Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасланьне з Крамля «турэцкаму султану»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Тэрарысты бываюць нашы і нянашы. Як свае разьведчыкі і чужыя шпіёны.

Паслухаць расейскія рупары, то з тэрарыстамі так і ёсьць. Ёсьць свае, яны героі. А ёсьць чужыя. Тыя, безумоўна, бякі. Бо тэрарыстамі іх называюць «хахлы», а мы «хахлоў» ня любім, мы іх абзываем фашыстамі і бандэраўцамі. Так што хай ня вякаюць. Чый голас мацнейшы – Масквы ці Кіева? Дык хто каго перакрычыць?

Як могуць героі быць тэрарыстамі? Ня могуць. Яны ж нашы, за наш рускі мір.

«Кожная цывілізаваная дзяржава сёньня павінна ўнесьці ўклад у разгром тэрарыстаў», – заявіў Пуцін. Але за трыдзевяць зямель безь цябе абыдуцца, ты зрабі лепш добрую справу ў сябе пад бокам. Дык жа не!

Трэба думаць, крамлёўскаму начальніку, канечне, вядома, што скора будзе два гады, як у суседняй Украіне адбываецца антытэрарыстычная апэрацыя. Што кавалак украінскай тэрыторыі занялі «зялёныя чалавечкі», якія ў расейскім «ваенторгу» узброіліся да зубоў. Яны кантралююць супольна з расейскай памежнай службай немалую частку ўкраінскай мяжы. Нездарма ён гэтак сьпяшаецца перавесьці стрэлкі з Данбасу і сваёй асобы на Сірыю, Турцыю і Эрдагана.

У Турцыі кліка, таварышы! Мабыць, сам Алах вырашыў пакараць яе, пазбавіўшы яе розуму! Дык, а чым жа тая кліка горшая ад крамлёўскай? Толькі таму, што не свая? Клікай, нагадаем, пагардліва называецца «група супольнікаў, што аб’ядналіся дзеля дасягненьня сваіх мэтаў». Дык і вакол крамлёўскага начальніка аб’ядналіся дзеля таго ж, хіба не? І ці вялікая розьніца, калі пакараў у гэтым выпадку не Алах, а Бог, да якога яны ў сьвяты са сьвечкамі прыходзяць у той «ХХС» (як у пісьменьніка Пялевіна) – «храм Хрыста-спасіцеля». Ці ён не пазбаўляе розуму сваіх, калі да яго са сьвечкамі?

«Але ад нас не дачакаюцца нэрвовай, гістэрычнай, небясьпечнай для нас саміх і ўсяго сьвету рэакцыі», распальваецца крамлёўскі начальнік. А чым жа былі Крым, Данбас, «Новаросія»?

Не, мы не такія! «Рэакцыі, разьлічанай на нейкія зьнешнія эфэкты або нават імгненнае ўнутрыпалітычнае спажываньне – гэтага ня будзе...», гаворыць крамлёўскі начальнік і сам сабе ня верыць, бо ўсяму сьвету вядома, што гаворыць наадварот.

«Мы не зьбіраемся і ня будзем бразгаць зброяй», працягвае шчыраваць Пуцін. А чым жа ён займаецца, пачынаючы з сакавіка 2014 году? Гуляе ў піянэрскую гульню «Зарніца»?

Аднак ён ужо ня можа спыніцца і выдае пасаж: «Але калі нехта думае, што, учыніўшы подлае ваеннае злачынства – забойства нашых людзей – яны абыдуцца памідорамі…» «Подлае ваеннае злачынства», «памідоры» або «нейкія абмежаваньні ў будаўнічай або іншых галінах». Усё – у адным сказе. Аратар! Але заля рукаплешча ў адказ. А што яшчэ яму трэба для поўнага шчасьця?

Усе радыя. Пагатоў «пракляцьце Чэмбэрлену» турэцкаму паслана: «Яны яшчэ ня раз пашкадуюць аб учыненым». Для краснага слаўца «гібель нашых вайскоўцаў у Сірыі» крамлёўскі начальнік назваў «дапамогай тэрарыстам», кінуўшы завочна абвінавачаньне, што ў Турцыі спрабуюць «прыкрыць злачынствы тэрарыстаў». Ну, а як жа, таварышы, тэрарыстычныя групоўкі «ДНР» ды «ЛНР», бранятанкавыя калёны «шахцёраў і трактарыстаў»? Тысячы забітых? Як жа зьбіты «Букам» пасажырскі авіялайнэр і 298 ахвяраў? А зьбітыя тэрарыстамі ўкраінскія самалёты? А подла зьнішчаны ў Луганску транспартны самалёт? У якім за раз загінулі 49 маладых дэсантнікаў на чале з генэралам. Гэта ўжо забылася? Толькі твой Су-24 быў, значыць?

Ты пасеяў вецер? Дык чаго ж ты чакаў у адказ?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG