Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гімн нэўтралітэту


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Мала таго, што Аляксандр Лукашэнка зрабіў першы замежны візыт пасьля інаўгурацыі не ў Маскву, а ў Віетнам і Туркмэністан. Дык ён зьдзейсьніў яшчэ адзін грэх перад Расеяй. Кіраўнік Беларусі паўдзельнічаў у мерапрыемствах ў туркмэнскай сталіцы, прысьвечаных 20-годзьдзю абвяшчэньня палітыкі нэўтралітэту Турмэністану. У гэты ж час там знаходзіўся і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган, кіраўнік краіны, зь якой РФ цяпер знаходзіцца ў вострым канфлікце.

Выступаючы на міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай гэтаму юбілею, Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг заяваў, якія ніяк ня могуць спадабацца Маскве. Кіраўнік Беларусі ўсяляк хваліў унутраную і замежную палітыку Туркмэністану і ўрэшце зрабіў выснову: «Вось гэта і ёсьць, фактычна, той ідэал разьвіцьця дзяржавы, да якога ўсе мы павінны імкнуцца». Ня будзем цяпер засяроджвацца на тым, што Лукашэнка ладзіць хваласьпеў краіне, дзе фактычна рэалізавалася мадэль усходняй дэспатыі, у параўнаньні зь якой нават беларускі рэжым выглядае дэмакратычным. Што там народ жыве ў жабрацтве на тле ўзьвядзеньня вялізных помнікаў ужо другому дыктатару.

Тут найбольш цікава тое, што ягоны выступ стаў гімнам палітыцы нэўтралітэту, якая раптам стала для кіраўніка Беларусі ідэалам. Лукашэнка адзначыў: «Гэта галоўнае, тэматыка сёньняшняй канфэрэнцыі, што называецца, на злобу дня. Яна актуальная ня толькі для самога Туркмэністану, але для рэгіёну і ўсяго сьвету... Напэўна, мудрасьць і дар прадбачаньня туркмэнскага народу, а таксама, хутчэй за ўсё, добраславеньне Усявышняга дапамаглі Туркмэністану знайсьці тую аптымальную для сябе ўнікальную ідэю, якая пасьля забясьпечыла ўстойлівае і паступальнае разьвіцьцё краіны, яе безумоўнае прызнаньне на міжнароднай арэне». Таксама адметна, што ў нядзелю ў перадачы «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь-1» быў паказаны камэнтар, дзе станоўча ацэньвалі палітыку нэўтралітэту.

Такія заявы сталі трохі нечаканымі з вуснаў кіраўніка дзяржавы, якая ўваходзіць у ваенна-палітычны саюз АДКБ. Як вядома, Беларусь і Расея стварылі адзіную вайсковую групоўку, адзіную сыстэму супрацьпаветранай абароны, якія будуць задзейнічаны ў «пагражальны пэрыяд». На беларускай тэрыторыі знаходзяцца два ваенныя аб’екты РФ. Вайскоўцы Беларусі і Расеі праводзяць рэгулярныя сумесныя вучэньні. На авіябазе пад Баранавічамі дзяжураць чатыры расейскія самалёты. А сам Лукашэнка неаднаразова запэўніва расейцаў, што беларусы памруць, але не прапусьцяць натаўскія танкі на Маскву. Які нэўтралітэт?

Але Лукашэнка на гэтым не спыніўся. Далей ён заявіў: «Вядучыя ўсясьветныя гульцы практыкуюцца ў ваяўнічай рыторыцы і бразганьні зброяй. Малыя і сярэднія дзяржавы часта штучна сутыкаюцца з альтэрнатывай выбару, зноў замаячыў прывід новых блёкавых супрацьстаяньняў, якія падрываюць фундамэнтальныя асновы глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі». Гэта відавочныя шпількі на адрас Расеі, пратэст супраць патрабаваньня Масквы аб блёкавай салідарнасьці.

Памылкі ў гэтым бурным сьвеце непазьбежныя. І іх трэба не нагнятаць, а вырашаць. Прабачце мне, гэта тычыцца і апошняга канфлікту паміж нашай Расіяй і сяброўскай нам Турэччынай
Аляксандар Лукашэнка

І каб ужо канчаткова расставіць кропкі над «і», без усялякіх двухсэнсоўнасьцяў, далей Лукашэнка перайшоў у фармат адкрытага тэксту: «І калі мы дапусьцілі дзесьці памылкі, трэба іх ўмець прызнаваць. І, як казаў паважаны прэзыдэнт Узбэкістану, прызнаўшы іх, знайсьці ў сабе сілы пайсьці на саступкі і кампрамісы, для таго, каб згладзіць сытуацыю. Памылкі ў гэтым бурным сьвеце непазьбежныя. І іх трэба не нагнятаць, а вырашаць. Прабачце мне, гэта тычыцца і апошняга канфлікту паміж нашай Расіяй і сяброўскай нам Турэччынай. Трэба пераадолець усякія нагнятаньні жарсьцяў і знайсьці магчымасьць зрабіць для пачатку хоць бы паўкроку насустрач адзін аднаму».

Тут ня толькі няма ніякай падтрымкі саюзьніка, а гучыць відавочны папрок на адрас Крамля, палітыка якога названа «памылкай». І невыпадкова, што сьпікер расейскага Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка, якая прысутнічала на канфэрэнцыі, фактычна ўступіла ў палеміку з Лукашэнкам. Яна заявіла: «Турэччына зьдзейсьніла акт агрэсіі супраць Расеі, ваеннае злачынства... Хто напаў, той і павінен несьці адказнасьць... Мы ня можам дараваць тое, што адбылося, без адпаведнай адэкватнай рэакцыі на гэта Турэччыны».

Здаецца, яшчэ ніколі на міжнародным форуме не адбывалася спрэчка паміж вышэйшымі афіцыйнымі асобамі Расеі і Беларусі. Афіцыйны Менск відавочна імкнецца вырвацца зь цесных абдымкаў магутнага саюзьніка.

Вось з такім багажом Лукашэнка паедзе ў Маскву 14 сьнежня на сустрэчу з Пуціным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG