Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варламаў: Майму ўнуку ў школе казалі — «калі ня ўступіш у БРСМ, зямля будзе гарэць пад нагамі»


Саша Варламаў, архіўнае фота
Саша Варламаў, архіўнае фота

У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» мадэльер і былы зьняволены Саша Варламаў заяўляе, што, на ягоную думку, сёньняшняя беларуская школа лепш за ўсё рыхтуе міліцыянтаў, адказвае на пытаньне, чаму яго навучыла турма, і тлумачыць, чаму кіраўнік дзяржавы не павінен займацца станікамі і панчохамі.

— Апошнім часам я са зьдзіўленьнем назіраў, як вы даволі актыўна і эмацыйна прымаеце ўдзел у інтэрнэт-дыскусіях. Асабліва, наколькі я зразумеў, вас моцна закранула сытуацыя наконт хлопчыка з 74-й гімназіі, які напаў на настаўніцу. Чым гэтая сытуацыя адметная для нашага грамадзкага жыцьця?

«Калі ты не такі, як усе, калі ты не кіруесься правіламі, ня ходзіш маршам з БРСМ, — значыць, ты вырадак грамадзтва».

— Асаблівасьць сытуацыі ў тым, што мы з вамі, а таксама ўсе тыя людзі, якія абараняюць гэтую настаўніцу ці абвінавачваюць бацькоў хлопчыка, — цяпер не ў турме. А ён у турме. Ён ва ўмовах, калі побач зь ім «пераседжаныя», калі вакол «смотрящие», калі яго ўціскаюць сукамернікі, «кумаўё»... Я вельмі добра на сабе адчуў, як гэта адбываецца.

І ў мяне ўзьнікае вельмі сурʼёзнае пытаньне — а за што яго пасадзілі? Адбыўся інцыдэнт з настаўніцай расейскай літаратуры. Разумееце, у мяне ёсьць унук, мы разам зь ім працавалі над сачыненьнямі, у тым ліку пра «Вайну і мір» Талстога. І, напрыклад, мне вельмі блізкі Андрэй Балконскі, а настаўніцы блізкая Наташа Растова.

— Ведаеце, гэты хлопец цяпер сядзіць не за тое, што ён разышоўся з настаўніцай у поглядах на Льва Талстога — а таму, што ён ударыў яе «вострым прадметам».

— Гэта ўжо быў вынік. На расейскай літаратуры дзецям унушаюць, прымушаюць іх думаць стэрэатыпамі. І калі ты ідзеш насуперак настаўніцкаму меркаваньню, то цябе ацэняць вельмі кепска. І гэтая нязгода з устаноўленым меркаваньнем прыводзіць да канфліктаў. А калі яшчэ бунтаваць, як не ў 16-17 гадоў, калі чалавек эмацыйна спазнае жыцьцё, шукае свой шлях? А яму даецца канкрэтная ўстаноўка — «вось ты павінен любіць Наташу Растову».

Людзей прымушаюць думаць паводле стэрэатыпу. І гэта задача дзяржаўнай ідэалёгіі, якой не патрэбныя думаючыя людзі «ў прынцыпе». Хтосьці сьпісвае з інтэрнэту рэфэраты, а хтосьці спрабуе разабрацца.

Хлопца загналі ў кут. А як паводзіць сябе любая істота, якую заганяюць у кут? Нават загнаны ў кут трусік пачынае рабіць непрадказальныя ўчынкі.

— То бок вы настойваеце, што гэты трагічны інцыдэнт стаў вынікам усё той жа ідэалягічнай сыстэмы, якая пануе сёньня ў беларускай школе? А сам хлопчык нібыта не пры чым?

— Канечне, рэч у тым, што настаўнікі і выкладчыкі атрымліваюць свой заробак не за тое, што вучаць «двойчы два чатыры», а за тое, што вучаць думаць менавіта так і так. Напрыклад, майго ўнука прымушалі ўступаць у БРСМ, казалі «калі ты ня ўступіш, у цябе будзе гарэць зямля пад нагамі». Гэта ягоная клясная кіраўніца ў гімназіі так крычала на яго. І кожны ўрок пачынаўся з таго, што «ты ідыёт, недапечаны, выкідак нашага грамадзтва».

Унук прыходзіў да мяне і пытаўся, як яму рэагаваць. Я казаў: Мікіта, у жыцьці ў цябе яшчэ будуць цяжэйшыя сытуацыі, калі ты не навучысься рэагаваць на гэтых цётак, на гэты курыны двор... Памятаеце казку пра брыдкае качаня? Практычна сёньня наша сыстэма адукацыі — гэта казка пра брыдкае качаня. Калі ты не такі, як усе, калі ты ня кіруесься правіламі, ня ходзіш маршам з БРСМ, — значыць, ты вырадак грамадзтва.

У нас усё падпарадкавана дзяржаве, няма фактычна ніводнага незалежнага прыватнага прадпрыемства. А калі і ёсьць, то яны належаць найбліжэйшаму атачэньню Лукашэнкі. Гэта адна падводная лодка, з рознай магчымасьцю ўсплываньня на паверхню. Але яны ўсе падпарадкоўваюцца сыстэме, праводзяць палітыку і ідэалёгію сыстэмы.

Не прэзыдэнцкая гэта справа — корпацца ў станіках і майтках.

— Наколькі я разумею, пасьля вашага вызваленьня з турмы вас выціснулі з індустрыі моды, фактычна не даюць магчымасьці працаваць там. То бок вы тое самае «брыдкае качаня», толькі дарослае?

— Сапраўды, у мяне сёньня няма магчымасьці займацца любімай справай. Можа быць, таму я і заняўся журналістыкай, пішу артыкулы, зьбіраю матэрыял для кнігі. Бо мода ў нас таксама дзяржаўная, тут таксама няма прыватнай уласнасьці.

— У свой час вы заснавалі фэстываль «Млын моды». Што цяпер зь ім адбываецца, ці засталіся там прынцыпы і ідэі, якія вы ў яго заклалі?

— Не засталося нічога, каменя на камяні. Я дастаткова доўга, каля 10 гадоў, працаваў у Бэрлінскім тэатры моды. Людзі там зусім па-іншаму ставяцца да ўсяго. Мода там не была дзяржаўным мерапрыемствам. Ніхто ніколі не прызначаў кіраўнікоў на панчошна-шкарпэткавы камбінат. Не прэзыдэнцкая гэта справа — корпацца ў станіках і майтках. Гэта свабодны рынак, і ён дыктуе фасон, моду.

Я вярнуўся ў Беларусь і перанёс сюды найлепшае, на мой погляд. А найлепшае — гэта так: ня можа быць першых месцаў у мастацтве. Ня можа быць другіх ці трэціх. Могуць быць перавагі, рынак спажыўцоў, якія ўплываюць на густы, на погляды. І ў мяне атрымлівалася, што з 200 калекцыяў так ці іначай адзначаных было больш за сто.

Гляджу на беларускіх міліцыянтаў і бачу — вось каго прадукуюць беларускія выкладчыкі і настаўнікі

— Ёсьць глыбокая дыскусія наконт таго, што дае чалавеку турма — альбо дапамагае разьвіцца, нешта зразумець, дае бясцэнны досьвед, альбо яна не дае нічога станоўчага. Якая ваша пазыцыя, што вам даў досьвед зьняволеньня?

— Досьвед у кожнага свой, і нельга тут шукаць нейкі агульны шлях для ўсіх. У мяне былі зьнятыя акуляры ідэалістычнага стаўленьня да жыцьця. Бо я быў пестуном лёсу, працаваў за мяжой, быў на адной пляцоўцы з калекцыяй Вэрсачэ. Гэта кажа пра шмат што. Калі мяне арыштавалі, то праз два тыдні прыйшоў сьледчы і сказаў, што фактычна няма складу злачынства. Бо я не атрымліваў дзяржаўнага заробку і не працаваў на дзяржаўнай пасадзе.

Зь мяне зьнялі ружовыя акуляры. Можа быць для таго, каб я, маючы творчы багаж і досьвед, змог сябе пераасэнсаваць, іначай сябе прэзэнтаваць і іначай разглядаць нейкія жыцьцёвыя моманты.

— Вы сапраўды сябе пераасэнсавалі, наколькі я разумею — даяце рэзкія інтэрвію, выказваецеся па палітычных тэмах, чаго не рабілі. Наўрад ці вы зьбіраецеся ісьці ў палітыку, уступаць у апазыцыйныя партыі. Чаму ж тады вы гэта робіце? Вы не баіцеся? Навошта гэта вам? Ці гэта проста крык душы, які вы ня можаце спыніць?

— Гэта і крык душы, бо я жыву тут, гэта мая краіна, гэта мая Радзіма. Я не хачу прыпадабняцца да тых выкладчыкаў, чыноўнікаў, міліцыянтаў, якія ўваходзяць у дзяржаўную сыстэму ўціску асобы. Гляджу на беларускіх міліцыянтаў і бачу — гэта і ёсьць тая прадукцыя ад беларускіх выкладчыкаў і настаўнікаў. Вось каго яны рыхтуюць. Але ж з тым, што адбываецца трэба змагацца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG