Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва заклікае суседзяў не купляць электраэнэргію з АЭС Беларусі і Расеі


Міністар энэргетыкі Літвы Рокас Масюліс
Міністар энэргетыкі Літвы Рокас Масюліс

Літоўскі міністар энэргетыкі Рокас Масюліс зьвярнуўся да сваіх калегаў з Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Фінляндыі, а таксама да міністраў эканомікі названых чатырох дзяржаў з прапановай не купляць электраэнэргію з трэціх краін, якія будуюць небясьпечныя атамныя станцыі. Пра гэта сёньня паведамляе зь Вільні BNS.

«Трэба падаць выразны сыгнал аб тым, што электраэнэргія, якая выпрацоўваецца ў парушэньне міжнародных рэглямэнтаў ядзернай бясьпекі і міждзяржаўнай ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, ня будзе прынятая ў Эўразьвязе. Таму неабходна неадкладна і падрабязна абмеркаваць гэтае пытаньне — спачатку на рэгіянальным, а потым — на ўзроўні ЭЗ, і прыняць рашэньні, каб забясьпечыць аднолькавыя ўмовы гандлю электраэнэргіяй з гэтымі краінамі», — гаворыцца ў лісьце міністра Масюліса.

Кіраўнік літоўскага энэргетычнага ведамства называе канкрэтныя аб’екты. Гэта Астравецкая АЭС, якая будуецца на тэрыторыі Беларусі, і Калінінградзкая — у Расеі. Паводле міністра, згаданыя атамныя станцыі, па-першае, уяўляюць пагрозу для навакольнага асяродзьдзя. Па-другое, яны ствараюць несумленную канкурэнцыю на рынку электраэнэргіі.

Літва ня першы раз падымае пытаньне аб бясьпецы Астравецкай АЭС, якая ўзводзіцца за 50 кілямэтраў ад Вільні. Той жа Масюліс у сьнежні 2015 году казаў, што Літва, Латвія і Эстонія маглі б дамовіцца наконт спэцыяльнай сыстэмы падаткаабкладаньня. Адпаведныя падаткі прадухілілі б экспарт электраэнэргіі з Астраўца ў краіны Балтыі.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Літва, гэтаксама як Латвія і Эстонія, цяпер асвойвае сыстэму эўрапейскага электратрафіку, — адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтру „Стратэгія“ Леанід Заіка. — У іх ідзе перавод сваіх энэргасетак на эўраэнэргію. І гэта абсалютна заканамерна. Краіны Балтыі ды Эўразьвяз цалкам вызначыліся ў гэтым пытаньні.

Такая пазыцыя, я думаю, будзе напружваць і Расею, і Беларусь, якія зьбіраліся прадаваць частку сваёй электраэнэргіі ў балтыйскім рэгіёне».

Калі суседзі Літвы падтрымаюць яе пазыцыю, то Беларусі давядзецца накіроўваць усю энэргію з Астраўца на ўласныя патрэбы, — кажа Леанід Заіка:

«У гэтым няма вялікай праблемы, паколькі Беларусь не зьяўляецца энэрганасычанай краінай. Пабудова атамнай станцыі зьменіць усю структуру энэргабалянсу Беларусі.

Але мяне зьдзіўляе, што дагэтуль невядомы кошт энэргіі з Астравецкай АЭС. Няма разьлікаў, колькі яна будзе каштаваць. І ніхто пра гэта ня кажа. Дзіўна, гавораць пра ўсё, акрамя галоўнага з эканамічнага пункту гледжаньня».

Ва ўмовах адсутнасьці дастатковай інфармацыі аб праекце занепакоеная дзеяньнямі Беларусі Літва зьвярнулася ў справе будоўлі атамнай станцыі ў Астраўцы ў Камітэт па выкананьні Орхускай канвэнцыі. У чэрвені 2015 году камітэт прадставіў высновы, згодна зь якімі Беларусь парушала палажэньні канвэнцыі.

Леанід Заіка кажа, што ён разумее літоўцаў:

«Канечне, яны баяцца. Астравецкая станцыя фактычна разьмесьціцца побач зь Вільняй. І ніхто ня можа гарантаваць у выпадку тэхналягічнай катастрофы бясьпеку жыхароў сталіцы Літвы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG