Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфуз зь бюджэтам, ігнараваньне апазыцыйных ініцыятыў: як Палата прадстаўнікоў адпрацавала сэсію


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня правялі 20 сьнежня апошняе пленарнае пасяджэньне ў рамках трэцяй сэсіі. Цяпер, згодна з рэглямэнтам ніжняй палаты Нацыянальнага сходу, яны будуць працаваць у выбарчых акругах і сталых парлямэнцкіх камісіях да 2 красавіка 2018 году, калі стартуе новая, чацьвёртая сэсія.

Свабода распавядае пра найбольш адметныя падзеі ў Палаце прадстаўнікоў цягам трэцяй сэсіі, на якой агулам разгледжана больш за 60 законапраектаў, прынятыя да ведама 5 прэзыдэнцкіх дэкрэтаў.

Канфуз зь бюджэтам: выдаткі на прэзыдэнцкі фонд вырасьлі больш як удвая

19 сьнежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зацьвердзілі нацыянальны бюджэт на 2018 год. На думку старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі, прынятыя дакумэнты «вызначаюць рэалізацыю збалянсаванай бюджэтна-падатковай палітыкі ў 2018 годзе».

Характэрна, што паміж «нулявым» і першым чытаньнямі праекту бюджэту выдаткі на многія сфэры былі прыкметна зьменшаныя, а вось памер прэзыдэнцкага фонду павялічыўся з 442 мільёнаў рублёў да 1 мільярда 200 мільёнаў.

«Ва ўсіх мінус, і толькі ў кіраўніка дзяржавы плюс», — канстатавала дэпутатка Ганна Канапацкая, якая і заўважыла зьмену. Ейнае пытаньне, чаму так адбываецца, міністар фінансаў Уладзімер Амарын, па сутнасьці, праігнараваў.

Ганна Канапацкая ў Палаце прадстаўнікоў
Ганна Канапацкая ў Палаце прадстаўнікоў

Што трэба ведаць пра бюджэт-2018

• Сярэдні заробак у краіне не дасягне ўзроўню 500 даляраў (які Лукашэнка абяцае ўжо больш за 10 гадоў) нават пры станоўчым разьвіцьці эканомікі. Паводле кансэрватыўнага сцэнару сярэдні заробак чакаецца ў памеры 921 рубель, паводле станоўчага — дасягне 941 рубля. Сярэдні заробак у бюджэтнай сфэры — 700 рублёў.

• Грашовая дапамога беспрацоўным павялічвацца ня будзе.

• Стасунак сярэдняй працоўнай пэнсіі да сярэдняга заробку ў краіне складзе 40% да 100%.

• Бюджэт складзены зыходзячы з таго разьліку, што 1 даляр будзе ў сярэднім каштаваць 2,038 рубля.

• Гадавая інфляцыя заплянаваная на роўні 7,4%.

• Падатковая нагрузка складзе 25,2%.

• Кошт 1 барэля нафты чакаецца ў 43 даляры.

Дэпутаты ўнесьлі першыя законапраекты

Упершыню ў гэтым скліканьні (пачынаючы з кастрычніка 2016 году) дэпутаты ўнесьлі на разгляд калегаў два законапраекты, якія яны падрыхтавалі самі, а не атрымалі з прэзыдэнцкай Адміністрацыі або з ураду.

14 сьнежня ўхваленыя зьмены і дапаўненьні ў закон «Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці і пераўтварэньнях дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянэрныя таварыствы». 19 сьнежня прынятыя ў першым чытаньні дапаўненьні і зьмены да закону Рэспублікі Беларусь «Аб інвэстыцыях».

Абодва законы скіраваныя на павелічэньне замежных інвэстыцый у Беларусь.

Ініцыятывы дэмакратычных дэпутатак праігнаравалі

Два важныя законапраекты — аб нарматыўна-прававых актах, які падрыхтавала дэпутатка Алена Анісім, і аб зьменах у выбарчае заканадаўства з ініцыятывы дэпутаткі Ганны Канапацкай, ня трапілі ў парадак дня сэсіі.

Прыняцьце першага закону азначала б, што мэханізм прыняцьця законаў на дзьвюх дзяржаўных мовах гатовы да запуску. Прыняцьце другога дапамагло б істотна дэмакратызаваць Выбарчы кодэкс.

Алена Анісім у Палаце прадстаўнікоў
Алена Анісім у Палаце прадстаўнікоў

Абяцаных слуханьняў аб рэформе адукацыі так і не было

Падчас сэсіі так і не адбылося парлямэнцкіх слуханьняў пра Кодэкс аб адукацыі, заплянаваных на 29 лістапада. Паколькі ўрад дагэтуль не прадставіў гэты дакумэнт дэпутатам, яго абмеркаваньне перанесьлі на нявызначаны час.

На слуханьнях меліся абмеркаваць, сярод іншага, рэзанансныя прапановы Міністэрства адукацыі аб рэфармаваньні гімназій.

Што зьбіраюцца прымаць у 2018 годзе?

Існуе так званы плян падрыхтоўкі законапраектаў на 2018 год. Але яго павінен зацьвердзіць указам кіраўнік дзяржавы. Год таму адпаведны ўказ Аляксандра Лукашэнкі зьявіўся 31 сьнежня.

20 кастрычніка Ўладзімер Андрэйчанка сказаў толькі, што «да другога чытаньня сёньня рыхтуюцца праекты законаў па пытаньнях пітнога водазабесьпячэньня і абароны правоў спажыўцоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG