З-за няпэўнасьці на фінансавым рынку многія расейцы намагаюцца як найхутчэй пазбавіцца ад рублёў. Асабліва панічныя настроі ўзмацніліся пасьля таго, як рубель абваліўся да псыхалягічнай адзнакі ў 100 за эўра і 80 за даляр, і нават заўважны адкат не дадае даверу абяцаньням хуткай стабільнасьці.
Жыхар Іркуцку, этнічны беларус Алег Рудакоў распавядае, што цэньнікі ў некаторых крамах адсутнічаюць увогуле — гандляры прадаюць тавар толькі пасьля таго, як узгодняць бягучы банкаўскі курс:
«Так, ёсьць і паніка, ёсьць і непаразуменьні розныя, ёсьць і кошты, якія мяняюцца літаральна на вачах. Учора хацеў набыць недарагі прынтар. Раніцай каштаваў 6 тысяч рублёў, але, думаю, пайду пагляджу дзе-небудзь яшчэ. Пакуль туды-сюды пахадзіў, вяртаюся — а ён ужо 7,5 тысяч. У краме кажуць: ну дык даляр падрос, усё лягічна. Дарэчы, сёньня афіцыйна курс трошкі панізіўся, але на кошт гэта ўжо ніяк не ўплывае. А самае цікавае, што некаторыя мадэлі аргтэхнікі стаяць увогуле бяз цэньнікаў. Падыходзіш, запытваеш: колькі гэта каштуе? „Зараз скажу“, — адказвае кансультант і залазіць у інтэрнэт, глядзіць, па якім прадаваць курсе: на гэтую гадзіну адзін кошт, праз тры гадзіны кошт ужо можа зьмяніцца. То бок, у нас некаторыя тавары ўжо стаяць бяз шыльдачак, на якіх указаны канкрэтны кошт, а прадавец бегае і кансультуецца па кошце, да якой там валюты прывязаны тавар, пасьля чаго выстаўляе кошт. Сёньня цэньнік адзін, заўтра — зусім іншы».
Як кажа суразмоўца, захоўваецца ажыятаж ля абменных пунктаў і ў банках. Мала таго, што вольна набыць валюту становіцца ўсё цяжэй, сумы з кожным днём усё больш абмяжоўваюцца:
«Я ведаю, што ёсьць істотныя абмежаваньні на гандаль валютай. Па-першае, практычна ўсе банкі не даюць столькі, колькі ты хочаш набыць — могуць прадаць, калі нічога не зьмянілася, ня болей за 500 даляраў за дзень. Па-другое, ніякай гарантыі, што валюта ёсьць увогуле. Самае галоўнае, ва ўсіх банках, асабліва ў камэрцыйных, вельмі вялікі „разьлёт“ паміж пакупкай і продажам. То бок, 20-25 рублёў розьніца паміж значэньнямі куплі і продажу. Пры гэтым, як ужо казаў, яшчэ ня факт, што даляры ці эўра ёсьць. Калі прыходзіш і просіш 100 даляраў, то можа яшчэ знойдуць, а вось папросіш 300 ці больш, то ўжо кажуць, што няма. Шчыра кажучы, даўно такога не было, і нават калі параўноўваць з 1998 годам, цяпер, як мне падаецца, крызіс глыбейшы і большы. У пляне валютных узрушэньняў — дык дакладна».
Алег Рудакоў з патрыятычных пачуцьцяў сярод іншага займаецца рэалізацыяй у Іркуцку беларускіх вырабаў з ільну і супрацоўнічае з кампаніяй-дыстрыбутарам МАЗу. Фінансавая няпэўнасьць падштурхоўвае да таго, што неўзабаве давядзецца рабіць істотныя карэктывы:
Людзі мятуць усё, проста намагаюцца пазбавіцца аб абясцэненых грошай
«Я ўжо казаў, што кошты ў крамах растуць вельмі моцна, прычым, на ўсё — і на спажывецкія тавары, і на прадукты таксама. Але людзі мятуць усё, проста намагаюцца пазбавіцца аб абясцэненых грошай. Толькі дзесьці штосьці пачуюць, што можна ўзяць таньней, — адразу ж бягуць купляць. У нас тут усе машыны скупілі, у мяне цяпер пуста, ніводнага МАЗа не засталося. Два прычэпы яшчэ стаяць, і тое адзін ужо вось-вось павінны забраць.
З аднаго боку, людзі пазбаўляюцца ад рублёў, зь іншага боку, немагчыма зразумець, па якім кошце што прадаваць. Напрыклад, зараз той жа самы лён, які ў мяне ёсьць, не разумею, як выстаўляць. Тэлефаную ў Беларусь, у Воршу, там кажуць: у нас вы купіце лён значна даражэй. Умоўна кажучы, у мяне ёсьць аршанскі ручнік за 160 рублёў, а цяпер я яго куплю ў Беларусі толькі за 220 рублёў, уяўляеце? Дык я і сам нават ня ведаю, што мне рабіць: ці то замарожваць кошты, ці то распрадаць усё і больш гэтым бізнэсам не займацца, ці нечага чакаць? Проста жахлівая сытуацыя насамрэч», — кажа Алег Рудакоў.
Жыхары аддаленых рэгіёнаў Расеі надзвычай моцна залежаць ад авіязлучэньня. Як кажа Алег Рудакоў, звычайна авіякампаніі пад Новы год ладзілі акцыі, прапаноўвалі зьніжкі, усяляк заклікаючы скарыстацца паслугай. Але цяперашнія кошты на сьвяточныя зусім не падобныя:
«Паколькі ўсё расьце, на гэтым тле нас ужо „парадавалі“, што авіяквіткі вырастуць на вельмі значную суму. Дагэтуль заўсёды былі зьніжкі, і яшчэ ўвосень можна было зьлятаць у Маскву і назад за 14 тысяч рублёў, то цяпер усё — халява скончылася. То бок, былі летнія стандартныя падаражэньні, але ўвосень, зімой і вясной заўсёды рабіліся зьніжкі. Можна было адносна танна трапіць у тую ж Маскву і далей у Менск. Зараз яны ўздымаюць грузаперавозкі да такога ўзроўню, што круглы год будзе так, як летам. А наступным летам, мабыць, будзе яшчэ вышэй. Іншымі словамі, кошты проста непад’ёмныя. Ну, і ўсё астатняе цягнецца за гэтым».
Карэспандэнт: «Што з коштамі на бэнзін? Кажуць, былі перабоі з палівам?»
Тут што ні дзень, то інфармацыя з катэгорыі „зводкі з франтоў“
Алег Рудакоў: «З бэнзінам таксама праблемы. Сапраўды, тыдні два таму быў пэрыяд, калі ў Іркуцку некалькі дзён не было бэнзіну ўвогуле! Стаялі чэргі машынаў, людзі дзяжурылі, але паліва проста не адпускалі, ня ведалі, што рабіць з коштамі, запраўлялі ў нейкіх выключных выпадках. Потым ён урэшце зьявіўся, але кошты, само сабой, былі ўжо іншыя. Карацей кажучы, тут што ні дзень, то інфармацыя з катэгорыі „зводкі з франтоў“ — то адтуль, то яшчэ аднекуль нешта прыляціць. А днямі бананаў ня стала. Я ў адной краме нават абурыўся: як гэта так? Разумею, калі памідораў, агуркоў няма ў вас у Расеі, але ж бананы павінны быць! Цяпер бананы зьявіліся, але ўжо таксама даражэй. Нейкая фігня поўная, нічога не разумееш, толькі сядзіш і думаеш — што рабіць, як жыць?»
Расейцы за апошняе дзесяцігодзьдзе прызвычаіліся да адноснай фінансавай стабільнасьці, але цяпер прымералі скуру беларусаў, якія ва ўмовах экспэрымэнтаў з боку ўладаў нацыянальнай валюце давяраюць у апошнюю чаргу. Падсумоўвае Алег Рудакоў:
«Вось менавіта, што ва ўсіх зараз абсалютная нявызначанасьць: людзі ня ведаюць, як і што павернецца заўтра. Прыкладам, мы ўзялі аднаго мэханіка, дык хлопец хацеў прадаць сваю машыну і набыць новую з салёну. Але папросту баіцца: маўляў, прадам, атрымаю грошы, а пасьля за гэтыя паперкі нічога не куплю. І прытармазіў, хоць сёньня ўжо і пакупнік быў: сам прыехаў, гатовы быў браць. А той кажа: не, ужо прадаваць не жадаю. Атрымліваецца так, што набыць гэтыя паперкі, канечне, можна, але куды іх падзець потым? Ніхто ня верыць абяцаньням у сьветлую будучыню. Таму на сёньняшні дзень проста нейкая нявызначанасьць, а тыя, хто займаюцца бізнэсам, ня могуць вырашыць, ці мае сэнс прадаваць свае тавары ўвогуле. Попыт як быццам ёсьць, можна прадаць. Але яны баяцца, што здарыцца гіпэрінфляцыя, „фанцікі“ застануцца, але рэальна ня будзе чаго памацаць — набыць маёмасьць ці нешта вартае. Таму сытуацыя вельмі складаная».
«Штурмы» гандлёвых цэнтраў з намерам памяняць грошы хоць на які тавар фіксуюцца па ўсёй Расеі. У шэрагу выпадкаў гандляры вымушаныя накласьці часовы мараторый на продаж, паколькі ў сувязі з абясцэньваньнем рубля ніхто ня хоча прадаваць тавар ніжэй за сабекошт.