Ці дала сёньняшняя прэс-канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі адказы на пытаньне, якой будзе дзяржаўная палітыка бліжэйшым часам? Ці захаваецца ў Беларусі цяперашняя сацыяльна-эканамічная мадэль? Ці магчымая дзяржаўная беларусізацыя, паварот дзяржаўных структураў да беларускай мовы?
Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў.
Слухаць перадачу цалкам:
Тэкст перадачы ў скароце:
«Апалягетыка беларускага застою»
Класкоўскі: Некалькі новых рэчаў было сказана. Лукашэнка, у прыватнасьці, сказаў, што Беларусь не задавальняе расейская зброя і празь некалькі месяцаў Беларусь будзе мець сваю «зброю адплаты». Можна адзначыць і фразу пра тое, што Беларусь у горшым выпадку можа пайсьці на рэструктурызацыю замежнага доўгу.
Але асноўны мэсыдж быў скіраваны да электарату — афіцыйны лідэр займаўся апалягетыкай беларускага застою. Для мяне ключавой была фраза пра тое, што найлепшыя ў людзкой памяці — часы Брэжнева. Лідэру краіны варта было б памятаць, да чаго прывёў гэты застой — імпэрыя проста абвалілася. Арыентацыя на застой, які ў нас называецца «стабільнасьцю», вядзе да дэградацыі, да таго, што Беларусь спаўзае ў «трэці сьвет».
Булгакаў: Што было цалкам новым — гэта само месца правядзеньня прэс-канфэрэнцыі. Улада шле грамадзтву пасыл — убранства і пышнасьць новай рэзыдэнцыі павінна сымбалізаваць непарушнасьць і стабільнасьць той сацыяльна-палітычнай мадэлі, якая склалася ў Беларусі.
Што да вэрбальнай часткі, то Лукашэнка чарговы раз заявіў, што ягоная сыстэма не падлягае рэфармаваньню, яна склалася і будзе існаваць так доўга, наколькі гэта магчыма. Але не было адчуваньня таго, што тэрмін жыцьця гэтай сыстэмы вымяраецца гадамі ці нават месяцамі. Я перакананы, што ў найбліжэйшыя гады Беларусь чакаюць вялікія ўзрушэньні, якія могуць паставіць крыж на цяперашняй сацыяльна-палітычнай мадэлі.
Ці засталася «сацыяльна-арыентаваная мадэль»?
Класкоўскі: Ад гэтай сацыяльна-арыентаванай мадэлі" засталася адна абалонка. Якая бясплатная адукацыя засталася, пра якую Лукашэнка сёньня ўзгадваў? Фактычна афіцыйны лідэр прадае народу ілюзіі і гуляе на ягоных страхах. Тут і страх перад рынкавымі рэформамі, гульня на патэрналізьме беларусаў. Але Лукашэнка працягвае казаць пра стабільнасьць (пры чатырох дэвальвацыях за пяць гадоў) і палохае людзей, што безь яго будзе яшчэ горай.
Ці магчымая афіцыйная беларусізацыя?
Булгакаў: Лукашэнка сябе паводзіў як кліент Крамля, які ўсім сваім выглядам і рыторыкай паказваў, што ніякіх паслабленьняў нацыяналістам ня будзе. Спонсарам лукашэнкаўскай стабільнасьці застаецца Крэмль. Таму Лукашэнка дае знаць, што пойдзе зь цяперашняй крамлёўскай адміністрацыяй да канца і будзе чуйна рэагаваць на культурныя і мэнтальныя запыты насельнікаў Крамля.
Людзям беларускай культуры нічога добрага гэта не нясе. Дзяржава і далей будзе займацца прафанацыяй. Нейкія неістотныя аспэкты нацыянальнай культуры будуць талеравацца, але беларуская мова будзе выключаная з асноўных дзяржаўных інстытуцыяў.
Класкоўскі: Я б паспрачаўся з тэзісам, што ён так ужо хацеў сябе паказаць кліентам Крамля. Наадварот, было багата піяраўскай бравады, непрыемных для Крамля рэплік было багата.
Але, зь іншага боку, Лукашэнка зь нейкай асалодай зноў казаў, што скруціў галовы тутэйшым «нацменам» (так ён называе сьвядомую частку грамадзтва). Тым самым даў зразумець, што, з аднаго боку, ёсьць страх перад экспансіяй «рускага сьвету», і нейкая гамэапатычная беларусізацыя будзе рабіцца, але, з другога боку, гэта не азначае зьмяншэньня рэпрэсіяў супраць палітычных апанэнтаў. Лукашэнка страшэнна залежны ад Масквы, бо беларуская эканамічная мадэль не самастойная, а рэфармаваць яе ён ня можа і ня хоча.