Гандлёвыя стасункі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам складаюць цяпер прыкладна чвэрць ад усяго беларускага гандлю.
Як адзначаюць заходнія адмыслоўцы, дачыненьні гэтыя пачалі разьвівацца пасьля 2016 году, калі ЭЗ, у адказ на прадэманстраваную Менскам палітыку набліжэньня да Эўропы, адмяніў большасьць санкцыяў супраць Беларусі.
Наколькі ўдаецца Беларусі, якая па-ранейшаму застаецца палітычна і эканамічна залежнай ад сваёй усходняй суседкі, гэтае набліжэньне; чым можа вабіць Беларусь Эўропу; якія галіны беларускай эканомікі, з гледзішча заходніх інвэстараў, найбольш пэрспэктыўныя, а якія найбольш рызыкоўныя?
ЭЗ як незаменны гандлёвы партнэр Беларусі
«Апошнім часам ЭЗ стаў незаменным гандлёвым партнэрам для Беларусі. Нягледзячы на сваю моцную залежнасьць ад расейскіх энэрганосьбітаў, Менск, аднак, імкнецца заявіць пра сваю незалежнасьць ад Масквы», — лічыць выпускнік Сарбоны, спэцыяліст у галіне эўрапейскай эканамічнай палітыкі, магістар Тэо Букар. Яго артыкул «Беларусь — ЭЗ: складаныя стасункі» зьмешчаны ў інтэрнэт-часопісе маладых эўрапейскіх фэдэралістаў Teffpunkteuropa, які выходзіць на пяці мовах.
«Накіраваная на аб’яднаньне былых народаў СССР новая ірэдынісцкая палітыка Крамля, якая завяршылася аднабаковай анэксіяй Крыму, палохае беларускія ўлады, — адзначае францускі экспэрт. — Стасункі паміж дзьвюма краінамі, аднак, былі напружанымі яшчэ да крызысу ва Ўкраіне. За апошняе дзесяцігодзьдзе колькасьць спрэчных пытаньняў паміж двума ўрадамі істотна павялічылася. У Аляксандра Лукашэнкі няма выбару, акрамя як зьмякчыць ягоную антызаходнюю рыторыку. Першым крокам у гэтым кірунку стала інтэграцыя Беларусі ў рамках Усходняга партнэрства разам з такімі эўрафільнымі дзяржавамі, як Украіна і Малдова...»
Ізаляванасьць Беларусі
Як піша аўтар артыкулу, адносіны паміж ЭЗ і Беларусьсю занадта павярхоўныя і занадта сьвежыя, каб падводзіць нейкія вынікі. Пакуль жа «Беларусь працягвае заставацца адносна ізаляванай ад эўрапейскай супольнасьці», бо, лічаць у Брусэлі, «дэмакратычная сытуацыя і становішча ў галіне правоў чалавека па-ранейшаму зьяўляюцца вельмі праблематычнымі».
«Эўрапейская палітыка добрасуседзтва ў гэтым сэнсе дастаткова слабая: бо яе галоўная мэта — супрацоўніцтва з суседзямі ЭЗ на поўдні і ўсходзе, але без доўгатэрміновай пэрспэктывы далучэньня. Тыя ж Украіна, Малдова, Грузія мараць аб уступленьні ў ЭЗ, але ў адзін цудоўны дзень патрабаваньні Брусэлю да рэформаў у гэтых краінах без надзеі могуць стаць няплённымі... Беларусь цяпер не плянуе станавіцца кандыдаткай на ўступ у ЭЗ, аднак у наступныя гады гэта можа зьмяніцца па меры фармаваньня Ўсходняга партнэрства і росту ўплыву Расеі».
Інвэстыцыйны клімат
Эканамічныя дарадцы заходніх кампаніяў і банкаў, ацэньваючы інвэстыцыйны клімат у Беларусі, адзначаюць: «Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу, краіна зьяўляецца ідэальным цэнтрам гандлю паміж ЭЗ і краінамі СНД». Эўрапейскі дзьвюхмоўны (ангельская, нямецкая) інтэрнэт-рэсурс Recyclingportal.eu зьвяртае ўвагу на тое, што «за першыя 11 месяцаў 2017 году рост прамысловай вытворчасьці ў Беларусі павялічыўся на 6,3%».
Галоўным чынам гэта тлумачыцца паляпшэньнем эканамічнай сытуацыі галоўнага беларускага пакупніка — Расеі, а таксама з павышэньнем цэнаў на асноўныя экспартныя тавары краіны». У якасьці эканамічных кірункаў, якія маюць найбольшы патэнцыял, Recyclingportal.eu называе «перапрацоўку камунальных адходаў» і «ачыстку вады». Да 2020-га пры фінансавай падтрымцы Ўсясьветнага банку (250 мільёнаў эўра) у Менску плянуецца пабудаваць завод для перапрацоўкі сьмецьця. Таксама да канца дзесяцігодзьдзя пры падтрымцы Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця плянуецца забясьпечыць чыстай вадой 100% беларускага насельніцтва.
Прадстаўнікі нямецкай кансалтынгавай кампаніі Rödl & Partner GmbH у Нюрнбэргу мяркуюць, што пэрспэктыўнымі кірункамі для замежных субпадрадчыкаў ды пастаўшчыкоў тэхналёгіяў зьяўляюцца шкло-, дрэва-, мэталяапрацоўка, харчовая прадукцыя, хімічная і нафтавая прамысловасьць. Дарадцы Rödl & Partner GmbH мяркуюць, што «буйныя інвэстыцыйныя патрэбы ў многіх галінах беларускай прамысловасьці павінны прывесьці да далейшага высокага попыту на прадукцыю і тэхналёгіі з Захаду». Аднак, адзначаюць адмыслоўцы, нягледзячы на ўсю бізнэс-прывабнасьць Беларусі для заходніх бізнэсоўцаў, краіна тоіць у сабе самага рознага кшталту непрадказальнасьць ды рызыкі.
Страх рызыкі
Швайцарскія бізнэс-дарадцы зь фірмы Ascent Swiss Business Management AG, якая спэцыялізуецца ў пытаньнях усходнеэўрапейскага рынку, адзначаюць, што «эканоміка ў Беларусі хутка разьвіваецца і стварае шмат магчымасьцяў для інвэстыцыяў. Што тычыцца страху рызыкі, які захоўваецца ў асяродку інвэстараў, то ён зьвязаны непасрэдна з асаблівасьцямі беларускай прававой сыстэмы, спэцыфікай бізнэс-асяродку, моўным бар’ерам, рознымі спэцыфічнымі мясцовымі звычаямі, а таксама бюракратыяй ды карупцыяй, якія трэба пераадольваць пры інвэставаньні ў Беларусь».
Кіраўнік мясцовай філіі няўрадавай міжнароднай арганізацыі барацьбы з карупцыяй Transparency International Мартын Гільці ў інтэрвію выданьню Тagblatt заклікае суайчыньнікаў-бізнэсоўцаў, якія арганізуюць бізнэс у «трэціх» краінах з так званым высокім індэксам успрыманьня карупцыі, думаць пра ўласную рэпутацыю».
Асабліва гэта тычыцца такой галіны, як чыгунка. «Праз чыгунку традыцыйна праходзяць вельмі вялікія грашовыя сумы, і гэта можа стаць сапраўднай спакусай для стварэньня на месцах розных карупцыйных схемаў. Рызыка тым вышэйшая, чым большыя грашовыя патокі». Да краін з высокім узроўнем карупцыі належыць і Беларусь, зь якой ад 2012 году супрацоўнічае прамысловы канцэрн у вытворчасьці лякаматываў Stadler Rail з Тургаў.
Кіраўнік швайцарскай Transparency International адзначае, што канцэрну Stadler Rail з Тургаў, а таксама кампаніям Siemens і Bombardier, якія пашыраюць свае справы ў краінах, дзе актуальны чыгуначны бізнэс, неабходныя захады для забесьпячэньня ўсіх умоў з тым, каб карупцыя не змагла адбыцца.