Згодна з плянамі беларускага ўраду, у 2019 годзе на заводзе «БелДжы» пад Барысавам будзе наладжаная вытворчасьць электрамабіляў на базе кітайскай Geely SC7 .
Галоўная пры гэтым задача — стварыць уласную крыніцу сілкаваньня. Даручана гэта навукоўцам Абʼяднанага інстытуту машынабудаваньня НАН Беларусі. Пакуль пра нейкія посьпехі ў распрацоўцы айчынных акумулятараў ці назапашвальнікаў энэргіі не паведамляецца.
Электронная архітэктура і тормаз лякалізацыі
Сёньня ў Менску прадстаўнікі Bosch прапанавалі разам рухацца ў кірунку разьвіцьця электрапрыводаў. Але, як адзначыў кіраўнік аддзелу аўтакамплектуючых беларускага прадстаўніцтва «Робэрт Бош» Аляксей Марчук, канкрэтыкі пакуль няшмат.
«Мы разглядаем праект перадусім з гледзішча аказаньня інжынэрнай падтрымкі, — сказаў ён Свабодзе. — Найбольш карыснымі былі б напрацоўкі ў арганізацыі „электроннай архітэктуры“. Аднак адразу паўстае сур’ёзнае абмежаваньне, якое пакуль незразумела, як вырашыць, — лякалізацыя кампанэнтаў. У беларускага боку наконт гэтага выразнае патрабаваньне, будзем яшчэ абмяркоўваць. Таму, па-першае, інжынірынг дзеля запуску такога аўтамабіля ў сэрыйную вытворчасьць — нават калі за аснову будзе ўзяты кітайскі варыянт з адаптацыяй пад мясцовыя ўмовы. Па-другое, кампанэнты Bosch, бо ў нашым партфэлі дастаткова ноў-хаў».
Паўнамоцны прадстаўнік групы Bosch у рэгіёне Ганс’юрген Авэрштольц перакананы, што пераасэнсаваньне канцэпцыі мабільнасьці — непазьбежная пэрспэктыва. Таму, з аднаго боку, ён вітае жаданьне беларускіх уладаў далучыцца да прагрэсу, зь іншага — заклікае да большай адкрытасьці.
«Да 2050 году большая частка насельніцтва зямлі будзе жыць у гарадах, — кажа ён. — Гэта ня самым лепшым чынам адаб’ецца на экалёгіі. Паводле прагнозаў, ужо да 2025-га больш за 25 мільёнаў аўтамабіляў будуць укамплектаваныя гібрыднымі і электрычнымі рухавікамі. Bosch на гэта ўжо выдаткоўвае больш за 400 мільёнаў эўра штогод. Таму бліжэйшая мэта — зрабіць сілавыя агрэгаты больш даступнымі, аб’ядноўваючы некалькі функцый у адну. Да 2020 году электраёмістасьць акумулятараў павялічыцца ўдвая, і такія акумулятары будуць запушчаныя ў масавую вытворчасьць. На электрацязе змогуць працаваць і легкавікі, і грузавікі, і іншая тэхніка».
Інжынэрная рэвалюцыя і сумнеўны прататып
Згодна зь дзяржаўнай праграмай разьвіцьця электрамабільнага транспарту, да 2025 году на беларускіх дарогах зьявіцца блізу 30 тысяч электракараў, а іх дзейнасьць будуць падтрымліваць больш за 250 станцый сілкаваньня.
Але на сёньня інфраструктуры практычна няма — усяго дзясятак станцый на ўсю краіну. Адпаведная і статыстыка электрамабіляў — на ўліку ў Дзяржаўтаінспэкцыі такіх значыцца крыху болей за сотню.
Не дадае аптымізму і прататып, абраны для экспэрымэнтаў у галіне аўтамабільнай электрыфікацыі. Улады абяцаюць масава перасадзіць беларусаў на «электраджылі» — праз год іх мяркуецца выпусьціць 5 тысяч. Кульгае ня толькі маральна састарэлая форма, а і тэхнічныя характарыстыкі: запас ходу ўсяго на 100 кілямэтраў, час сілкаваньня — да 6 гадзін, разгон да сотні — амаль паўхвіліны. Калі параўноўваць з заканадаўцам моды ў асобе амэрыканскай «Тэслы» , адставаньне проста катастрафічнае.
«Мы разглядаем гэта сапраўды як прататып, як адпрацоўваньне тэхналягічных магчымасьцяў, — кажа Аляксей Марчук. — Магчыма, не стаяла нават задача наблізіць яго да сэрыйных аўто, проста спрабавалі так прадставіць. Як мне падаецца, каманда распрацоўнікаў зыходзіла найперш з патрэбы адтачыць тэхнічныя рашэньні — каб зразумець, што за ўсім гэтым стаіць. Тэма абсалютна новая і па сёньняшні дзень многімі не зусім адэкватна ацэненая з гледзішча інжынэрных, грашовых і часавых затратаў. Таму выглядае, што перадусім гэта быў тэст. Ня думаю, што нехта ставіў задачу падрыхтаваць машыну да масавай вытворчасьці».
У апошнюю дэкаду жніўня намесьнік старшыні Савету міністраў Уладзімер Сямашка і кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка выступілі папулярызатарамі электрамабіляў. Спачатку Сямашка выпрабаваў пілётную мадэль на базе кітайскай Geely SC7. Праз тыдзень быў арганізаваны test-drive апошняй мадэлі амэрыканскай кампаніі Tesla для Лукашэнкі.
Пазьней ён сказаў, што таксама пратэставаў «электраджылі» і ў якасьці пілётнага фармату яе ўхваліў. Але пры гэтым загадаў вынайсьці ўласны, звышмагутны назапашвальнік энэргіі. Вытворчасьць айчынных электракараў вырашана паставіць на канвэер цягам трох гадоў.
Амбітныя пляны і казуістыка эканамічнага саюзу
Пакуль пытаньне застаецца падвешаным, улады разьлічваюць на дывідэнды ад традыцыйных тэхналёгій. На мінулым тыдні ўрачыста запушчаны новы завод «БелДжы», які мае прадукаваць на першым этапе 60 тысяч беларуска-кітайскіх аўтамабіляў у год з паступовым выхадам на ўдвая большую колькасьць.
Як нагадаў дырэктар замежнага прадпрыемства «Робэрт Бош» Уладзімер Рыбалоўлеў, замах на падобныя аб’ёмы можа мець сумныя наступствы, калі не ўлічыць нюансаў. Да сярэдзіны 2018 году ўзровень лякалізацыі вытворчасьці павінен перавысіць 50%, іначай такі беларускі аўтамабіль ня зможа пастаўляцца ў іншыя дзяржавы Эўразійскага эканамічнага саюзу бяз сплаты мыта. І давядзецца працаваць на склад.
Па словах Уладзімера Рыбалоўлева, канцэрн Bosch гатовы паспрыяць у тым, каб забясьпечыць завод антыблякіровачнымі сыстэмамі, сыстэмамі стабілізацыі і на пэрспэктыву — асобнымі элемэнтамі рухавіка. Усё гэта вырабляецца на «бошаўскім» заводзе ў Самары, гэта значыць, у рамках Мытнага саюзу. Спадар Рыбалоўлеў спадзяецца, што пагадненьне з адміністрацыяй «БелДжы» можа быць падпісана ўжо да канца 2017 году.
Ранейшы досьвед супрацы зь беларускім бокам, які нельга назваць надта ўдалым, прадстаўнікоў Bosch ня стрымлівае. З прычыны зьмены каньюнктуры сышлі на мінімум кантакты зь Менскім маторным заводам. Рухавікі з сыстэмамі ўпрыску ад нямецкага вытворцы перасталі цікавіць асноўных пакупнікоў — расейскую групу ГАЗ — і неабходнасьць паставак у ранейшым аб’ёме адпала.