Пасьля расейскага фінансавага крызісу, выкліканага новымі санкцыямі ЗША, у Беларусі падскочылі курсы даляра і эўра, пры гэтым упаў курс расейскага рубля да беларускага.
Нацыянальны банк Беларусі апублікаваў курсы замежных валютаў да беларускага рубля на 11 красавіка: 2,0258 рубля за даляр (рост даляра на 5 капеек — 2,54%), 2,4879 рубля за эўра (рост эўра на 6,5 капейкі — 2,69%), 3,2507 беларускага рубля за 100 расейскіх (падзеньне расейскай валюты амаль на 11 капеек — 3,22%).
«Ня ўсім відавочна, што за ўчора і за сёньня беларускі рубель умацаваўся, калі глядзець на валютны кошык, — кажа Свабодзе старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб. — А менавіта гэта комплексная ацэнка кошту беларускага рубля. За 9 красавіка беларускі рубель дадаў 0,27% у кошыку, за сёньня — 0,34%. Па выніку сёньня беларускі рубель мацнейшы, чым на пачатку году — абнаўляе максымум з пачатку году».
Іосуб дадае: відавочна, што адзіная прычына зьменаў курсу беларускага рубля — гэта падзеньне расейскага праз прынятыя ў пятніцу абнаўленьні ў санкцыі ЗША супраць Расеі. Але, адзначае ён, падзеньне расейскага рубля паскаралася на пачатку сёньняшняга дня, а пасьля прыпынілася, затым расейскі рубель пачаў умацоўвацца.
Вынікі новых санкцыяў ЗША: наколькі абвалілася расейская эканоміка
«З высокай доляй упэўненасьці можна меркаваць, што апошнія амэрыканскія санкцыі цалкам адыграныя расейскім рынкам, як фондавым рынкам, так і падзеньнем расейскага рубля, — дадае Іосуб. — Цяпер можна нават чакаць некаторага ўмацаваньня расейскага рубля да даляра і эўра».
Эканаміст мяркуе, што калі расейскі рубель пачне аднаўляцца да даляра і эўра, то будзе даражэць адносна беларускага — а беларускі будзе даражэць адносна даляра і эўра. Іосуб кажа, што калі нехта цяпер думае, ці купляць даляры і эўра, то «ўжо позна»: лепей гэта было зрабіць у панядзелак, яшчэ лепей — у пятніцу.
«Усё сказанае мае сэнс толькі да зьяўленьня новых антырасейскіх санкцыяў, — дадае ён. — Цяпер актыўна абмяркоўваюцца новыя санкцыі ў сувязі з падазрэньнямі адносна ўдзелу Расеі ў хімічных атаках у Сырыі, сёньня шырока абмяркоўваюць законапраект у Кангрэсе ЗША, які забараняе купляць расейскія аблігацыі, як дзяржаўныя, так і ад буйных расейскіх банкаў... Пакуль гэта ўсё на ўзроўні абмеркаваньняў. Пакуль дэ-факта ня зьявяцца новыя санкцыі, я думаю, расейскі рубель падаць ня будзе. А значыць, даляр і эўра ня будуць даражэць да беларускага рубля».