Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Брытанія хоча ісьці іншым шляхам у параўнаньні зь іншымі краінамі Эўразьвязу», — Яраслаў Крывой


Яраслаў Крывой
Яраслаў Крывой

Чаму брытанцы прагаласавалі за выхад з Эўразьвязу? Ці ўваходзіць Эўропа ў новы гістарычны пэрыяд, пэрыяд распаду агульнай прасторы і стварэньня новых незалежных краінаў? Ці ўспрымае беларуская ўлада незалежных экспэртаў, і чаму меркаваньні праўладных і апазыцыйных аналітыкаў усё часьцей супадаюць? На гэтыя ды іншыя пытаньні Віталя Цыганкова ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае дырэктар Цэнтру Астрагорскага і дацэнт Унівэрсытэту Заходняга Лёндана (University of West London) Яраслаў Крывой.

— Вы жывяце ў Лёндане, таму, магчыма, варта пачаць нашу размову з тэмы Брэксіта — рэфэрэндуму наконт выхаду Брытаніі з Эўразьвязу. Многія беларусы, якія там жывуць, успрынялі гэтую падзею вельмі драматычна, я б сказаў, трагічна. Як цяпер, пасьля некалькіх тыдняў, вам бачацца вынікі галасаваньня?

— Гэта сапраўды адна з самых вялікіх падзеяў за апошнія дзесяцігодзьдзі. Краіна кардынальна памяняе свае адносіны з суседзямі. Дагэтуль астаецца вялікая няпэўнасьць — яна тычыцца і таго, хто будзе кіраваць краінай, і таго, якія стасункі будуць усталяваныя з Эўразьвязам.

Выглядае, што ЭЗ зьбіраецца трымацца тых падыходаў, якія ён праводзіць з краінамі, што не ўваходзяць у Зьвяз — напрыклад, з Швайцарыяй і Нарвэгіяй. Сутнасьць — гэтыя краіны павінны выконваць большасьць тых правілаў, якія прымаюцца ў Брусэлі, але ня маюць магчымасьці ўплываць на гэтыя правілы. То бок Брытанія абавязаная выконваць гэтыя правілы, але ня будзе мець права голасу.

— Можа, брытанцы нейкім парадаксальным чынам сваім галасаваньнем апярэдзілі свой час? Можа, наступае час развалу вялікіх агульных структураў, час адраджэньня незалежных дзяржаваў і стварэньня новых?

— Цяпер пакуль зарана казаць пра тое, ці правільны быў гэты выбар, да якіх вынікаў ён прывядзе. Але зразумела, што краіна хоча ісьці іншым шляхам у параўнаньні зь іншымі краінамі Эўразьвязу. Гэта ня ў першы раз такое здараецца. Брытанія не ўваходзіць у Шэнгенскую зону, і шмат хто лічыць, што гэта было добрае рашэньне. Таксама не ўваходзілі яны ў зону валюты эўра, і калі быў грэцкі крызіс, то многія брытанцы акурат думалі, што гэта было слушнае рашэньне.

Але цяпер іншая сытуацыя. Бо вельмі кардынальна могуць памяняцца адносіны паміж Брытаніяй і Эўразьвязам. Каб захаваць доступ да рынкаў Эўразьвязу, Лёндану давядзецца прыняць формулу аб свабодным перамяшчэньні асобаў. А менавіта з-за гэтага многія брытанцы галасавалі за выхад з ЭЗ.

— Калі кажуць пра агульны рынак, то ўзьнікае пытаньне — Брытанія мае добрыя эканамічныя стасункі з ЗША, Кітаем, іншымі рэгіёнамі сьвету, хоць і не ўваходзіць зь імі ў агульныя эканамічныя структуры. Чаму выхад з ЭЗ так моцна можа пашкодзіць гандлю з ЭЗ, як гэта сьцьвярджаюць?

— Вельмі моцныя сувязі лучаць Брытанію з кантынэнтальнай Эўропай. Напрыклад, вельмі шмат брытанскіх пэнсіянэраў жыве ў Гішпаніі. Цяпер і фунт упаў, і калі зьявяцца нейкія новыя бюракратычныя перашкоды — то гэта кардынальна памяняе сытуацыю. Нават краіны, якія не ўваходзяць у ЭЗ (напрыклад, Украіна), хочуць увайсьці ў зону вольнага гандлю з Эўразьвязам.

— Нядаўна ў Менску прайшла арганізаваная вашым Астрагорскім цэнтрам канфэрэнцыя. Вы запрашалі туды як праўладных экспэртаў, так і прадстаўнікоў розных беларускіх міністэрстваў. Але прысутнічаў толькі прадстаўнік МЗС. Гэта правал ці посьпех?

— Мы спрабуем, каб вынікі нашай дзейнасьці мелі рэальны ўплыў на тое, што адбываецца ў краіне. І адзін са спосабаў — перадаваць нашы дасьледаваньні тым, хто прымае рашэньні. Добра, што быў хаця б адзін прадстаўнік дзяржаўных органаў. Мы спадзяёмся што ў будучыні іх будзе больш — хаця б каб паслухаць. Гэта ўвогуле дзіўна, што ў Беларусі шмат якія дзяржаўныя органы ня хочуць супрацоўнічаць зь недзяржаўнымі структурамі.

— Мяне ўразіла, што на канфэрэнцыі часта меркаваньні праўладных і праапазыцыйных экспэртаў наконт замежнай палітыкі супадалі, асабліва наконт праблемы ўзмацненьня сувэрэнітэту і адносінаў з Расеяй. Ці магчымая сёньня для афіцыйнага Менску такая матрыца паводзінаў, каб адначасова не раздражняць Маскву і мацаваць незалежнасьць?

— Гэта вельмі складаная задача. З аднаго боку, большасьць суседзяў Беларусі — сябры Эўразьвязу, а зь іншага — Расея застаецца нашым самым вялікім палітычным і эканамічным партнэрам. Расея рухаецца ў нацыяналістычны бок, да меншага супрацоўніцтва з Захадам. Усе ўдзельнікі нашай канфэрэнцыі пагадзіліся, што паляпшэньне адносінаў з Захадам спрыяе ўмацаваньню сувэрэнітэту і паляпшае дабрабыт грамадзянаў.

І тут важна сапраўды не рабіць рэзкіх рухаў, бо гэта можа выклікаць нездавальненьне або нават нейкія актыўныя дзеяньні з боку Расеі, каб спыніць рух Беларусі ў бок Захаду. Цікава было назіраць, што прадзяржаўныя і праапазыцыйныя экспэрты пагаджаліся па цэлым шэрагу пытаньняў, якія тычацца зьнешняй палітыкі Беларусі. Гэта знак, які паказвае, што ёсьць поле для супрацоўніцтва і для ўплыву грамадзянскай супольнасьці на тое, як прымаюцца рашэньні ў галіне замежнай палітыкі.

— Наколькі трывожныя такія факты з палітыкі Расеі, як разьмяшчэньне новых вайсковых частак на мяжы зь Беларусьсю? Ці можна казаць пра імавернасьць крымскага сцэнару ў дачыненьні да Беларусі?

— Тут ёсьць два супрацьлеглыя меркаваньні. Хтосьці кажа, што Расея павінна падкідаць у топку папулізму ўсё больш пераможных войнаў, таму такі сцэнар немагчыма выключаць. Хтосьці сьцьвярджае, што рабіць гэтага Маскве няма сэнсу, бо інтарэсы Расеі тут і так выконваюцца, і не патрэбныя праблемы з адзіным саюзьнікам. У гэтым моманце сярод экспэртаў было разыходжаньне.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG