Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка вучыў Алексіевіч пісаць кніжкі


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлане Алексіевіч стварыла для Аляксандра Лукашэнкі вельмі нязручную сытуацыю.

З аднаго боку, знакамітая пісьменьніца для яго — прынцыповы ідэйны апанэнт. А зь іншага боку, не заўважыць такую падзею, як прысуджэньне галоўнай усясьветнай прэміі, немагчыма. Асабліва з улікам таго, што Лукашэнка віншуе з днём нараджэньня нават другарадных прадстаўнікоў расейскай культуры. Вось нядаўна прэм’ер Кабякоў у Маскве ўручыў беларускія ўзнагароды малавядомым расейскім журналістам. Таму ў Лукашэнкі хапіла здаровага сэнсу павіншаваць Сьвятлану Алексіевіч з узнагародай.

Гэтая сытуацыя падобная да ўзаемаадносін Лукашэнкі з Васілём Быкавым. Знакамітую фразу пра «стихи Быкова» ён сказаў у адказ на вострае пытаньне на расейскім тэлеканале пра непавагу да знакамітага пісьменьніка.

Нязручная сытуацыя для Лукашэнкі ўзьнікае яшчэ ў адным сэнсе. Ён увесь час выказвае прэтэнзіі беларускім пісьменьнікам, што яны не ствараюць выбітных твораў. Маўляў, дайце мне, пакажыце, напішыце «Вайну і мір», і тады я вас уганарую.

Дык вось, калі ласка, Сьвятлана Алексіевіч атрымала прызнаньне, вышэйшага за якое ў сьвеце няма. І тут высьвятляецца, што за час кіраваньня Лукашэнкі беларускія дзяржаўныя выдавецтвы не друкавалі яе кніжак. Няма прарока дома пад бокам. «Вайна і мір» ёсьць, толькі ўлады яе не заўважылі і не прызналі.

«Вайна і мір» ёсьць, толькі ўлады яе не заўважылі і не прызналі

Але тут існуе і глыбейшая праблема. Справа ня толькі ў тым, што Лукашэнка кніг не чытае. «Усе кніжкі я ўжо прачытаў раней», — казаў ён, адказваючы на пытаньні расейскіх журналістаў у кастрычніку 2007 году. Кіраўнік Беларусі ў поўнай меры не разумее самакаштоўнасьці культуры і мастацтва, існаваньня адмысловага мастацкага сьвету. Як і ў савецкія часы, гэты сьвет успрымаецца ім утылітарна, толькі як галіна народнай гаспадаркі. «Нацыянальную культуру мы разглядаем як надзвычай важны стратэгічны рэсурс дзяржавы», — казаў ён на адмысловай нарадзе ў 2001 годзе. То бок культура бачыцца ім не як унікальны сацыяльны фэномэн, а ўсяго толькі як рэсурс дзяржавы, нароўні з вайсковым, фінансавым і іншымі рэсурсамі.

Акрамя таго, па савецкай традыцыі Лукашэнка разглядае культуру як інструмэнт у руках дзяржавы па «выхаваньні» народа ў рэчышчы апошніх палітычных установак. На сустрэчы з кіраўніцтвам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў у верасьні 1998 году кіраўнік Беларусі стаў крытыкаваць Сьвятлану Алексіевіч. Маўляў, няправільна піша. Вось ягоныя развагі:

«І кніжкі Сьвятланы Алексіевіч выдадзеныя ня толькі таму, што яна зь Беларусі ці што яна падняла чарнобыльскія праблемы ці праблемы воінаў-„аўганцаў“. Вы спытайце: ці была яна ў Чарнобылі або Аўганістане? Ці прайшла гэтыя дарогі? Ці прачула тых людзей? Тым, хто бывае ў чарнобыльскай зоне, жыў ці працаваў там, сорамна яе кніжкі чытаць. Часам асобныя месцы ў кніжцы — проста абраза для гэтых людзей. Дзякуй Богу, што ня ўсе яны яе чыталі... Бог ёй судзьдзя, Сьвятлане. Але ў яе няма пачуцьця трагедыі Чарнобыля, нават калі яна прэтэндуе на аб’ектыўнасьць і праўду. Але і праўда з рознымі знакамі бывае. Ёсьць голая праўда — гэта самая страшная праўда. Але ці патрэбная ў літаратуры гэтая голая праўда сёньня? Праўда павінна быць хоць зь нейкім мабілізуючым, аб’яднаўчым адценьнем, каб яна не забівала людзей. Вы разумееце, пра што я хачу сказаць? Так, павінна быць усё сказана — дакладна, канкрэтна, праўдзіва. Але ўсё гэта павінна будзіць сілы да жыцьця. Можа, веліч празаіка і паэта і палягае ў тым, каб умець тонка падаць або, можа, абысьці самыя страшныя месцы. Можа, так, падтэкстам падаць, каб многіх гэтая голая праўда не спалохала. Тыя, хто хоча дакапацца да ісьціны, заўсёды разьбяруцца і будуць рады, што яны ўсё самі асэнсавалі. А іншы, каго гэтая праўда палохае, сьвядома да гэтых глыбінь ня будзе дакопвацца. У гэтым жа жыцьцё». («Советская Белоруссия», 1998, 16 верасьня.)

У гэтых развагах уголас — і непахісная ўпэўненасьць правадыра ў праве даваць указаньні мастакам, і эстэтычная глухата, і вельмі прымітыўнае ўяўленьне пра сацыяльную ролю мастацтва, якая зводзіцца да «мабілізацыі».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG