Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выгадна здабываць біткойны? Тлумачыць інвэстар, які хоча пабудаваць у Беларусі майнінгавы завод


Майнінгавая фэрме Марынічава ў былых цахах маскоўскага аўтазаводу
Майнінгавая фэрме Марынічава ў былых цахах маскоўскага аўтазаводу

Прылада для стварэньня самай папулярнай віртуальнай валюты — біткойнаў — акупляецца за 6–8 месяцаў, а майнінг альтэрнатыўных крыптавалютаў можа быць яшчэ больш прыбытковым. Пра гэта ў Менску на канфэрэнцыі IT Spring распавёў расейскі інтэрнэт-амбудсмэн і ўладальнік найбуйнейшай майнінгавай кампаніі Расеі Дзьмітры Марынічаў.

Хто займаецца майнінгам

Здабываньне электронных грошай, заснаваных на адмысловых альгарытмах, што дазваляюць ім мець рэальны кошт, называецца майнінгам і апошнім часам захапіла розумы многіх.

«Звычайна майнінгам займаюцца людзі, у якіх няма грошай, але шмат тэхналягічных ведаў і вольнага часу. Часта матывацыя — жаданьне вельмі хутка зарабіць, — тлумачыць Дзьмітры Марынічаў.

Дзьмітры Марынічаў
Дзьмітры Марынічаў

Экспэрт разважае пра гэта невыпадкова. Летась ягоная кампанія Radius Group адкрыла на тэрыторыі занядбанага маскоўскага аўтазаводу «Москвич» гіганцкі майнінгавы цэнтар, або «фэрму», агульнай магутнасьцю 20 МВт. Прылады для майнінгу выпусьціў холдынг Russian Mining Center (RMC). Марынічаў — адзін зь яго заснавальнікаў.

Па яго словах, прылада для майнінгу, набытая за 1000 даляраў, вяртае гэтую суму за 6–8 месяцаў. Калі кошт электраэнэргіі высокі, то тэрмін можа падоўжыцца да 10 месяцаў. Але ў любым разе майніць — гэта выгадна, кажа прадпрымальнік.

Гэта справядліва і ў дачыненьні да Беларусі: кошт электраэнэргіі ў нашай краіне вышэйшы, чым у Расеі, але розьніца не перавышае 15 адсоткаў.

Біткойн. Блокчэйн. Крыптавалюты. Тлумачым на пальцах.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:54 0:00

На стварэньне майнэраў сабралі 43 мільёны

Кампанія Марынічава робіць прылады для стварэньня віртуальнай валюты — майнэры — на базе мікрапрацэсара, які распрацавалі яшчэ ў СССР. Тады яго пераважна выкарыстоўвалі вайскоўцы для шыфраваньня і перадачы сыгналаў між спадарожнікамі і Зямлёй.

«Да сёньня гэтыя мікрапрацэсары не знаходзілі цывільнага прымяненьня. Але калі з год таму пайшоў уверх курс крыптавалют, мы ўсьвядомілі, што яны пасуюць да стварэньня прылады для майнінгу», — кажа Дзьмітры.

Майнэры былі створаныя за кошт інвэстыцый, 75% зь якіх сабралі праз ICO — працэдуру, падобную да выпуску каштоўных папераў, толькі ў электронным выглядзе. Удзельнікі інвэставаньня атрымлівалі аналягі акцый — токены, заплаціўшы за іх крыптавалютай. 25% сабралі проста ў электроннай валюце.

На майнінгавай фэрме Марынічава ў былых цахах маскоўскага аўтазаводу
На майнінгавай фэрме Марынічава ў былых цахах маскоўскага аўтазаводу

Прылада, пад якую зьбіралі інвэстыцыі, — майнэр для альткойнаў, гэта значыць усіх альтэрнатыўных біткойну тыпаў крыптавалют. Верхнюю мяжу сумы збору вызначылі на ўзроўні 7 мільёнаў даляраў, з прычыны тэхнічных абмежаваньняў меркаванага праекту. Але сума сабраных інвэстыцый перавысіла 43 мільёны даляраў.

«Лішнія» грошы холдынг RMC вырашыў пусьціць на стварэньне майнэраў іншай канцэпцыі — для біткойна, самай вядомай з крыптавалют. У выніку майнэр для альткойнаў («Multiclet») яшчэ ў распрацоўцы, а для біткойнаў («Sunrise») ужо выпускаюць.

Як зарабляюць карыстальнікі і інвэстары

Інвэстары, якія ўклалі грошы праз ICO, атрымліваюць адлічэньні: кожны з карыстальнікаў майнэра для біткойнаў разьмяркоўвае паміж уладальнікамі токенаў 20% сваёй вылічальнай магутнасьці (хэшрайту). Фактычна гэтыя адлічэньні — нешта накшталт дывідэндаў.

Умовы адлічэньня (смарт-кантракт) кантралюе сама прылада (майнэр) з дапамогай адмысловага кантролера, які шыфруе дадзеныя і перашкаджае зьмяніць умовы смарт-кантракту самастойна. Чаму карыстальнік майнэра пагаджаецца на гэта? Бо прыладу яму прадаюць па сабекошце.

«20% хэшрайту — гэта гранічная рыса, пры якой чалавеку нецікава зламаць прыладу, бо не бывае прыладаў, якія зламаць немагчыма. Гэта той кошт, зь якім чалавек можа пагадзіцца», — кажа Дзьмітры Марынічаў.

Такім чынам, кажа бізнэсовец, усе бакі працэсу абароненыя.

Майнінгавая фэрму ў Іркуцку
Майнінгавая фэрму ў Іркуцку

​Паводле яго, кожны токен каштаваў 4–4,5 тысячы даляраў, і ў далейшым яго цана можа вырасьці ў разы. Да таго ж любы ўдзельнік сыстэмы можа зьмяніць свой токен на іншую, эквівалентную па каштоўнасьці адзінку, якая дазволіць зарабляць не на папулярных біткойнах, а на іншай крыптавалюце.

Марынічаў сьцьвярджае, што майнінг альткойнаў пры дапамозе чыпа, які выкарыстоўвае ягоная кампанія, на прыладзе «Multiclet» будзе ў 30–350 разоў больш эфэктыўны, чым пры звычайным цяперашнім спосабе — праз кампутарныя відэакарткі.

«Кухня» гэтай сыстэмы — арганізацыя вытворчасьці на постсавецкай прасторы.

«Даводзілася вырабляць практычна ўсё самім з нуля: рабіць кантролеры і дызайн плат, праграмнае забесьпячэньне... Сёньня, за выняткам саміх чыпаў, якія мы пакуль набываем, мы ўсё робім самі», — кажа Марынічаў.

Майнэры складаюцца з кампутарных відэакартак
Майнэры складаюцца з кампутарных відэакартак

Абагравальнік, які акупляецца за сэзон

Адметнасьць ідэі, якую жадае прасунуць кампанія Марынічава, — вылічальныя прылады павінны мець падвойнае прызначэньне. Фактычна яны прапануюць вырашыць праблему значнага росту спажываньня электраэнэргіі, прычынай якога зрабіўся майнінг.

«Мы адзіныя ў сьвеце, хто робіць абсталяваньне з водным ахаладжэньнем: цяпло ад вылічальніка выкарыстоўваем для бытавых патрэбаў. Гарачая вада на выхадзе з майнэра мае тэмпэратуру каля 70 С°», — кажа бізнэсовец.

Паводле яго, нават калі ў наступным годзе крыптавалюты абваляцца, майнэр можна выкарыстоўваць проста як награвальнік для батарэяў або цёплай падлогі.

«Гэта працуе дастаткова эфэктыўна. Нашы партнэры ў Іркуцкай вобласьці маюць прылады, дзе для ацяпленьня выкарыстоўваюць ня газ, а электрычнасьць, — кажа Марынічаў і дадае, што выдаткі на электраэнэргію ў адной Іркуцкай вобласьці супастаўляльныя з выдаткамі на майнінг у сьвеце.

«Замена аліўных радыятараў на майнэры прыводзіць да таго, што вы не зьмяняеце электрычны балянс будынка, але атрымліваеце гарачае водазабесьпячэньне. За адзін сэзон канструкцыя акупляецца і прыносіць вам прыбытак», — кажа ўладальнік найбуйнейшай майнінгавай кампаніі Расеі.

Пры якой верхняй мяжы кошту на электраэнэргію майнэр акупляе сябе? Яе вызначыць нельга, кажа прадпрымальнік, бо гэта не адзіны фактар, ад якога залежыць рэнтабэльнасьць. Важны таксама курс крыптавалюты, памер сеткі прыладаў і іншае.

Крыптавалюты дапамогуць адмовіцца ад герархіі ў грамадзтве

Майнінг — гэта працэс стварэньня крыптавалюты, якая не належыць ніводнай дзяржаве, і Дзьмітры Марынічаў лічыць, што за ёй будучыня. Пры зьнікненьні патрэбы майніць такія прылады, па словах суразмоўцы, можна зьмяніць на іншыя: напрыклад, на элемэнты нэйроннай сеткі.

Дзьмітры Марынічаў перакананы, што крыптавалюты патрэбныя ня столькі людзям, колькі сучаснай эканоміцы
Дзьмітры Марынічаў перакананы, што крыптавалюты патрэбныя ня столькі людзям, колькі сучаснай эканоміцы

«Дэцэнтралізацыя і крыптавалюты ня надта патрэбныя людзям, ім хопіць і звычайных грошай. Але яны вельмі патрэбныя для эканомікі сумеснай вытворчасьці і спажываньня. Гэта радыкальна адрозьніваецца ад прывычнага ладу і прыбірае з нашага жыцьця пасярэднікаў, дае магчымасьць камунікаваць з гаспадарчым суб’ектам наўпрост, карыстаючыся давераным асяродзьдзем».

Такая канструкцыя сацыяльна-эканамічнага ўкладу — «не вэртыкальная герархія грамадзтва, у якой мы жывём, а гарызантальная» — стымулюе іншы лад думак і ўзаемадзеяньня паміж людзьмі, кажа Марынічаў.

* * *

Сёлета Дзьмітры Марынічаў абвясьціў, што ягоная кампанія Radius Group плянуе збудаваць завод па вытворчасьці абсталяваньня для майнінг-фэрмаў у беларуска-кітайскім індустрыяльным парку «Вялікі камень» недалёка ад Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG