Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іосуб: Дзяржава грошы не друкуе, таму ня варта чакаць дэвальвацыі


Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

Госьць «Інтэрвію тыдня» — старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб. Ён заяўляе, што з курсам беларускага рубля «нічога не адбываецца», тлумачыць, чаму пакуль ня варта чакаць дэвальвацыі, і ацэньвае новы раўнд беларуска-расейскіх гандлёвых войнаў.

З самім беларускім рублём з гледзішча валютнага кошыка фактычна нічога не адбываецца

— Падзеньне беларускага рубля — прынамсі, у адносінах да даляра і эўра — выклікала хваляваньне ў многіх беларусаў, якія ўжо прызвычаіліся за апошнія гады да стабільнасьці нацыянальнай валюты. Відавочна, што гэтае падзеньне мае тактычныя прычыны — зьніжэньне расейскага рубля. Разам зь ім да даляра падае і беларускі. Якія пэрспэктывы ў беларускай нацыянальнай валюты з улікам усіх чыньнікаў?

— Вы цалкам маеце рацыю ў тым, што валятыльнасьць на беларускім валютным рынку — гэта прамое наступства таго, што адбываецца з расейскім рублём. Любыя моцныя рухі расейскага рубля аўтаматычна адбіваюцца на беларускім валютным рынку. Пры гэтым з самім беларускім рублём з гледзішча валютнага кошыка фактычна нічога не адбываецца.

Больш за тое, у першыя дні гэтага руху (даляр і эўра ўверх, расейскі рубель уніз) беларускі рубель нават узмацняўся, кошт валютнага кошыка зьніжаўся. Учора, 10 красавіка, беларускі рубель быў нават мацнейшы, чым на пачатку году. Гэта дадатковае пацьверджаньне таго, што сытуацыя ў эканоміцы і зь беларускім рублём пакуль досыць спакойная.

— Давайце тады пагаворым пра стратэгічныя пэрспэктывы беларускага рубля. Два гады стабільнасьці на валютным рынку — гэта даволі нязвыклы для Беларусі пэрыяд, бо часьцей краіна жыла ва ўмовах дэвальвацыі — рэзкай ці паступовай. Але інфляцыя ёсьць, працэсы ў замежным гандлі таксама не заўсёды станоўчыя — усё гэта, на думку эканамістаў, спрыяе таму, што беларускі рубель можа аслабляцца ў стратэгічнай пэрспэктыве. Ці згодныя вы з такім прагнозам?

Як толькі дзяржава перастала друкаваць грошы, аказалася, што дэвальвацыя — не абавязковы прынцып беларускай эканомікі

— Важна разумець, што дэвальвацыя — гэта заўсёды вынік эканамічнай і манэтарнай палітыкі ўладаў. То бок няма ніякага жорсткага закону, які б абавязваў, каб у Беларусі кожныя тры гады адбывалася дэвальвацыя. Сапраўды, у мінулым у нас дэвальвацыя здараліся рэгулярна, але цяпер стабільнасьць назіраецца ўжо тры гады. Зьвязана гэта з тым, што кардынальна зьмянілася манэтарная палітыка Нацбанку і ўраду. Першае, што кідаецца ў вочы, — перасталі друкаваць грошы, каб дапамагаць неэфэктыўным прадпрыемствам.

Дапамога гэтым прадпрыемствам яшчэ, на жаль, ідзе. Але, па-першае, яна скарачаецца, па-другое, гэта грошы зь бюджэту. То бок гэта грошы, якія ўжо існуюць, а ня створаныя з паветра. Іншы важны момант — урад стаў больш ахайны ў палітыцы даходаў і заробкаў. Усе ведаюць пра скачок заробкаў у канцы мінулага году. Але, па сутнасьці, гэта было разавай зьявай, і без уліку сьнежня мінулага году даходы вядуць сябе ў адпаведнасьці з сытуацыяй у эканоміцы краіны. І на рост даходаў дзяржава грошы не друкуе. І як толькі дзяржава перастала друкаваць грошы, аказалася, што дэвальвацыя — не абавязковы прынцып беларускай эканомікі.

Усе ўжо разумеюць, што калі пачынаеш друкаваць грошы — гэта празь некалькі месяцаў адабʼецца на курсе

— То бок вы як эканаміст адмаўляецеся ацэньваць пэўныя неэканамічныя рэчы. Напрыклад, наступіць нейкая палітычная кампанія, і ўлады будуць падвышаць заробкі зусім не эканамічнымі мэтадамі?

— Разважаць і фантазіраваць можна, але калі паглядзець на апошнія тры гады, то ў нас была і прэзыдэнцкая, і парлямэнцкая кампаніі, і дзяржава не друкавала новыя грошы. Нам прадэманстравалі, што ў выпадку электаральных кампаній дзяржава можа абысьціся і бяз гэтага. І вяртацца да гэтых практык сэнсу няма. І гэта ўжо добра вядома і кіраўніку краіны, і ўраду, і электарату — што калі ты пачынаеш друкаваць грошы, то празь некалькі месяцаў гэта адаб'ецца і на цэнах, і на курсе рубля.

— Давайце ацэнім чыньнікі, якія ад беларускага ўраду ня вельмі залежаць, але якія маюць істотны ўплыў на беларускую эканоміку. Беларускі рубель падае да даляра з прычыны падзеньня расейскага рубля, а расейскі — з прычыны новых санкцый супраць расейскіх алігархаў. Але гэтыя алігархі маюць свае актывы ў тым ліку і ў Беларусі. Як на беларускую эканоміку будуць уплываць амэрыканскія санкцыі супраць расейскіх алігархаў?

— У той канфігурацыі, у якой гэтыя санкцыі адбываюцца цяпер — хутчэй за ўсё, ніяк. Калі разабрацца, гэтыя санкцыі закранаюць ня сам бізнэс, а рынкавы кошт гэтага бізнэсу. То бок калі ў гэтага алігарха ёсьць нейкі бізнэс у Беларусі — наўпрост ён ня будзе ніяк закрануты. Тут варта чакаць ускоснага, апасродкаванага эфэкту, што калі санкцыі прывядуць да рэцэсіі ў Расеі, то там упадзе попыт на беларускую прадукцыю.

— Давайце тады больш пра гэты, стратэгічны эфэкт санкцый на расейскую эканоміку як на асноўнага пакупніка беларускага экспарту. Да таго ж Расея ў адказ на санкцыі бярэ курс на пратэкцыянізм, абарону свайго рынку. Што ў гэтым сэнсе сьвеціць беларускаму экспарту?

Што ім трэба, каб сябе добра адчуваць, — гэта дзьве трубы, нафтавая і газавая

— Парадокс у тым, што для здароўя расейскай эканомікі ня трэба сельская гаспадарка. Ім усё роўна, ці яны экспартуюць гэтую прадукцыю, ці яе імпартазамяшчаюць. У маштабах Расеі нават ня мае вялікага значэньня ўся вытворчасьць алюмінію і нікелю. Што ім трэба, каб сябе добра адчуваць, — гэта дзьве трубы, нафтавая і газавая. Калі ўзгадаць мінулыя рэцэсіі, то гэта заслуга ня санкцый, а заслуга падзеньня цэнаў на нафту.

На сёньня нафта каштуе 71 даляр за барэль, і ў гэтай сытуацыі расейская эканоміка адчувае сябе някепска. Расьце рублёвая цана на нафту, абнаўляючы гістарычныя максымумы, што добра ўплывае на расейскі бюджэт.

Гандлёвыя войны — «нічога асабістага, чыста бізнэс»

— Нас усё ж больш цікавіць ня ўласна стан расейскай эканомікі, а ўплыў працэсаў, якія ў ёй адбываюцца, на эканоміку беларускую. Ці будзе Расея закупляць беларускую прадукцыю ў ранейшых памерах, ці зоймецца «імпартазамяшчэньнем» і тут?

— Я ўвогуле ня бачу прамой сувязі паміж пастаўкамі беларускай прадукцыі ў Расею і санкцыямі. На першы погляд, тут нібыта ўсё проста — калі расейская эканоміка расьце, то яна павялічвае спажываньне беларускай прадукцыі, а калі падае — зьмяншае. Але, як мы ўсе ведаем, тут ёсьць зусім не эканамічныя чыньнікі, так званыя «гандлёвыя войны». І ў гэтым пытаньні палітыка Масквы, з майго гледзішча, непрадказальная, яна мала залежыць ад заходніх санкцый. Хутчэй, тут больш лабізму з боку расейскіх сельскагаспадарчых баронаў.

— Але хіба гэта не заканамернасьць, што такі лабізм павялічваецца, і Расея ў цэлым хоча выцесьніць замежныя тавары, і на фоне ахалоджваньня палітычных адносінаў беларуская прадукцыя падпадае пад гэты трэнд?

— Мне падаецца, што гэта з сэрыі «нічога асабістага, чыста бізнэс». Я б нават ня зьвязваў гэтыя гандлёвыя войны з тым, што Беларусь «паварочваецца на Захад», «сябруе з Украінай» ці іншымі палітычнымі пытаньнямі. Як толькі там зьяўляецца новы алігарх, які займаецца сельскай гаспадаркай і набывае пэўную вагу, то такія працэсы абвастраюцца. І, паводле практыкі, мы назіраем, што такія гандлёвыя войны ўдавалася спыняць толькі на палітычным узроўні, кіраўнікамі дзяржаваў.

Мне падаецца, цяперашняе абвастрэньне гандлёвых войнаў ня горшае і ня лепшае за ранейшыя. Магчыма, прэзыдэнты змогуць іх спыніць, але прадказаць, калі гэта адбудзецца, даволі складана. Якасна гэтая сытуацыя мала чым адрозьніваецца ад узаемаадносінаў Беларусі і Расеі апошніх гадоў. Нічога новага, на жаль, ці на шчасьце, мы тут ня бачым.

Ці выгадна здабываць біткойны? Тлумачыць інвэстар, які хоча пабудаваць у Беларусі майнінгавы завод

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG