Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як бы я ні хаваўся, вы будзеце мяне зьневажаць», — як быць ахвярай гамафобіі ў Беларусі


Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com
Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com

«Мы сядзім з маім хлопцам у кавярні і нават не трымаемся за рукі. Размаўляем пра працу, пʼём каву. І я чую, як за суседнім столікам хлопец кажа дзяўчыне: „О, під...сы, за...лі“ і на мяне глядзіць. Раней я супакойваў сябе, што гэта нармальна, перажыву — галоўнае, што мяне не зьбіваюць, мы з хлопцам жывём разам, мы шчасьлівыя.

А тут я раптам разумею: што б я ні рабіў, як бы я ні хаваўся, вы будзеце мяне зьневажаць, вы будзеце зь мяне зьдзекавацца».

17 траўня 1990 году гомасэксуальнасьць выключылі зь Міжнароднай клясыфікацыі хваробаў. Штогод гэты дзень адзначаюць як Сусьветны дзень барацьбы з гамафобіяй і трансфобіяй.

25 траўня 2014 году Міхаіл Пішчэўскі быў зьбіты каля менскага клюбу, у якім адбывалася ЛГБТ-вечарынка. Год ён правёў у коме і памёр 27 кастрычніка 2015 году. Дзьмітры Лукашэвіч, які зьбіў Міхаіла, прайшоў праз два судовыя працэсы. Падчас першага ён атрымаў 2 гады 8 месяцаў і праз год выйшаў на волю па амністыі. Пасьля сьмерці Міхаіла над Дзьмітрыем адбыўся новы суд, які асудзіў яго да 3 гадоў пазбаўленьня волі. У студзені 2017-га яго вызвалілі датэрмінова.

«Справа Пі» — у гонар загінулага Міхаіла Пішчэўскага назвалі кампанію барацьбы супраць гамафобіі, якая распачалася ўвесну 2017 году. Пра яе распавядаюць каардынатар кампаніі Андрэй Завалей і прадстаўніца ініцыятыўнай групы «Ідэнтычнасьць і права», сябра каманды кампаніі «Справа Пі» Натальля Манькоўская.

Аляксандра Дынько: Мы размаўляем напярэдадні 17 траўня, і часта даводзіцца чуць крыўды ад людзей, што «вось, маўляў, вы, журналісты, толькі раз на год зьвяртаеце на нас увагу». Што да публікацый, то не пагаджуся з тым, што «раз на год», але і мне асабіста здаецца важнай любая дата, якая можа нагадаць вялікай колькасьці людзей аб праблеме, пра якую яны звычайна не задумваюцца. Ці вы лічыце, што такі дзень патрэбен?

Андрэй Завалей: Мы штодня жывём з нашымі праблемамі. І я салідарызуюся з пазыцыяй, што нельга зьвяртацца да іх раз на год. Бо барацьба з гамафобіяй у маім жыцьці адбываецца штодня.

Але гэты дзень важны. Гэта моцны сыгнал для ЛГБТ-людзей пра тое, што [наконт гомасэксуальнасьці] ёсьць афіцыйная пазыцыя мэдыкаў і Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя. Гэта моцны мэсыдж пра тое, што нэгатыўнае стаўленьне да ЛГБТ-людзей базуецца толькі на стэрэатыпах, ніякай навуковай базы тут няма, і што тэхнічны прагрэс даўно ўжо патлумачыў нам, што зямля ня плоская, а гомасэксуальнасьць не хвароба.

Гэты дзень дапамагае пераадолець вельмі балючыя пытаньні ўнутранай гамафобіі. І самім сабе сказаць: мы вартыя павагі, мы паўнавартасныя чальцы грамадзтва.

Андрэй Завалей
Андрэй Завалей

Натальля Манькоўская: Так можна сказаць пра любую «праваабарончую дату». Ёсьць жа нават такі тэрмін «дацкія публікацыі» — прымеркаваныя да пэўнага дня. Думаю, што «даты» павінны быць. Калі б ніводнага адмысловага дня ў годзе не было, нашу працу было б рабіць цяжэй.

Але што да даты 17 траўня, то згадаю яшчэ адну праблему. Мы разумеем, што ЛГБТ-людзі вельмі разнастайныя ў залежнасьці ад сваёй сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасьці, узросту, полу і гэтак далей.

Калі мы гаворым аб праблемах ЛГБТ, то часта гэта ўспрымаецца як праблема гомасэксуальных мужчын. А пра лесьбіянак згадваюць ужо менш. Пра трансгендэрных людзей, пра бісэксуалак і бісэксуалаў ня згадваецца амаль ніколі.

Таму я хацела нагадаць, што гэта дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй, біфобіяй і лесбафобіяй.

Натальля Манькоўская
Натальля Манькоўская

АД: Беларускі абывацель разумее гэтыя адрозьненьні? Ці ўсё ж большасьці здаецца, што ў сфэры ЛГБТ усе аднолькавыя і ва ўсіх там адны праблемы?

НМ: Разуменьня, што супольнасьць разнастайная, няма і сярод самой супольнасьці. Я і слова «супольнасьць» не люблю, бо такім чынам мы неяк прэзумуем, што ўсе лесьбіянкі, геі і транссэксуалы ведаюць адно аднаго, сабраліся на нейкія канфэрэнцыі, нешта вырашылі, маюць адзін погляд на ўсё на сьвеце. І кожны можа гаварыць за ўсю супольнасьць. Але гэта, зразумела, зусім ня так.

Калі мы гаворым аб праблемах ЛГБТ, то часта гэта ўспрымаецца як праблема гомасэксуальных мужчын. А пра лесьбіянак згадваюць ужо менш. Пра трансгендэрных людзей, пра бісэксуалак і бісэксуалаў ня згадваецца амаль ніколі.

АЗ: Гэта праблема генэралізацыі, абагульненьняў у прынцыпе. Мы чуем слова, якое нейкім чынам абʼядноўвае супольнасьць, і ў нас працуе ў мазгах «кнопачка», што мы ўсіх можам паводле адной прыкметы абʼяднаць. Ніякай няма прыкметы. Вельмі мала прыкметаў, паводле якіх мы можам абʼядноўвацца — ці гэта ўсе беларусы, ці гэта ЛГБТ-супольнасьць.

Першая з праблемаў, на маю думку, — гэта патрыярхат у самім ЛГБТ-камʼюніці. І гэта адбываецца ва ўсім сьвеце. Рухі пачынаюцца зь белых цысгендэрных мужчын (цысгендэр — тэрмін, які абазначае людзей, чыя гендэрная ідэнтычнасьць супадае з полам пры нараджэньні. — РС). Мы можам доўга разважаць, чаму так адбываецца, але такая праўда.

Ня кажучы ўжо пра беларускіх абывацеляў: можна паглядзець, што выдаюць нашы «прасунутыя» людзі — у мяне гэта часта выклікае шок. «Наша ніва» піярыць фэйсбучныя пасты іншых людзей, а я прапіяру «Нашу ніву». Я зрабіў скрыншот, як супрацоўнік «НН» камэнтаваў пост, датычны ЛГБТ-людзей. Гэта прасунуты чалавек, які займаецца незалежнай журналістыкай, дэмакратычна скіраваны... І ён піша ў сваім камэнтары спачатку «ЛГБТ», а пасьля вырашае пакінуць, напэўна, больш «крыўдны» камэнтар і піша «гомікі».

Для мяне ў гэтым квінтэсэнцыя праблемы. Усё роўна ёсьць «тытульная ідэнтычнасьць» — вось гэтыя «гомікі», а астатнія — быццам бы другасныя. Я, адкрыты гей і белы чалавек, бачу сваім абавязкам казаць пра гэтую праблему, бо я не хачу быць на гэтым «пʼедэстале». Я толькі адзін з ідэнтычнасьцяў, якія ёсьць у ЛГБТ-камʼюніці, і я хачу роўнасьці і салідарнасьці ў ім.

АД: Але гомасэксуальныя мужчыны робяцца і першымі ахвярамі гамафобіі, ці ня так?

НМ: Паводле апошняга дасьледаваньня Satio, каля 70% беларусаў не хацелі б, каб іхным суседам быў «прадстаўнік сэкс-меншасьцяў». А наконт таго, хто становіцца ахвярай злачынства на глебе нянавісьці, то трэба кожны выпадак разглядаць індывідуальна.

Большасьць выпадкаў, пра якія мы ведаем, гэта калі гомасэксуальныя мужчыны станавіліся ахвярамі. Ёсьць выпадкі, калі цярпелі трансгендэрныя жанчыны, жанчыны-лесьбіянкі і бісэксуалкі. Гетэрасэксуальныя мужчыны і жанчыны могуць станавіцца ахвярамі такіх злачынстваў, калі нехта палічыць, што яны належаць да ЛГБТ. І гэта важна падкрэсьліць, таму што інакш мы нейкую групу пакінем «за бортам» — маўляў, калі жанчын рэдка бʼюць, то пра гэта і ня трэба казаць. Пра ўсё трэба казаць.

Каля 70% беларусаў не хацелі б, каб іхным суседам быў «прадстаўнік сэкс-меншасьцяў»

Асобная праблема — гэта падстаўныя спатканьні. Злачынцам усё адно, хто будзе іхнай ахвярай, абы гэта быў гей. Яны прызначаюць спатканьні ў бязьлюдных месцах, зьбіваюць, абкрадаюць, бо ўпэўненыя, што ахвяра не заявіць у міліцыю. І часта яны тут маюць рацыю. За 2015–2016 гады нам вядома пра 14 злачынстваў на глебе гамафобіі ці трансфобіі. Ад іх пацярпелі 16 чалавек, і толькі палова зь іх зьвярнуліся ў міліцыю. Толькі ў двух выпадках быў вынесены абвінаваўчы прысуд нападнікам.

Сёлета было ўжо два прысуды. Але ёсьць выпадкі, калі адмаўляюць у завядзеньні крымінальнай справы, хоць там відавочна, што чалавека зьбілі ў публічным месцы і гэта можна назваць хуліганскім учынкам.

Найбольш уразьлівыя ў гэтай сытуацыі падлеткі. Калі ён ці яна — ахвяра злачынства, міліцыя будзе прыцягваць бацькоў, бо непаўналетні пацярпелы мусіць рэалізоўваць свае правы праз законнага прадстаўніка.

Быў выпадак, калі 17-гадовы хлопец стаў ахвярай падстаўнога спатканьня. Яго зьбілі, забралі грошы. Звычайна нападнікі прымушаюць рабіць камін-аўт на відэа. У гэтым выпадку яны таксама гэта зрабілі і сказалі, што калі ты не прынясеш пэўную суму, то гэта будзе ў інтэрнэце. Хлопец ведаў, што бацька — гамафоб. І ён некалькі месяцаў знаходзіўся ў стане пастаяннага страху. Гэта безвыходная сытуацыя часам можа прывесьці да самагубства.

У тым выпадку нам не ўдалося давесьці справу да таго, каб ён пайшоў у міліцыю. Мы паразмаўлялі з бацькамі. Яны, здаецца, нас зразумелі, але ў міліцыю не пайшлі. Пасьля гэтага камін-аўту хлопец перастаў баяцца бацькоў, але стасункі так і не нармалізаваліся. Яны яго вадзілі да псыхоляга, які казаў ім: «Не, ён ня гей, гэта такая мода, да мяне шмат такіх прыходзіць».

Ёсьць беспакаранасьць і ўпэўненасьць злачынцаў у тым, што з боку міліцыі яны сустрэнуць спачуваньне

Ёсьць беспакаранасьць і ўпэўненасьць злачынцаў у тым, што з боку міліцыі яны сустрэнуць спачуваньне. Мы ўсе жывём у інтэрнэце, незалежна ад сэксуальнай арыентацыі, у тым ліку знаёмімся. Калі мы ідзём на спатканьне, то важна адчуваць бясьпеку. Паводле дасьледаваньняў, найбольш бясьпечна пачуваюцца на спатканьнях гетэрасэксуальныя мужчыны. А гомасэксуальныя мужчыны і гетэрасэксуальныя жанчыны — найменш.

АД: Што ў такіх умовах перажываюць трансгендэрныя людзі? Пра іх сапраўды гавораць вельмі рэдка і часта ў трагічных абставінах, як гэта было з героем артыкула ў газэце «Вячэрні Магілёў».

НМ: Праблемы, зь якімі сутыкаюцца людзі, якія робяць гендэрны пераход, проста неверагодныя.

На працы можна да пэўнай мяжы ўтойваць сэксуальную арыентацыю. Але калі чалавек робіць гендэрны пераход, то гэта амаль кляймо на лбе. У нас у пашпарце ёсьць ідэнтыфікацыйны нумар, у якім першая лічба — гэта пол: цотная для жанчын і няцотная ў мужчын. Чалавек мяняе пол, а лічба не мяняецца. Апошнія пару гадоў выдаюць пашпарты з гендэрна нэўтральнымі нумарамі. Але гэта датычыцца толькі тых, хто першы раз атрымлівае пашпарт; усе дарослыя на сёньняшні момант людзі маюць сэгрэгаваныя нумары.

Быў выпадак, калі памежнік, узяўшы пашпарт на праверку, на ўвесь вагон закрычаў: «Вы што, пол памянялі?»

І гэта прыводзіць да выкрыцьця гендэрнай ідэнтычнасьці чалавека пры любым прадʼяўленьні пашпарта. Калі чалавек прыходзіць уладкоўвацца на працу, зьвяртаецца па крэдыт, у абменьнік. Быў выпадак, калі памежнік, узяўшы пашпарт на праверку, на ўвесь вагон закрычаў: «Вы што, пол памянялі?».

І гэта адбываецца штодня. Мая каляжанка хадзіла ў банк рабіць сабе картку. Калі супрацоўніца пабачыла, што яна ўжо зьвярталася ў гэты банк пад папярэднім мужчынскім імем, пачалася цэлая эпапэя з дакумэнтамі. Падчас яе супрацоўнікі пачалі пасьмейвацца. І чалавек, вядома, пачуваўся прыніжаным.

Я ведаю трансгендэра, якая пяць разоў страчвала працу, бо рабілася вядома, што яна зрабіла гендэрны пераход. А трансгендэрных людзей, якія не сутыкаліся б з дыскрымінацыяй, я ня ведаю. Усе па-рознаму да гэтага ставяцца. Хтосьці кажа: «ну фіг з вамі». Але калі раз за разам ты ня можаш уладкавацца, цябе выганяюць са здымнай кватэры, ты мусіш выехаць са свайго гораду, то чалавек ужо як заяц бегае, каб хтосьці не даведаўся пра яго ці яе мінулае.

Трансгендэрныя мужчыны, калі робяць пераход, не прыдатныя да вайсковай службы, але паводле артыкула 19А Сьпісу хваробаў. А гэты артыкул сьведчыць пра сурʼёзныя псыхічныя захворваньні. Артыкул стаіць у вайсковым білеце, а білет — абавязковы дакумэнт пры прыёме на працу. І ў аддзеле кадраў адразу прыходзяць да думкі, што чалавек псыхічна хворы. І з такім білетам чалавека не бяруць ні на якую працу.

І вось мы адзначаем 27-ю гадавіну таго, што гомасэксуальнасьць не зьяўляецца псыхічнай хваробай. А трансгендэрнасьць дагэтуль лічыцца захворваньнем псыхікі.

Цяпер рыхтуецца міжнародная клясыфікацыя хваробаў 11-га перагляду. Паводле праекту, гендэрная дысфарыя ўжо не разглядаецца як псыхічнае захворваньне, а толькі як назалёгія, зьвязаная з сэксуальным здароўем. Ёсьць спадзеў, што налета яна будзе прынятая і трансгендэрнасьць ужо ня будзе так стыгматызавацца, як цяпер.

Заканадаўства адносна гомасэксуальнасьці ў сьвеце
Заканадаўства адносна гомасэксуальнасьці ў сьвеце

АД: Ці ўплываюць на такія праявы гамафобіі вонкавыя абставіны: напрыклад, жыве чалавек у малым ці ў вялікім горадзе?

АЗ: Побытавы ўзровень разуменьня тэмы застаецца савецкім — і гэта тычыцца і адказных людзей, чыноўнікаў, мэдработнікаў. Безумоўна, сустракаецца сярод іх эмпатыя, сымпатыя і разуменьне — разумныя людзі ёсьць паўсюль, — але гэта кропкавыя зьявы. І ня важна — Менск гэта ці рэгіён, бо гэта цэнтралізаваная сыстэма.

Вось мой досьвед ваенкамату. Я шчыра паведаміў мэдработніцы ў ваенкамаце, што я гомасэксуал і што служба ў войску можа быць рызыкай для майго здароўя. Яна сказала: «Так, я разумею. Мы будзем спрабаваць, каб вы зь нейкай іншай прычыны ня трапілі ў войска». То бок на прыватным узроўні яна мяне зразумела. Але на юрыдычным узроўні тое, што я гей, не прычына не ісьці ў войска.

Я шчыра паведаміў мэдработніцы ў ваенкамаце, што я гомасэксуал і што служба ў войску можа быць рызыкай для майго здароўя. Яна сказала: «Так, я разумею. Мы будзем спрабаваць, каб вы зь нейкай іншай прычыны ня трапілі ў войска».

Што да асабістага жыцьця, то тут ёсьць быццам бы мяжа: яно сканчаецца за дзьвярамі твайго жытла. Бо шмат людзей кажуць: «рабіце што хочаце, толькі пад уласнай коўдрай». Твае рамантычныя стасункі з чалавекам ня могуць выйсьці за гэтую мяжу. Вынікам гэтага зьяўляецца заканадаўчая няроўнасьць, тваё жыцьцё выцясьняюць у «шэрую зону». Ты ня можаш трапіць у рэанімацыю да свайго хворага партнэра, ня можаш падзяляць зь ім маёмасьць. Сваё каханьне ты ня можаш праяўляць ніяк. А калі ты гэта робіш, ты сустракаесься з агрэсіяй.

Вось выпадак: мы сядзім з маім хлопцам у кавярні і, вядома, нават не трымаемся за рукі і ніякім іншым чынам не праяўляем свайго каханьня. Размаўляем аб працы, пʼём каву. І я чую, як за суседнім столікам хлопец кажа дзяўчыне: «О, під...сы, за...лі» і на мяне глядзіць. Раней я супакойваў сябе — перажыву, галоўнае, што мяне не зьбіваюць, мы з хлопцам жывём разам, мы шчасьлівыя.

А тут я раптам разумею: што б я ні рабіў, як бы я ні хаваўся, вы будзеце мяне зьневажаць, вы будзеце зь мяне зьдзекавацца.

Калі я пачуў, што мяне абражаюць, я ня ведаў, што мне рабіць. Ведаю, што мая годнасьць прыніжаная і так быць не павінна. Але я зьвярнуся ў міліцыю, а мне скажуць: «Ну чувак, ты што, сурʼёзна?» Я падыду да яго і скажу: «Калі ласка, не рабі так, ты ня маеш рацыі». І ён мне скажа: «Оʼкей». Але што калі ён пачне мяне біць? Ізноў жа мне будзе патрэбная дапамога міліцыі, і атрымаць яе будзе складана. Мяне зноў будуць зьневажаць.

Таму шмат людзей зьяжджаюць і шмат людзей хаваюцца. Я разумею, чаму людзі не адкрываюцца, бо я адкрыты гей і для мяне кожны дзень — гэта барацьба з гамафобіяй. А хочацца проста жыць.

Мне здаецца важным згадаць, што адбываецца цяпер у Чачэнскай рэспубліцы. Чачня — гэта блізка. Калі паглядзець на камэнтары пасьля тых рэдкіх публікацый, якія зьяўляюцца на тэму ЛГБТ у нас, то заклікаў да гвалту і забойства вельмі шмат. І пачынаеш задавацца пытаньнем: а ці ёсьць розьніца паміж Менскам і Грозным?

Калі паглядзець на камэнтары пасьля тых рэдкіх публікацый, якія зьяўляюцца на тэму ЛГБТ у нас, то заклікаў да гвалту і забойства вельмі шмат. І пачынаеш задавацца пытаньнем: а ці ёсьць розьніца паміж Менскам і Грозным?

Калі ў Беларусі магчыма маладога хлопца шантажаваць тым, што ён гомасэксуал, гэта параза гуманізму ў нашай краіне.

Так склалася, што я нарадзіўся менавіта ў гэты дзень — 17 траўня. Мне таксама 27 гадоў, як і падзеі, якую мы сёньня адзначаем. Пакуль у Беларусі ёсьць сыстэматычная стыгматызацыя ЛГБТ-людзей ды пакуль ёсьць меркаваньне, што «сядзіце пад коўдрай, у вас жа ўсё нармальна», я буду гэтаму супрацьстаяць.

АД: Чаму ўрэшце зьявілася памкненьне заснаваць кампанію «Справа Пі»?

АЗ: Тры гады таму 25 траўня Міша Пішчэўскі са сваімі сябрамі адпачываў у клюбе. Для ЛГБТ-людзей у Беларусі адзінае месца, дзе можна быць сабой, проста адпачываць і танцаваць, камунікаваць — гэта закрытыя вечарыны. Для яго гэта скончылася стратай 20 адсоткаў галаўнога мозгу, годам знаходжаньня ў вэгетатыўным стане і сьмерцю. Для яго сямʼі гэта скончылася неверагоднай трагедыяй.

Міхаіл Пішчэўскі пасьля зьбіцьця, фота gazetaby.com
Міхаіл Пішчэўскі пасьля зьбіцьця, фота gazetaby.com

Мне было цяжка разумець, што сьмерць чалавека можа адбыцца праз гамафобію. Важна дадаць, што ён ня быў адкрытым гомасэксуалам. Ягоная сямʼя ня ведала. Маці дагэтуль ня ўпэўненая, кажа, што ніколі пра гэта не размаўлялі.

Кампанія «Справа Пі» — гэта кампанія памяці Мішы Пішчэўскага. На яе старце мы ладзім паказ фільму «Мой сябар Мэт Шэпард». Гэты хлапец стаў сымбалем барацьбы з гамафобіяй па ўсім сьвеце. Стаў ён гэтым сымбалем, бо яго забілі, а ягоная сямʼя далучылася да вельмі сурʼёзнай актывісцкай працы. Яны дагэтуль езьдзяць па сьвеце, і гэта зрабілася сэнсам іх жыцьця.

Мне было страшна адчуваць, што сьмерць Мішы Пішчэўскага можа згубіцца, зьнікнуць, і сваякі ягоныя застануцца з гэтым сам-насам. Я вельмі рады, што кампанія пачынае сваё жыцьцё і мы будзем 31 траўня ладзіць паказ для СМІ. Мы бачым канкрэтныя праблемы і шляхі, якімі мы можам сытуацыю зьмяняць.

НМ: Гэта не барацьба актывістаў і актывістак. Гэта тое, што кожны можа зрабіць у сваім жыцьці незалежна ад сваёй сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасьці. Кожны можа даваць сваю акрэсьленую пазыцыю. Усе мы можам выказаць сваё стаўленьне да таго, што нельга людзей абражаць, зьбіваць, што ўсе людзі роўныя. І кожны можа разьлічваць на тое, каб быць у бясьпецы, а ня быць зьбітай, згвалтаванай, абражанай. Гэта не патрабуе значных высілкаў. Мы можам рабіць гэта ў межах нашых прафэсійных кампэтэнцый. Можаш зрабіць запіс у «Фэйсбуку» супраць гамафобіі — зрабі. Можаш напісаць артыкул — напішы. Можаш патлумачыць свайму знаёмаму, што ён гамафоб, — патлумач.

АЗ: У Беларусі ёсьць заканадаўства, якое мусіць абараняць уразьлівыя групы. Панятку hate crimes — «злачынствы на глебе нянавісьці» — у нас няма. Але ў нас ёсьць артыкул 64 п. 9 Крымінальнага кодэксу «абцяжлівыя абставіны» — калі злачынства ўчынена з матываў рэлігійнай, нацыянальнай, этнічнай варожасьці або варожасьці да іншай сацыяльнай групы, то гэта лічыцца такімі абставінамі.

У лютым 2016 году быў упершыню выкарыстаны гэты артыкул у дачыненьні да злачынстваў на глебе гамафобіі ў справе пра падстаўныя спатканьні.

Зьмены мусяць быць, але гаворка пра тое, што нават наяўныя рэсурсы не выкарыстоўваюцца. Таму патрабаваць ужываньня гэтага пункту артыкула — гэта адна з мэтаў кампаніі.

АД: Ці сьмерць Міхаіла Пішчэўскага нешта зьмяніла ў стаўленьні людзей да ЛГБТ? Ці стане ён беларускім Мэтʼю Шэпардам?

НМ: Не вазьму на сябе сьмеласьць адказваць за ўсіх. Гэта страшная трагедыя. Але такіх трагедый ужо была не адна і ня дзьве. У 90-я людзей забівалі, і міліцыя тады проста адмаўлялася гэта расьсьледаваць — маўляў, забойствы «нармальных» людзей не расьсьледуюцца, а гэта «разборкі гомікаў». Цяпер пра такія выпадкі сталі гаварыць. І гэта крок наперад. І нават на форумах, дзе розныя звычайна камэнтары, пасьля сьмерці Міхаіла было збольшага меркаваньне, што людзей зьбіваць нельга, нават калі камусьці не падабаюцца гомасэксуалы.

Думаю, што важна ня страціць гэты запал.

АЗ: У мяне шмат страху, што Міша ня стане Мэтʼю Шэпардам для Беларусі. І для мяне гэта будзе параза.

Я ня Міша Пішчэўскі, я ня Мэтʼю Шэпард, якога ў 1998 годзе пакінулі паміраць прывязаным да плота. Але я ахвяра гамафобіі. Усё сваё жыцьцё я пражыў са страхам унутры, я заўсёды падсьвядома чакаю ад людзей вакол зьнявагі, зьдзекаў ды прыніжэньня — гэта рэаліі жыцьця ЛГБТ-людзей у гамафобным грамадзтве. І пра гэта важна гаварыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG