У перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч адказвае на пытаньне, ці сапраўды Захад прыняў правілы гульні афіцыйнага Менску, ці сабрала неабходныя 100 тысяч подпісаў каманда Тацяны Караткевіч на прэзыдэнцкіх выбарах, тлумачыць, як ён цяпер ставіцца да «Гавары праўду» і чаму БНФ зьбіраецца самастойна ісьці на парлямэнцкія выбары.
— На гэтым тыдні прадстаўнічая дэлегацыя лідэраў дэмакратычных арганізацыяў Беларусі наведала Брусэль, Варшаву, сустракалася з прадстаўнікамі эўрапейскіх структураў. Якія асноўныя вынікі гэтых сустрэчаў?
«Гэты дыялёг адбываецца пад дыктоўку афіцыйнага Менску»
— Не вазьмуся казаць ад імя ўсіх прадстаўнікоў апазыцыі — бо дапускаю, што мэты гэтай паездкі ў розных лідэраў былі розныя. Калі казаць пра партыю БНФ, то асноўнай сваёй задачай мы бачылі захаваць увагу эўрапейскіх палітыкаў да Беларусі (бо цяпер іншыя праблемы часам, на жаль, адсоўваюць Беларусь убок, і гэта трывожна), а таксама давесьці бачаньне таго, як найлепшым чынам Эўропа магла б спрыяць таму, каб Беларусь станавілася больш свабоднай.
— Існуе такое меркаваньне, што апошнія месяцы (асабліва пасьля зьняцьця санкцыяў) Эўропа ў дыялёгу з афіцыйным Менскам ідзе ў рэчышчы пазыцыі беларускіх уладаў. Днямі была прынятая супольная заява прадстаўнікоў дэмакратычных сіл — Юрася Губарэвіча, Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзькі, Уладзімера Някляева, Віталя Рымашэўскага, Міколы Статкевіча, Аляксея Янукевіча — адносна ўмоў правядзеньня ў Беларусі парлямэнцкай кампаніі. «Існуе небясьпека, што ўлады, адхіліўшы прапановы БДІПЧ АБСЭ і не зрабіўшы рэальных крокаў па дэмакратызацыі, падвышэньні празрыстасьці выбарчага працэсу, прызначаць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў грамадзян, якіх паспрабуюць выдаць за прадстаўнікоў апазыцыі». Наколькі такая пагроза сурʼёзная? І, дарэчы, на каго вы намякаеце?
— Мы бачым, як дзеля «дыялёгу» зь Менскам эўрапейскія палітыкі вельмі моцна пачалі дыстанцыявацца ад апазыцыі — як у сустрэчах, гэтак і ў палітычных ацэнках. Я лічу, што гэта памылкова. Яны цалкам аддаюць ініцыятыву Лукашэнку, і гэты дыялёг адбываецца пад дыктоўку афіцыйнага Менску.
Калі казаць пра гэтыя парлямэнцкія выбары — я асабіста ня веру, што каго-небудзь з тых, хто на сёньня лічыцца апазыцыяй, улады прапусьцяць у Палату. Хоць, безумоўна, Захад на гэта вельмі разьлічвае і мае наконт гэтага шмат ілюзіяў. Але я перакананы, і папярэджваю пра гэта эўрапейскіх палітыкаў — калі настройвацца на такі сцэнар, то іх чакае вялікае расчараваньне. Я перакананы, што Караткевіч ці кагосьці яшчэ туды не прапусьцяць.
Што ўлады могуць зрабіць — гэта прапусьціць у Палату кагосьці зь бізнэсу, фармальна незалежную фігуру, кшталту спадара Цярэшчанкі. І спрабаваць гэтую асобу выдаваць за нейкае незалежнае меркаваньне, «новую кроў» — маўляў, ёсьць прагрэс.
— Ці ёсьць у вас уражаньне, што Захад часткова прыняў правілы гульні Менску — «Вы робіце выгляд, што прымаеце істотныя зьмены, мы робім выгляд, што вам верым»?
— Я б не сказаў, што пазыцыя Захаду настолькі бязвольная. Захад робіць выгляд, што беларуская ўлада праводзіць нейкую дэмакратызацыю і што гэта прымальна. Але насамрэч Захад падкрэсьлівае, што гэта ўсё авансы і што ад Менску чакаюць нейкіх рэальных крокаў. Калі такія крокі не адбудуцца — тады ацэнкі памяняюцца.
Іншая справа — і я казаў пра гэта ў Брусэлі — на сёньня няма нейкіх ясных крытэрыяў, якіх канкрэтна крокаў Захад чакае ад беларускіх уладаў, каб ісьці наперад — альбо, у выпадку адсутнасьці такіх крокаў, спыніць разьвіцьцё дыялёгу. Неабходная пакрокавая, ясна прапісаная «дарожная мапа» разьвіцьця адносінаў. Гэтага няма. І гэта галоўная хіба эўрапейскай палітыкі адносна Менску.
«Гавары праўду» ўсё далей аддаляецца ад дэмакратычнага поля
— Вы казалі пра свае ацэнкі паездкі. А, напрыклад, «Гавары праўду» на сваім сайце прадставіла сваё бачаньне. І тут няма згоды. Увогуле, ці можна казаць, што на сёньняшні дзень прорва паміж ГП і астатнімі дэмакратычнымі сіламі настолькі глыбокая — ці журналісты і публіцысты перабольшваюць?
— Слова «прорва», на маю думку, занадта гучнае для беларускага палітычнага поля. Аднак відавочна, што пэўны водападзел існуе. Яго, на маю думку, вельмі трапна акрэсьліў Юры Чавусаў у перадачы «Экспэртыза Свабоды», калі казаў, што ГП імкнецца быць сваім і для ўлады, і для апазыцыі. Калі б гэта атрымалася — гэта быў бы прарыў. Але гэта не выглядае рэалістычным, і ў выніку яны ўсё далей аддаляюцца ад дэмакратычнага поля.
— З ГП зьвязаны і апошні скандал вакол подпісаў за Тацяну Караткевіч на прэзыдэнцкіх выбарах. БНФ быў сярод тых партыяў, якія ўдзельнічалі ў зьбіраньні подпісаў за Караткевіч на першым этапе выбараў. Паводле вашых дадзеных — ці сабрала Караткевіч подпісы?
— Мы нашу пазыцыю агучылі яшчэ падчас той кампаніі. Напрыканцы лета. Нам падалося вельмі сумнеўным, што рэалістычна сабраць гэтыя сто тысяч подпісаў. Але гэта тычыцца і кампаніі Гайдукевіча, і Ўлаховіча, і іншых кандыдатаў. Правільна казаць, што ніхто зь іх не сабраў сто тысяч подпісаў.
— А які вы бачыце выхад з такой сытуацыі? «Гавары праўду» вуснамі Караткевіч адказвае ў стылі, што гэта ўсё палітычныя правакацыі.
— Так, яны вырашылі проста ігнараваць усе гэтыя заявы, быццам скандалу няма. Але я лічу, што скандал ёсьць, і ён адмоўна ўплывае на імідж і ГП, і ўсёй апазыцыі. У той час мы нават стваралі незалежную грамадзкую камісію, заклікалі зрабіць публічны аналіз, ацэнку сапраўднасьці подпісаў. Але з боку ГП камісіі не была дадзена такая магчымасьць. У любым выпадку для нас гэта не было навіной, і цяпер нічога новага наконт гэтых подпісаў мы не пачулі.
— Калі браць іншы флянг беларускай апазыцыі, то варта ўзгадаць Кангрэс, які правялі Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў ды іншыя палітычныя фігуры. Кіраўнікі і актывісты БНФ, як і іншых палітычных партыяў, нават не наведалі гэтае мерапрыемства. Чаму некалькі месяцаў падрыхтоўкі ў выніку прывялі не да еднасьці, а да чарговага падзелу сярод апазыцыі?
— Пытаньне варта задаць арганізатарам — чаму яны нешта абвясьцілі, а атрымаўся пшык. Відавочна, што тое, як гэтае мерапрыемства рыхтавалася — заведама не магло прэтэндаваць нават на тое, каб стварыць уражаньне палітычнага працэсу ўнутры дэмакратычных сілаў. Гэта была вельмі вузкая ініцыятыва, якая такой і засталася. Няма там ані працэсу, няма там рэальна ніякага Кангрэсу.
— БНФ увогуле зьбіраецца ісьці на выбары асобным сьпісам. Ці не пераацэньваеце вы свае сілы?
— Сілы свае мы ацэньваем цалкам адэкватна. Іх нам хапае, каб і заяўляць, і рэальна ажыцьцяўляць уласную парлямэнцкую кампанію. Увогуле, я лічу, што было б лепш, калі б кожная дэмакратычная арганізацыя ў Беларусі займалася тым, каб разьвівацца самой, пашыраць базу прыхільнікаў — замест таго каб гадамі гуляць у абʼяднаўчыя гульні, дзе пра абʼяднаньне ніхто ня думае. У выніку мы толькі губляем сваіх прыхільнікаў, бо людзі расчараваныя: навошта, маючы добрую праграму і прывабную палітычную ідэю, мы ўвесь час «абʼядноўваемся»?
Усе ж разумеюць, што размова ідзе пра кароткатэрміновыя палітычныя альянсы, з максымальна шырокім спэктрам — якія размываюць сэнс нашага пасланьня грамадзтву. Таму мы ўпэўненыя, што праца, якую мы ўжо пачалі рабіць падчас гэтай палітычнай кампаніі, будзе на карысьць беларускага грамадзтва, на карысьць нацыянальных інтарэсаў.