Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра мову: Беларуская мова адрозьнівае нас ад расейцаў


Аляксандар Лукашэнка ня хоча пакінуць Расеі магчымасьці выкарыстаць супраць Беларусі моўнае пытаньне.

Журналістка Белапан Анастасія Лосіч на прэсавай канфэрэнцыі задала Аляксандру Лукашэнку пытаньне пра пашырэньне выкарыстаньня беларускай мовы:

«Ваша нядаўняя заява пра важнасьць беларускай мовы для разьвіцьця нацыі, а таксама словы міністра адукацыі пра тое, што ў будучым большасьць прадметаў будзе выкладацца па-беларуску, выклікала нейкую нэрвовую рэакцыю ў Расеі. Там ужо некаторыя кажуць пра дыскрымінацыю расейскай мовы ў Беларусі. Чаму такая рэакцыя ўзьнікла і што будзе рабіць дзяржава, каб пашыраць выкарыстаньне беларускай мовы?» — спытала журналістка.

Прапануем самае важнае з адказу Аляксандра Лукашэнкі:

Пытаньне мовы вырашана раз і назаўжды. Яно вырашана на рэфэрэндуме беларускага народа. У нас ёсьць дзьве родныя дзяржаўныя мовы: расейская і беларуская. Гэтая праблема закрытая, пакуль прэзыдэнтам беларускаму народу служыць... працуе Лукашэнка.

Хацець міністру ніхто не забароніць

Але як палітык, а міністар — гэта палітык, якога прызначыў прэзыдэнт, і калі ён пагадзіўся з гэтым прызначэньнем, ён мусіць рашэньні прэзыдэнта выконваць.

Беларуская мова адрозьнівае нас ад расейцаў

Калі ў Расеі нехта напружваецца, то гэта ня значыць, што кіраўніцтва Расеі ці расейскі народ так думае. Яны ж не напружваюцца наконт таго, што ў Татарстане ці ў Башкатарстане размаўляюць на татарскай, напрыклад, мове. Што чачэнцы ці інгушы размаўляюць на сваёй мове. І падтрымліваюць. І я падтрымліваю беларускую мову.

Чаму? Гэта тое, што адрозьнівае нас ад рускага чалавека, ад расіяніна. Гэта прыкмета нацыі. Калі няма ў цябе асаблівасьцяў, сваёй, беларускай мовы, то ты ня маеш гэтай прыкметы. І ты проста як расейскі чалавек. Ты рускі! А мы ж беларусы!

Хачу, каб мой малы ведаў беларускую мову

Мы павінны ведаць беларускую мову гэтаксама, як і расейскую. Гэта будзе найвялікшае дасягненьне беларуса. У мяне ёсьць малы, і я хачу, каб ён ведаў беларускую мову, як расейскую. Ну, яшчэ і ангельскую, як усясьветную. І ня думаю, што вы хочаце інакш. Так што я не хачу страціць гэта багацьце, гэты скарб. Гэта даражэйшае за крэдыты і мільярды.

Падзеі ва Ўкраіне пачаліся зь бязмозглай нацыянальнай палітыкі. Найперш з мовы

Калі ў Расеі нехта напружваецца наконт нейкай мяккай беларусізацыі, яшчэ нечага... Спыніцеся. Яшчэ раз кажу: гэтая праблема вырашаная. Аніводзін міністар, прэм’ер-міністар насуперак маім дзеяньням ня пойдуць.

Пада мной — рэфэрэндум беларускага народа, маё рашэньне грунтуецца на гэтым рэфэрэндуме. Я катэгарычна забараніў усялякі ціск па моўнай прыкмеце.

Вы ведаеце, з чаго пачаліся падзеі ва Ўкраіне? Зь бязмозглай нацыянальнай палітыкі. І найперш з мовы. Я ўмею рабіць высновы. Ды мне і ня трэба Ўкраіна, я і раней вызначыўся.

Нашы «нацмены» пасадзілі рускага чалавека на чамаданы

Я сёньня рады, што мне ўдалося скруціць галаву таму агалцеламу нацыяналізму, які быў на пачатку 90-х... Усе расейскія людзі... сядзелі на чамаданах. За што? За што нашы «нацмены» пасадзілі нашага рускага чалавека на чамаданы? І як вы вызначылі, што гэта рускі чалавек? Вы што, высмакталі зь яго кроў і вызначылі, дзе там расейская, а дзе беларуская?

Дык беларусы таму разумныя, талерантныя і мудрыя, што ў нас у жылах зьмяшана мора крывей. І найперш — расейца, украінца, паляка, габрэя і нават татараў.

Хто як хоча, той так і піша

У нас няма абавязаньня пісаць на той ці іншай мове: хто як хоча, той так і піша.

Я нічога не абараняю, але калі расейскую мову і беларускую пакласьці на шалі, то беларуская мова, вядома, не дацягвае. Я хачу, каб па-беларуску гаварылі гэтаксама, як па-расейску... Але я ня буду цкаваць людзей.

Ваша расейская мова — на Валагодчыне

Я Ўладзімеру Ўладзімеравічу адказваў, калі ён казаў: «Табе дзякуй за тое, што ў вас так з расейскай мовай». Я кажу: «Гэта ж наша расейская мова»... — «А дзе тады наша?» — «Ну, можа, на Валагодчыне».

Размаўляйце дома па-беларуску

Каб пашырыць беларускую мову, размаўляйце дома на беларускай мове... Так будзем пашыраць... Не хвалюйцеся, беларускую мову мы не забудзем...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG