Ізраільскія вайскова-марскія сілы ў ноч на 10 сьнежня зьнішчылі сырыйскі вайсковы флёт.
Пра гэта паведаміў міністр абароны Ізраіля Ісраэль Кац падчас візыту на базу ВМС у Хайфе, піша The Times of Israel.
Кац заявіў, што ізраільскія сілы ўзмацняюць прысутнасьць у буфэрнай зоне паміж Сырыяй і Галянскімі вышынямі, і заклікаў стварыць на поўдні
Сырыі так званую стэрыльную абарончую зону бяз сталага знаходжаньня ізраільскіх войскаў, каб зьліквідаваць любую пагрозу бясьпецы Ізраілю.
Крыніцы The Times of Israel удакладнілі, што судны былі зьнішчаныя ў выніку ракетных нападаў па бухце эль-Мін аль-Байда і порце Лятакія.
На пашыраных арабскімі СМІ кадрах відаць патанулыя вайсковыя караблі ў порце Латакіі.
Агенцтва Reuters са спасылкай на брытанскую кампанію Ambrey, якая спэцыялізуецца ў марской бясьпецы, паведаміла аб зьнішчэньні сама меней пяці сырыйскіх вайсковых караблёў. Пры гэтым інфраструктуры самога порту не была нанесена бачная шкода, гаворыцца ў паведамленьні агенцтва.
Раней стала вядома, што Армія абароны Ізраілю атакавала больш за 250 аб’ектаў у Сырыі, уключаючы правінцыі Хама, Хомс і Лятакію. Расейскія караблі з Тартуса перамясьціліся ў Міжземнае мора.
Ізраільскае войска таксама ўмацоўвае пазыцыі на сырыйскім баку гары Хэрмон. ААН заклікае Ізраіль спыніць дзеяньні ў Сырыі. Ізраіль заявіў, што ўмацоўвае мяжу, каб гарантаваць бясьпеку жыхарам габрэйскай дзяржавы.
Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі
- З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
- Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
- 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
- Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
- На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
- На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
- У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
- 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
- На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
- «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.