Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-канфэрэнцыя Ўладзімера Пуціна (онлайн і камэнтары)

Прэзыдэнт Расеі “без абмежаваньня рэглямэнту” адказвае на пытаньні журналістаў. Акрэдытацыю атрымала 1259 прадстаўнікоў розных СМІ, у тым ліку беларускіх.

15:22 18.12.2014
Прэс-канфэрэнцыя скончылася.
15:22 18.12.2014

Пытаньне: Ці вы ня лічыце, што эканамічныя праблемы зьяўялюцца вынікам кадравых і іншых памылак, якія былі прынятыя на працягу апошніх гадоў? Ці вы несяце адказнасьць за гэтыя памылкі? Ці вы прынялі рашэньне пра тое, ці будзеце балятавацца?

УП: Гэта залежыць ад агульных вынікаў працы ў краіне. Трэба настойліва працаваць у інтарэсах грамадзянаў РФ. Па выніках можна будзе зрабіць выснову, каму ісьці на выбары ў 2018 годзе.

Адказнасьць за ўсё, што адбываецца ў краіне, заўжды ляжыць на кіраўніку дзяржавы. Я ад гэтай адказнасьці не ўхіляўся.

Памылкі ёсьць заўжды. Мусіць быць паднятая асабістая адказнасьць і супрацоўнікаў ЦБ, і ўрадавых арганізацый.

Часы цяжкія. Але я лічу палітыку правільнай. Мы можам вырашыць і сацыяльныя задачы, і выйсьці з той сытуацыі, якая склалася на сёньняшні дзень. Ці ў бліжэйшай ці ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Бо эканоміка непазьбежна прыстасуецца да ўмоваў нізкіх цэнаў на энэрганосьбіты.

Нават калі мы зыходзім зь нізкіх цэнаў на энэрганосьбіты, непазьбежна будзе момант, калі ў іх узьнікне патрэба ў сувязі з ростам усясьветнай эканомікі.

Мы гэты пэрыяд пройдзем.

14:47 18.12.2014

Аўтарадыё: Ці магчымая забарона імпартных аўтамабіляў?

«Калі мы сутыкнуліся з санкцыйнай сваволяй, то адзін з варыянтаў быў — забарона ўвозу на расейскі рынак і новых, і патрыманых аўтамабіляў. Бо ўсе заходнія брэнды ўжо працуюць у Расеі. Але пры сёньняшнім курсе (рубля) гэта ня мае аніякага сэнсу. Мы будзем падтрымліваць тых вытворцаў, у тым ліку замежных, якія прыходзяць у Расею і пагаджаюцца з умовамі».

14:45 18.12.2014

Пытаньне з Грузіі: Якія пэрспэктывы расейска-грузінскіх стасункаў?

«Пытаньне як і па ўсходзе Ўкраіны заключаецца ў тым, каб дамаўляцца зь людзьмі, якія жывуць на тэрыторыях. Я ў свой час угаворваў Саакашвілі, які зараз у бягах, каб не пачыналі вайсковых дзеяньняў. Але ён пачаў. Я разумею, што гэта боль Грузіі. Мы нічога не правакуем».

14:35 18.12.2014

Цікава, што пытаньні эканамічнага крызісу пасьля пачатку канфэрэнцыі неяк спыніліся. Пайшлі іншыя тэмы – важныя, але цяпер расейцаў, відаць, больш цікавіць бягучая эканамічная сытуацыя. Між тым адказы Пуціна на пытаньні крызісу прагучалі зусім неаптымістычна. Ён не сказаў нічога пра магчымае «дно» крызісу, як нізка ўпадзе курс рубля, што будзе з ВУП Расеі. Станоўчая лічба росту сёлета ВУП РФ – 0.7% , якую ён назваў на пачатку прэсавай канфэрэнцыі, ня надта высокая, і гэта пры тым, што размова ідзе пра дакрызісны пэрыяд. Названы тэрмін гіпатэтычнага пераадоленьня крызісу – два гады, не абяцае расейцам хуткага вырашэньня эканамічных праблемаў. Як і раней, прэзыдэнт Расеі спрабаваў перавесьці пытаньне ў ідэалягічную плоскасьць, разглядаючы крызіс як выклік расейскай ідэнтычнасьці.

14:25 18.12.2014

14:13 18.12.2014

Джон Сімпсан, ВВС: Заходнія краіны зараз амаль аднагалосны ў тым, што пачалася Халодная вайна і што вы ўнесьлі ў гэта ўнёсак. Мы кожны дзень назіраем, як расейскія самалёты ажыцьцяўляюць небясьпечныя манэўры ў дачыненьні да заходніх краінаў. Я думаю, што гэта робіцца па вашым распараджэньні. У вас праблема ў тым што тычыцца расейскай валюты. Вам патрэбная падтрымка з боку заходніх краінаў. Можа вы скарыстаецеся магчымасьцю заявіць, што вы хочаце канструктыўнага вырашэньня канфлікту ва Ўкраіне.

«Расея зрабіла свой унёсак, але тым, што яна ўсё больш жорстка абараняе свае нацыянальныя інтарэсы. Мы нікога не атакуем, мы толькі абараняем свае інтарэсы. І незадаволенасьць заходніх краінаў зьвязаная толькі з гэтым.

Вы кажаце пра палёты нашай авіяцыі. Вы ведаеце, што Расея цалкам спыніла палёты, а стратэгічныя самалёты зь ядзернай зброяй працягвалі лётаць. Каму пагражалі. Мы не лёталі з года ў год. Мы толькі пар год таму ўзнавілі гэтыя палёты. Хто правакуе? У нас на мяжы толькі дзьве базы і тое, на тэрарыстычна небясьпечных накірунках. Амэрыканскія базы па ўсім зямным шары. Што яны там робяць?

У нас бюджэт міністэрства абароны вырас. Але ў даляравым эквіваленце — 50 мільярдаў, а бюджэт Пэнтагона амаль у 10 разоў больш. Вы хочаце сказаць, што ў нас агрэсыўная палітыка?

Мы свае ўзброеныя сілы высоўваем на межы Штатаў ці іншых дзяржаваў? З намі хаця б нейкі дыялёг хтосьці вядзе? Ні разу. Але тады і мы будзем гэта рабіць. Ці хочам мы раўнапраўных стасункаў? Так, хочам. Але пры безумоўнай павазе да нашых нацыянальных інтарэсаў».

14:07 18.12.2014

У дачыненьні да амніставаных капіталаў будзе дзейнічаць прэзумпцыя невінаватасьці. Пад амністыю капіталу падпадае ня толькі маёмасьць у афшорах, але і маёмасьць у Расеі, перапісаная на сваякоў.


Пры амністыі капіталу пытаньне не ў вяртаньні капіталу, а ў яго легалізацыі. Пуцін абяцае асабіста сачыць за захаваньнем усіх гарантый пры амністыі капіталу.

13:54 18.12.2014

Ройтерз: "Ці асьцерагецеся вы палацавага перавароту, ці гатовыя да яго?".
Пуцін: "Супакойцеся, у нас няма палацаў".

«Калі б Захад заклікаў арганізатараў дзяржаўнага перавароту ва Ўкраіне да парадку, грамадзянскай вайны не было б».

13:52 18.12.2014

Ксенія Сабчак, тэлеканал «Дождь»: Што за тонкая мяжа паміж апазыцыянэрамі і «пятай калёнай». Вы калісьці абвясьцілі, што супраць майго бацькі было абвешчана публічнае цкаваньне ў СМІ. Сёньня гэта вярнулася ў нашае жыцьцё. Гэта ня толькі цкаваньне Макарэвіча, «сяброў хунты» і лаянак кшталту «жыдабандэраўцаў». У мяне адчуваньне, што федэральныя каналы адмыслова распальваюць варожасьць унутры краіны. За сюжэт пра «распятага хлопчыка» ніхто не выбачыўся. Вы не баіцеся гэтага градуса нянавісьці?

«Арганізаванага цкаваньня няма, бо ніхто з афіцыйных органаў улады гэтым не займаецца. Ёсьць нэгатыўная рэакцыя грамадзкасьці. Нашыя эўрапэйскія партнэры робяць інакш. Напрыклад, Газманаву, Кабзону быў забаронены ўезд у Латвію».

13:51 18.12.2014

13:43 18.12.2014

Ксенія Сабчак, Тэлеканал «Дождь»: Кіраўнік Чачэнскай рэспублікі абвясьціў, што Чачня фактычна не падпарадкоўваецца законам РФ. Вы як юрыст, як гарант Канстытуцыі, будзеце абараняць тых грамадзянаў, якія падвяргаюцца дасудовым перасьледам?

«Па гэтым пытаньні ў мяне адзін падыход. Усе мусяць выконваць дзеючыя законы. Другое — я казаў, што жыцьцё больш складанае. Як правіла сваякі людзей, якія зьдзяйсьняюць тэракты, ведаюць пра гэта. Гэта не дае права нікому, у тым ліку і кіраўніку Чачні на дасудовыя расправы. Тут я з вамі згодны. Адпаведныя праваахоўныя органы праводзіць папярэднюю праверку па гэтым факце. Хто былі людзі, якія спалілі дамы і зьнішчылі сваякоў тэрарыстаў, гэта трэба высьветліць.

Але ў сусьветнай практыцы такія дзеяньні прымяняюцца. У тым ліку ў Ізраілі. У ЗША пасьля 2011 году былі легалізаваныя катаваньні. Распрацоўвалася мэтодыка іх выкарыстаньня.

Мы мусім прытрымлівацца закона».

13:31 18.12.2014

LifeNews: Хадаркоўскі абяцаў вам не займацца палітыкай. А цяпер ён заявіў хіба не пра прэзыдэнцкія амбіцыі. Вы не шкадуеце, што памілавалі яго?

«Сапраўды, Хадаркоўскі зьвярнуўся з просьбай пра памілаваньне. Я калі прымаў рашэньне, сыходзіў не з таго, што ён будзе ці ня будзе. Калі ён падыходзіць па крытэрах, Бог у дапамогу, хай працуе. Я прымаў рашэньне па гуманітарных меркаваньнях. Ён пісаў, што мама хварэе. Гэта сьвятое. Ні пра што не шкадую, думаю, што гэта правільна».

13:22 18.12.2014

Пытаньне ад Газета.ру: Вы ўжылі словы «Пятая калёна» і нацыянал-здраднікі. Цяпер пятай калёнай называюць тых, хто ня згодны з уладай. Ці вы адчуваеце асабістую адказнасьць за тое, што вярнулі гэты тэрмін? Дзе мяжа паміж апазыцыяй і «пятай калёнай»?

«Не адчуваю аніякай адказнасьці. Усе мае дзеяньні накіраваныя на тое, каб аб’яднаць нашае грамадзтва. Цяжка даць вызначэньне, дзе сканчаецца апазыцыя і пачынаецца „пятая калёна“. Мяжа гэта ўнутраная, яе цяжка звонку пабачыць. Апазыцыянэр нават жорсткі, да канца змагаецца за інтарэсы сваёй радзімы. А „пятая калёна“ — тыя, хто выконваюць тое, што дыктуецца інтарэсамі іншай дзяржавы».

13:17 18.12.2014

Пуцін працягнуў і разгарнуў параўнаньне Расеі з мядзьведзем у тайзе, якое ён ужыў у адным зь нядаўніх выступаў. Паводле яго, Захад увесь час рабіў ціск на Расею, хацеў ня толькі перавесьці «мядзьведзя» на вегетарыянскае мэню, але і вырваць у яго зубы і кіпцюры, а ў рэшце рэшт зрабіць зь яго пудзіла. Гэта яскравы прыклад мысьленьня «асаджанай крэпасьці». Прыклады заходняга ціску, якія прыводзіў Пуцін – пашырэньне НАТА, разьмяшчэньне ў Эўропе сыстэмы супрацьракетнай абароны – не ўяўлялі сабой замах на тэрытарыяльную цэласнасьць Расеі.


Прэзыдэнт Расеі трактаваў цяперашні крызіс, як выпрабаваньне расейскай ідэнтычнасьці, альтэрнатывай захаваньню якой зьяўляецца геапалітычная параза - «вешаньне скуры мядзьведзя на сьценку».

13:13 18.12.2014

Пытаньне пры сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны:

«Што тычыцца Менскіх дамоўленасьцяў — гэта вельмі важная частка. Я быў адным з ініцыятараў самой сустрэчы ў Менску. Прэзыдэнт Украіны канешне хоча ўрэгуляваньня. Але ён там не адзін. Мы там чуем заявы іншых асобаў, што трэба ваяваць да канца. Мы чуем шмат ваяўнічых заяваў.

Трэба выконваць менскія дамоўленасьці. Нашыя прадстаўнікі ў Менску падпісалі мэмарандум у верасьні, а да яго былі прыкладзеныя пратаколы, якія вызначалі лінію разьмежаваньня. Вось прадстаўнікі Данецка гэтыя пратаколы не падпісалі. Яны ад пачатку сказалі — мы ня можам. Мы спрабавалі настойваць, скажу гэта шчыра. Нам адказалі: мы ня можам сысьці з гэтых вёсак, у нас там сем’і жывуць, мы ня хочам, каб іх там пазабівалі і гвалцілі. І ўкраінскія падразьдзяленьні не выводзяць свае сілы адтуль, адкуль яны мусяць сысьці. З данецкага аэрапорта, напрыклад.

Усе настойваюць на абмене ваеннапалоннымі. Я лічу, што ўсіх трэба памяняць на ўсіх. Але жыцьцё больш складанае. Я лічу, што трэба зрабіць так, каб людзі да новага году, Раства апынуліся ў сваіх сем’ях».

13:03 18.12.2014


Нягледзячы на аптымістычны тон, Пуцін настройвае расейцаў на цяжкі і магчыма доўгі шлях выхаду з крызісу. Ён сказаў, што ў горшым выпадку «адскок у плюс» можа адбыцца толькі праз два гады. Паводле яго цяперашні крызіс справакаваны зьнешнімі сіламі. Але і спадзеў, па вялікім рахунку, ён ускладае на зьнешнія фактары – на рост сусьветнай эканомікі, а не на рэсурсы расейскай эканомікі. Тое, што сярод фактараў крызісу Пуцін не назваў заходнія санкцыі, можна інтэрпрэтаваць як нежаданьне абвастраць стасункі з Захадам.


Фраза пра тое, што урад і ЦБ у цэлым робяць адэкватныя захады, азначае, што ў бліжэйшы час адставак ва ўрадзе і цэнтральным банку Расеі чакаць ня варта.

12:54 18.12.2014

Антон Вярніцкі, ОРТ: Тое, што адбываецца з нашай эканомікай, гэта расплата за Крым?

«Не, гэта натуральная спроба захавацца як дзяржава. Мы пасьля крушэньня Савецкага саюза раскрыліся перад нашымі партнэрамі. Мы пабачылі наўпроставую падтрымку тэрарызму на Паўночным Каўказе. Так партнэры паступаюць?

Мне іншым разам думаецца, можа нашаму мішку трэба пасядзець спакойна? Не ганяць парасят па тайзе? Можа яго ў спакоі пакінуць? Не пакінуць.»

12:51 18.12.2014

Раман Цымбалюк, Агенцтва УНІАН: Вы наладзілі карную апэрацыю на ўсходзе нашай краіны. Не сакрэт, што там ваююць расейскія вайскоўцы. Пры якіх умовах вы адпусьціце лётчыцу Надзею Саўчанку, украінскага рэжысэра Алега Сянцова і яшчэ 30 палонных?

«Па грамадзянцы Саўчанка. Я займаю абсалютна адкрытую пазыцыю. Тут сядзяць калегі тых журналістаў, якія загінулі, выконваючы свой службовы абавязак на тэрыторыі Ўсходняй Украіны. Яны былі бяз зброі. Абавязак усіх дзяржаўных структур — ахоўваць іх жыцьцё і здароўе. Даць ім магчымасьць выконваць свой абавязак. Па дадзеных нашых праваахоўных органаў наводчыкам у гэтым забойстве, была спадарыня Саўчанка. Калі высьветліцца, што яна не вінаватая, яна будзе вызваленая. Калі высьветліцца, што яна вінаватая, яна будзе адбываць пакараньне ў адпаведнасьці з рашэньнем суду.

Што тычыцца іншых. Мы ня лічым іх ніякімі палоннымі. Яны знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі. Па іх праводзіцца папярэдняе сьледзтва па падазрэньні ў датычнасьці да тэрарыстычнай дзейнасьці.

У нас у Расеі за ўсё адказвае прэзыдэнт. Што тычыцца вайскоўцаў, то за іх лёс адказвае вярхоўны галоўнакамандуючы. Усе людзі, якія па поклічу сэрца выконваюць свой доўг, не зьяўляюцца наймітамі. Яны за гэта грошы не атрымліваюць.

На ўсходзе Ўкраіны сапраўды карная апэрацыя. Але яна праводзіцца кіеўскімі ўладамі. Сёньня спрабуюць вырашыць пытаньне з дапамогай эканамічнай блякады. Гэта беспэрспэктыўны шлях.

Спадзяюся, што нам удасца урэгуляваць сытуацыю палітычнымі мерамі ўсьцяж да ўзнаўленьня адзінай прасторы».

12:46 18.12.2014

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG