Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Братачкін пра Галакост: не будуйце герархію пакуты


Гісторык Аляксей Братачкін палемізуе з Алесем Чайчыцам, які прапануе ўнесьці на Помнік Перамогі згадкі пра беларускіх габрэяў, пра беларусаў у Арміі Краёвай і Арміі Андэрса, і пра беларускіх незалежнікаў.

Раней тое, што пісаў Алесь Чайчыц, я лічыў прымітыўным папулізмам, а цяпер лічу папулізмам, зьмяшаным з глупствам і неадчувальнасьцю да праблем гісторыі і памяці.

У апошнім блогу на радыё «Свабода» Алесь Чайчыц пачынае разбураць «міт пра Вялікую Айчынную вайну», крытыкуючы «савецкі» і «прамаскоўскі» Помнік Перамозе на плошчы Перамогі ў Менску.

Аргумэнтацыя, супраць якой, як здаецца, цяжка запярэчыць — «помнік зьяўляецца часткай савецкага ідэалягічнага дыскурсу». Далей Чайчыц піша пра тое, што на помніку няма згадкі падзей Галакосту, а нацысцкая палітыка ў адносінах да габрэяў была нашмат больш жорсткай, чым у адносінах да беларусаў. Ня згадваецца, маўляў, Армія Краёва, удзел беларусаў у арміі Андэрса і «антынацысцкая плынь у беларускім нацыянальным руху». Я думаў, што далей будзе прапанова зьнесьці манумэнт. Але яе ня было, была прапанова «дапоўніць» помнік усімі гэтымі згадкамі.

Я не хачу закранаць усё, паразважаю толькі на тэму Галакосту. Чайчыц першапачаткова выбудоўвае канфліктную структуру вакол памяці пра Галакост, калі пачынае параўноўваць памяць беларусаў і габрэяў. Ён выбудоўвае тое, што нельга выбудоўваць, калі мы хочам мець агульную памяць. Ён будуе герархію пакуты, высьвятляе, хто пацярпеў больш. У камэнтарах да блога ўжо зьявіліся антысэміцкія выказваньні, якія Чайчыц крытыкуе, мабыць не падазраючы, што ён сам даў ім дарогу.

Гэта і ёсьць безадказнасьць і глупства, жадаючы мець нейкую агульнанацыянальную памяць, адразу ствараць канфлікт там, дзе яго наогул не павінна быць. Але сакрэт гэтай дзіўнай сытуацыі просты — здаецца, ніхто ніякую агульную памяць выбудоўваць не зьбіраецца, але можна пакарыстацца памяцьцю пра Галакост, каб паказаць тое, як беларусаў падманвалі за Саветамі.

Другі момант — савецкі ідэалягічны дыскурс, часткай якога зьяўляецца помнік і прапанова помнік «дапоўніць». Я да гэтага часу не магу зразумець, як Чайчыц і ўсе астатнія падзяляюць «савецкае» і «нацыянальнае», улічваючы сымбіёз гэтых паняцьцяў, нават у рамках імпэрыі нацый тыпу СССР. Гэтыя два паняцьці заўсёды былі зьвязаныя паміж сабой.

Савецкі наратыў пра вайну утрымліваў «нацыянальную» частку — шмат удзельнікаў партызанскага руху і савецкай арміі былі беларусамі па сваім этнічным паходжаньні. Адсюль наратыў пра рэспубліку-партызанку і г.д. Менавіта гэта дазволіла рэжыму Лукашэнкі «нацыяналізаваць» савецкі наратыў, прыбраўшы ў шэрагу месцаў слова «савецкі» і замяніўшы на «беларусаў». І калі я чытаю, што хтосьці ваяваў «за Беларусь», калі гаворка ідзе пра тых, хто «супраць Гітлера і Сталіна», я хачу зразумець — за якую менавіта Беларусь? Якая была гэтая трэцяя загадкавая Беларусь, як яе ўяўлялі? Гэта ж не абстрактная Беларусь, гэта цалкам канкрэтныя ўяўленьні аб краіне. Праўда, трэба публікаваць усе праграмы, перапіскі і іншае, калі гэта ёсьць, каб было зразумела, што такая іх (маецца на ўвазе, што і наша) Беларусь.

Аляксандр Рыгоравіч таксама «за Беларусь». Але самае цікавае пытаньне — чаму Чайчыц вырашыў не прыбраць манумэнт, а проста яго «дапоўніць»? Што бянтэжыць?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG