Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 cтудзеня — Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту. У Беларусі было зьнішчана 240 гета


Паводле пастановы Генэральнай Асамблеі ААН 27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту. У гэты дзень у 1945 годзе быў вызвалены найбуйнейшы нацысцкі лягер сьмерці Асьвенцім (Аўшвіц). Сваю трагедыю Галакосту перажыла і Беларусь.

На думку доктара гістарычных навук, прафэсара Эмануіла Ёфэ, у гады Другой усясьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі загінулі 805 тысяч габрэяў. У тым ліку 90 тысяч чалавек, дэпартаваных зь сямі краінаў Эўропы — Аўстрыі, Нямеччыны, Нідэрляндаў, Вугоршчыны, Польшчы, Чэхіі й Францыі.

На тэрыторыі Беларусі было каля 240 гета. У Менску было адно з самых буйных гета на тэрыторыі Эўропы — у ім было зьнішчана больш за 100 тысяч чалавек (80 тысяч беларускіх габрэяў і 22 тысячы габрэяў з замежжа, у асноўным зь Нямеччыны, у так званым «зондэр-гета»). Загад аб стварэньні Менскага гета зьявіўся ўжо на пачатку ліпеня 1941 году, яно і праіснавала даўжэй за іншыя — да кастрычніка 1943 году. Але ў беларускіх энцыкляпэдыях і падручніках у артыкулах пра Галакост няма слова «Беларусь», адзначае вядучы дасьледчык Галакосту прафэсар Эмануіл Ёфэ:

«Я быў навуковым кансультантам дзьвюх энцыкляпэдый — Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі (у шасьці тамах, сямі кнігах) і 18-томнай Беларускай энцыкляпэдыі. І адмовіўся паставіць свой подпіс — гэта ганьба, Беларусь паказала ўсяму сьвету, што ў ёй ніякага Галакосту не было. Дагэтуль у Беларусі няма музэю Галакосту.

У некаторых падручніках, навуковай літаратуры прыводзяцца дадзеныя 1969 году, калі была створана камісія з ініцыятывы Машэрава, якую ўзначаліў доктар гістарычных навук, прафэсар Пачанін (намесьнік дырэктара інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ). Ён прывёў лічбу, што ў Беларусі было 260 канцлягераў, у тым ліку 70 гета. Але я настойваю на лічбах, што ў Беларусі было 230–240 гета».

Эмануіл Ёфэ, архіўнае фота
Эмануіл Ёфэ, архіўнае фота

Эмануіл Ёфэ сказаў, што таленавітаму гісторыку Сяргею Тукалу ВАК двойчы ня даў абараніць дысэртацыю на тэму «Генацыд і барацьба габрэяў у Менскім гета», дзе дасьледчык неперадузята паказаў гісторыю гета і ролю яго кіраўніцтва — габрэйскага камітэту (юдэнрату):

«На думку ВАК і экспэртнай камісіі на чале з прафэсарам Яўгенам Новікам, усе чальцы юдэнратаў — гэта калябарацыяністы, паколькі былі прызначаныя акупантамі. Але многія зь іх, у тым ліку два першыя старшыні юдэнрату — Ільля Мушкін і Машэ Ёфэ, а таксама кіраўнік габрэйскай паліцыі Зяма Серабранскі былі зьвязаныя з падпольлем гета, удзельнічалі ў антыфашысцкім супраціве і былі пакараныя сьмерцю.

Усе ведаюць пра паўстаньне ў красавіку 1943 году ў Варшаўскім гета, але нідзе не гаворыцца пра хвалю паўстаньняў у беларускіх гета. Збройныя паўстаньні і масавыя ўцёкі з гета былі арганізаваныя ў Клецку, Нясьвіжы, Міры, Лахве, Кобрыні, Наваградку, Глыбокім ды іншых гарадах і мястэчках. Бальшыня паўстанцаў загінулі альбо былі пакараныя сьмерцю. У Беларусі дзейнічала 15 габрэйскіх партызанскіх атрадаў».

27 студзеня ў Музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбудзецца ўганараваньне беларусаў, семʼі якіх ратавалі габрэяў. Ізраільскі мэмарыяльны інстытут катастрофы і гераізму эўрапейскага габрэйства «Яд Вашэм» штогод прысуджае тытул «Праведнік сьвету» людзям розных нацыянальнасьцяў. У Беларусі званьне «Праведнік сьвету» атрымалі больш за 700 чалавек.

Па ўсёй Беларусі сёньня пройдуць жалобныя мерапрыемствы. У сталіцы ўскладуць кветкі да помнікаў ахвярам менскага гета на вуліцы Сухой, а таксама да мэмарыялу «Яма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG