Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Сьмілавіцкі: «Беларусы і габрэі заўсёды між сабою лёгка дамаўляліся»


Леанід Сьмілавіцкі ў Празе
Леанід Сьмілавіцкі ў Празе

Рэдакцыю Радыё Свабоды ў Празе наведаў ізраільскі гісторык Леанід Сьмілавіцкі. Доктар Сьмілавіцкі нарадзіўся ў Рэчыцы, працаваў выкладчыкам гісторыі ў менскіх ВНУ, у 1992 годзе рэпатрыяваў у Ізраіль. Ад 1995 году і да сёньняшняга дня працуе ў Цэнтры дыяспары Тэль-Авіўскага ўнівэрсытэту, дзе кіруе праектам «Гісторыя габрэяў Беларусі». Зь Леанідам Сьмілавіцкім пагаварыў Сяргей Шупа.

Шупа: Леанід, чым ёсьць габрэі ў гісторыі Беларусі і чым ёсьць Беларусь у гісторыі габрэяў?

Сьмілавіцкі: Калі паглядзець на тое, як складвалася беларуская нацыя, беларуская дзяржава, беларуская эканоміка, культура і нават мова — можна ўбачыць, што без удзелу габрэяў гэтага б проста не адбылося. Я не хачу перабольшваць ролю габрэяў у гісторыі Беларусі, але калі гаварыць пра аб’ектыўныя працэсы, якія адбываліся ў Беларусі на пачатку ХХ стагодзьдзя, наагул пра ўсю значымасьць станаўленьня дзяржавы, нацыі, фармаваньня культуры, то трэба зазначыць, што ўсё гэта адбывалася ў працэсе ўзаемадзеяньня і супрацоўніцтва.

Гэтыя працэсы былі штучна перарваныя спачатку палітыкай барацьбы зь беларусізацыяй і ідышызацыяй у пачатку 1930-х гадоў. Затым прыйшлі русыфікацыя, Галакост, а пасьля вайны — штучнае нівэляваньне ўсяго нацыянальнага жыцьця — ня толькі габрэйскага — як у Беларусі, так і ў іншых нацыянальных рэспубліках.

Была прынятая на ўзбраеньне мадэль «тытульнай нацыі»: ёсьць тытульная нацыя, а ўсё астатняе не існуе або не адыгрывае істотнай ролі.

Падчас Другой сусьветнай вайны ў выніку Галакосту габрэйскае насельніцтва Беларусі было амаль цалкам вынішчанае — агучваецца лічба 800 тысячаў з 1 мільёна, які быў на чэрвень 1941 году, разам з габрэямі Заходняй Беларусі і ўцекачамі з Польшчы, гэтая лічба прыблізная, але будзем на яе арыентавацца, гэта 10% насельніцтва Беларусі. Гэта значыць, фізычна габрэі зьніклі.

Пасьля вайны тыя, што вярнуліся з савецкага войска і з эвакуацыі, хутка зразумелі сваё месца — варта згадаць і працэсы барацьбы з касмапалітамі, абмежаваньні і забароны на культурнае жыцьцё, саветызацыі ўжо было недастаткова, былі закрытыя нават савецкія ідышысцкія часопісы, газэты, школы — усё, што датычыла габрэйскага нацыянальнага жыцьця, нават савецкага зьместу: арышт і разгром габрэйскага антыфашысцкага камітэту ў Маскве, забойства Міхоэлса — усе гэтыя працэсы знайшлі адлюстраваньне і ў Беларусі.

Без вывучэньня габрэйскага ўдзелу гісторыі Беларусі не напісаць.

Усё гэта прывяло да таго, што габрэйская гісторыя Беларусі замерла і надоўга. Але засталося вельмі шмат сьлядоў. Засталіся матэрыялы ў архівах, засталіся неапублікаваныя ўспаміны, засталіся лісты габрэяў у гады вайны і да вайны. Так што — ёсьць што вывучаць, ёсьць чаму вывучаць і ёсьць нашто вывучаць. І так або іначай, калі мы хочам знайсьці аб’ектыўны адказ на пытаньне, што ўяўляе сабою гісторыя Беларусі — варта памятаць, што без вывучэньня габрэйскага ўдзелу (зьвярніце ўвагу: не габрэйскай спадчыны, а габрэйскага ўдзелу) у гісторыі Беларусі — бяз гэтага гісторыі Беларусі не напісаць, як не напісаць яе і без удзелу літоўцаў, украінцаў, палякаў, цыганоў, немцаў, усіх іншых невялікіх этнасаў, нацыянальных мяншыняў, як цяпер прынята казаць, у гісторыі Беларусі. Хоць габрэі займалі тут першае месца, яны былі найбольш шматлікімі.

А калі казаць пра тонкі інтэлектуальны слой, які пасьпела «нарасьціць» Беларусь да пачатку Другой сусьветнай вайны і пасьля яго страціла — як вядома, мазгі растуць павольна — то тут роля габрэяў выяўляецца яшчэ больш заўважнай і выпуклай.

Шупа: Наколькі распрацаваная тэма гісторыі габрэяў Беларусі? Ці яна некалькі распрацоўвалася інстытуцыйна? Або сёньня даводзіцца пачынаць практычна на пустым месцы?

Сьмілавіцкі: Да вайны існавалі цэлыя інстытуты і аддзелы ў Інбелькульце, а пазьней у Акадэміі Навук Беларусі, якія спэцыяльна вывучалі гісторыю габрэяў — нават паводле савецкай мэтадалёгіі: іх удзел у рэвалюцыйнай барацьбе, з гледзішча клясавых узаемадачыненьняў, пазьбегнуць гэтага было нельга. Было шмат статыстыкі, было шмат канкрэтных прыкладаў, было шмат этнаграфіі, краязнаўства, былі навацыі, і гэты матэрыял добра адклаўся ў архівах, якія ў значнай меры захаваліся — даваенныя архівы.

Чаму яны захаваліся? Таму што нацысты забівалі габрэяў, але вывозілі габрэйскія архівы. Дакладна гэтак сама нацысты рабілі з архівамі ўсіх паняволеных народаў — яны ніколі не наступалі самі сабе на хвост і ніколі не адсякалі сабе выхад да адступленьня. Яны заўсёды вывозілі і захоўвалі старыя кнігі і асабліва архівы, шмат якія зь іх удалося вярнуць. Частку архіваў удалося ўратаваць. Таму калі я пісаў гісторыю беларускіх габрэяў да вайны, я карыстаўся архіўнымі матэрыяламі.

Пасьля вызваленьня Беларусі ў ліпені 1944 году і да распаду Савецкага Саюзу ў 1991 годзе і абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ніякіх афіцыйных габрэйскіх структураў не існавала, таму матэрыял комплексна нідзе не адклаўся і яго трэба шукаць у архівах «пінцэтным» мэтадам. І ўсё адно, шмат чаго можна знайсьці — калі выкарыстоўваць матэрыялы ЦСУ, дзе ёсьць статыстыка, матэрыялы партыйных архіваў, бюро ЦК, пленумаў, дзе разглядаліся пытаньні, зьвязаныя з габрэямі, дзейнасьць габрэяў, якія ўзначальвалі пэўныя структуры міністэрстваў і г. д. — шмат можна знайсьці. І вось такім «пінцэтным» спосабам я доўгія гады зьбіраў матэрыял, і на сёньняшні дзень у нас у Цэнтры дыяспары створаны вялікі архіў па ўсіх асноўных этапах разьвіцьця гісторыі Беларусі да 1917 году і пасьля, чаму прысьвечаныя мае кнігі.

Шупа: Раскажыце пра ваш навуковы даробак за гэтыя чвэрць стагодзьдзя.

Сьмілавіцкі: Калі я прыехаў у Ізраіль і адкрыў для сябе тэму беларускай юдаікі, я, вядома, пайшоў клясычным шляхам — пачаў вывучаць усё, што было напісана да мяне на даступных мне мовах, у тым ліку на іўрыце. І ў мяне склалася пэўнае перакананьне, што гэтая тэма вывучаная фрагмэнтарна, і ў ёй адсутнічае архіўны матэрыял. Бо архівы былі закрытыя, і дасьледнік мог трапіць у іх толькі пасьля 1991 году. Так што мой прыезд у Ізраіль супаў з момантам адкрыцьця архіваў у Беларусі, і такім чынам я апынуўся ў ліку першых, каму трапілі ў рукі першакрыніцы. Гэта ўнікальныя матэрыялы Цэнтральнага штабу партызанскага руху, бюро ЦК, закрытыя партыйныя дакумэнты, сакрэтныя матэрыялы і расьсьледаваньні, і нават кампрамат на савецкіх і партыйных работнікаў. І яны цяпер у адкрытым доступе: калі ласка, прыходзь, чытай, глядзі — велізарныя дакладныя запіскі з падрабязнымі расьсьледаваньнямі. Вельмі шмат матэрыялу.

Вядома, я там шукаў тое, што мяне больш за ўсё цікавіць — як у гэтым усім прысутнічае габрэйская тэма — і гэтыя напрацоўкі вельмі дапамаглі мне ў працы над маімі кнігамі. Першая кніга была выдадзеная ўжо ў Менску, хоць напісаная ў Ізраілі — «Габрэі Беларусі: з нашай агульнай гісторыі, 1905–1953 гады» (1999). Другая кніга — «Катастрофа габрэяў Беларусі 1941-1944 гг.» (Тэль-Авіў, 2000). Трэцяя кніга — «Габрэі Турава» (Ерусалім, 2008), на прыкладзе Турава я паказаў партрэт беларускага габрэйства, ня толькі Палесься, Мазырскай акругі, але і ў цэлым Беларусі. Наступная кніга была прысьвечана гісторыі цэнзуры ў Беларусі (Ерусалім, 2015). Яшчэ адна кніга была выдадзеная ў Будапэшце і Нью-Ёрку — «Габрэйскае жыцьцё ў Беларусі пасьля вайны», напісаная на ангельскай мове (Jewish Life in Belarus. The final decade of the Stalin regime, 1944–1953, Central European University Press (CEU Press), Budapest — New York, 2014).

У кожнай з гэтых кніг я шукаў адказу на тое самае пытаньне: які патэнцыял быў у габрэяў Беларусі, якое было іх месца ў гісторыі Беларусі, што было страчана ў гады Галакосту. Пасьля — як ішоў гэты працэс страты нацыі і спробы адраджэньня габрэйскага жыцьця. Цяпер у мяне ёсьць прыблізны адказ на гэтае пытаньне. Калі вы паставіце агульнае пытаньне — што ж нас чакае? Што ўяўляе сабой беларускае габрэйства на сёньняшні дзень? Зьнікла нацыя ці не? Я адкажу так: нацыя зьнікла, але ўклад габрэяў у гісторыю Беларусі настолькі істотны, што ён варты таго, каб мы пра яго ведалі і ведалі на кожным этапе — як ён складаўся і якую спадчыну пакінулі габрэі ў Беларусі. Вось пра гэта трэба гаварыць, а ня проста пра тое, што забілі 800 тысячаў, гэта была трагедыя, яны загінулі, ах як дрэнна, такія пакуты і гэтак далей...

Я б хацеў якраз памяняць акцэнты, і ў сваіх дасьледаваньнях я пра гэтага гавару.

Шупа: Што страціла Беларусь з амаль поўным зьнікненьнем габрэяў? Якія лякуны застаюцца незапоўненыя?

Сьмілавіцкі: Страты беларускага габрэйства я б падзяліў на некалькі этапаў. Першы этап — 20-30-я гады, калі габрэйская Беларусь страціла сваё паўнацэннае нацыянальнае, культурнае, духоўнае жыцьцё. Калі параўноўваць з тым як жылі габрэі ў Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы (1921-1939), то там, нягледзячы на афіцыйны дзяржаўны антысэмітызм было паўнацэннае жыцьцё — нацыянальнае, культурнае, эканамічнае, межы адкрытыя, габрэі Заходняй Беларусі кантактавалі з усім сьветам, езьдзілі ў абодва бакі. У Савецкай Беларусі межы зачыніліся пасьля 1929 году, і ўся эміграцыя спынілася. Была накладзеная афіцыйная або неафіцыйная забарона на рэлігію, на культурнае і нацыянальнае жыцьцё, гісторыя магла разьвівацца толькі ў савецкім ключы. Вялізныя страты адбыліся яшчэ перад вайной. Савецкая габрэйская школа, закрытая ў 1938 годзе, нібыта на просьбы бацькоў, таксама рыхтавала сталінскіх сокалаў, толькі на габрэйскі манер. Усё, што там было габрэйскага — гэта толькі ідыш, але і ён стаўся непажаданы.

Другі ўдар, які зазнала беларускае габрэйства — гэта, вядома, Галакост. 800 тысячаў, плюс 50-60 тысячаў маладых габрэяў, якія загінулі ў складзе Чырвонай Арміі на франтах, плюс дзясяткі тысячаў, якія не вярнуліся з эвакуацыі ў Беларусь — загінулі там ад голаду або паехалі асвойваць Калінінградзкую вобласьць, Сібір і раёны Далёкага Ўсходу пасьля 1945 году.

Першы пасьляваенны перапіс 1959 году налічвае ў Беларусі парадку 150 тысячаў габрэяў. Далей гэтая лічба трошкі павялічвалася, а пасьля ў сувязі з ад’ездам пасьля 1989 году зьменшылася.

Зьехалі дзясяткі тысячаў людзей — спэцыялістаў, інтэлігентаў ня ў першым пакаленьні, «мазгі». Іх ніхто не спыняў, ніхто не заклікаў застацца.

Наступны ўдар пасьля вайны быў нанесены габрэйскай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі — бо культурнага і духоўнага жыцьця ўжо не было, сынагога была забароненая, іўрытам ніхто не займаўся і нават на ідышы габрэі на вуліцах беларускіх гарадоў ужо гаварылі з аглядкай. Ужо само слова габрэй стала нейкім непрымальным, амаль непрыстойным — людзі крыўдзіліся, калі ім казалі: «Ты габрэй». Так што 40-70-я гады — гэта ўдар па нацыянальнай самаідэнтыфікацыі габрэяў.

Чацьверты ўдар быў нанесены пасьля распаду Савецкага Саюзу і ў сувязі з эміграцыяй. Зьехалі дзясяткі тысячаў людзей — спэцыялістаў, інтэлігентаў ня ў першым пакаленьні, «мазгі». Іх ніхто не спыняў, ніхто не заклікаў застацца. Едзеш — і едзь сабе. Гэта быў цяжкі час для ўсіх. Карацей, калі не паглыбляцца падрабязьней у прычыны, а засяродзіцца на наступствах: іх ня стала. Іх ня стала ў дакладных навуках, у гуманітарных, у прыродазнаўчых, іх ня стала ў мэдыцыне, у пэдагогіцы. І габрэі як гарадзкая нацыя — у сілу вядомых гістарычных прычынаў у сельскай гаспадарцы габрэяў не было, не таму, што яны баяліся працаваць на зямлі, а таму, што гістарычна так склалася.

(Дарэчы, робячы невялікі экскурс назад, я скажу, што бальшыня калгасаў, калектыўных гаспадарак да пэрыяду калектывізацыі ў Беларусі, калі ідэя каапэрацыі, аб’яднаньня намаганьняў людзей на зямлі — гэта называлася палітыка прадуктывізацыі, каб габрэі выйшлі зь перанаселеных мястэчак і пачалі займацца канкрэтнай працай, якая стварае матэрыяльныя даброты — дык вось, габрэйскія калгасы складалі большасьць — больш за 80% — сярод сельскагаспадарчых каапэратываў Беларусі пэрыяду НЭПу, да пачатку масавай калектывізацыі 1929 году. Габрэі не баяліся працаваць на зямлі, яны актыўна ў гэта пайшлі. Але займаліся яны не вытворчасьцю збожжа, а жывёлагадоўляй і вытворчасьцю малочнай прадукцыі — такая ў іх была спэцыялізацыя. Называліся яны «калектывы». Гэта былі габрэйскія камуны, дзе ўсё было агульнае, або гэта былі фэрмы з матэрыяльнай зацікаўленасьцю — хто колькі зрабіў, столькі і атрымаў. Самае галоўнае, што яны існавалі на прынцыпах самаакупнасьці. Тут, вядома, дапамог і «Джойнт», які пастаўляў ім тэхніку, угнаеньні, даваў крэдыты, падтрымліваў фінансава. Факт той, што яны эканамічна сябе апраўдвалі, не было штучных эканамічных схемаў. Пасьля, падчас агульнай калектывізацыі зь іх зрабілі калгасы сталінскага тыпу.)

Габрэі зьехалі, утварыліся лякуны, і тут раптам усе зразумелі, што гэтыя пустыя месцы трэба запаўняць. Нехта мусіць прыйсьці ў Акадэмію навук, нехта мусіць узначаліць вышэйшыя навучальныя ўстановы, нехта мусіць лячыць... І вось тады Рэспубліка Беларусь адчула тыя вялізныя страты.

Габрэі зьехалі, утварыліся лякуны, і тут раптам усе зразумелі, што гэтыя пустыя месцы трэба запаўняць

З 1989, і асабліва з 1991 году, калі пачаўся масавы ад’езд, пачаўся самы цяжкі пэрыяд у гісторыі Беларусі, пакуль не падрасьлі свае кадры і пакуль не былі фізычна запоўненыя гэтыя нішы. Бо, як мы з вамі ведаем, для таго, каб падрыхтаваць прафэсара, трэба дзесяць гадоў школы, пяць гадоў унівэрсытэту, тры гады асьпірантуры — усе гэтыя прыступкі, карацей, ня менш за 25-30 гадоў навучаньня з адрывам ад вытворчасьці. Толькі пасьля гэтага ён спараджае нейкія ідэі, у яго зьяўляюцца вучні, ён стварае нейкае вучэньне. Я б назваў гэты пэрыяд інтэлектуальна-дэмаграфічнай ямай, ад якой Беларусь пацярпела больш, чым нейкая іншая рэспубліка былога СССР, калі ня браць пад увагу Ўкраіну. Там таксама зьехала шмат габрэяў, але чыста па прапорцыях яны там ніколі не займалі такое месца ў інтэлектуальным жыцьці народу, як у Беларусі.

І вось якраз гэты момант, які выпадае з поля зроку сацыёлягаў і гісторыкаў.

Леанід Сьмілавіцкі ў Празе
Леанід Сьмілавіцкі ў Празе

Шупа: Пасьля распаду Савецкага Саюзу і абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі прайшло 25 гадоў. Як вывучалася гісторыя беларускіх габрэяў у нівай незалежнай дзяржаве?

Сьмілавіцкі: Вывучэньне гэтай гісторыі адбывалася вельмі нераўнамерна. Па-першае, таму, што сама дзяржава не надавала важнасьці гэтым працэсам, якія адбываліся ў грамадзтве. Зьмянілася дэмаграфічная структура беларускага грамадзтва і беларускай інтэлектуальнай эліты. І калі пачынаць аднаўляць гэты патэнцыял, то трэба, па-першае, валодаць усёй паўнатой ведаў і бачыць усю карціну ў цэлым, чаго не было ў дзяржаўных структурах — там вырашалі зусім іншыя задачы.

Беларусь на сёньняшні дзень — адзіная краіна эўрапейскай прасторы былога Савецкага Саюзу, у якой няма дзяржаўнай падтрымкі вывучэньню гісторыі мясцовых габрэяў.

Гісторыю габрэяў Беларусі не было каму вывучаць. Па-першае, проста не было каму. Па-другое, не было сацыяльнай замовы з боку дзяржавы. А людзі, якія вывучалі гісторыю габрэяў Беларусі — гэта былі аматары-самотнікі на ўзроўні краязнаўства, бязь веданьня моваў, і самае галоўнае — бязь веданьня габрэйскай гісторыі, габрэйскай традыцыі, габрэйскай культуры. Кожны бачыў толькі тое, што меў у сябе пад носам. І гэта тым больш крыўдна, што ў Беларусі захавалася маса матэрыялаў, якія могуць дапамагчы аднавіць — калі ня поўнасьцю, то дастаткова блізка — усю колішнюю карціну.

Беларусь на сёньняшні дзень — адзіная краіна эўрапейскай прасторы былога Савецкага Саюзу, у якой няма дзяржаўнай падтрымкі вывучэньню гісторыі мясцовых габрэяў. Напэўна, такая самая сытуацыя існуе ў дачыненьні да польскай гісторыі Беларусі, татарскай, літоўскай, латыскай. Бо што такое дзяржаўная падтрымка? Гэта ўстаноўка на тое, што трэба рабіць такія крокі — гэта па-першае. А па-другое, няма артыкулу ў дзяржаўным бюджэце, у якім былі б закладзеныя выдаткі на разьвіцьцё музэяў, школ, навукі, статыстыкі, культуры, гісторыі і г. д. Няма. Ва Ўкраіне ёсьць, у Расеі ёсьць, у Малдове ёсьць, у краінах Балтыі ёсьць, пра Польшчу, Чэхію і краіны далёкага ці паўдалёкага замежжа я ўжо й не кажу. Гэта натуральны працэс, які даўно ўжо разьвіваецца краінах вакол Беларусі. А ў Беларусі ёсьць прынцып: мы вам гэта не забараняем, скажыце «дзякуй», і гэта ўжо вялікае дасягненьне. Так, я з гэтым згодны, але гэта паўсправы. Патрэбны ўдзел дзяржавы.

У Беларусі дагэтуль няма дзяржаўнага габрэйскага музэю, няма энцыкляпэдыі гісторыі габрэяў Беларусі,няма музэю Менскага гета і музэю Катастрофы габрэяў Беларусі.

Чаму гэта ня робіцца — я таксама маю сваё меркаваньне, зараз я ня буду пра яго казаць, але мне здаецца, што такая пазыцыя — гэта далёка не наіўнае няведаньне, гэта далёка не самадзейнасьць. Гэта прадуманая палітыка, якая мае сваё тлумачэньне. Ну а вынік той, які мы маем: гісторыя габрэяў Беларусі не напісаная, ня вывучаная, не вывучаецца глыбока і фундамэнтальна. Ёсьць толькі нейкія асобныя эпізоды адданых самаахвярных адзіночак, якія бяруцца за асьвятленьне нейкіх эпізодаў — вельмі важных і патрэбных эпізодаў гісторыі габрэяў Беларусі, але агульнай панарамы няма, і таму сёньня такія працы адсутнічаюць. І на мой вялікі жаль у Беларусі дагэтуль няма дзяржаўнага габрэйскага музэю, няма энцыкляпэдыі гісторыі габрэяў Беларусі, няма энцыкляпэдыі праведнікаў народаў Беларусі, няма музэю Менскага гета і музэю Катастрофы габрэяў Беларусі — усяго таго, што ёсьць у іншых, суседніх зь Беларусьсю краінах. Так што даводзіцца аб гэтым шкадаваць, але мне як ізраільскаму гісторыку зразумела, што ня трэба сядзець склаўшы рукі, трэба ўносіць свой уклад. І нешта я ўжо пасьпеў зрабіць — я і мае калегі, я не адзіночка. І тое, як гэтыя працэсы ідуць у іншых краінах — бо ведаем адны адных, тыя, хто займаецца гісторыяй габрэяў Беларусі ў іншых краінах, у Нямеччыне, у Амэрыцы, у Польшчы — мы ў гэтым салідарныя, гэта ня толькі мой асабісты пункт гледжаньня: ня трэба чакаць, пакуль узьнікнуць умовы для напісаньня гісторыі габрэяў Беларусі, трэба працаваць ужо сёньня, а пасьля ўсе гэтыя асобныя часткі складуцца, як мазаіка, у адну карціну. А працаваць трэба, кожны дзень.

Шупа: Беларусы жылі побач з габрэямі доўгія стагодзьдзі. Як складваліся іх узаемадачыненьні? Ці існавалі канфлікты характэрныя для іншых эўрапейскіх краінаў?

Сьмілавіцкі: Пастараюся адказаць на ваша пытаньне больш-менш кампактна, бо тэма гэтая вельмі шырокая.

Канцэптуальна я хачу сказаць, што дачыненьні, якія існавалі паміж габрэямі і беларусамі прынцыпова адрозьніваюцца ад дачыненьняў, якія былі паміж расейцамі і габрэямі. Так склалася гістарычна, бо Беларусь заўсёды была або часткаю польскай дзяржавы, або часткай расейскай, а пасьля і савецкай імпэрыі. І яна была іх інтэгральнай часткай не сама па сабе, а разам зь беларусамі.

Царская адміністрацыя ставілася да беларусаў з пагардай як да нацыі халопаў, быдла, неадукаваных сялянаў — але праваслаўных. Зь якімі трэба працаваць. Адначасна з гэтым беларусы цярпелі нацыянальны прыгнёт і нацыянальную пагарду з боку палякаў. Тыя таксама лічылі беларусаў непаўнацэннымі.

Габрэі былі побач. Іх не любілі як габрэяў — быў рэлігійны, культурны і нацыянальны канфлікт, але не паміж беларусамі і габрэямі, а паміж хрысьціянствам і юдаізмам. Такім чынам у Беларусі ў рамках Рысы аселасьці ўзьнікла цалкам унікальная сытуацыя, калі і адны і другія адчувалі сябе прыгнечанымі. Таму ім між сабой дзяліць не было чаго. Не было антаганізму. І беларускія сяляне жылі дрэнна — а беларусы негарадзкая нацыя, як і габрэі ў перапоўненых мястэчках. Яны былі вымушаныя адны адных падтрымліваць і адны адным дапамагаць.

Рабін карыстаўся сярод беларускіх сялянаў такой самай павагай, як і хрысьціянскі сьвятар.

І ўзьнікла абсалютна ўнікальная сытуацыя, калі ў Беларусі, у межах Рысы аселасьці, існавалі паралельна дзьве культуры — габрэйская і беларуская — якія не перасякаліся, не было міжнацыянальных шлюбаў, але не было і міжнацыянальных канфліктаў. Габрэй-рамесьнік абслугоўваў патрэбы беларуса-земляроба. Рабін карыстаўся сярод беларускіх сялянаў такой самай павагай, як і хрысьціянскі сьвятар. Гэта ўсталяваны факт, які ніхто не аспрэчвае — на адной плошчы стаяла і сынагога і царква, толькі, здаецца, адлегласьць між імі мусіла быць ня менш за 40 сажняў.

Далей. Сярод габрэяў Беларусі не было багатых людзей. Не было банкіраў, не было фінансавых тузоў, не было чыгуначных каралёў, не было цукразаводчыкаў — не было людзей, якія адкрыта супрацьстаўлялі б свой матэрыяльны дабрабыт асноўнаму насельніцтву, як гэта было ва Ўкраіне. Беларускія габрэі займаліся вывучэньнем Торы, навукай або рамёствамі.

Дарэчы, паводле перапісу 1926 году, 96% габрэйскага насельніцтва Беларусі назвалі сваёй роднай мовай ідыш, які і мовай не лічыўся — гэта быў «жаргон» безь пісьмовай традыцыі. Мэндэлэ Мойхер Сфорым быў першым чалавекам, які пачаў пісаць, выдаваць і прадаваць кнігі на ідышы. Працэс фармаваньня ідышу як літаратурнай мовы прыкладна супаў з аналягічным працэсам у беларускай мове, якую таксама не лічылі за мову. І гэтыя працэсы былі штучна спыненыя.

Працэс фармаваньня ідышу як літаратурнай мовы прыкладна супаў з аналягічным працэсам у беларускай мове, якую таксама не лічылі за мову.

Далей, калі глядзець на тыя працэсы, якія пайшлі пасьля заканчэньня Грамадзянскай вайны, працэсы ідышызацыі і беларусізацыі праходзілі паралельна. Савецкая ўлада хацела ўзьдзейнічаць на беларускае і габрэйскае насельніцтва, гаворачы на іх мове, па-іншаму проста нельга было «дастукацца», растлумачыць ідэі савецкай улады.

Усе пагромы 1905 году, часоў першай расейскай рэвалюцыі, ня мелі такіх маштабаў у Беларусі, як у Расеі. Дый у Беларусі пагромшчыкі часта прыходзілі з Расеі, напрыклад, на рэчыцкі пагром прыйшлі людзі з Навазыбкава. Пагромы правакавала праваслаўная царква, расейскія сьвятары, а не беларусы.

У рэдакцыі Радыё Свабода: Аляксандар Лукашук, Леанід Сьмілавіцкі
У рэдакцыі Радыё Свабода: Аляксандар Лукашук, Леанід Сьмілавіцкі

Шупа: Што такое беларускі антысэмітызм? Ці мае ён нейкія спэцыфічныя асаблівасьці? Якія ў яго магчымыя карані, дынаміка, інтэнсіўнасьць? Ці меў Галакост у Беларусі нейкія мясцовыя асаблівасьці?

Сьмілавіцкі: Інтарэсы беларусаў, самага нізу народнай памяці і нацыянальнай самасьвядомасьці, і габрэяў ішлі паралельна і не перасякаліся. На нейкім этапе, пасьля заканчэньня Грамадзянскай вайны ў былой Расеі, пасьля зьняцьця нацыянальнай дыскрымінацыі, якая закранала габрэйства ва ўсіх дачыненьнях на ўсіх узроўнях, былі зьнятыя ўсе забароны, і габрэі атрымалі роўныя правы як савецкія грамадзяне і маглі ісьці вучыцца і служыць у савецкія ўстановы, ва ўсе структуры дзяржавы, улучна з службамі бясьпекі, партыйнымі органамі і камсамолам і г. д. І тут габрэі як найбольш пісьменная, найбольш сацыяльна мабільная частка грамадзтва, найбольш адкрытыя і падрыхтаваныя ў дзелавых адносінах — габрэі ніколі не былі асабіста залежнымі, яны ніколі не былі прыгоннымі, яны заўсёды мелі два выходныя дні — суботу і нядзелю. Кірмашы заўсёды праходзілі ў нядзелі, у нядзелі ніхто не працаваў, гэта было хрысьціянскае сьвята. Тых, хто працаваў, каралі!

Габрэі мелі магчымасьць разьвівацца. І калі 2,5 мільёны расейскіх людзей, практычна ўся сярэдняя кляса, уцяклі за мяжу пасьля разгрому Белага руху, узьнікла велізарная ніша для сярэдняй клясы. Габрэі гэтую нішу запоўнілі на ўзроўні кіраўнічага апарату, адміністрацыі. Яны хуценька пайшлі вучыцца — былі габрэйскія лекары, настаўнікі, інжынэры, будаўнікі, вайскоўцы...

Гэтыя працэсы адбываліся па ўсім Савецкім Саюзе, але ў Беларусі яны праходзілі найбольш інтэнсіўна і заўважна, бо габрэі былі гарадзкой нацыяй, ім адкрылі ўсе шляхі, яны хуценька запоўнілі гэтую нішу.

Калі пачаўся працэс эканамічнага ажыўленьня, пэрыяд НЭПу, габрэі, вядома, скарысталі ўсе свае магчымасьці — эканамічную ініцыятыўнасьць, кемнасьць — усё заварушылася, усё ажыло. А калі гэта ўсё пачалі згортваць, то тыя габрэі, якія апынуліся ў службе бясьпекі, у партыйных структурах, у пракуратуры — выявілася, што іх была непрапарцыйная вялікая колькасьць.

Калі паглядзець статыстыку 1920-30-х гадоў — 40% усіх пракурораў, 60% усіх сакратароў райкамаў партыі, 80% усіх прафсаюзных кіраўнікоў — можна пабачыць такія лічбы, якія патрабуюць тлумачэньня, а тлумачэньня ніхто не дае. І гэта выклікае зьдзіўленьне. Як вы добра разумееце — як паводзілі сябе гэтыя людзі, калі пачаўся працэс масавай калектывізацыі, індустрыялізацыі, культурнай рэвалюцыі, барацьбы зь беларускім нацыянал-дэмакратызмам, гэтымі прыдуманымі «нацдэмамі», згортваньня беларусізацыі — хто былі выканаўцы палітыкі савецкай улады на месцах? Габрэі!

Вобразна кажучы, габрэяў «выкрасілі і выбрасілі». Гэтую карту выкарысталі, і калі габрэі выканалі самую чорную працу — чыстка, пасьля новая чыстка, пасьля чысьцілі тых, хто чысьціў і г. д., улучна зь дзяржбясьпекай — ужо да сярэдзіны 1930-х гадоў уся чорная праца ў асноўным была выкананая, беларусізацыя была згорнутая, ідышызацыя была згорнутая, габрэйскія школы пачалі распускаць. Адмянілі афіцыйны статус ідышу (да 1938 году ў Беларусі былі чатыры дзяржаўныя мовы — беларуская, расейская, польская і ідыш, на гербе Беларускай ССР былі чатыры стужачкі, на якіх лёзунг «Пралетары ўсіх краін, яднайцеся!» быў напісаны на чатырох мовах). Засталіся толькі беларуская і расейская мова. Але ў народнай памяці захавалася: хто праводзіў рэпрэсіі, бальшавізацыю, калектывізацыю і г. д. І гэта ўсё назапашвалася.

Пасьля, як вядома, у крымінальным кодэксе БССР існаваў артыкул за праявы антысэмітызму. Сказаў нехта некаму «жыд», выявілі канфлікт на нацыянальнай глебе — можна было атрымаць да трох гадоў турмы. Безумоўна, гэта было самавольства, бо калі габрэі называлі беларусаў неяк непаважліва, іх за гэта не саджалі. І гэта таксама наклалася на народную памяць.

Нацысты не маглі «раскачаць» беларусаў на тое, каб яны з сваёй волі актыўна ўдзельнічалі ў Галакосьце.

Карацей кажучы, да пачатку вайны пабытовы антысэмітызм, які наагул у той або іншай ступені ўласьцівы негабрэям, бо габрэі іншыя. Проста іншыя. Былі тут і сьляды рэлігійнага канфлікту паміж праваслаўем і юдаізмам. Усё гэта расьцьвіло буйным кветам, калі прыйшлі нацысты і сказалі, што яны вядуць змаганьне з габрэямі і камуністамі, а не зь беларускім народам і не з расейскім народам, і што яны прыйшлі вызваліць Беларусь ад габрэйскага засільля. Далі зялёнае сьвятло. Раздавалі габрэйскую маёмасьць за тое, што ты выдаў габрэя — дамы, быдла, адзеньне.

Але гістарычная традыцыя ўзаемаадносінаў двух народаў складвалася так, што нацысты адчувалі вялікае расчараваньне — яны не маглі «раскачаць» беларусаў на тое, каб яны з сваёй волі актыўна ўдзельнічалі ў Галакосьце. Вядома, асобныя прыклады ёсьць, але масавай, нацыянальнай зьявы не было. Немцы не маглі прымусіць людзей.

У Янкі Купалы ёсьць паэма «Дзевяць асінавых кольляў», напісаная ў 1942 годзе, я цытую яе ў сваёй кнізе «Катастрофа габрэяў Беларусі», дзе ён падае вядомую гісторыю, калі нацысты прывялі беларусаў для таго, каб яны расстралялі габрэяў, і калі яны адмовіліся — закапалі ў зямлю і адных, і другіх.

І нічога нацысты зрабіць не здолелі. У Беларусі ёсьць дакумэнты, напрыклад, у Пінску, акруговы камісар дакладвае ў вышэйшыя інстанцыі, што ніяк нічога не выходзіць, патрэбныя спэцыяльныя карныя атрады, якія прывозілі з Украіны і балтыйскіх краінаў, якія выконвалі чорную працу.

Так што з гледзішча дзяржаўнага антысэмітызму — да вайны ён адсутнічаў. На пабытовым узроўні ён ніколі не атрымаў такога разьвіцьця, як у Расеі. Пасьля заканчэньня вайны — справа лекараў, змаганьне з касмапалітамі, барацьба за раскрыцьцё псэўданімаў... Але ўсё роўна, гэты працэс штучна не паскараўся, ён прысутнічаў, ён не зьнікаў, але ніколі не набываў такіх памераў, як у іншых месцах.

І толькі калі была зьнятая афіцыйная забарона на слова габрэй, калі яно перастала быць ганебным і непрыстойным, пасьля 1989 году, усё быццам бы стала на свае месцы.

Таму з поўнай упэўненасьцю можна сьцьвярджаць, што гістарычна склалася асаблівасьць беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці, якая з тых прычынаў, якія я пастараўся ў агульных рысах абазначыць, — талерантнасьць. Так яна ў беларусаў склалася, вырасла, сфармавалася, і яе зьмяніць нельга.

Нават нівэліроўка агульнага культурнага, нацыянальнага жыцьця беларусаў і габрэяў таксама ішла паралельна. І габрэі спачувалі беларусам. І беларусы спачувалі габрэям. Яны фактычна былі мадэльлю для экспэрымэнту, палігонам для паскоранага стварэньня новай супольнасьці людзей — «савецкага народу».

Да таго ж, хто кіраваў Беларусьсю? Маскоўскія начальнікі ў сваёй большасьці. Яны прыяжджалі, атрымлівалі дырэктывы і выконвалі іх. Таму страта нацыянальнай культурнай памяці, духоўнага жыцьця — гэтыя працэсы ў габрэяў і беларусаў ішлі паралельна.

У Беларусі было менш за ўсё падставаў для антысэмітызму, чым у іншых рэгіёнах Савецкага Саюзу і постсавецкай прасторы.

Беларусы і габрэі заўсёды між сабою лёгка дамаўляліся. Не за кошт адны адных, а таму што яны ўвесь час адчувалі на сабе аднолькавы ціск зьверху — Расея, русыфікацыя, маскоўскі ўрад. І на мясцовым узроўні яны мусілі неяк выжываць, «скрыначка» была зачыненая — я маю на ўвазе межы. Дзецца не было куды, трэба было выжываць. Таму яны між сабою дамаўляліся. І габрэі, якія страцілі сваю мову, сваю нацыянальную культуру, сваю рэлігію, звычаі — усё, што ў іх засталося, гэта мэнталітэт і генатып — яны ўсё роўна адчувалі сябе габрэямі. І іншыя ім гэта прыгадвалі, і запіс у пашпарце...

Вельмі складаны, балючы працэс. Але — гэта маё глыбокае перакананьне — у Беларусі было менш за ўсё падставаў для антысэмітызму, чым у іншых рэгіёнах Савецкага Саюзу і постсавецкай прасторы.

Шупа: Якая будучыня беларускага габрэйства? Ці гэта ўжо толькі тэма для гістарычных дасьледаваньняў?

Сьмілавіцкі: Я маю свой адказ на гэтае пытаньне. Бальшыня дасьледнікаў, якія займаюцца гэтай тэмай, лічаць, што трэба гаварыць пра страты, якія панесла габрэйства на тэрыторыі Беларусі і Савецкага Саюзу наагул. Спачатку я шукаў адказу на пытаньне — які патэнцыял страціла Беларусь у гады вайны. Бо звычайна казалі: Галакост, Катастрофа, гета... А што было да гэтага? Я высьветліў для сябе. У маіх кнігах напісана.

А пасьля я пачаў шукаць адказ на пытаньне — а што ж далей? Будучыня ў чым? Ёсьць яна ці няма яе? Ці ўсё страчана і былая Атлянтыда апусьцілася пад ваду? Не. Я гляджу на гэтую сытуацыю зусім інакш. Я лічу, што сёньня мы павінны гаварыць ня толькі пра зьнікненьне нацыі. Мы павінны засяродзіць сваю асноўную ўвагу на тым укладзе, на той спадчыне, якую былыя пакаленьні габрэяў пакінулі Беларусі, беларускай нацыі, беларускай дзяржаве. І гэтыя дасягненьні, гэты капітал — ён мусіць перастаць быць ананімным. Ён мусіць быць агучаны.

Людзям, якія працавалі, якія стваралі, якія стараліся, якія паміралі за Беларусь і ўвесь свой талент, і веды аддавалі — гэтыя падсумаваньні мусяць быць абнародаваны. Мы заўсёды мусім памятаць гэты ўклад у гісторыю, у навуку, фінансы, будаўніцтва — куды заўгодна — без габрэяў нідзе не абыходзілася! Мы мусім ведаць, колькі зрабілі габрэі, і тады ў беларусаў адкрыецца другое дыханьне, яны зразумеюць, што яны — не ананімная нацыя, яны зразумеюць свае вытокі, калі ўсё фармавалася, калі ўсё было няпроста.

Хто гэта ствараў. Па-першае, гэта пачуцьцё справядлівасьці, а па-другое, гэта аб’ектыўны працэс, па-трэцяе, гэта пакажа, што Беларусь — гэта эўрапейская нацыя і фармавалася яна таксама не сама па сабе, што ўсё гэта было ў комплексе. Гэта пакажа дынаміку, разьвіцьцё, гэта надасьць такі зьмест усёй беларускай гісторыі, гэта спародзіць вялікі аптымізм у разьвіцьці і на будучыню.

Гісторыя Беларусі вельмі багатая і шматаблічная. І чым больш будзе кветак, тым багацейшы будзе букет.

Вельмі шкада, што на дзяржаўным узроўні гэтаму не надаюць значэньня. Апрача таго, гэта надало б аўтарытэт беларускай навуцы, беларускай палітыцы і беларускай дзяржаве. Нават у такім выглядзе, як яна сёньня існуе. Мы ня маем права абмяркоўваць, што адбываецца ў Беларусі, бо гэта ўнутраная справа Беларусі. Гэта мая пазыцыя, беларусы самі павінны вырашаць свае пытаньні дзяржаўнага будаўніцтва, сваёй будучыні. Але трэба даць аб’ектыўную адзнаку таму, як гэта ўсё склалася. Беларуская гісторыя мусіць перастаць быць ананімнай. Мы павінны назваць усіх аўтараў, усіх удзельнікаў, і кожнаму паказаць сваё месца — не паводле нацыянальнай прыкметы, а паводле таго ўкладу, які ўнесьлі гэтыя народы. Я лічу, што гэта справядліва, і ў маёй пазыцыі няма нічога новага. Паводле гэтай мадэлі ідзе разьвіцьцё гісторыі ўсіх іншых краінаў. Так што я думаю, трэба пераключыць акцэнты, трэба пераключыць вэктар руху ў гэты бок. Я да гэтага заклікаю — у тым ліку ў маіх кнігах.

Маё глыбокае перакананьне — гісторыя Беларусі вельмі багатая і шматаблічная. І чым больш будзе кветак, тым багацейшы будзе букет. Букет ня можа і не павінен складацца з аднаго віду кветак. Гэта простыя рэчы, якія ня трэба нікому даказваць, яны цалкам відавочныя. Шкада толькі, што гэта дагэтуль не выяўляецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG