Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талерантнасьць па-беларуску — абыякавасьць


Віталь Гуляк
Віталь Гуляк

16 лістапада — Міжнародны дзень талерантнасьці. Ён быў заснаваны Генэральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў дзеля пашырэньня ў сьвеце ідэяў цярпімасьці і паразуменьня, культурнай і гістарычнай разнастайнасьці народаў.

Грамадзкі актывіст з Ваўкавыску Віталь Гуляк зьвярнуўся ў суд Фрунзенскага раёну Менску, каб прыцягнуць да адказнасьці чатырох менчукоў, якія зьбілі з прычыны ягонай сэксуальнай арыентацыі. Адзін з нападнікаў атрымаў штраф за цялесныя пашкоджаньні, суду над іншымі Віталь Гуляк чакае ўжо некалькі месяцаў. І гэта не адзіны выпадак нецярпімасьці да людзей нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі ў Беларусі, кажа намесьніца старшыні праваабарончага праекту «Гейбеларусь» Натальля Манькоўская:

«Калі браць побытавую гамафобію, злачынствы нянавісьці, я магу сказаць, што беларускае грамадзтва яшчэ вельмі неталерантнае. Паводле апытаньняў 2009 году, 57% менчукоў выказаліся за абмежаваньне права ЛГБТ-супольнасьці на мірныя сходы. Гэта значыць, што сытуацыя ня вельмі дрэнная, але ў цэлым грамадзтва патрабуе росту ў галіне талерантнасьці».

Стыгма і дыскрымінацыя — тыя зьявы, якія працягваюць суправаджаць носьбітаў ВІЧ-інфэкцыі і хворых на СНІД. Аднак апошнімі гадамі сьвядомасьць беларускага грамадзтва ў гэтым кірунку пачала зьмяняцца, кажа лекар гарадзкога Цэнтру прафіляктыкі СНІД Вольга Быкава:

«Калі параўнаць як мы пачыналі працаваць, то, вядома, большасьць насьцярожана ставілася да людзей ВІЧ-інфікаваных. Але зараз ужо няма такіх грубых выпадкаў, калі нейкім чынам становіцца вядома пра захворваньне чалавека і ён ідзе ўладкоўвацца на працу, а яго не бяруць. Няма такіх прыкладаў, каб дзіця дзесьці не прынялі ў школу ці дзіцячы садок — гэта ўжо даўно мінулы этап. І нашы сацыялягічныя дасьледаваньні апошнімі гадамі паказваюць, што насельніцтва ставіцца да носьбітаў ВІЧ нашмат больш талерантна».

Расстрэл Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава, прызнаных вінаватымі за выбух у менскім мэтро, узьняў новую хвалю дыскусіяў пра сьмяротнае пакараньне. У Беларусі яно было зацьверджана Крымінальным кодэксам у выніку агульнадзяржаўнага рэфэрэндуму, але цяпер грамадзкае стаўленьне да вышэйшай меры таксама зьмяняецца, кажа каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда:

«Тэма сьмяротнага пакараньня стала на слыху ў самога грамадзтва, і стаўленьне да гэтай тэмы памянялася. Я думаю, гэта сталася ў выніку комплексу прычын. У тым ліку — што сьмяротнае пакараньне набыло чалавечае аблічча ў асобах гэтак званых тэрарыстаў і нават маці аднаго зь іх. І калі казаць пра нейкую гуманізацыю невялікую і талерантнасьць у гэтым пытаньні, то мне падаецца, што гэта ёсьць».

Талерантнасьць — рыса, якой настойліва характарызуюць беларускага грамадзтва яшчэ з савецкіх часоў, — зьява неадназначная, і яе можна трактаваць, найхутчэй, як абыякавасьць, кажа палітоляг Юры Чавусаў:

«Гэта складанае пытаньне, на якое нельга даць адназначнага адказу: так альбо не. Панятак „цярпімасьць“, „талерантнасьць“ ня тоесны панятку „абыякавасьць“. Але ў Беларусі слабыя нацыянальныя інстытуты, слабое адчуваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці. Таму беларусы, хутчэй, адзначаюцца абыякавасьцю, а не талерантнасьцю. Гэта не касуе таго, што гістарычна, яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага, акурат на гэтай тэрыторыі мірна суіснавалі розныя рэлігіі, розныя нацыянальнасьці і розныя культуры. Таму традыцыі талерантнасьці ў нас ёсьць, але ў нашы часы яны ў значнай ступені ператварыліся ў абыякавасьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG