведчаць пра тое, што новы ўрад ня мае ніякай антыкрызіснай стратэгіі

Сівіцкі: На мой погляд, адказы Аляксандра Лукашэнкі сьведчаць пра тое, што новы ўрад ня мае ніякай антыкрызіснай стратэгіі.

Ёсьць дакладная сувязь: калі расейскі ВУП падае на 1%, наш ВУП зьніжаецца на 0,63%. Трэба ўзяць прагнозы па Расеі на 2015 год, падлічыць, і ўсё стане зразумелым.

Лукашук: Усе ведаюць пра вайну ва Ўкраіне, ўсе ведаюць пра крызіс у Расеі. Так што гэтыя тлумачэньні, што Ўкраіна гарыць, цана на нафту падае, расейскі рубель падае, яны там есьці ня маюць чаго, і мы павінны пацярпець — гэта «пракаціць», як той казаў.

Беларуская мара паводле Лукашэнкі

Дракахруст: Прэсавая канфэрэнцыя на гэтым тыдні — першая ў выбарчы год. Сам Лукашэнка, адказваючы на першае пытаньне, дэкляраваў: пераменаў ня трэба, зьмены мадэлі ня трэба. А што трэба? Як казаў знакаміты францускі паліттэхноляг Жак Сэгела, галасуюць не за мінулае, а за будучыню. Якую будучыню намаляваў Аляксандар Лукашэнка ў сваёй доўгай прэсавай канфэрэнцыі?

Коктыш: Пасланьне, што заўтра будзе ня горш, чым сёньня — гэта даволі моцнае пасланьне на фоне таго, што адбываецца зараз ва Ўкраіне.

Пасланьне, што заўтра будзе ня горш, чым сёньня — гэта даволі моцнае пасланьне на фоне таго, што адбываецца зараз ва Ўкраіне

Сёньня індустрыяльная ідэнтычнасьць — гэта тое, што найбольш запатрабаванае ў Расеі.

Сівіцкі: Лукашэнка ўжо ня першы год спрабуе прасоўваць прадукцую беларускай індустрыі на расейскі рынак. Беларускі бок прапаноўваў 5 праектаў сумесных холдынгаў. Але пяты год ідзе гаворка пра гэта, але посьпехаў няма.

Што да будучыні, то яе праекту ў беларускіх уладаў няма. Лукашэнка прапануе стабільнасьць як рэсурс легітымацыі яго ўлады. Мне здаецца, што большая частка беларускіх грамадзянаў гатовая падтрымаць беларускую ўладу, калі яна будзе здольная захаваць стабільнасьць у параўнаньні з тым, што адбываецца ва Ўкраіне і ў Расеі.

Лукашук: Беларусы будуць галасаваць за «абы вайны не было». Гэта вельмі глыбока сядзіць у беларусах, разам з «мая хата — з краю» і «а можа так і трэба». Лукашэнка даў зразумець, што будзе кіраваць столькі, колькі захоча, і наўрад ці гэтая сытуацыя асабліва ад электарату залежыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG